Вы тут

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!


Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні прад'яўляюцца сёлета да аўдыторый, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Пандэмія COVІD-19 па-ранейшаму дыктуе свае ўмовы і прымушае з ёй лічыцца. Але калі летась усё было нязвыклым і рэзала вока (антысептыкі на ўваходзе, абавязковыя маскі і пальчаткі ў арганізатараў у экзаменацыйных аўдыторыях, маскі на тварах абітурыентаў), то сёлета на такія «дробязі» ўжо мала хто звяртае ўвагу. Гэта наша будзённасць.


16 чэрвеня ў краіне стартаваў экзаменацыйны марафон. І першымі ў пункты здачы цэнтралізаванага тэсціравання прыйшлі абітурыенты, якія пажадалі здаваць беларускую мову. Па ўсёй краіне іх набралася 17,9 тысячы чалавек (летась было 18,5 тысячы).

У Беларускім дзяржаўным універсітэце для ўдзелу ў ЦТ па роднай мове зарэгістравалася каля 800 чалавек. Каб рассадзіць іх з улікам супрацьэпідэмічных патрабаванняў, давялося задзейнічаць 21 аўдыторыю ў трох карпусах. Для параўнання: рускую мову ў БДУ будуць здаваць 1,5 тысячы чалавек у першы дзень і 950 — у другі. Як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Уладзімір СЦЯПАНАЎ, гэта самы масавы экзамен

Восенню БДУ рыхтуецца адзначыць свой векавы юбілей, таму ўпершыню за многа гадоў пад ЦТ не задзейнічалі галоўны корпус па праспекце Незалежнасці, дзе зараз праходзіць рэканструкцыя. Ва ўніверсітэцкім дворыку таксама поўным ходам ідуць будаўнічыя работы.

— Нам давялося загадзя прадумаць лагістыку і прыцягнуць на дапамогу валанцёраў з ліку студэнтаў, таму што мы разумелі: традыцыйная схема перамяшчэння паміж карпусамі цяпер немагчымая. Валанцёры, расстаўленыя па ўсім перыметры, дапамагаюць абітурыентам хутчэй сарыентавацца і трапіць у патрэбны корпус, — расказаў Уладзімір Сцяпанаў.

І ўсё ж маладым людзям трэба быць уважлівымі, таму што, акрамя юрыдычнага, хімічнага, фізічнага і геаграфічнага факультэтаў, размешчаных фактычна на адной кампуснай тэрыторыі, у асобныя дні ў ЦТ будуць задзейнічаны таксама філалагічны факультэт БДУ на вуліцы Карла Маркса і факультэт журналістыкі на Кальварыйскай. На пропусках на ЦТ з адваротнага боку ўказваецца дакладны адрас. А спазненне абітурыента на экзамен з-за ўласнай няўважлівасці азначае толькі адно: прыёмная кампанія для яго скончылася, не паспеўшы стартаваць. Зарэгістравацца на рэзервовы дзень можна толькі па ўважлівай прычыне. Абітурыент, які прыбудзе ў пункт правядзення ЦТ пасля распячатвання пакета з педагагічнымі тэстамі, у аўдыторыю не дапускаецца...

Афіцыйна ЦТ стартуе ў 11 гадзін, але за паўтары гадзіны да гэтага часу абітурыентаў ужо пачынаюць пускаць у карпусы. На ўваходзе ўсе праходзяць строгі фэйс-кантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». Ёсць толькі тры дакументы, якія сведчаць асобу: пашпарт грамадзяніна, від на жыхарства або пасведчанне бежанца. З натарыяльна заверанай копіяй пашпарта або правамі кіроўцы трапіць на ЦТ немагчыма. У выпадку, калі пашпарт згубіўся, трэба звяртацца ў РАУС, каб атрымаць даведку ўстаноўленага ўзору.

Усе арганізацыйныя моманты ў Белдзяржуніверсітэце добра прадуманы, таму чарга на ўваходзе хутка раствараецца. У 10.30 большасць абітурыентаў ужо занялі свае месцы. Перад аўдыторыяй хлопцы і дзяўчаты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца. Ад яго будзе залежаць варыянт тэста.

Каб асабіста пераканацца ў тым, што ўсё арганізавана належным чынам, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт завітаў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. У яго прысутнасці з апламбаванага сейфа дасталі пакеты з бланкамі адказаў і педагагічнымі тэстамі. Іх у БДУ даставіла фельд'егерская служба ў 7 гадзін раніцы. Спецыяльныя пакеты маюць сакрэтную стужку, таму распячатаць іх непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да памяшканняў, немагчыма. На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ пацвярджаюць сваімі подпісамі, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.

Дарэчы, дызайн бланкаў адказаў сёлета крыху змяніўся, але абітурыенты мелі магчымасць азнаёміцца з ім яшчэ на рэпетыцыйным тэсціраванні і падчас анлайн-тэсціравання на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Гэта звязана са змяненнем структуры тэстаў. Традыцыйна тэст складаецца з часткі А, дзе прапануюцца закрытыя заданні з выбарам адказу, і часткі Б, дзе абітурыенту неабходна ўпісаць адказ самому, прычым без арфаграфічных памылак, інакш яго не залічаць. У гэтым годзе адбылося некаторае змяншэнне колькасці заданняў у частцы А і павелічэнне заданняў у частцы Б па шэрагу прадметаў. Ёсць змены і ва ўзроўнях складанасці заданняў: у частцы А ўвялі пяты дыстрактар (варыянт адказу). Павялічылася таксама колькасць практыка-арыентаваных заданняў. Як кажуць у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, усё нацэлена на тое, каб абітурыент пры рабоце над тэстам не проста дэманстраваў тэарэтычныя веды, але разам з тым паказаў, як ён можа іх прымяняць.

Літаральна напярэдадні старту ЦТ стала вядома, што колькасць адмены памылковых адказаў у частцы В павялічылася. Калі раней у бланку адказаў можна было выправіць толькі дзве свае памылкі, то цяпер дазволена ўносіць да чатырох карэкціровак. І шэсць правак па-ранейшаму дазваляецца ўносіць у частцы А. Адпаведная норма была занатавана ў пастанове ўрада.

— Мы лічым, што гэта дадаткова павялічвае шанцы абітурыентаў на паспяховую здачу экзамену. У іх будзе магчымасць прааналізаваць і выправіць сваю памылку, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Але пасля завяршэння часу, адведзенага на ЦТ, ніякія праўкі ўносіць ужо нельга.

Дарэчы, час пачатку і заканчэння выканання тэста ва ўсіх экзаменацыйных аўдыторыях фіксуецца на дошцы. А гадзіннікі размешчаны такім чынам, каб абітурыентам з любога месца было зручна сачыць за часам.

З улікам вопыту папярэдніх гадоў абітурыентаў папярэджваюць, што, калі падчас экзамену іх самаадчуванне пагоршыцца, трэба неадкладна паведаміць пра гэта арганізатарам у аўдыторыі. Медыцынскі работнік павінен засведчыць гэты факт, у такім разе абітурыент зможа здаць экзамен у рэзервовы дзень. Але здараюцца сітуацыі, калі пасля кансультацыі медыкаў абітурыент вяртаецца ў аўдыторыю і працягвае здаваць экзамен. А праз пару дзён заяўляе, што адчуваў сябе дрэнна, таму не змог належным чынам сканцэнтравацца. Просіць дапусціць яго да пераздачы экзамену ў рэзервовы дзень. Але пасля таго, як на пропуску з'яўляецца адзнака «тэсціраванне прайшоў», зрабіць гэта ўжо немагчыма. Таму варта адразу аб'ектыўна ацэньваць свой стан (асабліва з улікам спякоты). Час работы над тэстам нікому не падаўжаецца. Выключэнняў з правіла не бывае. Усё трэба рабіць своечасова.

Таксама арганізатары раяць абітурыентам быць уважлівымі пры запаўненні вобласці рэгістрацыі ў бланках адказаў, бо памылкі, дапушчаныя пры напісанні прозвішча і імя, потым дубліруюцца ў сертыфікатах. І гэты важны дакумент даводзіцца мяняць.

Учора ў ЦТ па беларускай мове па краіне былі задзейнічаны больш за 50 работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю. А на ўсіх этапах уступнай кампаніі (прыёме дакументаў, правядзенні ўнутраных уступных выпрабаванняў ва ўстановах, залічэнні ў студэнты) будуць задзейнічаны 150 работнікаў. Пра гэта журналістам расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы — начальнік упраўлення кантролю за работай галін сацыяльнай сферы КДК Віктар БУРЛО:

— У пунктах тэсціравання зроблена ўсё, каб бланкі адказаў і тэставых заданняў трапілі ў рукі арганізацыйных камісій некранутымі. Праверана гатоўнасць пунктаў тэсціравання: сістэма пропуску, работа медпунктаў, арганізацыя месцаў для захоўвання асабістых рэчаў абітурыентаў, рассадка ў аўдыторыях. Таксама асобная ўвага аддаецца справядлівасці размеркавання членаў арганізацыйных камісій па аўдыторыях — гэта робіцца з дапамогай лёсавання ў прысутнасці кантралёраў. Ніякіх шпаргалак, мабільных тэлефонаў у аўдыторыі быць не павінна: кантралёры ўважліва сочаць, каб абітурыенты не скарысталіся нейкімі носьбітамі інфармацыі. А арганізатарам у аўдыторыях забараняецца мець ручкі з чорнымі чарніламі. Такія ручкі ёсць толькі ў абітурыентаў.

Віктар Бурло заўважыў, што з кожным годам колькасць парушэнняў парадку здачы ЦТ змяншаецца. Летась за розныя парушэнні былі адхілены 14 чалавек, у тым ліку 10 — за мабільныя тэлефоны і адна дзяўчына — за шпаргалку.

Сёлета пакуль нейкіх заўваг да арганізацыі і правядзення тэсціравання ў КДК не было.

— Цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта своеасаблівае спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Гэта праверка на стрэсаўстойлівасць, дэманстрацыя ведаў і гатоўнасці ў будучыні паспяхова засвоіць праграму вышэйшай школы. Ніякіх звышнатуральных заданняў у тэстах няма — усе яны ў рамках школьнай праграмы. Маладыя людзі сканцэнтраваны і гатовы да выканання заданняў. Хто вучыўся і рыхтаваўся, абавязкова справіцца. Паспяховая здача ЦТ — гэта важная цаглінка ў фарміраванні кваліфікаванага спецыяліста, які нашай краіне вельмі патрэбны...

Усім абітурыентам віцэ-прэм'ер пажадаў поспеху, сабранасці і сумленнасці перш за ўсё перад сабой пры выкананні тэстаў. А ў выпадку, калі набраных балаў раптам не хопіць, ён параіў не адчайвацца. Тэрмін падачы дакументаў у ВНУ сельгаспрофілю прадоўжаны. Можна пайсці асвойваць тую ці іншую прафесію ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову, стаць добрым спецыялістам, а ў будучыні зноў паспрабаваць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.

Гарачыя тэлефонныя лініі дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў створаны для абітурыентаў на базе цэнтральнага апарата Камітэта дзяржаўнага кантролю і камітэтаў у абласцях. Нумары тэлефонаў: рабочай групы дзяржкамісіі ў Мінску — (8 017) 327 66 80; Брэсцкай абласной камісіі — (8 0162) 21 25 08 і 21 18 94; Віцебскай абласной камісіі — (8 0212) 37 61 82; Гомельскай абласной камісіі — (8 0232) 23 83 85; Гродзенскай абласной камісіі — (8 0152) 79 88 40; Магілёўскай абласной камісіі — (8 0222) 62 47 75 і 62 47 73 і Мінскай абласной камісіі — (8 017) 379 09 06 і 397 03 42. Гарачая лінія Міністэрства адукацыі — (8 017) 222 43 12.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.