Вы тут

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю


У Палаце прадстаўнікоў праходзіць чарговае пасяджэнне пятай сесіі.


Стабільнасць канстытуцыйная...

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы суверэнітэту і канстытуцыйнага строю» прадставіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Новым дакументам уносяцца змены ў законы аб надзвычайным палажэнні, ваенным палажэнні і ўзброеных сілах. Міністр заўважыў, што перад прапанаваннем навел былі прааналізаваны падзеі ў 2020 годзе ў нашай краіне і СНД.

«З улікам гэтага аналізу ёсць неабходнасць карэкціроўкі дадзеных законапраектаў. Таму, я лічу, што законапраект вельмі своечасовы, накіраваны на папярэджанне масавых беспарадкаў. Але, у першую чаргу, ён накіраваны на прафілактыку, недапушчэнне, нейтралізацыю пагроз і выклікаў, якія паступаюць да нашай рэспублікі», — сказаў міністр.

Законам уводзіцца новы каардынуючы орган у надзвычайнай сітуацыі — Савет бяспекі. Ён будзе кантраляваць дзейнасць усіх службаў, у тым ліку і сілавога блоку пры ўвядзенні надзвычайнага палажэння.

«Надзвычайнае або ваеннае палажэнне будзе ўводзіцца ў тым выпадку, калі вырашыць пэўныя пытанні па навядзенні парадку і ўстараненні праблем іншым чынам немагчыма. Неабходны будуць нейкія іншыя дадатковыя абмежавальныя меры», — дадаў кіраўнік МУС.

Па яго словах, людзям няма прычыны турбавацца, бо ўсе меры накіраваны на іх бяспеку.

«Мы яе (бяспеку — «Зв.») забяспечым у любым выпадку, таму сёння і прымаем гэты закон і ўносім прапановы, каб у будучым не прыйшлося ўводзіць ні ваеннае, ні надзвычайнае палажэнне, а мы своечасова рэагавалі і не дапускалі такіх сітуацый у нашай краіне",— рэзюмаваў Іван Кубракоў.

Як дадаў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Яўген Зайцаў, дадзены законапраект пашырае паўнамоцтвы Савета бяспекі і карэлюецца з Дэкрэтам Прэзідэнта № 2 па ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю.

"Наша дзяржава сацыяльная і павялічваць колькасць супрацоўнікаў МУС, МНС няма неабходнасці. За кошт пераразмеркавання сіл, надання ім дадатковых функцый мы будзем выконваць задачы, што датычацца аховы суверэнітэту і канстытуцыйнага строю«,— падкрэсліў Яўген Зайцаў.

Закон неабходны менавіта сёння, адзначыў дэпутат, бо змяняецца абстаноўка ўнутры краіны, па-за яе межамі — час патрабуе быць гатовымі адэкватна рэагаваць на выклікі нацыянальнай бяспекі.

... і эканамічная

У адным чытанні Палата прадстаўнікоў зацвердзіла праекты Законаў «Аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай аховы насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2020 год» і «Аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2020 год».

Нагадаем, што леташні бюджэт быў сфарміраваны з дэфіцытам амаль у 1 мільярд рублёў , а яго выкананне ў пачатку года ажыццяўлялася ва ўмовах пагаршэння працы нафта-хімічнага комплексу і прыпыненню эканамічнай актыўнасці з-за ковіду. У выніку рэалізацыі бюджэту ўдакладнены план па даходах склаў 23, 4 мільярда рублёў, па расходах — 26,4 мільярда рублёў з дэфіцытам у 3 мільярды рублёў. За 2020 год паступіла даходаў на суму 23,6 мільёна рублёў.

Выступаючы з дакладам, першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко паведаміў, што сёлетні рэспубліканскі бюджэт па выніках пяці месяцаў выконваецца нядрэнна. Гэтаму садзейнічае аднаўленне эканомікі, якое дзякуючы знешняй кан’юктуры ідзе апераджальнымі тэмпамі.

«Па папярэдніх выніках за пяць месяцаў назіраецца рост ВУП у тры працэнты. Зразумела, гэта аказвае ўплыў і на фарміраванне даходнай часткі бюджэту. За студзень-май 2021 года даходы склалі 10, 8 мільярда рублёў — гэта 45,7 працэнта ўдакладненага гадавога плана і 91,6 працэнта плана першага паўгоддзя», — канстатуе першы намеснік міністра.

Па яго звестках, апераджальнымі тэмпамі ідуць паступленні па падатку на дадатковы кошт, па падатку за здабычу калійнай солі, па ўвазных мытных пошлінах на калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты.

Годна выконваюцца і мясцовыя бюджэты, у першую чаргу, дзякуючы паступленню падаходнага падатку заработнай платы. «Сёння прафіцыт мясцовых бюджэтаў, калі не памыляюся, складае каля 800 мільёнаў рублёў», — заўважыў Дзмітрый Кійко.

Наконт дзяржаўнага доўга ён сказаў, што значную частку ў структуры складаюць звязаныя займанні на будаўніцтва АЭС. «Таму мы ацэньваем сітуацыю, як цалкам кіруемую,— запэўнівае першы намеснік міністра фінансаў. — У нас ёсць канкрэтны план па прыцягненні на гэты год, і ён ужо на 70 працэнтаў выкананы. У канцы мая -пачатку чэрвеня прыйшоў чарговы транш у памеры 500 мільёнаў долараў ад Расійскай Федэрацыі. Ёсць планы па прыцягненні каля 200 мільёнаў долараў на ўнутраным рынку і выхад на рынак аблігацый Расійскай Федэрацыі. Таму бягучы год мы ўжо цалкам закрываем па абслугоўванні і пагашэнні дзяржаўнага доўга».

Па яго словах, па рэфінансаванні і прыцягненні дзяржаўнага доўга плануюць пашыраць узаемадзеянне з Расіяй, Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця.

У другім чытанні дэпутаты разглядаюць праекты законаў «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай аховы насельніцтва», «Аб змяненні законаў па пытаннях судова-экспертнай дзейнасці», «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту».


Перад пасяджэннем сесіі старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак і намеснік старшыні гэтай камісіі Валянціна Курсевіч правялі брыфінг для прадстаўнікоў СМІ. Тэмай яго стаў праект закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў. Дэпутаты патлумачылі палажэнні для таго, каб прадухіліць фэйкавыя звесткі і крыватолкі навацый.

Людміла Макарына-Кібак падкрэсліла, што асноўная навацыя закона — тое, што донару даецца права выбару быць бязвыплатным донарам крыві ці выплатным донарам яе кампанентаў.

«Але асноўная канцэпцыя — змяшчэнне акцэнту на карысць бязвыплатнага донарства. Колькасць пацыентаў, якія становяцца бязвыплатнымі донарамі ці пераходзяць з катэгорыі выплатных донараў у бязвыплатныя з году ў год павялічваецца. І сёння недахопу крыві ў Рэспубліцы Беларусь няма», — паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.

Пераход на бязвыплатнае донарства — сусветны трэнд, прапанаваны Мельнбургскай канвенцыяй. Згодна яе палажэнням, да 2020 года ўсе краіны павінны былі паступова перайсці на бясплатнае донарства.

Як дадала Валянціна Курсевіч, законам устанаўліваюцца дадатковыя гарантыі для бясплатных донараў. Гэта пакрыццё расходаў, звязаных з выкананнем донарскай функцыі, наданне дапамогі па часовай непрацаздольнасці з першага дня страты ў памеры 100%, узнагарода знакам «Ганаровы донар».

«А той катэгорыі грамадзян, хто мае гэты знак, прадугледжваюцца яшчэ дадатковыя льготы. Гэта павышэнне пенсіі па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўствам (да 40 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце), зніжка 25 працэнтаў на платныя медыцынскія паслугі, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя, наданне на працягу каляндарнага года кароткатэрміновага адпачынку без захавання заработнай платы працягласцю да 14 дзён і штогадовая грашовая выплата ў памеры трох базавых велічынь і іншыя», — расказала Валянціна Курсевіч.

Для таго, каб стаць ганаровым донарам неабходна зрабіць 40 данацый крыві і 80 данацый кампанентаў крыві.

Закон вынясуць на першае чытанне на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.