Вы тут

Рэгіянальныя мас-медыя: у чым сакрэт даверу


Раённая прэса ў Оршы сёння — гэта друкаванае выданне, сайт з відэакантэнтам, аўтарскія праекты, а для карыстальнікаў — апроч інфармацыі, магчымасць сэканоміць, знайсці работу і нават... зрабіць кулінарны шэдэўр. Узначальвае рэдакцыю «раёнкі» Настасся Турок.


Тут дэбютаваў Караткевіч

Аршанскаму СМІ Настасся Турок аддала ўжо большую частку свайго жыцця: у яе працоўнай кніжцы пазначана адно месца работы — больш за 20 гадоў таму. Пачынала карэспандэнтам у «Аршанцы», як яе з любоўю называюць жыхары раёна. Потым каля дзесяці гадоў узначальвала аддзел радыёвяшчання. Пару гадоў сумяшчала работу на радыё з пасадай намесніка рэдактара. І вось ужо 9 гадоў кіруе калектывам «Аршанскай газеты».

— Пачыналася гісторыя выдання з газеты «Известия рабочих, солдатских і крестьянских депутатов Оршанского района». Першы нумар выйшаў 14 мая 1917 года. У лютым 1918 года ў сувязі з набліжэннем нямецкіх войскаў да Оршы выхад газеты на кароткі час спыніўся. У сакавіку 1918-га «Известия...» былі адноўлены. 3 кастрычніка 1918 года замест «Известий...» пачынае выдавацца газета «Набат», якая выходзіла на чатырох палосах малога фармату штодзённа, акрамя нядзелі, — расказвае галоўны рэдактар.

У 1924 годзе Орша вяртаецца ў склад БССР, і 26 верасня 1925 года выйшаў пробны, так званы нулявы нумар газеты «Камуністычны шлях». Спачатку яна выдавалася на рускай і беларускай мовах, але паступова перайшла толькі на беларускую. Фармат — чатыры паласы на аркушах вялікага памеру, перыядычнасць выхаду — два разы на тыдзень (у чацвер і нядзелю), наклад — 3500 асобнікаў.

У кастрычніку 1930 года замест «Камуністычнага шляху» пачынае выходзіць газета «Змычка» з перыядычнасцю тры разы ў дзесяць дзён. У сакавіку 1931 года «Змычка» перайменавана ў «Ленінскі прызыў». У ёй у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будет канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай).

— На старонках нашай «раёнкі» таксама пачыналі свой творчы шлях такія вядомыя беларускія пісьменнікі, як Уладзімір Корбан, Яўген Васілёнак, Аляксандр Міронаў (той у 1930-м і 1940-х гадах працаваў у тым ліку ў «Звяздзе»), Мікола Садковіч, Алесь Стаховіч, Янка Сіпакоў, Леанід Калодзежны, — дадае Настасся Турок.

І пішуць, і здымаюць

У 1991 годзе «Ленінскі прызыў» перайменаваны ў «Аршанскую газету», у 2010-м з’явіўся сайт оrshаnkа.bу. З 2013 года ў рэдакцыі ёсць групы «Навіны Оршы» ў сацыяльных сетках: спачатку яны з’явіліся ў «ВКонтакте» і «Аднакласніках», з 2018-га — у Іnstаgrаm.

— Ужо восенню таго ж года мы навучыліся здымаць на смартфонах, манціраваць відэа і завялі канал на YоuTubе. Пішам тэксты і ствараем ролікі ў фармаце мабільнай журналістыкі, каб нашы чытачы першыя даведваліся пра новае ў жыцці Оршы і раёна, — дадае Настасся Турок.

Па серадах і суботах у кіёсках і паштовых скрынях з’яўляюцца свежыя выпускі газеты. У тыдзень друкуецца каля 14 000 асобнікаў «Аршанкі».

— Для многіх выпісваць газету — сямейная традыцыя. На Днях падпісчыка сустракаемся з чытачамі, якія сябруюць з газетай больш за сорак гадоў. Мы цэнім чытацкі давер, таму кожны дзень імкнёмся станавіцца лепшымі. Журналісты стараюцца дапамагаць тым, для каго «Аршанка» стала амаль членам сям’і, — дзеліцца галоўны рэдактар. — Рэдакцыя даражыць сувяззю з чытачамі. Просім тэлефанаваць, пісаць лісты, дзяліцца навінамі, праблемамі па электроннай пошце, у сацыяльных сетках. Жыхары раёна і яго госці падказваюць тэмы, а мы дапамагаем вырашыць складаныя пытанні. Кожны чацвер працуе «гарачая лінія» для чытачоў.

Настасся Турок гатовая паспрачацца з думкай, што час друкаваных СМІ сыходзіць. Дарэчы, падпісчыкі «Аршанскай газеты» маюць магчымасць эканоміць пры набыцці вокнаў (і не толькі) да 15 %.

Рэдактар-дырыжор

Дачка галоўнага рэдактара Арына, якой 7 гадоў, і муж прывыклі, што маці і жонка нярэдка прыходзіць дамоў позна, па начах піша тэксты, манціруе відэаролікі. Настасся Турок жартуе, што блізкія ўжо самі трошкі журналісты: нешта падказваюць, робяць фота, ацэньваюць тэксты.

— Не уяўляю іншага жыцця, мне падабаецца працэс стварэння газетнай версіі, напаўнення сайта. Вынік прыносіць задавальненне, цяжкасці матывуюць. У наш час кіраўніка рэдакцыі «раёнкі» можна параўнаць з дырыжорам або трэнерам, які сам у працэсе. Бо разам з журналістамі пішу тэксты, раблю здымкі, ствараю відэакантэнт. Вельмі важна, каб дызайн радаваў вочы, таму і гэтым прыходзіцца займацца, — разважае суразмоўніца.

А яшчэ ж трэба клапаціцца пра прыбытковасць арганізацыі, своечасовую выплату зарплаты, дастойныя ганарары.

Дарэчы, «Аршанская газета» першая сярод «раёнак» Віцебшчыны пяць гадоў таму зрабіла рэдызайн. Сярод іншага, наведвальнікі рэсурсу высока ацанілі зручнасць мабільнай версіі. Як вынік — значна павялічылася колькасць інтэрнэт-чытачоў. На сёння ў оrshаnkа.bу каля 1,5 тысячы ўнікальных наведвальнікаў на працягу сутак. У групах «Навіны Оршы» ў сацыяльных сетках каля 27 тысяч падпісчыкаў. Кожны чацвёрты жыхар Аршаншчыны падпісаны на акаўнт газеты ў Іnstаgrаm. Узрост асноўнай колькасці інтэрнэт-чытачоў — 25–45 гадоў, 70 % з іх — жанчыны. Веданне статыстыкі дазваляе прыцягнуць рэкламадаўцаў.

Дарэчы, на сайце газеты шмат аб’яў наконт вакансій, расце папулярнасць кулінарных сюжэтаў, праектаў «Маленькія падарожжы» і «Як гэта зроблена» на YоuTubе-канале.
Летась на рэкламе ў інтэрнэце «раёнка» зарабіла больш за пяць тысяч рублёў. У цэлым, рэкламная дзейнасць прыносіць ёй каля 34 % даходу, астатняе — падпіска. Дзясяты год СМІ (некалі стратнае!) сябе акупляе, нават зарабляе на новае абсталяванне і рамонт.

Раён павышанай увагі

Вядома, што Аршаншчына па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы зазнае эканамічную «перазагрузку», таму цікавасць да яе зыходзіць не толькі ад беларускіх журналістаў і экспертаў. Па здымкі, прозвішчы, кантакты адказных асоб, якія ў тэме, часта звяртаюцца ў «Аршанку» прадстаўнікі розных СМІ, у тым ліку і «Звязды». І тут заўсёды дапамогуць.

Журналісты «раёнкі» ўсведамляюць асаблівую адказнасць, калі асвятляюць падзеі, акцыі, мерапрыемствы, звязаныя з выкананнем пастаўленых Прэзідэнтам задач.

— Гэтая тэма больш, чым іншыя, цікавіць усіх. Рэальныя змены ў лепшы бок ёсць, і кожны месяц іх становіцца больш. Вельмі прыемна быць летапісцамі таго, што адбываецца. Упэўнена, што добрыя перамены ацэняць і будучыя пакаленні, — разважае калега.

Пры гэтым у «Аршанцы» летась было каля пяцідзесяці крытычных артыкулаў. Чыноўнікі, начальнікі рознага ўзроўню асцерагаюцца быць героямі негатыўных публікацый яшчэ і таму, што раённую газету чытаюць не толькі ў раёне, вобласці, але і ў Мінску. Рубрыка «Пытанне рубам» — адна з самых топавых. У ёй журналісты раскрываюць праблемы і тое, як яны вырашаюцца.

— Мы публікуем здымкі: што было да таго, як нешта зрабілі, і што атрымалася. Як той казаў, знайдзі дзесяць адрозненняў, — дадае галоўны рэдактар. Такі падыход дазваляе пазбегнуць аднабокай падачы праблемы.

Галоўны сакрэт поспеху «Аршанкі», падкрэслівае яе кіраўнік, — калектыў. Яго сярэдні ўзрост — да сарака гадоў, энергіі ва ўсіх шмат, ідэй — акіян, працаваць гатовыя і ў выхадныя дні, усе — фанаты Аршаншчыны і сваёй справы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Орша

Фота — «Аршанская газета»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.