Вы тут

Дзе мінчанам схавацца ад спякоты?


Летам у глыбінцы асаблівай розніцы паміж невялікім горадам і вёскай няма: амаль такое ж паветра, а лес, рэчка ці возера звычайна калі не побач, то непадалёку. А вось у абласным цэнтры, а тым больш у сталіцы, гэтае падабенства знікае. Не сказаць, што ў Мінску яго жыхары без лецішча ці доміка ў вёсцы ў летні спякотны дзень адчуваюць сябе зусім як у «каменных джунглях», але дыхаецца ім у вялікім горадзе не так, як на прыродзе.


Тым не менш маляўнічых мясцін, дзе можна глынуць свежага паветра, у Мінску шмат. Напрыклад, тыя ж экалагічныя сцяжынкі. Яны пракладзены ў кожным раёне сталіцы, і іх колькасць пастаянна расце. Ствараюцца экасцяжынкі выключна там, дзе шмат зеляніны, птушак і чыстага паветра, упрыгожваюцца малымі архітэктурнымі формамі.

Парэкамендуем прайсці пешы маршрут уздоўж берага Чыжоўскага вадасховішча ў Заводскім раёне. У Фрунзенскім — адпачыць у парку «Дзівівелка». У Першамайскім — у Севастопальскім парку. У Партызанскім — азнаёміцца з краявідамі Сляпянскай воднай сістэмы, у Маскоўскім — прайсціся ўздоўж ракі Мышкі. У Цэнтральным — прагуляцца па беразе Свіслачы за РНПЦ «Маці і дзіця».

У мінулую пятніцу на Цнянскім вадасховішчы прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця экасцяжынкі Савецкага раёна — дакладней, яе здача ў эксплуатацыю гараджанам пасля грунтоўнай дапрацоўкі. Дзякуючы сумесным намаганням шэрагу раённых арганізацый паабапал сцежкі ў кожнай тэматычнай зоне з'явіліся альтанкі, лаўкі і масткі, фігуры і інсталяцыі, а таксама інфармацыйныя стэнды.

Скажаце, што пешыя вандроўкі — гэта несучасна, што куды больш магчымасцяў для ўражанняў пакідае ровар — і пазнавальна, і экалагічна, і фізічная нагрузка выдатная! Невыпадкова апошнім часам у Мінску становіцца ўсё больш аматараў веласіпедных прагулак і падарожжаў. З гэтай мэтай на дарогах ствараюцца спецыяльныя палосы руху для веласіпедаў, іншыя зручнасці. Нядаўна паўстала пытанне аб аб'яднанні веладарожак (іх агульная працягласць — прыкладна 250 кіламетраў) у адзіную сетку. Дарэчы, гэту ідэю мясцовым уладам горада, а менавіта старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву «падкінулі» падчас прамой тэлефоннай лініі самі веласіпедысты. Цяпер ідзе работа над ажыццяўленнем прапановы.

І не толькі гэтай. Як вядома, сучасныя ровары даволі хуткія, іх уладальнікі пры перасячэнні дарог нярэдка ствараюць аварыйныя сітуацыі. Таму вельмі важна зрабіць рух на веладарожках бяспечным. З гэтай нагоды мясцовая ўлада горада даручыла ўважліва іх агледзець і там, дзе ёсць патрэба, правесці бягучы рамонт, па магчымасці зрабіць паніжэнне каменных бардзюраў на пешаходных пераходах і г. д. Дарэчы, сёння ў горадзе да паслуг веласіпедыстаў — як магістральная
27-кіламетровая дарожка, так і менш працяглыя, напрыклад, у парках 900-годдзя Мінска і «Цівалі».

Зразумела, для многіх мінчан, асабліва маладых, найлепшы адпачынак у спякотны дзень — каля вады і пажадана на добраўпарадкаваным пляжы. Іх у сталіцы і яе наваколлях дастаткова. Яшчэ да 15 мая, калі звычайна адкрываецца купальны сезон, усе 20 афіцыйных, так бы мовіць, пляжаў былі прыведзены ў парадак. Што зроблена? Як і заўсёды, прыбралі тэрыторыю, паставілі ўрны і скрыні для смецця, адрамантавалі і пафарбавалі кабіны для пераадзявання, «грыбкі» для аховы ад сонца і г. д. Сёлета стала больш альтанак і цывілізаваных месцаў з мангаламі. Гэтыя зоны барбекю папулярныя ў прыхільнікаў пікнікоў на свежым паветры.

Важная прыкмета сённяшніх пляжаў — варкаўт-пляцоўкі для заняткаў фізічнай культурай, пункты пракату спартыўнага інвентару, шэзлонгаў і іншага.

Сёння на беразе некаторых вадасховішчаў, такіх як Цнянскае, Дразды, Крыніца, Заслаўскае, можна больш камфортна адпачываць дзякуючы стацыянарным шэзлонгам, новым альтанкам, сталам для настольнага тэніса, пракату электрычных самакатаў, устаноўцы біятуалетаў.

У гарадской практыцы арганізацыі летняга адпачынку сёлета цікавае новаўвядзенне: пляж № 9 Заслаўскага вадасховішча гарадскія ўлады вырашылі прыстасаваць для адпачынку людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут сапраўдная інклюзія: спецыяльныя насціл і пантон дазваляюць на інваліднай калясцы пад'ехаць непасрэдна да вады, а затым і зайсці ў яе. Ёсць на пляжы спецыяльная кабінка для пераадзявання калясачнікаў і вырабленыя з улікам іх патрэб спецыяльная пляжная мэбля, трэнажоры.

Для аматараў гарачай пары таксама добрая навіна: у чэрвені адкрываецца пасля даволі працяглай рэканструкцыі славутая лазня № 1, якую ўзвялі яшчэ ў 1954 годзе. Цяпер яе не пазнаць: у прыгожым трохпавярховым будынку па вул. Б. Хмяльніцкага, што побач з праспектам Незалежнасці, прадугледжаны і нумары «люкс» з джакузі, з міні-басейнам, маленькім вадаспадам і гідрамасажорам. Для наведвальнікаў агульнага аддзялення даступныя вялікі басейн памерамі 17 м на 7 м, іншыя выгоды. Гэта ўжо не проста лазня, а сапраўдны аздараўленчы комплекс.

Ну а тым, хто, акрамя сустрэч з гарадской прыродай, не супраць яшчэ і пазнаёміцца з высокім мастацтвам на мінскіх вуліцах, можна параіць наведаць выстаўку «Мастак і горад». Яна адкрылася ў дзясяты раз — 27 мая па вуліцы Камсамольскай. Раней экспазіцыю разгортвалі на плошчы Якуба Коласа побач з помнікам класіку. І кожны раз выстаўку прысвячалі творчасці каго-небудзь з нашых вядомых мастакоў.

Сёлета ў экспазіцыі прадстаўлены 34 якасныя рэпрадукцыі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва з тэкстамі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Называецца яна «Фарбы душы. Леанід Шчамялёў». Працягнецца выстаўка да 20 верасня. Між іншым, у свой час праз такія выстаўкі «прайшоў» шэраг знакамітых мастакоў: Марк Шагал, Мікалай Селяшчук, Зоя Літвінава, Казімір Малевіч і іншыя.

Што яшчэ можна параіць для душы? У Мінску пачаўся летні музычна-турыстычны сезон. З 22 мая і да сярэдзіны верасня ў Верхнім горадзе кожныя выхадныя будуць ладзіцца разнастайныя імпрэзы: канцэрты, танцавальныя праграмы, выступленні маладзёжных і дзіцячых творчых калектываў, майстар-класы, кінапаказы і г. д. Напрыклад, прадоўжыцца праект «Класіка каля ратушы», адбудуцца святы нацыянальных культур Расіі і Малдовы. Падрабязнасці праграмы сезона можна даведацца на сайце Мінгарвыканкама.

Неабходна сказаць, што яшчэ загадзя, да пачатку чэрвеня, мясцовыя ўлады сталіцы, у тым ліку і дэпутаты Мінскага гарадскога Савета, шмат увагі аддавалі арганізацыі адпачынку гараджан у летні сезон. У прыватнасці, на чарговай сесіі гарсавета зацвердзілі план па добраўпарадкаванні і азеляненні сталіцы. Яго выкананне знаходзіцца на кантролі дэпутатаў. У выпадку неабходнасці дэпутаты гарадскога Савета, па словах яго старшыні Андрэя Бугрова, могуць дафінансаваць рэалізацыю таго ці іншага праекта. Бо стварэнне камфортных умоў пражывання і адпачынку мінчан — безумоўны прыярытэт.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Фарбы прыроды і душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».