Вы тут

Аднаўленне. Зямля. Эканамічны ўздым


17 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай. Сёлета ён прысвечаны пераўтварэнню дэградаваных зямель у здаровыя зямельныя ўгоддзі. Што робіцца ў нашай краіне ў гэтай галіне, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч.

Аднаўленне воднага рэжыму на балоце Дзікое.

У выніку аднаўлення дэградаваных земляў забяспечваецца ўстойлівасць эканомікі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, павышаецца ўзровень даходаў насельніцтва і ўмацоўваецца харчовая бяспека. Гэта спрыяе захаванню біяразнастайнасці, а таксама скарачэнню выкідаў вуглякіслага газу.

Прадухіленне, запаволенне і зварот працэсу страты ўрадлівых земляў і прыродных экасістэм цяпер з’яўляецца неадкладнай і вельмі важнай задачай для хуткага аднаўлення пасля пандэміі, – адзначыў Андрэй Кузьміч.

Рэспубліка Беларусь даўно ўключылася ў міжнародныя працэсы аднаўлення парушаных экасістэм. Напрыклад, задачы па экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў уключаны ў мэтавыя паказчыкі нейтральнага балансу дэградацыі земляў да 2030 года і нацыянальна-вызначаемыя ўклады ў прадухіленне кліматычных змен. Задачы па прадухіленні дэградацыі і ўзнаўленню дэградаваных зямель таксама прапісаны ў нацыянальных стратэгічных дакументах, у прыватнасці, у Стратэгіі па рэалізацыі Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем (2015 год) і ў адпаведным Плане дзеянняў.

– Паводле папярэдніх вынікаў яе выканання, плошча земляў, якія стабілізуюць навакольнае асяроддзе, на 1 студзеня 2021 года склала 11,8 млн га, або 57 % ад тэрыторыі краіны, – паведаміў спецыяліст. – Гэта лясныя, натуральныя лугавыя землі, землі пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю, балотамі і воднымі аб’ектамі. За апошнія пяць гадоў такія землі павялічыліся на 174 тысячы гектараў, што больш за плошчу Ганцавіцкага раёна. Пры гэтым практычна на адным узроўні – 556,5 тысяч гектараў – знаходзіцца плошча земляў, схільных да воднай і ветравой эрозіі. Павялічваецца плошча земляў з дэградаванымі тарфянымі глебамі, яна ўжо перавышае 330 тысяч гектараў.

Каб вырашыць апошнюю праблему, у краіне пашыраецца праца па экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў, якая праведзена на тэрыторыі больш за 64 тысячы гектараў. Гэта датычыцца ў асноўным выведзеных з эксплуатацыі тарфяных радовішчаў, а таксама балотаў з парушаным гідралагічным рэжымам. У 2020 годзе ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ “Ветландс” праведзена экалагічная рэабілітацыі тарфянікаў “Бярозавік” у Смаргонскім і Вілейскім раёнах і “Жада” ў Шаркаўшчынскім і Міёрскім раёнах. Акрамя таго, у рамках праекта аднаўлення асушаных тарфянікаў Беларусі пры падтрымцы ўрада Рэспублікі Карэя і Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем праведзены работы па экалагічнай рэабілітацыі чатырох участкаў парушаных тарфянікаў у Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. Эфект ад такіх работ сінергетычны – гэта адначасова аднаўленне гідралагічнага рэжыму балотных экасістэм, зніжэнне рызыкі пажараў, стварэнне спрыяльных умоў для дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу.

Паводле слоў Андрэя Кузьміча, з мэтай працягу рэалізацыі нацстратэгіі, якая разлічана да 2030 года, Мінпрыроды сумесна з іншымі зацікаўленымі органамі, навуковымі арганізацыямі і грамадскасцю быў падрыхтаваны праект Нацыянальнага плана дзеянняў па прадухіленні дэградацыі земляў, глебаў на 2021–2025 гады. 15 чэрвеня дакумент быў зацверджаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў. Планам прадугледжаны працяг такіх практычных мерапрыемстваў, як экалагічная рэабілітацыя тарфянікаў, рэкультывацыя ўнутрыгаспадарчых кар’ераў, перавод прыдатных для вырошчвання лесу земляў у лясны фонд, лесаўзнаўленне на месцах лясных пажараў, лесаразвядзенне на пясках, схілах, ярах і г. д. Таксама ў дакуменце прапісана выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы глебазберагаючых тэхналогій, мінімальная апрацоўка глебы, выкарыстанне сістэмы дакладнага земляробства, развіццё арганічнага земляробства і г. д. Плануецца правядзенне навуковых даследаванняў: па выкарыстанні беспілотных лятаючых апаратаў для ўнясення сродкаў абароны раслін, аднаўленні ахоўных драўняных насаджэнняў, распрацоўцы тэхналогій біярэмедыяцыі тэхнагенна забруджаных глебаў, удасканаленні тэхнічных рэкамендацый па экалагічнай рэабілітацыі парушаных балотаў і іншае. Акрамя практычных і навуковых, план уключае мерапрыемствы па прававым рэгуляванні, інфармацыйным забеспячэнні і міжнароднам супрацоўніцтве. Інфармацыя пра ход рэалізацыі плана будзе штогод абагульняцца ў Мінпрыроды і накіроўвацца ў Савет Міністраў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».