Вы тут

Чытайце ў часопісе «Алеся»


Нядаўна ў кіёсках з'явіўся чарговы нумар часопіса «Алеся» за чэрвень 2021 года. Чым ён парадуе сваіх чытачоў?


Ці можна пазбегнуць здрады ў каханні?

У якіх выпадках з нявернымі партнёрамі трэба расставацца, а ў якіх — дараваць? Пра гэта ў часопісе расказвае сямейны псіхолаг Ірына Папова.

У розных культурах і ў розных людзей — сваё ўяўленне аб здрадах і сваё стаўленне да іх. Традыцыйна ў нас здрадай лічаць сексуальную нявернасць. Але ўсё значна складаней і глыбей.

Што штурхае мужчын і жанчын да паходаў «налева»? Прычын можа быць шмат. Але часцей за ўсё здрада — сігнал таго, што ў шлюбе чалавеку чагосьці востра не хапае і ён шукае гэта на баку. Часам мы дзівімся, калі ад прыгожай, разумнай, паспяховай жонкі муж сыходзіць да пасрэднай і нецікавай асобы. А тлумачэнне простае: мужчына знаходзіць у ёй тое, чаго яму не хапае ў сям'і. Здараецца, у мужа і жонкі не супадаюць (ці прыкметна мяняюцца з узростам) сексуальныя патрэбы. Нярэдка з гадамі з-за праблем у побыце з адносін сыходзяць цеплыня, эмацыянальнасць, і адрадзіць іх не атрымліваецца... Аб тым, як захаваць адносіны, чытайце ў інтэрвью.


Сукенка з джынсамі

Самы модны і смелы ўбор сезона! У калекцыях «Лета — 2021» зноў з'явіўся гэты экстравагантны касцюм, які выклікаў неадназначныя рэакцыі ў пачатку 2000-х. Праўда, цяпер дызайнеры вярнулі спалучэнне «сукенка+джынсы» ў крыху пераасэнсаваным выглядзе. Сёння прапануюцца на выбар некалькі актуальных рашэнняў: да джынсаў можна дадаваць празрыстыя і доўгія тунікі, карункавыя элегантныя сукенкі, лёгкія блузы ў гарошак навыпуск... Эксперыментаваць з моднымі вобразамі гэтым летам прыемна і займальна!


Маслам кашу не сапсаваць!

Пра чалавека, які жыве ў дастатку, нашы продкі казалі «як сыр у масле». Таму што менавіта гэты прадукт здаўна лічыўся сімвалам дастатку. Як сцвярджаюць гісторыкі, каровіна масла ўмелі гатаваць спачатку толькі паўночна-германскія плямёны. Доўгі час масла заставалася вельмі дарагім ласункам, і толькі ў Сярэднявеччы яно стала больш распаўсюджаным.

Што датычыцца беларускіх тэрыторый, расказвае этнограф Ларыса Мятлеўская, надоі тут былі невялікімі нават напрыканцы ХІХ стагоддзя. Вяскоўцы масла елі толькі па вялікіх святах: Каляды, Вялікдзень, Купалле, Масленіца, вяселле і радзіны.

Сёння ў продажы дастаткова сметанковага масла, яго вырабляюць пры дапамозе сучасных тэхналогій, але смак, канешне, адрозніваецца ад хатняга. Як зрабіць масла па старажытных рэцэптах беларускіх гаспадынь? Чытайце ў часопісе!


Сакрэт мыцця

Як арганізаваць правільны догляд валасоў у гарачую пару года?

Прафесійнымі сакрэтамі дзеліцца мадэльер па прычосках Кацярына Каленская: «Лета — дастаткова стрэсавая пара для нашых валасоў, бо яны не любяць высокіх тэмператур. У гарачае, сонечнае надвор'е валасы выгараюць, становяцца сухімі, вытанчаюцца і ў рэшце рэшт губляюць здаровы выгляд і бляск. Акрамя таго, з-за павышанай работы потавых залоз і выпрацоўкі падскурнага сала яны хутка забруджваюцца. Таму і даглядаць іх трэба летам больш старанна... У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву. А між тым існуюць пэўныя правілы, пра якія і расказвае стыліст.

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.