Вы тут

Медыкі пачалі прафесійнае свята экскурсіяй у Палац Незалежнасці


Дзень медыцынскага работніка, які сёлета адзначаецца 20 чэрвеня, пачаўся раней — экскурсіяй у Палац Незалежнасці. Больш за 100 прадстаўнікоў медыцынскай сферы наведалі рэзідэнцыю Прэзідэнта.


Фота: БелТА

Разам з калегамі ўдзел у экскурсіі прыняў і міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч. Ён падкрэсліў, што для многіх медыкаў свята праходзіць на рабочых месцах, вялікая іх колькасць без перапынку аказвае дапамогу пацыентам.

«Прыемна, што напярэдадні свята многія прадстаўнікі галіны наведалі Палац Незалежнасці, у тым ліку прадстаўленыя да ўзнагарод на ўрадавым узроўні. Гэтая экскурсія дазволіла далучыцца да гісторыі нашай незалежнай дзяржавы», — сказаў міністр. Ён звярнуў увагу, што тэма COVІD-19 чырвонай стужкай праходзіць праз апошнія паўтара года і адпаведныя эпідэміялагічныя ўмовы наклалі свой адбітак на жыццё і работу беларускіх медыкаў.

Дзмітрый Піневіч расказаў журналістам, як складваецца сітуацыя сёння: «Нават цяпер, калі ў нас не 35 тысяч перапрафіляваных ложкаў, а 11 тысяч, гэта ўсё роўна шмат. Застаюцца актуальнымі пытанні сацыяльнага дыстанцыравання, вакцынацыі. Вельмі важна, што разам з барацьбой і лячэннем ковіду мы не спынялі лячэнне па ўсіх астатніх профілях».

У пачатку 2021 года Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя заснаваў нагрудны знак «За працу ў імя жыцця». Узнагарода будзе ўручацца работнікам, якія прыкладаюць усе намаганні ў барацьбе за здароўе пацыентаў, асабліва падчас пандэміі каранавіруса. Адным з першых уладальнікаў узнагароды стаў Галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў.

«Мне б вельмі хацелася, каб гэтая ўзнагарода стала масавай, бо масавымі былі праца і намаганні медыцынскіх работнікаў. Нельга забываць пра людзей, якія аказвалі дапамогу, не з'яўляючыся публічнымі персонамі. Узнагарода павінна іх знайсці, гэта павага, якую неабходна праяўляць да гэтых людзей за іх самаадданую працу», — адзначыў Ігар Карпаў.

Нават падчас святочнага мерапрыемства доктар не забыўся на свае абавязкі і папярэдзіў, што сітуацыя з каранавірусам застаецца сур'ёзнай і расслабляцца рана. «Ёсць адчуванне, што страчана пільнасць. Але яшчэ не час. Канчаткова расслабляцца будзем тады, калі ўсё нармалізуецца, гэты час абавязкова наступіць. Шмат у чым гэта залежыць ад нас, ад інтэнсіўнасці прышчэпнай кампаніі, якая цяпер праводзіцца. Тыя эпідэміялагічныя даныя па людзях, якія маюць імунітэт, павінны быць успрыняты з насцярожаным аптымізмам, але ўсё ж з аптымізмам. Самае галоўнае — памятаць, што небяспека захворвання ёсць», — падкрэсліў прафесар.

Сёлета дзве беларускія медыцынскія сястры атрымалі медаль імя Флорэнс Найтынгейл. Адна з іх, Людміла Бузель, спецыяліст аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, расказала, што ў Беларусі ўсяго 14 медыцынскіх сясцёр маюць гэты медаль. «Галоўны крытэрый для атрымання ўзнагароды — міласэрнае стаўленне да людзей, клопат пра іх. Наша медыка-сацыяльная служба клапоціцца аб самотных, пажылых людзях, якія не могуць самі сябе абслугоўваць. Мая праца — маё жыццё, я без гэтага не магу», — сказала Людміла Іванаўна.

Другая гераіня дня — Эльвіра Шабанава — жыве і працуе ў Лідзе. Медыцынская сястра Лідскай вузлавой арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Беларускай чыгункі дапамагае людзям 32 гады. «Медаль імя Флорэнс Найтынгейл — гэта ацэнка маёй працы і ўсіх медыцынскіх сясцёр міласэрнасці. У Чырвоны Крыж прыходзяць і сыходзяць ці прыходзяць і застаюцца назаўжды», — падзялілася Эльвіра Мікалаеўна.

Экскурсанты наведалі ўсе залы, дзе праходзяць важныя ўрачыстыя і палітычныя падзеі. А падчас пераходаў паміж імі паспелі пагаварыць з калегамі, якіх даўно не бачылі, абмяняцца навінамі і павіншаваць з надыходзячым святам. Некаторыя з іх прыехалі сюды адразу з работы. Напрыклад, Дзмітрый Данілаў, прафесар кафедры інфекцыйных захворванняў БДМУ, яшчэ раніцай працаваў у рэанімацыі, а днём ужо быў на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці.

«Мы кожны дзень працуем з пацыентамі, рэанімацыя — справа неадназначная, гэта заўсёды самыя цяжкія пацыенты. Для паўнаты адчування прафесійнага свята не хапае таго, каб каранавірус адступіў. Разуменне, што заўтра нічога не заканчваецца і што гэта не кропка, а коска і часовая перадышка, не дае магчымасці расслабіцца, — падкрэсліў Дзмітрый Данілаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Узнагарода павінна іх знайсці»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.