Вы тут

Лісты медсястры з Афганістана


Гісторыя гэтай сціплай жанчыны з Хойнікаў для мне стала своеасаблівай сучаснай рэінкарнацыяй гераіні са старонак рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Нагадаю: у знакамітым творы медсястра Клаўдзія Сухадол дапамагала доктару Савічу хаваць і лячыць партызан у гомельскім нямецкім шпіталі ў вайну, а пра яе подзвіг мала хто ведаў. Аб гісторыі медыцынскай сястры Марыны Тарасавец з Хойнікаў таксама можна напісаць кнігу ці зняць фільм. Толькі тры месяцы таму, праз 36 гадоў пасля яе вяртання з самай доўгай і смяротна небяспечнай камандзіроўкі, аб грамадзянскім подзвігу Марыны Рыгораўны даведаліся жыхары Гомельшчыны. Яна стала «Жанчынай года — 2020» па выніках конкурсу ў Гомельскай вобласці, пераможцай у намінацыі «Жаночая доблесць».


Як і гераіня Шамякіна, жыхарка Хойнікаў працавала галоўнай медсястрой інфекцыйнага аддзялення. Службу несла ў ваенным шпіталі горада Шындант у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан.

Калі з нагоды Дня медыцынскага работніка шукала гераіню для артыкула, вырашыла расказаць менавіта пра Марыну Рыгораўну. Гісторыя гэтай сястрычкі-«афганкі» — пра радзіму як не толькі месца, дзе нарадзіўся, але і час, у якім жывеш.

— У 1982 годзе я скончыла Гомельскае медвучылішча, прыехала па размеркаванні ў родныя Хойнікі, — расказала яна. — Працаваць накіравалі працэдурнай медсястрой у інфекцыйнае аддзяленне райбальніцы. Мне пашчасціла: мой калектыў быў самы лепшы ў свеце, а ўзначальваў яго самы таленавіты ўрач-інфекцыяніст Аляксандр Хаванскі. У 1985-м мне пайшоў якраз дваццаць другі год, а мая старэйшая сястра паехала разам з мужам служыць у Германію. Я таксама марыла паехаць з ёю. Прыйшла ў прафкам і пытаюся: ці адпраўляюць медыкаў у ГДР. Мне адмовілі, але ж прапанавалі: медыкі-добраахвотнікі вельмі патрэбныя ў Афганістане, паедзеш? Я згадзілася.

Звышслужба без звышурочных

З Гомельскай вобласці добраахвотнікамі з грамадзянскіх служачых запісалася сем чалавек. Марына Рыгораўна так больш ні з кім з іх потым не сустрэлася. У ваенны шпіталь у горадзе Шындант яе накіравалі адну.

— Перад паездкай некалькі месяцаў маю кандыдатуру правяралі праз спецыяльны аддзел КДБ, збіралі сведкі з біяграфіі, — працягнула суразмоўніца. — Можа, давалі час перадумаць? Калі прыехала, пайшла да начальніка шпіталя на размеркаванне. Спыталі, дзе працавала і што магу рабіць. Зацікавіліся, калі расказала, што ў інфекцыйным аддзяленні. Накіравалі ў аддзяленне, дзе лячэнне праходзілі хворыя на брушны тыф. Мяне быццам Бог рыхтаваў загадзя да такога лёсу. У нас у Хойніках, калі я працавала пасля медвучылішча, у вёсцы Віць адбылася ўспышка якраз брушнога тыфу. Наш калектыў аддзялення тады вельмі добра спрацаваў, успышку пагасілі. Выходзіць, я прыехала ўжо падрыхтаваная — ставіла да 70 кропельніц у дзень.

Марына Рыгораўна дадае, што першыя паўгода кожны дзень пісала лісты дадому — быццам дзявочы дзённік вяла:

— Я ў школе добра вучылася, марыла потым у медуніверсітэт паступаць, але вельмі любіла літаратуру, пісала сачыненні. Дык вось у лістах да мамы падрабязна апісвала сваю работу ў шпіталі, жыццё ў медыцынскім модулі. Гэта мабільны лагер для пражывання медыкаў, зроблены са шчытоў фанеры. Пісала маме, як мы працуем з хворымі, як я дзяжуру да самай ночы.

Лячылі ў тым шпіталі савецкіх вайскоўцаў, але не адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і мясцовым жыхарам. Асабліва жанчын шмат прымалі, кажа Марына
Рыгораўна:

— Лісты да Хойнікаў дайшлі, але мама ўсё спаліла — не пакінула ніводнага. Тады мяне гэта вельмі кальнула. Цяпер з цягам часу згадваю свае лісты. Памяць падводзіць, а так хочацца ўспомніць прозвішчы сябровак, з якімі перажылі самую неверагодную для мяне школу жыцця. Я згубіла з імі сувязь і не памятаю прозвішчаў. Хочацца і дзецям паказаць гэтыя лісты і ўнукам. Бо гэта мары, думкі, перажыванні маладой дзяўчыны, якая з ускраіны Гомельшчыны трапіла на чужую старонку амаль за чатыры тысячы кіламетраў.

Між тым Марына Тарасавец заўсёды асэнсоўвала сябе часткай вялікай краіны, дачкой і сястрой для рускіх, казахаў, украінцаў, татар, з якімі давялося разам служыць-працаваць, ратавацца ад баявых налётаў. Я пытаюся ў Марыны Рыгораўны, чаму яе маці спаліла тыя афганскія лісты? Адказвае: такім было савецкае пасляваеннае выхаванне. Калі шкадаваць, песціць сваіх дзяцей нельга, бо сапсуеш. Паказваць эмоцыі нельга, а ў лістах тых жалоба, душа навыварат. Маці, выходзіць, саромелася такой душэўнай адкрытасці, пяшчоту хавала за строгасцю, а сама, безумоўна, вельмі любіла, шкадавала сваю Марышку.

Доўгая дарога дадому

Расказвае, што памятае жахлівыя ўмовы надвор'я ў далёкай краіне: вакол пясок ды камяні, але той пясок — як цэмент. Неймаверная спёка. Дзяўчына вельмі сумавала па снегу, святкаванні Новага года.

— Праз некалькі месяцаў, як мы казалі, «адлятала на дэмбель» старэйшая медсястра інфекцыйнага аддзялення, — згадвае гераіня. — Начальства паклікала мяне і кажа: «Вы гатовы добры спецыяліст, прызначаем вас галоўнай медсястрой інфекцыйнага аддзялення для лячэння хворых з гепатытам і дызентэрыяй». Я адмаўлялася, але гэта армія: ніхто загады не абмяркоўвае. Як вольнанаёмная магла з'ехаць, але пра гэта нават не думала, бо хто будзе працаваць? Два гады звычайна медсёстры працавалі, потым «адляталі на дэмбель». Пры мне ніхто не з'ехаў раней, вытрымлівалі. Мяне ж вельмі прасілі — вось я і засталася на большы тэрмін, чым астатнія. Ужо ў 1987—1988 гадах вольнанаёмныя не асабліва рваліся прыязджаць туды, таму медыкаў не хапала.

Марына Тарасавец пяць разоў была донарам крыві для вайскоўцаў, пакуль работа ў інфекцыйным аддзяленні не закранула і яе здароўе. Яна ведае, што частка савецкага жаночага медперсаналу памерла на службе менавіта ад цяжкіх інфекцыйных хвароб. Успамінае, наколькі адказна было працаваць на пасадзе галоўнай медсястры ў інфекцыйным аддзяленні:

— Адказваеш галавой — гэта ж інфекцыёнка! Дэзынфекцыя, санітарны стан ложкаў, посуду, адзення, нават знешні выгляд хворых — усё гэта трэба было пракантраляваць. Да таго ж дапамагала сваім сястрычкам, калі не спраўляліся. Прасілі: ну папрацуй, дапамажы... Даволі часта з раніцы да ночы была на змене.

З-за суровага клімату ваенныя часта заражаліся брушным тыфам і гепатытам, толькі папіўшы сырой вады. У суткі прывозілі па сотні хворых. У перыяд эпідэміі іх колькасць сягала за тысячу. А праца была наогул без выхадных.

— Я заўсёды кажу: гэта трэба дзякаваць Богу, што нашы савецкія жанчыны згадзіліся і паехалі туды. Колькі ж раненых, хворых — хто дапамагаў бы спраўляцца?

А яшчэ ж патрэбны былі і цырульнікі, прачкі, бухгалтары, тэлефаністкі, прадаўцы, работнікі камунгаса, слесары, зваршчыкі... Шмат хлопцаў, якія мелі грамадзянскія спецыяльнасці, прыязджалі.

Яна «паляцела на дэмбель», адслужыўшы тры гады. Амаль праз паўгода савецкія войскі былі выведзены з Афганістана.

На радзіму з медалём

Марына Тарасавец вярнулася з Афганістана з медалём «За працоўную доблесць». Аб тым, як пасля вяртання дадому вайна не адпускала, яна расказваць не любіць. Памяць імкнецца выдаліць з успамінаў хлопцаў на бальнічных ложках, вочы, якія просяць міласэрнасці і дапамогі.

— Калі пытаюць мяне, што я даведалася ў той камандзіроўцы, адказваю: тое, што жыццё — гэта самае галоўнае, а мірнае неба над галавой — не пустыя словы. На маіх вачах прывезлі цела добрага сябра — малодзенькага капітана з Палтавы. Ён ехаў на БТР, і снайпер стрэліў яму ў галаву.
Я памятаю яго да гэтага часу.

Але памятае Марына Рыгораўна і шмат добрага і радаснага. Як з канцэртамі прыляталі зоркі савецкай эстрады — фота з аўтографам Аляксандра Разенбаума да гэтага часу захоўвае ў альбоме. Як ладзілі танцавальныя вечарыны, сябравалі, арганізоўвалі суботнікі. Захавала Марына Рыгораўна і японскі магнітафон, які прывезла з Афганістана. Тады ў глыбінцы такая тэхніка была дзівоснай. Прынамсі, дагэтуль слухае на ім касеты.

Пасля вяртання дадому, у Хойнікі, Марына Тарасавец зноў выйшла на работу ў раённую бальніцу. Іншых запісаў у яе працоўнай кніжцы няма. Цяпер яна медсястра Хойніцкай райбальніцы, але выконвае свае службовыя абавязкі ў дзіцячым садку № 1. Увогуле, дзеці — гэта тое, што дало ёй магчымасць не растварацца ў перажываннях ваеннага мінулага. У яе мірным жыцці — сын Вадзім і дачка Дар'я, унучак Дамінік. Яны ўсе ганарацца сваёй маці і бабуляй. Марына Рыгораўна прызнаецца: калі здымалі рэпартаж у Гомелі з цырымоніі ўзнагароджвання «Жанчына года», у глыбіні душы спадзявалася, што пазнаюць яе старыя сяброўкі-сястрычкі і лёс падорыць з імі сустрэчу.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з сямейнага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.