Вы тут

Кароткі век — кароткі розум, або Жанчынам падабаецца, калі прыгожа


Сяброўчына публікацыя ў сацыяльных сетках сёння з раніцы павесяліла. Людміла на сваёй старонцы зрабіла пост: «З жалем вымушана паведаміць, што эра нігерыйскіх адвакатаў і мёртвых, але багатых дзядзечак мінула беззваротна. Настала эра кахання...» Да гэтых слоў яна прымацавала выяву пісьма, якое атрымала па электроннай пошце ад нейкага нібыта Фрэнсіса. «Привет, дорогой. Я нашел тебя (цытую на мове арыгінала, каб быў зразумелы ўвесь «цымус»), когда искал женщину, с которой мог бы провести остаток своей жизни, как только уволился с работы. Я скоро выйду на пенсию и ищу серьезную, честную, порядочную и романтическую женщину, чтобы называть ее своей и любить всю оставшуюся жизнь. Мне нужна консервативная женщина. Я был окном в течение многих лет, с тех пор, как моя жена умерла от рака. Мне нужна женщина из вашей страны, потому что: 1. Меня обманули наши собственные женщины. 2. Мне нужно жить за пределами штата. 3. Я не хочу, чтобы Пентагон заманил меня в новый мир войны. Я расскажу вам больше со своей фотографией, когда вы ответите на мое сообщение...»


Фота: pixabay.com

Вось так — ні больш, ні менш. Я ўжо хацела здзекліва напісаць сяброўцы: «Хапай, пакуль свабодны!», але тут запішчала мая пошта, і на экране высвецілася пісьмо такога самага зместу, толькі адпраўшчыкам значыўся нейкі Робін. Вось сяджу цяпер і думаю: як жа мы з сяброўкай такога зайздроснага кавалера (а можа, і не аднаго) дзяліць будзем...

А калі без жартаў — дык няўжо хтосьці яшчэ ў падобны «развод» верыць? Пасля столькіх публікацый, сюжэтаў, папярэджанняў? Як ні дзіўна — вераць. І я не здзіўлюся, калі ў хуткім часе ў міліцэйскіх зводках з'явяцца пацярпелыя ад махляроў суайчынніцы, якія пералічылі няшчаснаму Фрэнсісу (Роберту, Джону) грошы на дарогу ў невядомую яму Беларусь, а ён так і не прыехаў... Бо як жа было не пашкадаваць няшчаснага ўдаўца, падманутага, які не хоча ваяваць, а хоча спакойнага жыцця. Гэта ж так прыгожа, так рамантычна, як у дамскіх раманах з яркімі вокладкамі ці ў серыялах...

Дзяўчаты, нас пачалі лавіць на «прыгожа і рамантычна». Ужо не абяцаюць завоблачных працэнтаў ад спадчыны багатага дзядзькі або ад вывезеных з нашай дапамогай з руднікоў Афрыкі брыльянтаў. Нас перасталі лічыць сквапнымі — прагрэс. А вось на «прыгожа» купляемся на раз-два.

Нядаўна ў Мінску дуэт сваіх, айчынных, махляроў затрымалі. Тыя ўвогуле складаную схему прыдумалі. Знаёміліся ў інтэрнэце з адзінокімі жанчынамі постбальзакаўскага ўзросту. Адзін прадстаўляўся ўладальнікам будаўнічай фірмы, другі — нібыта арэндадаўцам аўтамабіляў. Дзейнічалі ў пары: пакуль адзін вёў чарговую даму сэрца на спатканне, другі ў гэты час незаў-
важна браў яе ключы ад кватэры, рабіў дублікат, а падчас наступнай яе сустрэчы з кавалерам залазіў у жытло і браў усё, што дрэнна ляжыць. Прычым дзейнічалі абсалютна ў духу Галахвастава з камедыі «За двума зайцамі» — не маючы нічога за душой, пускалі пыл у вочы. Адзенне для фота на сайтах знаёмстваў куплялі ў сэканд-хэндзе, машыны бралі напракат, здымалі на суткі кватэры, выдаючы за свае. Часам вазілі на дачу аднаго з іх, прычым «багаты» кавалер тлумачыў бедную абстаноўку лецішча так: маўляў, гэта дамок знаёмага, а свая амаль віла на рамонце. Частавалі паненак чарнілам, разлітым у бутэлькі ад дарагога віна, а «каньяк» рабілі самі са спірту і танных настоек. Увесь гэты танны кіч тлумачылі пасля следчым так: «Жанчынам падабаецца, калі прыгожа...»

Вынік — як мінімум трое пацярпелых, а падазраецца не менш як дзесяць эпізодаў. Прычым у адной з кабет сперлі залатых вырабаў на 37 тысяч рублёў. Няўжо ўладальніца такіх дарагіх упрыгажэнняў (ці такой колькасці) не можа адрозніць калі не адзенне з буціка ад сэканд-хэнда, дык хоць бы дарагое віно ад намяшанага ў бутэльку ад яго бырла? Можа, мужчынкі былі настолькі абаяльныя, што на іншае ўвагі ўжо не звярталі? Дык жа не! Бачыла іх на фота з таго сайта — добра пацяганыя і зусім не Алены Дэлоны ў маладосці... Ці гэта праклятая адзінота так выпіла душу, што ўсе ўмоўнасці і падазрэнні ўбок, абы хоць каліва цяпла атрымаць? Бо бабін век — ён жа, кажуць, кароткі...

А яшчэ кажуць, што пры доўгіх валасах у нас кароткі і розум. Вось і думай, што з гэтага прычына, а што вынік.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».