Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Прабачце, яшчэ раз: гісторый у пошце то густа, то пуста, і ўсе яны розныя. Адны, бывае, адразу просяцца... у архіў, другія — на старонкі газеты, часта — што зразумела, з нейкімі праўкамі, з перакладам з рускай ці казённа-бюракратычнай, як правіла — з неабходнымі скарачэннямі… Апошняя гісторыя Таццяны Гайко, відаць, выключэнне? Але ж чаму б ім не быць? Так што пішыце! Конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца, журы працуе.


Дрэнна чалавеку, калі ён адзін...

Якіх толькі святаў цяпер няма! Не так даўно, дзявятага чэрвеня, дзень сяброў адзначаўся. Нават міжнародны...

Чым не нагода, каб успомніць сваіх, каб падзякаваць за тое, што яны ў нас былі і ёсць, бо знайсці...

Для многіх маіх знаёмых гэта праблемай не стала: змалку выйшлі ў двор ці на вясковую вуліцу, пахадзілі ў садок альбо школу, паслужылі ў войску, і ўсё — дружба завязалася...

Я вось гэтым пахваліцца не магу: прыяцелькі, нават блізкія, у мяне заўсёды былі, а вось пра сапраўдных сяброў... Я пра іх толькі марыла, пакуль неяк...

Нас, настаўнікаў хіміі і біялогіі, запрасілі тады ў сталіцу на семінар. На ім на працягу тыдня мы слухалі розных выступоўцаў, дзяліліся вопытам, разам думалі, як лепей вучыць, выхоўваць ды развіваць дзяцей.

У час гэтых заняткаў поплеч са мной сядзела каляжанка з Мінска. У першы ж дзень мы з ёй пазнаёміліся, разгаварыліся, і я адразу ж, здаецца, убачыла, як многа ў нас агульнага! Мы абедзве, у залежнасці ад падбору дзяцей у класе, прымянялі свае, асабістыя метады выкладання, праводзілі розныя мерапрыемствы, чыталі адны і тыя ж кнігі, любілі кіно, тэатр... Мы нават туды схадзілі ў адзін з вечароў!..

Тыдзень праляцеў як адна мінута! Мне трэба было ад'язджаць. Галя, што мяне зусім не здзівіла, захацела праводзіць.

І вось мы з ёй стаім на пероне. Да адпраўкі цягніка застаюцца лічаныя хвіліны. «Трэба ж абмяняцца адрасамі!» — кажу я, бо тэлефона дома не мела... Спешна шукаю, на чым бы запісаць і яе, і свой, а заадно ўголас шкадую, што даводзіцца расставацца. А як жа, маўляў, добра было б жыць побач, працаваць разам, у адной нейкай школе!.. «Мы б столькі, — кажу, — усяго прыдумалі!.. І так сябравалі б!» — «Што?.. Сябравалі? — перапытала ў мяне Галіна. — Ды ніколі ў жыцці! Не будзь наіўнай: калі б мы разам працавалі, я цябе зненавідзела б!» — «Але за што?» — зусім разгубілася я. — «Не цярплю саперніц... Ні ў чым», — адрэзала каляжанка і, пажадаўшы ўдачы і задраўшы галаву, падалася прэч.

...Пасля гэтага прайшлі — ды што там, — праляцелі гады. Разам з імі прыйшлі тыя самыя ўдачы і поспехі, знайшлося шчасце ў жыцці — у сям'і, у любімых вучнях.

З'явілася ў мяне і сапраўдная сяброўка — супрацоўніца, каляжанка.

Шкада, што цяпер яна далекавата ад мяне, але ж сувязь добрая, так што мы па-ранейшаму разам.

А пра Галю я нічога, на жаль, не ведаю: газеты пра яе, здаецца, не пісалі, тэлевізар не паказваў. Дрэнна чалавеку, калі ён адзін...

Зоя Наваенка,

Глыбоцкі раён.


«Мая не такая...» І дзякуй богу!

Мне было 11, калі мама яшчэ раз выйшла замуж і 13 — калі нарадзіла сястру. Бацькі ёй доўга выбіралі імя, аднак я да яго так і не прывыкла. Для мяне, і гэта, відаць, назаўсёды, сястра засталася проста малой, хоць і вышэйшай ростам... Абагнала ў дзявятым класе і, здаецца, тады ж без памяці закахалася.

Франак быў трохі старэйшы за яе, збіраўся ў войска. Малая абяцала яго чакаць, ледзь не кожны дзень пісала лісты і нікуды ні з кім не хадзіла. Мы нават баяліся за яе, казалі: «Ну добра, як адслужыць ды замуж пакліча, а як раптам адвернецца?.. Звар'яцее ж дзеўка!».

Да гэтага, дзякуй богу, не дайшло, хоць...

Калі па парадку, праз два гады наш салдацік прыехаў (шчасце не мела межаў!), уладкаваўся працаваць на трактарны завод, засяліўся ў інтэрнат, бачым — памалу прыадзеўся... «Нам трэба ўсур'ёз пагаварыць, але не зараз», — сказаў аднойчы малой, а яна ўжо — мне, па сакрэце.

Разам з ёй мы чакалі — ну, вядома ж, чаго — прапановы рукі і сэрца. А калі дачакаліся, малая — не паверыце — тыдзень не прасыхала ад слёз, бо яе жаніх у час той сур'ёзнай размовы, неспадзеўкі выдаў, што не можа, не ўмее і не будзе жыць у горадзе, што ён ужо... звольніўся з завода, што ў вёсцы яму абяцаюць іншую работу і, як толькі ажэніцца, — новы дом... А таму, калі малая не супраць...

«Уяўляеш, з Мінска я паеду ў нейкую вёску?! У цьмутаракань? — плакала малая. — Навошта? І што там рабіць?!»

Мы, усёй сям'ёй, як маглі, суцяшалі. Казалі галоўнае: што хлопец кахае, а значыць, нідзе не дзенецца — вернецца ў горад.

Сястра яшчэ раз стала чакаць, але глядзець на гэта было немагчыма. І неяк я не вытрымала, сказала: «Слухай, а што мы губляем? Давай пад'едзем у тую вёску і самі на ўсё паглядзім. Карона ж з цябе не зваліцца?»

...Не буду пісаць, як жа рады быў хлопец нашаму прыезду! Як замітусіліся, забегалі яго бацькі: проста не ведалі, дзе пасадзіць і чым пачаставаць!.. А да ўсяго да гэтага — на дварэ было лета, кветкі, птушкі, прастор...

Мы добра з'ездзілі. Малая дык іншым чалавекам вярнулася, бо ад Франкавай бабулі пачула, што з каханым і на Салаўках пражывеш, а з нялюбым і палац не ўратуе».

У тую ж восень мы згулялі вяселле, і цяпер у нашай малой свой дом, двое дзяцей, гаспадарка — усё, як у сапраўдных вясковых людзей...

Гэта быў уступ да гісторыі. Зараз яна сама.

Летась Франак сабраўся мяняць машыну. Каб дабавіць грошай на лепшую, падгадаваў двух цялят. Разам з братам завезлі мяса на Камароўку ў Мінску і прадалі. Гэту ўдачу трэ было замачыць. Гаспадар натапіў лазню, гаспадыня сабрала на стол.

Мужчыны сядзелі доўга: успаміналі сваю паездку, гандаль... Да малой (яна спаць пайшла) даляталі хіба абрыўкі размоў. «Мая не такая», — час ад часу казаў Франак. «А мая і зусім...» — падтакваў брат. «Яны што — пра нас, сваіх жонак?» — навастрыла вушы гаспадыня і шмат што пачула! Да таго ж раніцой учыніла сапраўдны допыт. У выніку «пазлы» склаліся так.

На рынку да гэтых двух сімпатычных прадаўцоў падышла ну вельмі прыгожая жанчына — даслоўна — «проста Брыджыт Бардо»!

Далей ішлі падрабязнасці:

— Валасоў — цэлая капа! — гаварыў Франак. — Ды бялявыя, доўгія...

(У малой і праўда — зусім не такія!)

— Вусны — як спелыя клубніцы, — «падпяваў» яму брат Рыгор. — Так, здаецца б, і з'еў бы!

Мужчыны, мяркуючы па гуках з кухні, налілі і выпілі, нейкі час памаўчалі і зноў «вярнуліся» да Брыджыт.

— А грудзі ў яе ты бачыў? Па дзіцячым вядзерцы будуць. І на добры літр, — ціха згадваў Рыгор.

— Ды болей, відаць.

— І талія, што ў асы.

— У маёй не такая цяпер, — шкадаваў Рыгор.

— І ў маёй, — згаджаўся з ім брат.

— А да родаў такія фігуркі былі!..

— Выходзіць, гэта мы сапсавалі?.. І правільна зрабілі! Давай за нашых дзяцей!

— І за жонак, бо што б мы без іх?..

— Кароў — дакладна б адны не трымалі, цялят — не прадавалі, тую харашуху жыўцом не ўбачылі...

— Яна — ты помніш? — мяса ў нас узважыла, адлажыла і далей пайшла. Ты казаў, што, мусіць, не вернецца — у некага іншага купіць. А тая, бачу, ідзе — з нейкай сваёй знаёмай. І каля нас спыняюцца.

— Мы адразу ж пакет на вагі. А яны, як выглядае, нікуды не спяшаюцца: стаяць сабе, размаўляюць. Ты чуў, пра што? — папытаўся Франак.

— Не... Я за таварам сачыў.

— А я дык паслухаў.

— І што?

— Ды нічога такога... Тая харашуха расказвала, чаго і пачым накупляла, потым — што на дачы грады пасадзіла — буракі там, капусту... Прыяцелька, чую, «аж у асадак выпала»: як так — у цябе ж там толькі газон ды ружы раслі? А яна ў адказ, што кветак жа не з'ясі, што ў мужа пасада, што ён дзень пры дні ў высокім кабінеце сядзіць. Адпаведна, руху ў яго — ніякага... І ўвесь час — то запор, то гемарой... «Заманалася», кажа, гародніну з рынку цягаць!

— Вось ты падумай, — працягваў Франак, — твая сказала б каму пра твае хваробы?

— Пра гемарой? Ты што?! Яна ж не дурная!

— І мая не сказала б! А вось гэта — на ўвесь базар!

...Звычайна, калі мужчыны заседжваліся за чаркай, малая разганяла іх. На гэты раз не чапала. Казала: паслухала, у падушку пасмяялася і моцна заснула.

Таццяна Гайко,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.