Вы тут

Як існаваць культрурнаму і безбар'ернаму асяроддзю?


Трапіць на выставу, кінасеанс, спектакль ці на імпрэзу, якая цікавіць, — звычайная справа для кожнага... Але так бачыцца толькі на першы погляд, таму што безбар'ернае асяроддзе яшчэ мае пэўныя недапрацоўкі і недахопы. Іх і абмяркоўвалі на нядаўнім семінары «Музей для ўсіх» у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прадстаўнікі культурных устаноў і грамадскіх ініцыятыў.


Сяброўства супраць ксенафобіі

— Час ад часу мы займаемся інклюзіўнымі праектамі. Так склалася, што ў мінулым годзе пры садзейнічанні Міністэрства культуры атрымалі некалькі цікавых работ мастака Васіля Зянько, якія давалі магчымасць людзям без зроку навобмацак пазнаёміцца з творчасцю Багдановіча. І тады стала зразумела, што нам не хапае кваліфікацыі і нейкіх ведаў, каб прапаноўваць нашы паслугі некаторым катэгорыям наведвальнікаў, як, у прыватнасці, слабавідушчым, — адзначыў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі.

У музеі сабраліся неабыякавыя да сітуацыі людзі з розных сфер, што дазволіла паглядзець на сітуацыю з безбар'ерным асяроддзем з разнастайных ракурсаў. Так, напрыклад, Юрый Авершын, псіхолаг грамадскай ініцыятывы «Асаблівы маршрут», закрануў тэму этыкі стасункаў і аказання дапамогі людзям з асаблівасцямі апорна-рухальнага апарату.

Псіхолаг патлумачыў, што для таго, каб чалавеку, які мае інваліднасць, трапіць у той жа музей ці нейкую іншую ўстанову, трэба прайсці пэўныя этапы. Людзей з асаблівасцямі хвалюе, як дабрацца да месца прызначэння, ці ёсць там умовы для іх перамяшчэння, якое стаўленне да сябе яны сустрэнуць з боку супрацоўнікаў і іншых наведвальнікаў. На кожным з гэтых этапаў людзей з інваліднасцю, па сутнасці, чакае невядомасць. Тут можна акрэсліць некалькі складнікаў. Першы аб'ектыўны — арганізацыя прасторы з улікам усіх патрэб, якія могуць узнікнуць: мэбля, дзверы і сістэма навігацыі (разнастайныя таблічкі, тэксты, разметка)... Апошняя, як правіла, патрэбна людзям з парушэннямі зроку, слыху. Сэнсарныя сродкі — асвятленне для слабавідушчых, тактыльная плітка. Другі суб'ектыўны складнік інклюзіўнага асяроддзя — гэта спецыялісты, якія сустракаюць чалавека і дапамагаюць яму асвоіцца на месцы. Дакладчык акцэнтаваў увагу менавіта на чалавечым фактары, таму што пры ўзаемадзеянні з асаблівай катэгорыяй наведвальнікаў вельмі важна прыкмячаць дробязі, з якіх складаецца павага да наведвальніка і яго камфорт. Як прыклад, калі чалавек у вазку, то з ім ёсць суправаджальнік. Да яго і звяртаюцца звычайна, каб паведаміць пра нешта альбо ўдакладніць, а не да самога наведвальніка з інваліднасцю. А варта якраз абмяркоўваць усё непасрэдна з ім і памятаць, што перад намі дарослы, які здольны паклапаціцца пра сябе і зрабіць выбар. Не варта саромецца глядзець на чалавека, выкарыстоўваць у размове з ім фразы кшталту «хадзіце сюды» і г. д. Што датычыцца прапаноў дапамагчы, то іх варта агучваць, але чалавек здольны сам сказаць, што яму патрэбна. Калі ёсць нейкія перашкоды, то пра іх лепш загадзя папярэдзіць (напрыклад, вузкія дзверы, лесвіца, парог) альбо праінфармаваць, што ў вас ён не сустрэне нязручнасцяў. Ваш наведвальнік апынуўся ў незнаёмым месцы, і ён хвалюецца, не ведаючы, што яго чакае. Важным момантам з'яўляецца таксама імкненне дапамагчы з індывідуальнымі сродкамі рэабілітацыі (мыліцы, хадункі, вазок). Ужо тое, што вы да іх дакраняцеся, расцэньваецца як умяшанне ў асабістую прастору незнаёмага вам чалавека, таму таксама лепш спытаць, перш чым дзейнічаць.

Сцэна для ўсіх

Яшчэ ўзнялі важнае пытанне — як даносіць інфармацыю да людзей з асаблівасцямі на афішах. Можна карэктна рабіць зноску аб тым, ці гатовыя вы прыняць у сябе такіх людзей. Таму што любая інфармаванасць лепш, чым сітуацыя, калі хтосьці жадае трапіць да вас, але, прыехаўшы, зрабіць гэтага не можа.

Сваім вопытам ацэнкі безбар'ернага асяроддзя падзяліўся і Дзмітрый Хмурчык, кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Асаблівы маршрут». Асноўная праблема з безбар'ерным асяроддзем у нас, у Беларусі, як адзначае Дзмітрый, — гэта незавершанасць.

Напрыклад, у Белдзяржцырку пандус ёсць, але адшукаць яго няпроста — трэба спытаць у супрацоўнікаў. Без суправаджэння знайсці яго не атрымаецца. А маё перакананне: калі вам патрабуецца дапамога трэціх асоб, то безбар'ернае асяроддзе губляе ўсялякі сэнс. Безбар'ернасць быццам ёсць, але па факце яна недаступная. І таму, калі ёсць хоць невялікая магчымасць зрабіць нейкае месца больш даступным, то зрабіце гэта.

Менавіта так зрабіла і Ірына Кісялёва, заснавальнік і дырэктар «Сямейнага інклюзіў-тэатра». Жанчына ніколі не думала, што сутыкнецца з дзецьмі з аўтызмам. Хоць яна ўспамінае, як аднойчы, калі паглядзела дакументальны фільм Любові Аркус «Антон тут побач», у яе склалася разуменне, што яна магла б герою дапамагчы. А праз шэсць гадоў да яе ў творчую студыю звярнулася першая маці з дзіцем-аўтыстам.

— У нас у тэатры мы займаемся ў інклюзіўных групах. Да гэтага трэба быць гатовымі не толькі самім, але павінна прысутнічаць гатоўнасць і ў бацькоў дзяцей. Жаданне і любоў заўсёды ратуюць. Калі на базе студыі я стварыла інклюзіўны тэатр, то 50 працэнтаў бацькоў на восень не прывялі сваіх дзяцей. Недахоп інфармаванасці ў грамадстве вельмі негатыўна адбіваецца на сітуацыі. Існуе шмат стэрэатыпаў, — расказвае Ірына Кісялёва. — Самае галоўнае: калі вы размаўляеце з чалавекам, які мае інваліднасць, звяртайцеся непасрэдна да яго. І, напрыклад, калі такі наведвальнік прыходзіць да вас у музей, то добра, каб яму далі адразу ў суправаджэнне спецыяліста, які дапаможа сарыентавацца.

Як памацаць ратушу

Падчас выступлення Юліі Бугук, настаўніка-дэфектолага мінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку, абмяркоўвалі тэму адаптацыі музеяў для невідушчых ці слабавідушчых, бо тут таксама ёсць моманты, якія патрабуюць прапрацоўкі. Так, зразумела, што ўспрыманне слабавідушчага ці сляпога чалавека ў прынцыпе адрозніваецца, прычым індывідуальна, яшчэ і з улікам дыягназу. Напрыклад, такім людзям складана ўспрымаць нешта маштабна і вялікага памеру. Могуць прысутнічаць парушэнні сувязі паміж словамі і вобразамі, таму важна, каб спазнанне адбывалася на натуральных мадэлях аб'ектаў. Таксама дапамагчы могуць рэльефныя выявы, чарцяжы, аўдыявізуальныя сродкі. Самае галоўнае, каб тое ж дзіця не баялася нешта сапсаваць і магло агледзець прадмет навобмацак. Калі для знаёмства прапаноўваецца карціна, то ў ёй значэнне маюць памер і нават тэмпература. Аб'ём і падсветка таксама ўплываюць. Добра, як ёсць подпісы да карцін, скульптур шрыфтам Брайля. У стварэнні ўмоў для даследавання мастацтва варта звярнуць увагу на такія магчымасці, як тыфлакаментаванне — такі гід ці аўдыягід, які апісвае прадмет, дзеянне ў прасторы лаканічна і пажадана эмацыянальна неафарбавана. Што да самой арыентацыі ў прасторы, то добра дапамагаюць тактыльная плітка, тактыльныя карты, подпісы шрыфтам Брайля, маркіроўка той жа лесвіцы на першых і апошніх прыступках. У подпісах важны буйны шрыфт, кантраснасць. Яшчэ добрымі дапаможнікамі могуць стаць, напрыклад, к'юар-коды, якія чалавек можа счытваць з дапамогай смартфона і знаёміцца з іх зместам праз спецыяльныя дадаткі.

У сваю чаргу Людміла Скрадаль, арганізатар і кіраўнік праграмы «Міvіa», падзялілася вопытам арганізацыі і правядзення інклюзіўных экскурсій, адаптаваннем музейнай прасторы для розных груп. Дадзеная грамадская ініцыятыва існуе ўжо восем гадоў, і пачыналі тут з пасылам «Уяві, што трапіў ты ў край сляпых, і толькі ты адзіны здольны бачыць...» Жанчына разам з аднадумцамі прааналізавалі, што могуць даць экскурсійнай сферы, каб зрабіць яе даступнай для асаблівых наведвальнікаў.

— Мы пачалі са сляпых і слабавідушчых і прааналізавалі магчымасці таго, з чым можна працаваць тактыльна. Так склаліся абставіны, што знайшоўся аўтар Ігар Якавенка, які дапамог нам зрабіць тактыльны рэльеф фасада мінскай Ратушы. З гэтага мы пачыналі наш вялікі цыкл экскурсій. Гэта быў першы крок да таго, каб загаварыць пра турыстычную сферу. Праблем было дастаткова, але са спецыялістамі мы іх пераадолелі, — расказвае Людміла Скрадаль. — Пазней зразумелі, што толькі экскурсій недастаткова. Вырашылі зайсці ў такую сферу, як музеі, яна нам тады падалася дастаткова закрытай. Узнікла ідэя тактыльных карцін, каб паказаць тое, да чаго нельга дакранацца. Мы звярнуліся па дапамогу да спецыялістаў, якія займаюцца ганчарствам, працуюць з глінай і г. д., а нам адказалі, што яны не ведаюць, як рабіць тое, што мы просім. Але Ганна Белагурцава вырашыла паспрабаваць. Так агульнымі намаганнямі мы рабілі навігацыю, тлумачылі, ладзілі экскурсіі...

Гэта той яскравы прыклад, калі разумееш, што агульнымі намаганнямі, невялікімі крокамі можна дайсці да змены сітуацыі. Цяпер у «Міvіa» праводзяць трэнінг (на бясплатнай аснове), які дазваляе ацаніць даступнасць асяроддзя і даць мінімальныя рэкамендацыі па яго максімальна карысным змяненні. Таму ўсе, каму патрэбна комплекснае рашэнне задачы, могуць звяртацца па кансультацыю, а далей ужо можна працаваць па магчымасцях.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Разгледзець карціну... навобмацак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.