Вы тут

Дзень, які нам варта адзначаць. Што значыць для беларусаў дата 17 верасня і чаму пра гэта трэба памятаць і ведаць


Сёлета мы ўпершыню ў гісторыі краіны будзем адзначаць Дзень народнага адзінства. Паводле адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы, новае дзяржаўнае свята прыпадае на 17 верасня. Дата, якая знаёмая амаль кожнаму беларусу, прынамсі візуальна — яна прысутнічае на шыльдах вуліц многіх гарадоў і мястэчак на захадзе краіны. Дата, якая, як лічаць многія гісторыкі, па значнасці для нашага народа саступае толькі 3 ліпеня ды 9 мая. Дата, пра якую, зыходзячы з такой значнасці, ведаем зусім няшмат.

Чаму 17 верасня для беларусаў — сапраўды Дзень адзінства? Якія варункі зусім нядаўняй — найноўшай — гісторыі на нашай зямлі даюць права і нагоду гаварыць, што гэтая дата знакавая для беларусаў? Чаму яе спрабуюць палітызаваць і аспрэчыць нашы заходнія суседзі? Чаму так важна гаварыць сёння і аб гэтай даце, і аб уласнай гісторыі ўвогуле менавіта з беларускай пазіцыі? Аб гэтым падчас круглага стала ў рэдакцыі "Звязды" разважалі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, кандыдат гістарычных навук, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Вадзім ЛАКІЗА, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Сяргей ТРАЦЦЯК, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, Валянцін МАЗЕЦ, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН.

«Звязда»: 17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вынікам якога стала далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да БССР і УССР. Прынамсі, такую фармулёўку мы памятаем з падручнікаў гісторыі. Гэту дату яшчэ называюць пачаткам аднаўлення гістарычнай справядлівасці, бо заключаны ў сакавіку 1921 года Рыжскі мір падзяліў беларускі народ па-жывому, яго наступствы для беларусаў былі катастрафічныя... Скептык (а скептыкаў у нас сёння больш чым калі) скажа: а ці быў народ, які дзялілі? Каго падзялілі? Людзей, якіх Карскі аб'яднаў у рабоце «Беларусы» паводле мовы, на якой яны гаварылі? Тых, пра каго Купала напісаў: «А хто там ідзе?» Невялікую, на шэсць паветаў, тэрыторыю каля Мінска, якую назвалі ССРБ і якая як дзяржава знаходзілася на стадыі нараджэння?..


Фота Святланы Яскевіч.

Вячаслаў Даніловіч: Давайце пачнём з таго, што ў Рыжскім дагаворы быў зафіксаваны абавязак палякаў захоўваць правы нацыянальных меншасцяў, у тым ліку і беларусаў, дазваляць ім развіваць сваю культуру, мову. Нават гэта сведчыць: тыя, хто падпісваў дагавор, выдатна ўсведамлялі, што па-жывому дзеляць народ. Які, магчыма, яшчэ сапраўды не заўсёды ўсведамляў сябе народам (памятаеце наша славутае «тутэйшыя»), але насамрэч ужо існаваў.

Па-жывому падзялілі людзей, якія сапраўды размаўлялі на адной мове, падзялілі нават сем'і — самыя блізкія, роднасныя, крэўныя сувязі былі парэзаныя.

Сяргей Траццяк: Можна сказаць, гэтаксама як вашы сённяшнія «скептыкі» думалі і ў міжваеннай Польшчы. Польская дзяржава і грамадства ў той час аказаліся ў заложніках парадыгмы, якая была сфармулявана яшчэ ў канцы васямнаццатага стагоддзя польскімі патрыётамі, калі польскай дзяржавы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай не стала. У іх свядомасці ад таго часу стаяў знак роўнасці паміж грамадзянінам Польшчы і палякам. Таму ўсіх грамадзян Польшчы, якія палякамі сябе не лічылі, трэба было ў палякаў пераўтварыць. Тое, што на землях, якія Польшча атрымала ў выніку ваенных дзеянняў 1918—1920 гадоў, жыве 46 працэнтаў непалякаў, успрымалася як «часовыя непрыемнасці», якія трэба проста пераадолець. І польскае кіраўніцтва, і польская інтэлігенцыя лічылі, што пераадолена гэта будзе вельмі хутка, бо ў суседзяў, у прыватнасці ў беларусаў, якія трапілі пад іх кантроль, няма сваёй інтэлігенцыі і сваёй палітычнай эліты. З гэтым яны, канешне, памыліліся. Пасля снежня 1917-га, пасля сакавіка 1918-га і студзеня 1919-га ўжо нельга было казаць, што беларусы — народ не гістарычны. Беларусы заявілі, што яны ствараюць сваю дзяржаву і імкнуцца жыць менавіта ў ёй. І 31 ліпеня 1920 года, калі была апублікавана Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ, гэта імкненне было чарговы раз пацверджана.

Падзел па выніках Рыжскага міру адбыўся пасля ўсіх гэтых абазначаных дат. І на яго балюча адрэагавалі ўсе нацыянальныя дзеячы: і на захадзе, і на ўсходзе, і ў эмігранцкіх колах Заходняй Еўропы. Успомніце класікаў, якія адгукнуліся на Рыжскі дагавор. «Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы, чорных дарог махляры», — пісаў Якуб Колас. «Пасеклі край наш папалам, каб панскай вытаргаваць ласкі. Вось гэта нам, а гэта — вам. Няма сумлення ў душах рабскіх...» Гэта Алесь Дудар. І, канешне, як тут не ўспомніць Купалава амаль хрэстаматыйнае: «Нашу Айчыну без нашае волі, як тую аўчыну, ў шматкі папаролі»…

Валянцін МАЗЕЦ.

Валянцін Мазец: Галоўнае негатыўнае наступства Рыжскага міру — запаволенне нацыятворчых працэсаў. Бо беларуская нацыя была маладой нацыяй, якая на момант яго заключэння была яшчэ на стадыі фарміравання, кансалідацыі. Не было яшчэ канчатковай еднасці, хоць працэс яднання ішоў — і падчас Усебеларускага з'езда ў 1917 годзе, і падчас спробы стварэння БНР у 1918 годзе, і падчас утварэння ССРБ у 1919 годзе беларусы дэкларавалі жаданне жыць у сваёй дзяржаве. А нацыя, як вядома, можа фарміравацца толькі ў нацыянальнай дзяржаве. І вось гэты працэс фарміравання правядзеннем мяжы па-жывому быў практычна спынены на некаторы час.

«Звязда»: Але ж напачатку палякі на атрыманых у выніку Рыжскай дамовы беларускіх землях стараліся стварыць хоць бы ілюзію захавання нейкіх правоў беларусаў. Праўда, зусім нядоўга...

Вячаслаў Даніловіч: Палякі ж таксама разумелі, што яны забіраюць кавалак тэрыторыі, якая не з'яўляецца этнічна польскай. Юзаф Пілсудскі, калі ў час польска-савецкай вайны прыязджаў у верасні 1919 года ў акупаваны польскімі войскамі Мінск, абяцаў беларускім нацыянальным дзеячам, што будзе аўтаномія, абяцаў адрадзіць правобраз Рэчы Паспалітай, якая існавала на федэратыўных пачатках... Але абяцанні спраўджаныя не былі і атрымалася ўсё інакш. Прычына ў тым, што ў міжваеннай Польшчы атрымала перамогу не федэралісцкая канцэпцыя, якую напачатку агучваў і Пілсудскі, а канцэпцыя нацыяналіста Рамана Дмоўскага, які не лічыў беларусаў гістарычным народам, быў перакананы, што беларусы павінны быць асіміляваныя. І гэта канцэпцыя выконвалася няўхільна — яна мела на ўвазе, што беларускае насельніцтва павінна стаць польскім, і адступаць у яе рэалізацыі польская кіруючая эліта (не народ, а менавіта кіраўнікі) не жадала.

«Звязда»: Усходняя частка Беларусі — ССРБ, а пасля БССР, таксама ў хуткім часе, менш чым праз два гады, таксама стала часткай іншай дзяржавы — СССР. У чым тады прынцыповая розніца, спытае той жа скептык...

Вячаслаў Даніловіч: Калі мы паглядзім на дзве часткі падзеленай беларускай тэрыторыі — розніца будзе каласальная. Так, у сакавіку 1921 года Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі захавалася ў вельмі невялікім выглядзе — шэсць паветаў вакол Мінска. Але яна захавалася і, па ўмовах Рыжскага дагавора, была прызнаная як самастойная дзяржава. І ў снежні 1922 года стала адной з рэспублікзаснавальніц СССР. У ёй быў уласны дзяржаўны апарат, дзеячы, якія ставілі перад сабой мэту аб'яднаць вакол ужо згаданых шасці паветаў усе беларускія землі, якія аказаліся ў складзе іншых дзяржаў. І на ўсходнім баку гэта стала магчыма — спачатку ў 1924 годзе, пасля ў 1926-м да БССР былі далучаныя тэрыторыі, на якіх пражывалі беларусы — большая частка сучасных Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Гэта была ініцыятыва нацыянальных беларускіх дзеячаў, і яна была падтрымана ў Маскве. Што датычыцца заходняй часткі беларускіх земляў і пазіцыі Варшавы — тут не даводзіцца гаварыць не толькі аб аб'яднанні — нават аб выкананні міжнародных абавязацельстваў у адносінах да трох мільёнаў чалавек.

Валянцін Мазец: Адзін са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Антон Луцкевіч у 1928 годзе пісаў пра тое, што на ўсход ад «Рыжскай мяжы» адбываецца станаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Сапраўды, пасля таго як шэсць паветаў Мінскай губерні у 1924 і 1926 годзе былі ўз'яднаныя з усходнімі беларускімі землямі, працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці набыў трывалую, этнатэрытарыяльную аснову.

Сяргей Траццяк: Рыжскі мір стаў не толькі прычынай падзелу беларускага народа, але і перадумовай для стварэння беларускага «п'емонту» — той самай невялікай тэрыторыі з шасці паветаў на ўсходнім баку, якая стала дзяржаўным цэнтрам, вакол якога павінна было ўрэшце аб'яднацца ўсё беларускае насельніцтва (што ў 1939 годзе ў выніку практычна і адбылося). Гэта, дарэчы, вельмі добра ўсведамляў Эдвард Вайніловіч, які пра Рыжскі мір пісаў: маўляў, мы, палякі, самі стварылі сітуацыю беларускага «п'емонту» і паставілі сябе ў становішча, калі беларусы нас ненавідзяць за тое, што мы іх падзялілі. Бо мы ім увесь час казалі: «За вольнасць вашу і нашу». І дзе ж
беларуская вольнасць?

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ.

Вячаслаў Даніловіч: Увогуле можна ўпэўнена сказаць так: пакуль на ўсходзе беларусы будавалі сваю нацыянальную дзяржаву, на захадзе яны не былі раўнапраўнымі ні ў нацыянальным, ні ў культурным, ні ў эканамічным, ні ў палітычным жыцці.
У 1938 годзе была зачынена апошняя беларуская школа, у польскім Сейме не засталося ні аднаго этнічнага беларуса. Польскае кіраўніцтва ад пачатку ставіла задачу па паланізацыі беларускага насельніцтва. Пра гэта ёсць дакументальныя сведчанні, і нямала. Блок Польскіх левых сіл у сваёй петыцыі ад 1926 года так ацэньвае сітуацыю ў першай палове 20-х гадоў, калі яшчэ не ўсталявалася дыктатура Пілсудскага, пры якой асабліва ўзмацніўся нацыянальны ўціск: «Падчас праўлення Хіена-Пяста асабліва цярпелі ўкраінскі і беларускі народы, у якіх была адабраная проста магчымасць жыць і развівацца на культурна-асветніцкай, палітычнай і эканамічнай арэне». А вось дакумент 1930 года — лісты сялян: «Павятовая адміністрацыя і паліцыя Крэсаў Усходніх ставіць усялякія перашкоды развіццю жыцця палітычнага і нават культурна-асветнага толькі таму, што жыццё гэта — беларускае». А вось вытрымкі з пратакола нарады, якая праходзіла ў Гродне
ў 1937 годзе: «Польская культура павінна быць галоўнай на паўночна-ўсходніх землях... Максімальная мэта — гэта асіміляцыя мясцовага элемента — беларускага... Мясцовыя землі не з'яўляюцца польскімі, моцна адрозніваюцца. Значыць, іх абавязкова трэба зрабіць польскімі... Усходнія землі, між намі, трэба другі раз заваёўваць знутры...» Ставіліся канкрэтныя задачы паланізацыі, і яны няўхільна праводзіліся польскімі ўладамі ў жыццё.

Сяргей Траццяк: У 1925 годзе былы прэм'ер Польшчы Скульскі заявіў дэпутатам Беларускага пасольскага клуба ў Сейме: маўляў, праз 10 гадоў вы не знойдзеце тут ніводнага беларуса. У 1935 годзе ніводнага беларуса ў Сейме сапраўды не было. Але ў Заходняй Беларусі беларусы былі, таму і пачалася такая панічная рэакцыя ўлад, што ўсе намаганні зрабіць з беларусаў палякаў пацярпелі крах...

Польскі ўрад адразу, яшчэ ў адносна дэмакратычныя часы, узяў курс на выцясненне беларускага настаўніка са школ Заходняй Беларусі. Рабілі ракіроўку: настаўнікаў з беларускіх тэрыторый адпраўлялі ў цэнтральную ці заходнюю Польшчу, а да беларускіх дзяцей прысылалі настаўнікаў адтуль. Настаўнікаў, некаторыя з якіх нават паняцця не мелі, куды яны едуць, і стаўленне да мясцовага насельніцтва ў іх было як да нейкіх паўдзікуноў.

Наш гісторык Уладзімір Ганскі правёў вельмі цікавае даследаванне аб развіцці турызму ў міжваеннай Польшчы. Дык вось, з заходніх і цэнтральных рэгіёнаў краіны туры на беларускія землі ладзіліся ў вялікай колькасці: экзотыка, маўляў. А беларусам з'ездзіць паглядзець на захад не прапаноўвалі... Калі яны і траплялі туды, дык толькі ў пошуках работы...

Валянцін Мазец: Беларусы цярпелі дыскрымінацыю і ў галіне эканомікі. Дакументы сведчаць, што ў галіне гандлю на іншых тэрыторыях Польшчы дзейнічалі адны законы, а ў Крэсах Усходніх мясцовыя ўлады для беларусаў выдавалі іншыя, вобразна кажучы, з паніжаючым каэфіцыентам. Калі ты называўся палякам, табе было нашмат прасцей адкрыць сваю справу, напрыклад, атрымаць участак пад будаўніцтва... І гэта не суб'ектыўныя сцвярджэнні — на гэту тэму ўжо напісаныя дысертацыі з выкарыстаннем дакладных крыніц, у тым ліку і з польскіх архіваў...

Вадзім Лакіза: Так, канкрэтным доказам гэтых фактаў стала кандыдацкая дысертацыя Ларысы Лаўрэенкі «Прамысловасць, рамесніцтва і гандаль на тэрыторыях Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.), якая паспяхова была абаронена ў савеце нашага Інстытута літаральна тыдзень таму. Згадаю толькі адзін невялікі тэзіс з гэтай работы: «...Заходнебеларускі рэгіён вылучаўся невысокім узроўнем урбанізацыі і развіцця індустрыі з-за слабага прытоку капіталаўкладанняў, незацікаўленасці польскіх улад». Яшчэ спашлюся і параю нашым апанентам пазнаёміцца з доктарскай дысертацыяй Віталія Крывуця «Маладзёжная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.), таксама абароненую ў нашым інстытуце некалькі месяцаў таму. «Асновай маладзёжнай палітыкі польскіх улад, у тым ліку на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з'яўлялася канцэпцыя «дзяржаўнага выхавання», якая ставіла перад сабой мэту выхавання ўзорнага грамадзяніна-дзяржаўніка... што ператварала яе ў найважнейшы інструмент паланізацыі маладога пакалення нацыянальных меншасцяў міжваеннай Польшчы», даказвае вучоны.

Сяргей Траццяк: На савецкім баку для беларусаў і ўкраінцаў 20-я і 30-я гады, нават нягледзячы на тое, што палітыка нацыянальнага адраджэння была згорнута на пачатку 30-х, былі часам небывалага сацыяльнага ўздыму. Сялянскія дзеці мала таго, што атрымлівалі адукацыю, прычым на роднай мове, дык яшчэ і маглі стаць ваеннымі, настаўнікамі, урачамі. Такой магчымасці на заходнім баку ад мяжы беларусы не мелі ад пачатку. А сувязі паміж сем'ямі, паміж раднёй, падзеленай мяжой, не былі канчаткова страчаныя. І як было даведацца брату на польскім баку, які разам з дзецьмі парабкаваў на пана ці туліўся на невялікім кавалку зямлі, што сын брата на савецкім баку стаў, напрыклад, лётчыкам…

Сяргей ТРАЦЦЯК.

«Звязда»: Не дзіва, што на заходніх тэрыторыях людзі не толькі абураліся, але і супраціўляліся.

Вячаслаў Даніловіч: Нават прыведзеныя дакументы таму сведчанне: у другой палове 30-х гадоў пры ўсіх намаганнях «беларускае пытанне» так і не было вырашана. Людзі сябе палякамі не ўсведамлялі.

Валянцін Мазец: Тыя нацыянальныя грамадска-палітычныя сілы, якія былі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, імкнуліся да супольнага адстойвання нацыянальных інтарэсаў. У 1922 годзе да выбараў у Сейм быў створаны Беларускі пасольскі клуб, у якім прадстаўнікі розных плыняў і перакананняў, нягледзячы на палітычныя рознагалоссі, аб'ядналіся, каб адстойваць нацыянальныя інтарэсы
беларусаў.

Вячаслаў Даніловіч: І трэба сказаць, што найбольш масавы нацыянальны рух у Заходняй Беларусі развіваўся ў лева-радыкальным кірунку, пры падтрымцы кампартыі, арыентаваўся менавіта на савецкія ідэі. Само сацыяльнае становішча беларусаў у Польшчы заганяла іх у тупік, бо да нацыянальнага прыгнёту дадаваўся яшчэ і сацыяльны, ды і сусветны эканамічны крызіс 1929—1933 гадоў не прайшоў бясследна. Было малазямелле, сялянам не хапала зямлі, бо існавалі велізарныя панскія абшары, прамысловасць тут таксама не развівалася, вялізным было беспрацоўе. Фактычна Заходняя Беларусь была для карэнных польскіх рэгіёнаў крыніцай таннай сыравіны і працоўнай сілы. Гэтыя цяжкасці падштурхоўвалі да пераарыентацыі на камуністычны рух...

«Звязда»: І гэта ў любы час магло выбухнуць у паўстанне ці ўвогуле рэвалюцыю. Выходзіць, лічыць, што 17 верасня стала магчымым толькі таму, што быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа і Германія напала на Польшчу, — занадта прымітыўна?

Вячаслаў Даніловіч: Палітыка, якая праводзілася польскімі ўладамі, была заганная і ў рэшце рэшт сапраўды магла прывесці да сацыяльнага выбуху, які б невядома чым скончыўся. Але гісторыя, як вядома, не церпіць умоўнага ладу.

Што датычыцца пакта Рыбентропа-Молатава (менавіта так варта яго называць, бо падпісваўся ён па ініцыятыве Германіі), дык такіх пактаў у нацысцкага ўрада было шмат. Пагадненне з Савецкім Саюзам, якое ў жніўні 1939-га падпісала Германія, было па храналогіі апошнім з пагадненняў аб ненападзенні. Першае такое пагадненне з нацыстамі падпісала тая ж Польшча ў 1934 годзе. (Пасля, у 1938 годзе, палякі падпісалі яшчэ і сакрэтны пратакол да яго — аб падзеле Чэхаславакіі, паводле якога Польшча атрымала Цешынскую вобласць). Францыя і Вялікабрытанія падпісалі ў 1938 годзе аналагічнае пагадненне, Літва, Данія, Эстонія і Латвія — у сакавіку, маі і чэрвені 1939 года...

Можна сказаць, што падпісаны пакт Рыбентропа-Молатава даў магчымасць беларусам і ўкраінцам ліквідаваць гістарычную несправядлівасць, ён стаў лагічным завяршэннем тых складаных геапалітычных працэсаў, якія пачаліся з падпісаннем Рыжскага міру, а то і да яго. Казаць, што ў выніку падпісання пагаднення Германія напала на Польшчу, — няправільна, бо дагавор з Польшчай аб ненападзенні Германія разарвала яшчэ 28 красавіка 1939-га. А 15 чэрвеня 1939 года Гітлер падпісаў дырэктыву аб нападзенні на Польшчу і 22 жніўня аддаў распараджэнне пачаць вайну 1 верасня.

Валянцін Мазец: Існуе меркаванне, што падпісанне Рыжскага дагавора фактычна закладала міну запаволенага дзеяння пад сістэму калектыўнай бяспекі, якая выбудоўвалася паводле Версальска-Вашынгтонскіх пагадненняў. На працягу ўсяго існавання Польская дзяржава знаходзілася ў стадыі перманентнай вайны, не могучы дамовіцца са сваімі суседзямі, заключыць з імі мірныя пагадненні. Рана ці позна ўсё б скончылася ваеннымі дзеяннямі, бо, як пісаў хтосьці з гісторыкаў, Польская дзяржава «адкусіла» такі вялікі кавалак на ўсходзе, што праглынуць яго не змагла і ўрэшце падавілася.

Вячаслаў Даніловіч: З-за недальнабачнай палітыкі кіруючай эліты Польшча ўмудрылася пасварыцца з усімі суседзямі. Польшча спадзявалася на падтрымку Вялікабрытаніі і Францыі, з якімі ў яе былі падпісаныя пагадненні. Ну і як яны дапамаглі? Пры маўклівай згодзе і бяздзеянні саюзнікаў Польская дзяржава ў верасні 1939 года была ліквідавана нацыстамі.

«Звязда»: А беларусы на захадзе, дзякуючы 17 верасня, атрымалі амаль двухгадовую адтэрміноўку ад фашысцкай акупацыі. Яны, канешне, восенню 1939 гэтага яшчэ не ведалі, але Чырвоную Армію сустракалі радасна. Прынамсі ў большасці сваёй...

Вадзім Лакіза: Я родам з Заходняй Беларусі — Дзятлаўскага раёна, мая матуля — з Нясвіжскага. Я ніколі ў жыцці ні ад бабуль, ні ад мамы, якая магла трансліраваць думкі старэйшых, не чуў ніводнага дрэннага слова адносна падзей восені 1939 года... Па ўспамінах, у другой палове дня 17 верасня ў некаторых вёсках Дзятлаўшчыны, напрыклад Явары, Раготне, Вензаўцы, былі падрыхтаваны трыумфальныя аркі («брамы») для ўрачыстай сустрэчы Чырвонай Арміі. «Гучалі рэвалюцыйныя і савецкія песні. Людзі смяяліся, плакалі ад радасці, віншавалі адзін аднаго з доўгачаканай свабодай». Падобныя станоўчыя эмоцыі сустрэчы чырвонаармейцаў на цэнтральнай плошчы мястэчка знайшлі адлюстраванне нават у графічнай рабоце «Вызваленне Дзятлаўшчыны (верасень 1939)», якую намаляваў сялянскі хлопец, мастак з Навагрудчыны Сямён Герус, які быў сведкам тых падзей. Глядзіш на малюнак і знаходзіш знаёмыя абрысы жылых пабудоў і архітэктурных помнікаў, якія захаваліся з тых часоў і ўпрыгожваюць ужо сучасную Плошчу 17 верасня раённага цэнтра горада Дзятлава.

Вадзім ЛАКІЗА.

Вячаслаў Даніловіч: Трэба заўважыць, што падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі, які распачаўся 17 верасня, гаворка не ішла аб ваенных дзеяннях. Польскай дзяржаве вайна не аб'яўлялася — польскі ўрад на той момант ужо выехаў з краіны — не было каму аб'яўляць, каб і хацелася. Сустракалі вызваліцеляў прыязна, станоўча — аб гэтым таксама ёсць дакументальныя сведчанні. Канешне, былі незадаволеныя, але большасць людзей успрымала гэта як вызваленне. Бо станоўчыя зрухі найперш у сацыяльнай сферы былі відавочныя, хоць да вайны заставалася менш чым два гады.

Дзякуючы таму, што нашы заходнія землі былі далучаныя да Савецкага Саюза, беларусы захаваліся як народ, таму што былі часткай краіны-пераможцы. СССР выратаваў свае народы ад знішчэння нацыстамі, якія доўгі час пры маўклівай згодзе заходніх суседзяў рухаліся на ўсход, знішчаючы на акупаваных тэрыторыях большую частку насельніцтва.

Валянцін Мазец: Уз'яднанне 1939 года было лагічным завяршэннем працэсу збірання беларускага народа вакол ядра з тых самых шасці паветаў, з якіх усё і пачалося для незалежнай Беларусі. 1924 год, 1926 год і нарэшце 1939 год — гэта фактычна этапы працэсу ўз'яднання беларускага народа ў межах аднаго дзяржаўнага ўтварэння — Беларускай ССР. Нездарма ў законе аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР, прынятым 14 лістапада 1939 года, гучала фармулёўка: «вялікі беларускі народ уз'яднаны ў адзінай беларускай дзяржаве».

«Звязда»: Атрымліваецца, і 17 верасня, і 14 лістапада — даты сапраўды для нашага народа лёсавызначальныя. Чаму ж іх значнасць змікшыравалася ў грамадскай свядомасці? Зразумела, што праз два гады ўсё перакрыла самая жудасная вайна, і, адпаведна, і вызваленне, і перамога ў ёй. Але, напэўна, былі і іншыя прычыны...

Сяргей Траццяк: Народны сход Заходняй Беларусі 29 кастрычніка 1939 года абвясціў 17 верасня Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў. Як бачым, фармулёўка была сацыяльная, а не нацыянальная. Дарэчы, да вайны ў святочных датах БССР значылася і 11 ліпеня 1920 года — як дата вызвалення ад бела-польскай акупацыі. Апошні раз дату 17 верасня адсвяткавалі нават на саюзным узроўні ў 1949-м — на 10-годдзе аб'яднання. А для БССР гэта быў і год 30-годдзя самой рэспублікі. Што датычыцца 17 верасня, то на нашым, рэспубліканскім, узроўні з 1948 года фармулёўка сацыяльная змянілася на нацыянальную — на першы план выйшла ўз'яднанне народа... Але ў 1950 годзе 17 верасня ўжо не святкавалася ніяк — ні на саюзным, ні на рэспубліканскім узроўні, ні з сацыяльнай фармулёўкай, ні з нацыянальнай. Хапіла невялікага сігналу з Масквы: маўляў, не трэба крыўдзіць палякаў. Польшча стала сацыялістычнай, важным саюзнікам СССР...

Валянцін Мазец: Да 1949 года фактычна завяршылася размежаванне і абмен насельніцтвам паміж Польшчай і БССР. І адзначаць дату 17 верасня , якая ў 1939-м была аб'яўлена святочнай на беларускім з'ездзе ў тым жа Беластоку, які ў 1949 годзе ўжо знаходзіўся ў складзе Польскай дзяржавы, у геапалітычных абставінах таго часу было б не вельмі дарэчы.

Сяргей Траццяк: І трэба заўважыць: тое, што Польшчай кіравалі камуністы, у адносінах да беларускіх земляў нічога не мяняла. Як сведчаць крыніцы, тагачасныя польскія камуністы загартоўкі 1920—30-х гадоў былі ці не большымі шавіністамі, чым сам Пілсудскі. У Канстытуцыі, прынятай у часы прэзідэнцтва Баляслава Берута, таго самага героя, удзельніка Мінскага падполля ў гады вайны, не было ні слова сказана пра тое, што ў Польшчы ёсць хтосьці, акрамя палякаў...

Нягледзячы на тое, што ў сацыялістычнай Польшчы дзень 17 верасня называўся днём пачатку вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту, ён стыгматызаваўся і ў грамадскай свядомасці застаўся як дзень пачатку агрэсіі Савецкага Саюза супраць мірнай і безабароннай краіны. Палякі забыліся, што іх мірная і безабаронная краіна сама ўдзельнічала ў расчляненні Чэхаславакіі, што яна ў сакавіку—красавіку 1939 года ледзь не развязала вайну з Літвой, што ўвогуле міжваенная Польшча не была «белай і пухнатай»...

«Звязда»: Але чаму маўчалі самі беларусы? Тыя ж дзеячы нацыянальнага руху з Заходняй Беларусі, сярод якіх былі і паважаныя людзі, вядомыя пісьменнікі, напрыклад...

Сяргей Траццяк: У Беларусі ўжо з канца 1970-х — пачатку 80-х пачалі сур'ёзна гаварыць аб вяртанні даце 17 верасня статусу свята. Прычым гаварылі не выпадковыя людзі, ветэраны заходнебеларускага камуністычнага руху, той жа Максім Танк. Але мы па-ранейшаму сябравалі з Польшчай, якую «не трэба крыўдзіць»... Толькі ў 1989 годзе пытанне было вынесена на Пленум ЦК КПБ. Прапаноўвалася некалькі дат, у тым ліку 17 верасня і 28 кастрычніка (дата прыняцця Народным сходам Заходняй Беларусі дэкларацыі «Аб уладзе»). Але спыніліся на даце 14 лістапада — менавіта гэта дата найвышэйшым рашэннем у студзені 1990 года была прынята як Дзень уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Але максімум, што было, — гэта публікацыя ў газетах. Бо яшчэ быў СССР, дзейнічала ўсё тое ж негалоснае палякаў не злаваць. А пасля разваліўся Саюз, і каму было да апошніх пастаноў ЦК?

«Звязда»: Дый, падаецца, дата не вельмі ўдала была выбраная — людзі пра яе ўвогуле не ведалі.

Сяргей Траццяк: Юрыдычна яна была выбраная правільна: 14 лістапада 1939 года, з прыняццем Закона аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР, працэс уз'яднання быў аформлены канчаткова. Але далёка не заўсёды юрыдычна вывераная дата застаецца ў народнай памяці. 17 верасня ўсё толькі пачыналася, але па абодва бакі былой мяжы гэты дзень застаўся ў памяці як дзень вызвалення... А з 1992 года 14 лістапада ў спісе памятных і святочных дат Рэспублікі Беларусь ужо не было.

«Звязда»: Зноў не хацелі «крыўдзіць палякаў» — ужо з іншых меркаванняў?

Вячаслаў Даніловіч: Тады кіраваліся прынцыпам: усё савецкае — гэта дрэнна. Ды і вялізным было жаданне падабацца захаду...

«Звязда»: У сённяшніх міжнародных стасунках абвяшчэнне Днём народнага адзінства менавіта 17 верасня многімі разглядаецца найперш як палітычны крок...

Вадзім Лакіза: Калі прымалася рашэнне аб прапанове даты Дня народнага адзінства, гаварылі пра 17 верасня або 14 лістапада, і сярод экспертаў гучала думка: маўляў, мы кагосьці пакрыўдзім. Але мы не павінны аглядвацца на кагосьці, мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы і падаваць гісторыю з пункту гледжання беларусаў, а не кагосьці з суседзяў.

Тым больш у нас для аргументацыі напрацаваны велізарны матэрыял. Сёлета Інстытут гісторыі і Акадэмія кіравання правялі канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю Рыжскага міру, прычым не толькі на сваіх пляцоўках, але і ў іншых ВНУ. У 2019-м ладзілі навуковую канферэнцыю, прымеркаваную да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР, вынікам якой стаў падрыхтаваны зборнік матэрыялаў «Назаўжды разам»... Вельмі важна, што зараз дзяржава ўзмацняе практычную работу. Існуе свайго роду дзяржзаказ на папулярызацыю падобных матэрыялаў...

Зразумела, што нашы апаненты факты ўспрымуць па-свойму. Мы гады тры таму праводзілі міжнародную канферэнцыю па геапалітыцы, на якую прыехалі ў тым ліку і палякі. Калі пачалі гаварыць пра 1939 год — з дакументальна даказанымі фактамі, — польскі гісторык, якога званне гісторыка вымагае ацэньваць рэчаіснасць аб'ектыўна, на гэтых фактах грунтуючыся, катэгарычна заявіў: «Мы ў Польшчы ніколі не пагодзімся з тым, што 17 верасня адбыўся акт гістарычнай справядлівасці»... Яны адстойваюць свае нацыянальныя інтарэсы, нават ігнаруючы факты. Чаму ж мы павінны саромецца адстойваць свае?

Дзевяць з паловай мільёна чалавек, якія жывуць у нашай краіне, не могуць думаць аднолькава, гэтага і не трэба. Але ёсць нейкія базавыя рэчы, паняцці, якія аб'ядноўваюць людзей з рознымі меркаваннямі, і дата 17 верасня можа стаць адным з такіх аб'яднальных фактараў.

Вячаслаў Даніловіч: Палітычныя падзеі, якія адбываюцца зараз вакол нашай краіны, пацвярджаюць: хопіць клапаціцца, каб хоць каго не пакрыўдзіць, а трэба найперш дбаць пра ўласныя інтарэсы. І крок, зроблены кіраўніцтвам нашай краіны, — абвяшчэнне менавіта даты 17 верасня Днём народнага адзінства — вельмі важны і знакавы. Я, напрыклад, як гісторык, не ведаю лепшай, чым гэта, даты для дня з такім азначэннем. Можна спрабаваць штосьці прыцягнуць са старажытнасці. Але тут маем рэальны працэс — пачатак канчатковага ўз'яднання народа ў сваёй дзяржаве. Мы павінны паказваць і самім сабе, і міжнароднай супольнасці, што для нас гэта дата звязаная з гістарычнай справядлівасцю. Для кагосьці, можа, наадварот, але ж мы — беларусы, бачым і разумеем гісторыю з нашых беларускіх пазіцый. Мы нікому не прад'яўляем прэтэнзій, мы проста захоўваем гістарычную памяць уласнага народа.

Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Пошук вечнага жыцця

Пошук вечнага жыцця

Шмат разоў, збочыўшы з брэсцкай трасы, праязджаючы ад Міра да Карэліч, царкву на могілках каля вёскі Загор'е выхопліваеш літаральна за лічаныя секунды.

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах.