Вы тут

Людміла Бржазоўская: Таленавіты чалавек той, у каго ёсць дар бачыць


Людмілу Бржазоўскую па праве называюць сімвалам беларускага балета. Яна была першай Кармэн і Фрыгіяй у «Кармэн-сюіце» ды «Спартаку» Валянціна Елізар’ева, ззяла ў класічных партыях, гастраліравала з тэатрам па ўсім свеце. Ёй апладзіраваў Дзэфірэлі, запрашаў у сваю трупу Якабсон, а Заір Азгур называў творам мастацтва.

Ужо больш за пяцьдзясят гадоў жыццё Людмілы Генрыхаўны звязана з Вялікім тэатрам Беларусі: пасля сыходу са сцэны балерына не пакінула яго і сёння працягвае працаваць балетмайстрам-рэпетытарам, выхоўваючы новыя пакаленні артыстаў.

4 чэрвеня народная артыстка Беларусі адзначае юбілей. Напярэдадні гэтай даты яна падзялілася ўспамінамі і разважаннямі аб прафесіі, сваіх педагогах і вучнях.


Людміла Бржазоўская, канец 1970-х — пачатак 1980-х гг.

— Людміла Генрыхаўна, якой была ваша першая сустрэча з балетам, што ў ім прыцягнула? Вы ж добра малявалі, наведвалі музычную школу.

— Калі я была маленькай дзяўчынкай, яшчэ да харэаграфічнага вучылішча, займалася ў Палацы піянераў у танцавальным гуртку, куды мяне адвяла мама. Гэта і была мая першая сустрэча. Потым мы з мамай хадзілі на «Лебядзінае возера». Памятаю, што на спектаклі ў мяне было адчуванне цуду і нейкае захапленне. На той час я ўжо была знаёма з балетам. Дома меліся кнігі пра Уланаву, Плісецкую, я іх разглядала, чытала, і мне гэта падабалася.

Пазней, у вучылішчы, стала больш разумець і лепш разбірацца ў харэаграфіі, мастацтве. Асабліва шмат мне дала педагог Ніна Фёдараўна Младзінская. Яна дапамагла зразумець, як трэба танцаваць, для чаго кожны рух. Вучыла, як цела павінна спяваць, і вельмі прыгожа ўсё паказвала. Да гэтага часу памятаю яе кісці, пальцы. Мне наогул вельмі пашанцавала з педагогамі. Усе яны мелі пецярбургскую адукацыю, Ваганаўскую школу, аднолькавыя падыходы да класічнага танца. Дзякуючы Уладзіміру Іванавічу Бурцаву, які вёў у нас практыку, мы ператанцавалі ўсяго Якабсона, а Ірына Мікалаеўна Савельева падрыхтавала мяне да выпуску. Я танцавала Чорнага лебедзя, па-дэ-дэ Адыліі і прынца з «Лебядзінага возера», а той, хто выконвае яго, ужо тэхнічна моцна падрыхтаваны да працы ў тэатры. Таксама на выпускным выконвала «Паміраючага лебедзя» Сен-Санса і «Шапеніяну». Гэтыя нумары я ўсё жыццё танцавала і вывучала: як яны пастаўленыя, як робяць іх іншыя.

— Што для вас аказалася самым складаным у прафесіі?

— Складаным — але для мяне гэта было і цікава — аказалася развіваць сябе і сваё цела. Каб яно падпарадкоўвалася і магло рабіць тое, што патрабуецца балетмайстру і табе, перадаваць найтанчэйшыя нюансы. Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў казаў, што жэст часам расказвае больш, чым слова, за ім можа стаяць цэлая гісторыя, і вельмі хацелася адпавядаць гэтаму. Я не заўсёды магла адразу выканаць тое, што трэба было Елізар’еву. Мой партнёр Юрый Траян не баяўся спрабаваць, калі яму нешта прапаноўвалі, а мне было неабходна паглядзець, падумаць, паспрабаваць некалькі разоў, каб быць упэўненай у сабе. Але я бачыла і разумела ўсё, што паказваў Валянцін Мікалаевіч, як ён увасабляецца ў розныя вобразы, а гэта важна, асабліва для моладзі. Толькі не кожны можа ўспрыняць. І, напэўна, таленавіты чалавек той, у каго ёсць дар бачыць, хто можа дамагчыся жаданага, хоць часам бывае вельмі складана.

— Вы выдатна танцавалі класіку і балеты Елізар’ева, стваралі такія супрацьлеглыя вобразы, як Жызэль і Кармэн. Ці не цяжка было пераключацца?

— Не. Гэта ж іншая музыка і розныя вобразы. Я вельмі старанна рэпеціравала  Кармэн, усе свае сольныя кавалкі. Каб станцаваць як хацелася, патрабавалася шмат рэпетыцый. Трэба было сябе так «разгойдваць», каб цела стала паслухмяным і выконвала ў музыку ўсе рухі! Але мне ўсё ў гэтым спектаклі было зразумела. І любая балерына знаходзіла ў ім нешта для сябе — нельга станцаваць Кармэн, не закахаўшыся ў гэты балет.

Так было і з тымі, з кім я працавала: Вольгай Гайко, Марынай Вежнавец, Людмілай Уланцавай. З Людмілай Кудраўцавай у нас быў складаны момант. Яна бландзінка, і мы доўгі час шукалі вобраз: і накладныя валасы рабілі, і падфарбоўвалі, — усё не тое, не Кармэн. А ў «Кармэн-сюіце» патрэбны рух валасоў, ён таксама мае значэнне. І вось аднойчы Люда прыйшла і кажа: «Давайце я зраблю высокі хвост з прамымі валасамі». Мы паспрабавалі, і атрымалася вельмі добра. З’явіўся зусім іншы стыль. Эмацыянальна яна падыходзіла да гэтага спектакля, але вобраз трэба было знайсці. Люда адчула сябе палкай, прыгожай жанчынай, якая ляціць насустрач свайму каханню. І яна была Кармэн-бландзінка.

Людміла Бржазоўская і Юрый Траян у балеце «Трыстан і Ізольда», 1971 г.

— Ваш педагог Ніна Младзінская вучыла, што ўсё прыгожае трэба браць ад прыроды. А чым натхняліся ў рабоце над вобразамі вы?

— Напрыклад, у «Нараджэнні Евы» са «Стварэння свету» ўсё ад пачатку да канца расказваў і паказваў Валянцін Мікалаевіч: расхіні траву кончыкамі пальцаў, ідзі як па аблоках, спыніся
і ўяві, што на цябе дзьме цёплы ветрык. У кожным руху былі нейкія фарбы, і, каб іх усе выканаць, я без канца заставалася пасля рэпетыцый і сядзела, спрабавала як можна хадзіць па аблоках. Зараз, напэўна, дзяўчатам лягчэй, калі ўсё пакажаш і патлумачыш. Потым яны могуць знайсці нешта сваё, ідучы гэтым шляхам.

У «Спартаку» важнай аказалася падказка мастака гэтага спектакля Яўгена Лысіка. Ён казаў, што плач Фрыгіі над Спартаком — гэта не плач Джульеты над Рамэа, гэта П’ета. І тады я зразумела, чаго хацеў Елізар’еў. Кожная поза павінна быць скульптурнай. Яшчэ я глядзела амерыканскі фільм «Спартак». У галоўнай гераіні, Валерыі, там вельмі пяшчотныя адносіны са Спартаком. Яна заўсёды звярталася да яго: «О, Спартак!» — настолькі любімым і значным ён быў для яе. І калі я танцавала, то першыя жэсты ў адажыа, калі Фрыгія і Спартак цягнуцца адно да аднаго, не проста рухі — гэта было «О, Спартак!». Часам бярэш нейкія такія фарбы і падказкі, за якімі стаіць сэнс рухаў.

— Ці былі партыі, якія вам хацелася станцаваць, але не склалася? Магчыма, спектаклі не ішлі ў нашым тэатры.

— Не. Бадай, я была цалкам задаволена нашымі спектаклямі. Мне яны падабаліся. Было цікава, калі працавала спачатку з Атарам Дадзішкіліяні ў яго «Спартаку», а потым у «Спартаку» Елізар’ева. Яны зусім розныя па пластыцы: у Дадзішкіліяні спектакль вельмі прыгожы, рэалістычны, маштабны, а спектакль Елізар’ева — складаны і магутны энергетычна. Было шчасцем танцаваць Фрыгію ў «Спартаку» Валянціна Мікалаевіча. У ім дзівоснае па пластыцы адажыа, і вобраз мне вельмі падабаўся.

— Як мяркуеце, у чым сакрэт поспеху артыста балета?

— Я пералічвала сваіх педагогаў. Тое, што яны былі ў маім жыцці, — гэта шчасце. І балетмайстары, з якімі працавала: Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні, Ніна Міхайлаўна Стукалкіна і Аляксей Леанідавіч Андрэеў. Нам з Юрыем Траянам пашанцавала, што сустрэліся з Елізар’евым. Мне здаецца, што лёс звёў нас, і мы сталі першымі выканаўцамі ў яго першых спектаклях у нашым тэатры. Калі працавалі з Валянцінам Мікалаевічам, мы ў яго вучыліся, нават не думаючы пра гэта. Шчасце, што былі сустрэчы з такімі людзьмі. Бо гэта школа вялікіх майстроў. Шмат мне дало і ўдасканаленне ў ленінградскім Кіраўскім тэатры ў класе Наталлі Дудзінскай.

— Атрымліваецца, на адным таленце і здольнасцях высока не ўзляцець?

— Ведаеце, слова талент... Добра сказала Уланава, што талент — гэта праца. Яна са сваіх пазіцый казала, вядома. Наколькі яна была таленавітая — зразумела, але ёй таксама дапамагалі людзі, якія натхнялі: і рэжысёры, і мастакі. І калі яна, рыхтуючы спектакль, сыходзіла з дому і жыла ў гасцініцы, каб нішто не адцягвала ўвагу, то можна ўявіць, наколькі гэта было для яе важна.

— На ваш погляд, патрабаванні да балерыны цяпер сталі вышэйшыя?

— Да тэхнічнай падрыхтоўкі патрабаванні выраслі, але і самі акцёры цягнуцца да лепшага. Мне здаецца, трупа нашага тэатра стала мацнейшая тэхнічна, ёсць вельмі здольныя людзі, якія хочуць працаваць і танцаваць. Мне цікава займацца з моладдзю: яны давяраюць, лёгка ідуць насустрач. І мне падабаецца, што яны розныя. Кожны — індывідуаль-
насць, у кожнага ёсць нешта сваё, прыгожае: у душы, у целе і танцы.

— Людміла Генрыхаўна, вось ужо амаль чвэрць стагоддзя вы служыце ў тэатры балетмайстрам-рэпетытарам. У чым бачыце сутнасць сваёй працы?

— Мне вельмі хочацца дапамагаць людзям раскрывацца і рабіць з імі яркія, запамінальныя спектаклі. Я стараюся заўважаць самыя цікавыя рухі і падкрэсліваць самыя лепшыя якасці. Гэта складаны працэс, які адбываецца падчас рэпетыцый. Гляджу на чалавека і бачу паварот галавы, рух, чым артыст валодае і што можа зрабіць: ці піруэт, ці, наадварот, нейкую мяккую позу. Важна навучыць акцёра разумець, якое ў яго цела, якія рухі яму пасуюць, каб дрэннае выпраўляў, не карыстаўся фарбамі, што не адпавядаюць яго індывідуальнасці. Гэта такая ж творчасць, як лепка, толькі ствараеш вобраз з чалавечага цела.

Хтосьці са скульптараў сказаў: каб скульптура была дасканалай, трэба проста прыбраць усё лішняе. Так і наша праца. Трэба дамагчыся тэхнічных вынікаў, прыбраць усё лішняе і адкрываць новае ў целе чалавека.

Размаўляла Кацярына ЯРОМІНА

Фотаздымкі з архіва  Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».