Вы тут

У віхоры медыйнай рэальнасці


Не прагартаць стужку навін — як не пачысціць зубы. Але наколькі гэта гігіенічна? За карыснай на першы погляд справай інфармавання — неверагодная рызыка патануць у брудзе неправераных навінавых сенсацый, здагадак, версій. Абстрагавацца не ўяўляецца магчымым. Аддаючыся жаданню быць дасведчаным і лавіць навінавую хвалю часу, зазіраем бесперапынна ў інтэрнэтныя зводкі — і пэцкаемся фэйкамі, трыгерамі. Гэта, згадзіцеся, далёка не гігіенічна. Як лавіраваць у непрадказальнай, бязлітаснай медыйнай рэальнасці? Якой крыніцы давяраць? У эпіцэнтры праблемы аказалася і бібліятэка. Ці гатова да выклікаў імклівага свету? Гэта не сыходзіць з парадку дня і абмеркавання ў прафесійных колах. Не абышлі праблему і на чарговым VI Форуме бібліятэкараў «Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Рэй — за Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй (ББА).


Фота: dreamstime.com

Курыраваць кантэнт

Сёння электронных рэсурсаў такая неверагодная колькасць, што лёгка ў іх захлынуцца. Таму неабходна выпрацаваць падыходы, каб спрасціць пошук праверанай інфармацыі, выказала думку Іна Юрык, старшыня Савета Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, дырэктар Навуковай бібліятэкі Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Таму не абысціся без стратэгічна важных паслуг у галіне сацыяльна значных і запатрабаваных на нацыянальным узроўні пытанняў, у тым ліку і медыйнай адукаванасці. Сапраўды, вялікая колькасць недакладнай інфармацыі, якую прадуцыруюць зацікаўленыя бакі, абрынаецца магутным віхорам на розумы людзей. Гэты інфармацыйны віхор набірае моц бесперапынна, руйнуючы свядомасць. Як уратавацца? Знайсці аазіс інфармацыйнай цішыні — і схавацца? Ці магчыма гэта ў медыйнай рэальнасці? Як нядаўна адзначыў журналіст-міжнароднік Глеб Лаўроў, сёння мы маем справу з інфармацыйнай радыяцыяй, на чалавецтве выпрабоўваюць медыйную ядзерную бомбу — такі эфект уздзеяння кантэнту. Баронячыся ад наплыву рознапалярных меркаванняў, няспынна супастаўляючы факты, процілеглыя погляды, пераадольваючы бар’еры свядомасці, сумнівы, даводзіцца шукаць выйсце з тупіка, калапсу, спароджанага інфармацыяй. Прыстанкам можа стаць бібліятэка, дзе дапамогуць адфільтраваць акіян навін і прадставіць аўтарытэтныя доказы. Вось чаму на першы план выходзіць задача курыравання кантэнту.

— Бібліятэкі могуць закрываць патрэбу ў пашырэні градуса інфармацыйнай адукаванасці, успрымання інфармацыі ў эпоху постпраўды і інтэрнэту, — лічыць дырэктар фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Кулажанка. — Калі выбудоўваць работу ў гэтым кірунку, мы будзем запатрабаваны і дзяржавай, і грамадствам.

— Адной з ідэй у нас было распрацаваць на дзяржаўным узроўні праграму медыяадукаванасці, — адзначае Іна Юрык. — Бібліятэкі любых тыпаў і відаў маглі б прапаноўваць свае паслугі, у тым ліку навучальным установам — вучыць кампетэнцыям, якія становяцца патрэбнымі ў сучасным свеце. Бо калі не ўмееш разбірацца ў інфармацыі і разумець, дзе праўда, рызыкуеш ашукацца.

Глабальны парадак дня

Цэнтрам прыцягнення для абмеркавання стратэгіі развіцця кніжніц, іх найбліжэйшай будучыні стаў XXV Усерасійскі бібліякангрэс, які нядаўна прайшоў у Петразаводску. Да ўдзелу далучылася і старшыня савета ББА Іна Юрык. 22 кіраўнікі нацыянальных і міжнародных бібліятэчных асацыяцый гаварылі пра кірункі дзейнасці кніжніц, вылучаючы перыяды дакавідныя і посткавідныя. У працэсе падрыхтоўкі панельнай дыскусіі з кожным з кіраўнікоў выходзілі на сувязь арганізатары і выслухоўвалі прапановы, якія б увайшлі ў сусветныя ініцыятывы для выпрацоўкі агульнай стратэгіі развіцця бібліятэк. Тры асноўныя кірункі вызначылі прафесійныя вектары: дзейнасць бібліятэкі і мясцовых суполак, павышэнне кваліфікацыі і патрымкі сваёй суполкі, удзел кніжніц розных краін у глабальных праектах, якія рэалізоўваюцца ІФЛА ці іншымі міжнароднымі асацыяцыямі. На ўзбраенне ўзята канцэпцыя, якую прапанавала Ацасыяцыя новазеландскіх бібліятэк: нягледзячы на ўмовы, з якімі давялося сутыкнуцца ў перыяд пандэміі, кніжніцы ўсё роўна павінны працягваць заставацца адкрытымі прасторамі. Калі ёсць неабходнасць, варта звяртацца па дапамогу да міжнародных дакументаў. У прыватнасці, нядаўна Расійская бібліятэчная асацыяцыя распрацавала шэраг палажэнняў і рэкамендацый для бяспечных умоў у бібліятэках у перыяд пандэміі. Гэта датычыцца і кніг: як доўга іх пакідаць на каранцін?

— Мы за перыяд пандэмійных абмежаванняў выпрацавалі свае тэхналогіі ў гэтым кірунку, — расказвае Іна Юрык. — Хтосьці на каранцін кнігі пакідае на два дні, нехта — болей, але цяперашнія даследаванні гавораць, што дастаткова аднаго дня. А некаторыя спрабавалі апрацоўваць кнігі нават параачышчальнікам! Ды наўрад ці гэта мэтазгодна — дастаткова, каб кнігі, што былі ў карыстанні, адкладаліся на некаторы час.

Адаптацыя да сучаснасці вымагае ўключанасці ў сусветную карціну, увагі да тэхнічнага прагрэсу — усё каб укараняць і больш актыўна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. «Калі мы хочам аказваць карыстальніку сучасныя паслугі, то стратэгія “дагнаць” сёння не запрацуе. Мы павінны апераджаць патрэбы і аказваць карыстальнікам самыя сучасныя паслугі — іначай яны будуць звяртацца да іншых інфармацыйных сэрвісаў і арганізацый, — пераканана Іна Юрык. — Таму важна развіваць анлайн-праграмы. Гэта было і да пандэміі, напрыклад, наша “Школа кампетэнтнага біблітэкара”. Цяпер ББА рэалізоўвае праект “Літаратура. Інклюзія. Бібліятэка”. У перспектыве — стварыць анлайн-курс і выкарыстоўваць яго ў далейшым для іншых груп. І добра, калі вынікам праектаў будуць станавіцца анлайн-курсы».

Адна з наспелых задач сёння — пошук кампетэнцый сучаснага бібліятэкара. Перагляд прафесійных здольнасцей і кола зацікаўленняў неабходны. Калі спецыяліст не паспявае за часам, яго абгоняць, як гэта ні сумна. Застаючыся ў мінулым, бібліятэкар губляе імідж, а адпаведна, і запатрабаванасць. А хуткасная рэальнасць не дазваляе спыніцца ні на хвіліну. Калі звярнуцца да вопыту расійскіх калег, цікавай падаецца форсайт-сесія «Бібліятэкар будучыні», у фокусе якой — новы бібліятэкар.

Без прабуксоўвання

Сучаснасць мяняе аблічча бібліятэкі, ставячы ў прыярытэт іншыя рычагі для прасоўвання мэт, набыцця аўтарытэту. «Мы ў асноўным гаворым пра тое, што рыхтуем выстаўкі, фарміруем інфармацыйныя матэрыялы, але гэта крыху не тое, — мяркуе Іна Юрык. — Як прыклад — замежныя бібліятэкі, якія дэманструюць праекты, накіраваныя на рэалізацыю мэты, а не проста інфармацыйную падтрымку. Важна працягваць работу па прадстаўленасці беларускіх бібліятэк на карце ІФЛА. Не проста расказаць пра нашу сетку бібліятэк, а прадставіць адмысловыя праекты. Каб пра нас даведалася як мага больш людзей у міжнароднай супольнасці».

Там, дзе ёсць поспех, яго трэба максімальна пашыраць, сцвярджае Уладзімір Кулажанка: «Беларуская бібліятэчная асацыяцыя ў першую чаргу — гэта брэнд, які дазваляе надаваць тым або іншым ініцыятывам агульнарэспубліканскае і міжнароднае гучанне. Гэта парасонавая, у маім разуменні, структура, якая накрывае сабой бібліятэчную галіну і працуе з канкрэтнымі людзьмі па канкрэтных праектах. Мы не павінны цягнуць тое, што прабуксоўвае. Ёсць ініцыятыва, ёсць дасягненні — засяроджваем на гэтым увагу, і ідзе прарыў. Трэба паляпшаць якасць інфармацыйных каналаў, бо гэта ўздзейнічае на прэстыж. Можна выпрацаваць план, стратэгію па павышэнні прэстыжу прафесіі, выбудоўваць работу са СМІ і намагацца ўзняць планку нашай прафесіі. Бо сёння часта тыя, хто заканчвае ўніверсітэт культуры, збягаюць любым адміністратарам фітнес-цэнтра — абы не ў бібліятэку. Чаму? Здаецца, і там плацяць нямнога. Аказваецца, непрэстыжна. Патрэбны паспяховыя гісторыі, прыклады таго, як людзі рэалізавалі сябе ў бібліятэцы». Таксама варта выбудоўваць узаемадзеянне з органамі ўлады, звярнуў увагу Уладзімір Кулажанка: «Зараз ідзе падрыхтоўка змяненняў у Кодэкс аб культуры, і бібліятэчнай суполцы трэба да гэтага далучыцца, а яшчэ выпрацаваць нацыянальную стратэгію бібліятэк». У Расіі такая стратэгія прынята тэрмінам да 2035 года.

Для папулярызацыі прафесіі цікава расказаць гісторыі тых людзей, якія сталі паспяховымі дзякуючы кнізе і чытанню, выказала прапанову дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна Марына Рафеева: «Праблема чытання вострая і звязана з прэстыжам нашай прафесіі. Калі мы будзем папулярызаваць бібліятэкі праз людзей, не звязаных з нашай прафесіяй, то гэта будзе папулярызацыя ў тым ліку прафесіі. Як прыклад — наш праект “Чытаючыя і паспяховыя”. Падобны можна арганізаваць на рэспубліканскім узроўні».

Водгук і ўвага СМІ

У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага падчас пандэміі запусцілі праект «(Ня)кніжныя людзі», дзеліцца дырэктар гэтай установы Алена Стрыжэвіч: «Каля 80 чалавек, якія не маюць адносінаў да бібліятэк, прынялі ўдзел. Мы задавалі ім шмат розных пытанняў, здымалі ролікі. І на нашым YouTube-канале — больш за 5000 праглядаў! Такім чынам, сёння актыўна рэагуюць на ініцыятывы бібліятэкі. У нас ёсць спецыяльнае структурнае падраздзяленне, якое працуе на СМІ. Дык СМІ толькі і чакаюць ад нас руху: на сайце, у сацсетках — і тут жа прыходзяць, як толькі штосьці арганізоўваем».

«Колькасць публікацый у СМІ ні аб чым не гаворыць — важней, які водгук, — парыруе Алена Даўгаполава, першы намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — У нас іншая праблема. Мы даўно пачалі змагацца з грамадскім меркаваннем “інтэрнэт — дрэнна, бібліятэкі — добра”. Ці не сумна гэта? Калі мы рабілі ў НББ выстаўку “Фотамагія” прыкладнога мастацтва бібліятэкараў, мала таго, што пра яе пісалі ўсе, дык гэта ўсе чыталі, і ў нас натоўпы ішлі ў галерэю. Вось вам вобраз бібліятэкара. Гэта, прабачце, не цётка забітая, а творчая асоба. Таму можна да найбліжэйшага Дня бібліятэк зрабіць выстаўку “Я чытаю”: бібліятэкары дасылаюць фатаграфіі на гэтую тэму, але ідэя — кніга, чытанне. Аб праектах цікава гаварыць у нашых прафесійных колах, але чалавеку простаму, які не працуе ў бібліятэчнай справе, цікава, што менавіта ён атрымлівае. Таму варта вярнуцца да ідэі папулісцкіх праектаў, калі мы проста паказваем сябе (а не гаворым пра змест сваёй работы). Каб народ схамянуўся: “О, дык гэта бібліятэка!”. І, дарэчы, “Бібліяноч” — адзін з прыкладаў. На самай справе, з тых, хто прыходзіць на “Бібліяноч”, невялікая колькасць застаюцца нашымі чытачамі, але ў іх мяняецца меркаванне. Таму, калі ў новай выстаўцы бібліятэкары аб’яднаюцца з ідэяй “аўтары работ — самі бібліятэкары”, гэта абавязкова прыцягне».

Прафесія бібліятэкара даўно абрасла стэрэатыпамі, і калі, як не сёння, іх разбураць? Бо для гэтага ёсць усе ўмовы, і электронныя тэхналогіі — першыя ў гэтым памочнікі.

— Калі гаварыць наконт водгукаў, то найлепшыя мы атрымлівалі тады, калі ў сацсетках расказвалі пра саміх бібліятэкараў ці аб тым, што яны чытаюць, — адзначыла Надзея Шалыгіна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. — Бо адна справа — калі мы папулярызуем бібліятэку і робім штосьці для карыстальніка, іншая справа — не забываць пра сваіх калег. Часта мы сутыкаемся з тым, што ў нас бібліятэка для бібліятэкараў. Мы распрацоўваем праекты, але не ўмеем пра іх расказаць. Таму, калі прадстаўляем інфамацыю ў СМІ, трэба падаваць так, каб было цікава простым карыстальнікам.

Таму трэба вучыцца правільна прэзентаваць інфармацыю, пераканана Іна Юрык: «Не ў выглядзе справаздачы, а так, каб усе зразумелі, што гэта ўнікальна, і па-
беглі глядзець. Я часта згадваю рэкламу: “Я не люблю кошак”. — “Ты проста не ўмееш іх гатаваць”. Гэта пра нас. Мы столькі ўсяго робім, але не ўмеем гэта правільна падаць. Хачу падзяліцца вопытам кніжніц сістэмы вышэйшай адукацыі. Мы біліся пяць гадоў, і сёння рэктары добра ведаюць: рэйтынгі і бібліятэка ходзяць побач, бо рэйтынгі — адна з асноўных задач, якая праходзіць ва ўсіх дзяржпраграмах (павышэнне пазіцый універсітэта ў рэйтынгу). Кожны рэктар ведае: для таго каб быць у рэйтынгу, трэба, каб меўся рэпазіторый. Менавіта таму ў нас на сёння 51 ВНУ, і ўжо 37 рэпазіторыяў. Трэба сваё кіраўніцтва пасадзіць на іголку бібліятэкі. Бо падтрымка публікацыйнай дзейнасці — паслуга, па якую ідуць менавіта ў кніжніцу. З гэтым ніхто іншы не дапаможа. Трэба прыдумаць такое, каб грамадства зразумела: толькі бібліятэка гэта можа рабіць — ніхто іншы, ніякая іншая інстытуцыя».

Сапраўды, заняць сваю нішу ў новай рэальнасці — неабходнасць першачарговая. Інфармацыйная эра трымае ў тонусе кожную хвіліну, часам як заложнікаў, раздзьмуваючы новыя віхоры. Але ці не гэта робіць нас мацнейшымі і вымушае ўдасканальвацца?

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.