Вы тут

У Полацку ўшанавалі памяць ахвяр фашызму


У самым старым горадзе Беларусі — Полацку — 18 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Урочышча «Пяскі» адбылася духоўна-патрыятычная акцыя «Памяццю і смуткам свет пераможа вайну».


Полацкі раённы выканаўчы камітэт

Акцыя была арганізавана Беларускім фондам міру сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам і Беларускай праваслаўнай царквой. Мерапрыемства прымеркавана да 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У ім у якасці ганаровага госця ўзяў удзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Дарэчы, парламентарыі таксама ахвяроўвалі грошы на стварэнне мемарыялу. А дэпутат пятага і шостага склікання Наталля Гуйвік увекавечанне памяці тых, хто знайшоў свой апошні спачын у Пясках, лічыла адной з галоўных сваіх спраў падчас работы ў прадстаўнічым органе ўлады.

Год таму мемарыял быў адкрыты. «Звязда» таксама дапамагала рэалізаваць ідэю яго стварэння. У яе нумарах, пачынаючы з 2013-га года, у рамках сумеснага з грамадскасцю Полаччыны праекце «Урочышча Пяскі» рэгулярна публікаваліся артыкулы з расказамі пра гэтае трагічнае месца, і пра тое, як ажыццяўляецца ідэя стварэння тут помніка.

Месца памяці знаходзіцца на ўскраіне горада, дзе ў 1941–1944 гадах немцы стварылі перасыльны лагер «Дулаг-125» для ваеннапалонных. Вязні знаходзіліся ў жудасных ўмовах. Ад голаду і хвароб штодня паміралі да двухсот чалавек. Па некаторых ацэнках, за гады акупацыі Полацка і за час функцыянавання гэтага пекла на зямлі памерлі не менш за сорак тысяч палонных. Ёсць меркаванне, што ў месцы, дзе цяпер мемарыял, можа ляжаць да 150 тысяч чалавек. Тут таксама расстрэльвалі падпольшчыкаў, партызан і мірных жыхароў.

Дзясяткі гадоў гэтае месца заставалася без годнага ўшанавання. Ледзь прыкрытыя пяском астанкі людзей размывалі дажджы. У 65 гадавіну Перамогі прынялі рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу. Цяпер гэта месца, дзе праводзяцца гарадскія патрыятычныя акцыі.

Спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка, выступаючы на тэрыторыі комплексу перад палачанамі і гасцямі горада, падкрэсліў неабходнасць памяці пра падзеі вайны. Ён сказаў, што нельга перапісваць гісторыю, забываць мінулае, як прапануюць некаторыя. Павага да гістарычнай праўды — гэта і магчымасць пабудаваць светлую будучыню. Полацкі мемарыял нагадвае пра страшную трагедыю, пра якую нельга забыць, гэта напамін пра спробу знішчыць беларускі народ, пра яго прыніжэнні, сказаў старшыня Палаты Прадстаўнікоў.

На акцыі прысутнічалі каля пяцісот чалавек розных узростаў. Былі запрошаны дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі ўсіх рэлігійных канфесій, прадстаўнікі арганізацый і грамадзяне, якія ўнеслі вялікі ўнёсак у будаўніцтва мемарыяла.

З асаблівымі пачуццямі прыйшлі сюды тыя, хто ведаюць пра вайну не па чутках. Яны дзяліліся ўспамінамі і прасілі моладзь годна працягваць традыцыі па абароне Айчыны.

У рамках акцыі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін зрабіў асвячэнне капліцы ў гонар Святога вялікапакутніка Георгія Перамаганосца, якая пабудавана на тэрыторыі мемарыяла.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.