Вы тут

У клубнічнай сталіцы Лунінеччыны Дварцы клубніцы прадаюць нават праз інтэрнэт


На Лунінеччыну прыйшла пара ўборкі ўраджаю самай папулярнай у гэтых мясцінах культуры — клубніц. Не толькі на адмысловай пляцоўцы ў Дварцы — уздоўж дарог таксама сям-там узнікаюць невялікія лакальныя пункты продажу з мноствам скрыняў, вёдраў, напоўненых апетытнымі клубніцамі, — здаецца, усё наваколле ўпрыгожана яркім ягадным колерам. Ды і водар клубніц выдае кампанію збору ўраджаю.


Час атрымліваць дывідэнды

Людзі папрацавалі над гэтай ягадай, пагнулі спіну з самай ранняй вясны, нават з зімы, цяпер — час атрымліваць дывідэнды. Самы няўстойлівы фактар ва ўсім працэсе рэалізацыі клубніц — гэта, здаецца, цана. Яна можа мяняцца тры разы на дзень, усё залежыць ад колькасці прадаўцоў, пакупнікоў, якасці ягады, яе знешняга выгляду, шанцавання — ну вельмі многа складнікаў.

— Ягады люблю вырошчваць, — гаворыць пенсіянерка Валянціна Гоза. — У мяне пад імі занята прыкладна 25 сотак, эксперыментую з сартамі, з тэхналогіяй. Ну і, вядома, спадзяюся зарабіць у сезон.

Пра асаблівасці работы на ўчастку гэтай гаспадыні крыху пазней...

А зараз скажам, што, напрыклад, на раніцу 17 чэрвеня цэны на Дварэцкім рынку вагаліся ў межах ад 2,6 да 3 рублёў за кіло.

— Але гэта зранку — да вечара яны могуць істотна змяніцца, — гаворыць старшыня Дварэцкага сельскага Савета Аляксандр ВІДНІКЕВІЧ. — Усё залежыць ад таго, колькі нарыхтоўшчыкаў прыедзе, колькі гаспадароў прывязе сваю прадукцыю. Рынак фарміруе цану — толькі так і не інакш.

Цяпер у Дварцы ёсць пляцоўка для цывілізаванага гандлю, а раней гэты аптовы рынак насіў амаль стыхійны характар. У асобныя дні з машын нарыхтоўшчыкаў утвараліся чэргі на кіламетры. За вырашэнне пытання ўзялася мясцовая ўлада. Была падрыхтаваная пляцоўка, райвыканкам выставіў яе на аўкцыён. Аб'ект набыў прадпрымальнік з Лунінца, ён і абсталяваў гэты пляц. Цяпер тут могуць адначасова заязджаць да дзясятка і больш мікрааўтобусаў, ёсць дзе развярнуцца велікагрузам. Не забыліся і пра тых, хто прадае ягады ў розніцу, ім зрабілі гандлёвы стол з навесам. Цяпер не даводзіцца прадаваць альбо купляць прадукцыю з зямлі.

Ягады са скрыні і анлайн

Зранку на пляцоўку прыязджаюць машыны нарыхтоўшчыкаў, едуць патокам прадаўцы. Пенсіянерка Любоў Паўлаўна сказала, што вырошчвае зусім не многа ягад у параўнанні, напрыклад з суседзямі. Больш для сябе, ды сем'і дзяцей, унукаў стараецца забяспечыць вітаміннай прадукцыяй, а вось лішкі заўсёды прадаюць з мужам:

— Прывезлі ў скрынях кілаграмаў 50—70, у найбліжэйшыя дні таксама будзе столькі. Трэба ж грошай сабраць на будучы сезон, даводзіцца купляць насенне, угнаенні, сродкі аховы раслін. У вырошчванне ягад неабходна ўкладваць грошы — тады будзе і вынік, — падсумоўвае гаспадыня.

Цікаўлюся ў старшыні сельвыканкама, чаму сярод прадаўцоў большая частка людзей старэйшых за сярэдні ўзрост. Аказваецца, малодшыя агароднікі зараз нярэдка прадаюць ягады па інтэрнэце. Гэта больш зручна, меней рызыкі, прадавец з пакупніком дамаўляюцца аб колькасці пастаўкі, аб спосабе вывазу альбо самавывазу. Для ўсіх выгадна: агародніку не трэба нервавацца пра тое, што ягады будуць стаяць і псавацца пад сонцам у чаканні пакупніка, а спажыўцу-нарыхтоўшчыку таксама гарантаваны свежы тавар пад заказ.

— Апошнім часам у нас многія маладыя жыхары вёскі займаюцца вырошчваннем клубніц. І робяць гэта часам больш прафесійна, чым старэйшае пакаленне, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Яны карыстаюцца навуковымі напрацоўкамі, якіх у сеціве поўна, захоўваюць тэхналогію, не шкадуюць грошы на дарагія сродкі аховы раслін.

Пра даход ад сезоннай рэалізацыі ніхто ў Дварцы гаварыць не спяшаецца: «Камерцыйная тайна, — усміхаецца Мікалай і хітравата дадае: — Сусед, здаецца, за пяць-шэсць гадоў кватэру ў сталіцы сыну купіў. Ну а я за адзін сезон магу зарабіць, каб памяняць дах у доме, абнавіць электрыку і сантэхніку, бо планую капітальны рамонт. Вы лепей спытайце ў людзей, якая гэта работа», — спяшаецца суразмоўца па сваіх справах.

Дадатковая зарплата

Пра гэта дварчане і жыхары суседніх вёсак гавораць ахвотна. Бо клубніцы любяць руплівых. «Палоць ягады з пачатку вясны трэба не менш за чатыры разы, — кажа наша ранішняя суразмоўніца Валянціна Гоза. — За раз магу прапалоць сотак восем. Без прывычкі гэтая работа не кожнаму пад сілу. Трэба каб ні травінкі не заставалася, ягадныя кусты стаялі на роўнай адлегласці, адным словам — трэба ўмець заўважаць, ад чаго ягада сябе пачувае камфортна.

Рабочы дзень Валянціны Аляксандраўны пачынаецца а пятай раніцы, у сезон збору ягад — яшчэ раней. Сёлета ўраджай нядрэнны. Разам з сынам яны возяць сабранае ў Дварэц, за раз вязуць прыкладна па 170—200 кілаграмаў. Прадаваць гэтым разам даводзілася ад паўтара рубля да пяці за кіло. Асабліва актыўна занялася клубніцамі гаспадыня з Мокрава, калі выйшла на пенсію. Працавала раней санітаркай ва ўчастковай бальніцы, зарплата была маленькай, адпаведнай атрымалася і пенсія. «А хочацца жыць прыстойна і дзецям дапамагчы, — разважае жанчына. — Таму і шчырую з ранку да вечара на сваім участку. Калі разбіць на 12 месяцаў даход, атрыманы за сезон збору клубніц, якраз выйдзе дадатковая штомесячная зарплата, — працягвае гаспадыня. — У розныя гады яна адрозніваецца па памеры, усё залежыць ад ураджаю, але ж справа таго вартая. Калі сядзець у хаце ці на падворку склаўшы рукі, нічога не заробіш», — разважае яна.

Клубніцы любяць руплівых

Удалося пазнаёміцца з яшчэ адной сталай ягадніцай — жыхаркай вёскі Любань, як падалося, тыповай прадстаўніцай працавітай Лунінеччыны. Ганна Краснікевіч нарадзілася
ў 1945 годзе, бацьку свайго не бачыла, бо той пайшоў на фронт у другой палове 1944-га і загінуў. Ганначка была адной з чатырох дзяцей у маці, і ў 15 гадоў ужо стала калгаснай цялятніцай. За трыццаць гадоў работы ў калгасе «Новае жыццё» атрымала ўзнагароды і заахвочванні, яе выбіралі дэпутатам сельскага Савета і дэлегатам УНС. А цяпер на прысядзібным участку Ганна Андрэеўна вырошчвае бульбу і агародніну, ну і, вядома, клубніцы. Куды ж без іх? Найперш для ўнукаў, праўнукаў, якіх у бабулі Ані ўжо сямёра.

Цікава, што на клубнічных плантацыях працуюць у асноўным сем'ямі. Дзяцей змалку прывучаюць дапамагаць бацькам. Для школьнікаў тут не праблема ўстаць да світання і папрацаваць некалькі гадзін перад школьнымі заняткамі альбо нават экзаменам. У сезон збору сям'я звычайна прачынаецца ў чатыры раніцы. На збор ягад, якія паспелі, трацяць па чатыры-пяць гадзін. Гэта памылка думаць, што гаспадар сабраў ураджай, прадаў і можа спакойна адпачываць. Клапаціцца пра расліну трэба круглы год: уносіць угнаенні, хаваць пасевы ад халадоў, абразаць...

Але ж людзі ў Дварцы і ваколіцах ведаюць у гэтым толк і атрымліваюць прыбытак. Толькі на тэрыторыі Дварэцкага сельсавета пад клубніцамі прыкладна 300 гектараў зямлі. У гэтым годзе з-за халоднай вясны масава ягада пайшла на некалькі тыдняў пазней за звычайнае. Першыя дні, як заўсёды, цана была найвышэйшая, потым пайшло зніжэнне да шасці, пяці рублёў. Бываюць дні, калі прадаюць кілаграм усяго за рубель-паўтара.

У тэму

Валерый КАПІТАНЧЫК, начальнік аддзела нарыхтовак, рынкаў і знешнеэканамічнай дзейнасці Брэстаблспажыўсаюза:

— Летась арганізацыі спажыўкааперацыі вобласці нарыхтавалі 670 тон клубніц для гандлю і перапрацоўкі. Сёлета ўжо тыдзень нашы нарыхтоўшчыкі працуюць на рынку Дварца і ваколіц. Закуплена (па стане на 18 чэрвеня. — Аўт.) больш за 40 тон. Закупка вядзецца як для гандлю ў сістэме спажыўкааперацыі, так і для перапрацоўкі. Пакуль што клубніцы добра ідуць і ў розніцу, таму закупляем і насычаем прылаўкі. Таксама адгружаны першыя партыі на перапрацоўчыя заводы. Побач працуюць калегі з аблспажыўсаюзаў усіх абласцей краіны. Напрыклад, 17 чэрвеня на аптовым рынку ў Дварцы стаялі машыны кааператараў, камерцыйных структур, нямала было пакупнікоў і з расійскімі нумарамі. Адсюль — цэны на пакупку ягады. Ранкам гаспадару давалі ад 1,3 рубля да 3 рублёў за кілаграм. У поўдзень цана вагалася ад 1,5 да 2,5 рубля, а ўвечары клубніцы можна было прадаць ад 2,5 да 4 рублёў. Такі вячэрні скачок абумоўлены прыездам масквічоў. Яны загрузілі машыны, каб у выхадныя гандляваць клубніцамі на рынках Масквы. Для эканоміі часу маскоўскія нарыхтоўшчыкі павысілі цану, каб усе панеслі да іх, а як толькі загрузіліся і паехалі, цана зноў упала. Баль правіць рынак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Баль правіць рынак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.