Вы тут

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці вывучана, наколькі камфортна дзецям у дашкольных установах


Як паведаміў «Звяздзе» Аляксандр Камінскі, начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, маніторынг вёўся ў некалькі этапаў. У 2019—2020 гадах камітэтам была вывучана сітуацыя ў 124 вучэбна-педагагічных комплексах (дзіцячы сад — сярэдняя школа). А ў 2021-м рабочымі групамі ў складзе спецыялістаў камітэта, упраўленняў (аддзелаў) адукацыі райгарвыканкамаў, рэгіянальных службаў санітарнага нагляду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі былі абследаваны 123 дзіцячыя дашкольныя ўстановы — 30 % ад усіх у вобласці.


pixabay.com

Устанавілі неабходнасць правядзення рамонту будынкаў і збудаванняў асобных дзіцячых садкоў, замены састарэлай мэблі, ігравога абсталявання, зносу аварыйных аб'ектаў. Найбольш праблемныя ў гэтым пытанні некаторыя дзіцячыя ўстановы ў Шумілінскім раёне і Віцебску.

— А ў Шаркаўшчыне кантралёры ўбачылі пакрытыя цвіллю сцены прыбудоў да дзіцячага садка. Яшчэ ў адной установе практычна адсутнічала агароджа тэрыторыі, маральна састарэла вулічнае гульнявое абсталяванне, — расказаў Аляксандр Камінскі.

У шаснаццаці садках зафіксавалі недахопы ў сістэме водазабеспячэння і цеплазабеспячэння: уцечкі, няспраўныя прыборы ўліку, адсутнасць ізаляцыі труб і іншае. Напрыклад, у Лёзненскім раёне ў склепе было выяўлена працяканне каналізацыйных сцёкаў. На ліквідацыю праблемы спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін.

Парушэнні санітарных норм выяўлены ў шасці садках: у Докшыцкім, Лепельскім, Шумілінскім і Дубровенскім раёнах. Высветлілася, што некаторыя групы не ў поўным аб'ёме забяспечаны сантэхнічным абсталяваннем. А ў некаторых дзеці спалі на панцырных ложках. Яшчэ ў адным з садкоў дзецям падчас вулічнай прагулкі прапаноўвалася гарачая пітная вада...

Устаноўлены факты знаходжання ў непасрэднай блізкасці ад дзіцячых садкоў патэнцыйна небяспечных аб'ектаў. Маюцца на ўвазе недабудаваныя або старыя будынкі і збудаванні. Пры гэтым тэрыторыя, на якой яны знаходзяцца, не абгароджана, унутр будынкаў можна зайсці, бо няма дзвярэй, праход усюды свабодны.

У Бешанковіцкім і Верхнядзвінскім раёнах нават на тэрыторыях садкоў ёсць аварыйныя аб'екты, якія не эксплуатуюць, іх неабходна знесці. Яшчэ ў трыццаці садках выяўлены недахопы, якія не патрабуюць значных выдаткаў: не абкошаная тэрыторыя, не прыведзеныя ў парадак пляцоўкі для захоўвання металалому і смецця.

Грамадзяне таксама агучваюць праблемы ў гэтай сферы. Пасля званка на гарачую тэлефонную лінію Дзяржкантроля ў Бешанковіцкім раёне адрамантавана дарога на маршруце руху школьнага аўтобуса.

Вялікая частка недахопаў і парушэнняў, якія не патрабуюць матэрыяльных затрат, ліквідаваная. У дачыненні да іншых райгарвыканкамамі распрацоўваюцца планы па іх ліквідацыі. Кантроль за рэалізацыяй гэтых планаў будзе працягнуты.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Расцілі спартанцаў і ёгаў?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.