Вы тут

Прэзідэнт медыкам: Я жадаю вам заставацца стрыжнем нашага грамадства, мужнымі людзьмі, якімі мы вас бачым


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад галоўнага ўрача Ларысы Сячко аб стане спраў у дзіцячай клінічнай бальніцы, азнаёміўся з дзейнасцю некалькіх аддзяленняў клінікі. Пасля медыкі задалі кіраўніку краіны свае пытанні. Нагодай для сустрэчы ў клініцы стала не толькі будучае свята (Дзень медыка святкуюць заўтра), але і юбілей 2-й дзіцячай клінічнай бальніцы. Яна адкрылася 19 чэрвеня 70 гадоў таму.


«Узровень абслугоўвання і спецыялістаў тут добры»

У час наведвання бальніцы кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прывесці ў парадак сістэму аховы здароўя ў Мінску: «Мы будзем разглядаць перспектыву горада і прывядзенне аховы здароўя ў парадак. Таму што горш, чым у Мінску, у нас няма нідзе. У нас Мінск адстае ад рэгіёнаў па ахове здароўя».

Для яшчэ больш якаснага аказання дапамогі плануецца пабудаваць новы корпус дзіцячай бальніцы. Стары будынак хочуць аддаць пад патрэбы іншых устаноў аховы здароўя. Прэзідэнт запатрабаваў, каб да гэтага пытання падыходзілі па-гаспадарску. «Вядома, для дзяцей нічога не шкада. Але трэба рабіць аптымальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміла кіраўніку краіны галоўны ўрач бальніцы, установа мае восем апаратаў гемадыялізу, што працуюць у дзве змены. Каб разгрузіць іншыя медустановы дзіцячая бальніца прымае дарослых амбулаторных пацыентаў. У цэнтрах клінікі атрымліаюць лячэнне жыхары рэгіёнаў — іх амаль 50%. Прэзідэнт пацікавіўся, чаму пацыенты прыязджаюць на лячэнне ў сталіцу. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адказаў, што Мінск прымае самых цяжкіх пацыентаў, мае ўнікальнае абсталяванне і кваліфікаваных спецыялістаў.

«Калі так, значыць, добрая аптымізацыя», — адзначае Аляксандр Лукашэнка. Яго цікавіць таксама, колькі маленькіх беларусаў у лісце чакання на перасадку ныркі. Ларыса Сячко распавяла пра 12 такіх юных пацыентаў — праблем з перасадкай няма. Пацвярджае гэта і тэрмін чакання донарскага органа — у сярэднім 6 месяцаў. У гэты час пацыенты атрымліваюць гемадыяліз.

Прэзідэнту расказалі аб практыцы правядзення ў бальніцы малаінвазіўных аперацый (лапараскапічных і эндааперацый). Палова ўсіх хірургічных умяшальніцтваў праводзяцца ў бальніцы такім метадам. 

Бальніца ажыццяўляе аперацыі па трансплантацыі ныркі — у год іх можа быць да 20.

Прэзідэнт пацікавіўся, чаму па ўсіх паказчыках лячэння ў 2020 годзе назіралася падзенне. 

«У гэтыя два гады паўплываў ковід. І дзеці хварэлі, мы не маглі перасаджваць, і донарскіх нырак не было, таму што шмат хто быў у ковідным стане», — растлумачыла галоўны ўрач.

«Такое падзенне па лячэнні і перасадцы ў два разы ў выніку неяк адбілася на дзецях?» — удакладняе кіраўнік дзяржавы.

«Колькасць дзяцей у лісце чакання не дадалася. Іх як было 12, так і ёсць», — сказала Ларыса Сячко.

Прэзідэнт удакладніў, што хоча зразумець, ці не захапіліся медыкі выключна ковідам, забыўшыся на іншыя хваробы.

Міністр пагадзіўся, ёсць сферы, якія павінны ўзмацніць цяпер, напрыклад, неабходна выцягваць пацыентаў на дыспансерныя назіранні.

Функцыянуе ў бальніцы Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай эндакрыналогіі. Асноўная паталогія пацыентаў там — цукровы дыябет.

«Колькасць дзяцей з цукровым дыябетам вырасла ў два разы. Гэта сусветная тэндэнцыя, — заўважыла медык. — Галоўная прычына — генетычная абумоўленасць. Але яшчэ па літаратурных дадзеных: вірусная інфекцыя, траўмы фізічныя і псіхалагічныя. Паколькі прычыны шматфактарныя, выбраць адну канкрэтную не могуць».

Ларыса Сячко распавяла аб метадах дыягностыкі эндакрыналагічных хвароб, сярод якіх сутачная манетарыраваная глюкоза. Для лячэння сярод новых тэхналогій — прызначэнне аналагаў інсуліну, якія мадэлююць натуральны выкід і вытворчасць інсуліну ў арганізме.

Прысутнічае ў бальніцы і экспарт паслуг. За 2020 год клініка зарабіла мільён долараў. Каля 85% замежных пацыентаў — з Украіны «Для мяне галоўнае, што да вас едуць людзі лячыцца — значыць, узровень абслугоўвання і спецыялістаў тут добры», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы наведаў некалькі аддзяленняў бальніцы, рэанімацыю, школу цукровага дыябету і ізатопную лабараторыю, азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы. Прэзідэнт таксама пагутарыў з маленькімі пацыентамі і іх бацькамі і ўручыў дзецям падарункі.


«Люстэрка любой дзяржавы»

Пасля знаёмства з дзейнасцю дзіцячай бальніцы Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з медыкамі. Прэзідэнт назваў урачэй гэтай бальніцы гераічнымі людзьмі, бо яны лечаць дзяцей. Кіраўнік краіны нагадаў, што ў яго першы візіт у бальніцу медыкі паскардзіліся, што сучаснае абсталяванне ёсць, але працаваць на ім не ўмеюць. Сёння спецыялісты з гонарам далажылі, што асвоілі яго цалкам.

«Урач і настаўнік — гэта люстэрка любой дзяржавы, будзьце годныя гэтага звання. Не дапускайце, каб белыя халаты сталі „бруднымі“. Вы разумееце мой намёк, — сказаў Прэзідэнт. — Я жадаю вам заставацца стрыжнем нашага грамадства, такімі мужнымі людзьмі, якімі мы вас бачым».

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў медыкам за адданую працу падчас пандэміі, калі яны ў пачатку, нават не зважаючы на сваю бяспеку, кідаліся лячыць хворых.

«Вы беражыце самі сябе, таму што ад вашага здароўя залежыць здароўе усіх нас, нашага грамадства. І, як мы сёння пераканаліся, шмат людзей з-за мяжы да вас едуць лячыцца — значыць, вы нам патрэбны здаровымі», — сцвярджае Прэзідэнт.

Ён падкрэслівае, што ў плане лячэння профільных для 2-ой дзіцячай бальніцы хвароб, выбудавана добрая сістэма, якая дапамагае паставіць усіх маленькіх пацыентаў на ногі.

Першае пытанне да Прэзідэнта тычылася дыспансэрызацыі. Медык прапанавала ўнесці ў заканадаўства норму, якая б абавязала працадаўцу даваць адзін выхадны дзень супрацоўніку для праходжання медыцынскага абследавання.

«Мы падумаем над гэтым пытаннем. Мы ведаем вопыт многіх краін, у тым ліку і Расіі, калі кіраўнік арганізацыі, прадпрыемства дае чалавеку, калі ён дамовіўся правесці дыспансэрызацыю, выхадны дзень», — сказаў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка краіны, нашы людзі часам не зусім уважліва ставяцца да свайго здароўя, бо спадзяюцца на бясплатную медыцыну.

«Мы ўвесь час нанізваем не толькі ў ахове здароўя, але і ў другіх галінах ільготы. А гэта ж вашы грошы. Калі кажуць, што неабходна нейкую ільготу за кошт кагосьці даць, я насцярожваюся. Таму і кажу, што вывучым. Тут не з бюджэтам будзе звязана справа, а з канкрэтным работадаўцам. Тое, што неабходна абавязаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый клапаціцца аб здароўі сваіх працоўных — гэта дакладна. Будзе гэта аплочваемы ці неаплочваемы дзень, мы вырашым. Але тое, што ён будзе — гэта дакладна»,— дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Наступнае пытанне ад урачоў пра вакцынацыю: ці будзе яна ў нашай краіне абавязковай?

«Дзякуй Богу, такой неабходнасці пакуль няма. Я перажываю за расіян, масквічоў, бо ў іх кажуць пра ўспышку. Дай Бог, каб гэта была ўспышка, бо яна выбухне і пагасне, а калі пад’ём захворваемасці — гэта надоўга»,— сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, у Беларусі з Расіяй значна аднавіліся транспартныя зносіны, таму неабходна ўважліва ставіцца да сітуацыі ў суседняй краіне і нам.

«І тое, што ў нас на гэтым фоне, мяне неяк насцярожвае. Я кіраўніку Адміністрацыі кажу: „Арганізуйце праз тыдзень нараду ў Прэзідэнта, каб мне даклалі, што адбываецца ў ахове здароўя. Да ўсяго трэба рыхтавацца загадзя“. Праз тыдзень вернемся да гэтага пытання ў плане абмеркавання праблем аховы здароўя ў Мінску», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён працягнуў, што не хацеў бы ўвядзення абавязковай вакцынацыі, але рэкамендуе прышчапіцца ўрачам, гандлёвым супрацоўнікам, аптэкарам — тым, хто мае значны кантакт з людзьмі.

«У мяне, як і ў вас ёсць сумненні ў плане гэтай вакцыны, але я зыходжу з таго, што горш не будзе. Мы пакуль настойліва рэкамендуем прышчапіцца»,— сказаў кіраўнік краіны.

Наконт беларускай вакцыны ён паведаміў, што не спяшаецца з гэтай справай — пакуль ствараем па расійскіх тэхналогіях вакцыну, закупляем у КНР.

«Мы не будзем спяшацца, а ў будучым годзе сваю вакцыну створым, ужо апрабаваную. Зараз ж муціруе і невядома, які штам віруса будзе ў наступным годзе. Мы хочам сваю вакцыну падвесці да таго штаму віруса, што будзе ў будучым годзе»,— заяўляе кіраўнік краіны.

Пацікавіліся медыкі і грамадскімі пытаннямі: якімі будуць транспартныя зносіны для выезду за мяжу для адпачынку.

Па яго словах, лепш адпачываць на радзіме. Калі хтосьці мае патрэбу адправіцца ў іншыя краіны, беларусы без праблем вылятаюць у Расію, Грузію.

«Што тычыцца Турцыі. Вы бачыце, як брыдка паступіла Украіна, — сказаў Прэзідэнт. — Яны закрылі нам палёты. Нам даводзіцца ў хвілін 40-45 рабіць круг, аблятаючы іх, каб трапіць у Турцыю ці Егіпет. Турэцкія авіякампаніі пакуль напрамую лятаюць. Але мы зараз вядзём дыялог, калі Украіна нам закрыла пралёты, то мы з Украіны не будзем прымаць самалёты. Неабходна стварыць роўныя ўмовы для нашых самалётаў. Калі мы гэтым шляхам ляцім, то мы прымусім і іншых лётаць гэтым шляхам да нас у Беларусь»,— дзеліцца планамі Прэзідэнт.

Па яго словах, калі беларусы захочуць паехаць у іншыя краіны, то іх будуць дастаўляць расійскія авіялініі праз Маскву. Але Прэзідэнт вельмі рэкамендуе пабыць летам на Айчыне.

«Я там ужо Кухарава (мэр Мінска — «Зв.») і былых мэраў тузаў, каб зрабілі людзям усё для купання. Кожны год праязджаю па Мінскім моры, бяру кацер — усё зроблена. Людзі адпачываюць з дзецьмі. Ну як: 30 градусаў спякота, а мы кудысьці едзем»,— звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка.


Фінішуючы сустрэчу, Прэзідэнт і медыкі абмяняліся падарункамі. Галоўны ўрач падаравала кнігу пра гісторыю бальніцы, дзе змешчана распараджэнне Прэзідэнта 1996 года аб развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Яшчэ адзін прэзент для кіраўніка краіны — фотаздымак Прэзідэнта з маленькімі пацыентамі бальніцы, зроблены падчас першага візіта Аляксандра Лукашэнкі ў дзіцячую «двойку» у 1995 годзе. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч таксама падараваў Прэзідэнту кнігу, дзе апісваюцца ўсе візіты кіраўніка краіны ў «чырвоныя» зоны падчас пандэміі каранавіруса.

У адказ Прэзідэнт падараваў медыкам сертыфікат на апарат ультрагукавой дыягностыкі.

Даведка

Бальніца змяшчае больш за 200 ложкаў — нефралагічнага, уралагічнага, кардыялагічнага, эндакрыналагічнага профілю, а таксама аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Усяго ва ўстанове функцыянуюць 15 аддзяленняў. У бальніцы працуюць таксама тры рэспубліканскія цэнтры: цэнтр дзіцячай нефралогіі і намеснай ныркавай тэрапіі, цэнтр дзіцячай эндакрыналогіі і цэнтр дзіцячай уралогіі. Апошні з 2009 года ўжо правёў амаль 200 аперацый па трансплантацыі нырак, 7 з іх — у гэтым годзе. Дасягнута 95% выжывальнасці трансплантантаў да першага году пасля хірургічнага ўмяшальніцтва. Усяго ўрачамі-уролагамі летась выканана 1300 малаінвазіўных аперацый, сёлета за чатыры месяцы — 364. Бальніца амаль поўнасцю ўкамплектаваная персаналам, мае патрэбу толькі ў трох урачах-спецыялістах. Усяго ва ўстанове працуюць 458 медыкаў (105 урачэй і 205 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй).

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.