Вы тут

Асцярожна — лета! Што нельга рабіць падчас спякоты?


Жадалі? Марылі? Хацелі? Нарэшце, вось яно – такое доўгачаканае і такое летуценнае лета! Слупкі тэрмометраў устойліва паказваюць 30+, у небе ні воблачка, а на подступах да Мінскага мора на выходных шматкіламетровыя пробкі. Для кагосьці лета – сапраўднае маленькае жыццё, поўнае прыгод і падарожжаў. Для кагосьці – час псіхаэмацыйнага і фізіялагічнага дыскамфорту. На самой справе, пры ўсіх станоўчых момантах такіх, як цеплыня, сонца, вялікі доўгі светлавы дзень, яркія колеры навокал, беларускае лета можа быць сапраўдным выпрабаваннем на трываласць. Абумоўлена гэта геаграфічным станам нашай краіны, з-за якога мы маем спалучэнне высокай тэмпературы паветра і вялікай вільготнасці. Як пражыць гэты час камфортна? Карыснымі парадамі дзеліцца ZVIAZDA.BY.


Чым пагражае чалавеку спякотнае надвор’е?  Канешне, парушэннямі фізіялагічнага стану арганізма.

  • Цеплавы ўдар – цяжкае парушэнне жыццядзейнасці арганізма, звязанае з перагрэвам. Суправаджаецца галаўным болем, дрымотнасцю, агульнай млявасцю, галавакружэннем.
  • Сонечны ўдар – від цеплавога ўдара. Характарызуецца хваравітым станам, парушэннем работы галаўнога мозга па прычыне працяглага ўздзеяння сонечнага святла на непакрытую паверхню галавы. У выніку парушаецца нават кровазварот. Сонечны ўдар суправаджаецца галаўным болем, млявасцю і рвотай. Наступствы такога ўдара могуць быць вельмі сур’ёзнымі ажно да спынення работы сэрца.
  • Абязводжванне – гэта становішча арганізма, пры якім утрыманне ў ім вадкасці ніжэй за фізіялагічную норму. Страта чалавекам ўсяго 1% вады прыводзіць да парушэнняў, а 20% да смяротнага зыходу. Прыкметы: зніжэнне тэмпературы цела, бледнасць скуры, халодны пот, зніжэнне аб’ёма мачы ці поўная яе адсутнасць.

Каб пазбегнуць такога цяжкага фізіялагічнага становішча, памятайце пра тэрмарэгуляцыю – здольнасць арганізма падтрымліваць тэмпературу цела на пастаянным узроўні незалежна ад ваганняў тэмпературы. Прыслухоўвайцеся да арганізма і дапамагайце яму перажыць лета. 

1. Нельга знаходзіцца на адкрытым сонцы. Аптымальны час для загару,  прагулак пешшу ці на ровары да 11-ці гадзін раніцы і пасля 16-ці гадзін.  Абавязкова карыстайцеся крэмамі з спф-фактарам, каб пазбегнуць апёкаў і знізіць рызыку ўзнікнення меланомы.

2. Нельга адмаўляцца ад галаўнога ўбора.

І датычыцца гэта правіла не толькі дзяцей, але і дарослых. Кепкі, шляпы, панамы, павязкі. Шырокі асартымент гэтых модных аксэсуараў дапаможа пазбегнуць сонечнага ўдару і ў той самы час падкрэсліць вашу індывідуальнасць.

3. Нельга насіць адзенне з сінтэтычных валокнаў. Натуральныя тканіны дапамогуць збалансаваць тэрмарэгуляцыю і такім чынам дапамогуць выратаваць ад перагрэву. Асноўная гігіенічная якасць такіх тканін – гіграскапічнасць – магчымасць матэрыялаў паглынаць і аддаваць вільгаць.  Ідэальна падыдуць бавоўна, шоўк, тонкая шэрсць, лён. Дарэчы, лён у гэтым сезоне на піку папулярнасці і знайсці ільняное адзенне ў асартыменце магазінаў вельмі лёгка.

4. Нельга заставацца ў спякоту ў горадзе. Выкарыстоўвайце любую магчымасць, каб апынуцца падчас спякоты за горадам. Справа ў тым, што пад уздзеяннем моцнага сонца, “каменныя джунглі” пераўтвараюцца ў сапраўдную рускую баню. Пад уздзеяннем сонца асфальт, тратуарная плітка і сцены шматпавярховых дамоў награваюцца, а праз некаторы час пачынаюць аддаваць цяпло ў навакольнае асяроддзе. Згадзіцеся, за горадам сярод дрэў і кустоўя і дыхаецца лягчэй, і самаадчуванне лепшае. 

5. Нельга ўжываць “цяжкую” ежу. Многія людзі адзначаюць, што падчас спякоты есці хочацца значна менш. Гэтаму ёсць тлумачэнне. Зімой холадна і “цяжкая” ежа патрэбна арганізму дзеля таго, каб выпрацоўваць энергію для абагравання. Так як летам грэцца не трэба, то і есці не вельмі хочацца. Прыслухоўвайцеся да свайго арганізму. Абмяжуйце ўжыванне ці адмоўцеся ад тлустых відаў мяса, сала, малочных прадуктаў. Акцэнт у харчаванні на садавіну, гародніну і зеляніну. 

6. Нельга абмяжоўваць ужыванне чыстай вады. Многія людзі адчуваюць вялікі дыскамфорт падчас спякоты, звязаны з узмоцненым потаадлучэннем. І змагаюцца з гэтым, пры дапамозе абмежавання ўжывання пітной вады. Рабіць гэта катэгарычна забараняецца. Піць чыстую ваду проста неабходна. Яна дапамагае ажыццяўляць тэрмарэгуляцыю, выводзіць прадукты распаду, разрэджвае кроў і такім чынам памяншае рызыку ўзнікнення інфаркту і інсульту. Гэта галоўнае! А з моцным потаадлучэннем можна змагацца іншымі спосабамі. Праблемныя зоны абароняць антыперсперанты, якіх зараз у аптэках вялікая колькасць.

7. Нельга ўжываць моцныя спіртныя напоі. Падчас спякоты моцныя спіртныя напоі павінны быць пад забаронай. Па прычыне высокай тэмпературы паветра ап’яненне наступае значна хутчэй, а наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі. І гаворка нават не пра павышаную рызыку сонечнага і цеплавога ўдара. У летні час наша сардэчна-сасудзістая сістэма перажывае вялікі стрэс. Не павялічвайце яго яшчэ больш! 

8. Нельга злоўжываць карыстаннем кандыцыянерам. Калі на вуліцы горача, хочацца любымі спосабамі знізіць тэмпературу вакол. Ідэальна з гэтай задачай справіцца кандыцыянер, але пажаданая вамі тэмпература павінна быць камфортнай перш за ўсё для органаў дыхання. Не важна, дзе вы знаходзіцеся, у аўто ці ў офісе, у гандлёвым цэнтры ці рэстаране. Вялікае адрозненне ў тэмпературах паміж памяшканнем з кандыцыянерам і вуліцай можа прывесці да ўзнікнення прастуды, насмарку і ангіны. А лета - не час хварэць! 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.