Вы тут

Сталіца. Мастак. Фарбы


Штогадовы праект «Мастак і горад» вярнуўся на вуліцы сталіцы. Сёлета выстаўка прысвечана творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Праект, які адзначае 10-гадовы юбілей, упершыню змяніў лакацыю: традыцыйна карціны размяшчаліся на плошчы Якуба Коласа, а ў гэтым сезоне з беларускім жывапісам можна пазнаёміцца на пешаходнай вуліцы Камсамольскай.


higminsk.by

Выстаўка «Мастак і горад» дапамагае беларускаму мастацтву выходзіць за рамкі галерэй, музеяў і асабістых калекцый у публічную гарадскую прастору. Праект, які праходзіць у фармаце public space, знаёміць з жывапіснымі работамі мастакоў розных пакаленняў і творчых поглядаў. Кожная экспазіцыя суправаджаецца яркім і запамінальным адкрыццём.

У праекце «Фарбы душы. Леанід Шчамялёў» прадстаўлены 34 рэпрадукцыі карцін. Яго творы — гэта сапраўдная рэтраспектыва, якая адлюстроўвае асноўныя перыяды жыцця і творчасці аўтара. «Мае палотны — гэта мае дзённікі», — адзначаў сам Леанід Дзмітрыевіч. Карціны народнага мастака пабывалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі і г.  д. Некаторыя творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і абласных краязнаўчых музеях Беларусі, а таксама ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

— Выстаўка расказвае пра творчасць Леаніда Шчамялёва — мастака з беларускім спадчынным кодам, які быў зашыфраваны ў яго душы і перанесены на палотны. Каб адказаць на пытанне, якая яна, Беларусь, неабавязкова аб’язджаць усе куточкі краіны. Можна прагуляцца па Камсамольскай вуліцы і паглядзець работы майстра. Нехта знойдзе адказ на беразе Мінскага мора, нехта — на вуліцах вечаровага Валожына, а нехта — у выявах Янкі Купалы і Якуба Коласа, — падкрэсліла загадчыца філіяла «Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва» Ганна Ясюк.

Сёлета экспазіцыя папоўнілася аўдыягідам на беларускай, рускай і англійскай мовах. На стэндах, акрамя візуальнай інфармацыі пра мастака і яго карціны, размешчаны тры QR-коды, якія дапамогуць наведвальнікам самастойна пазнаёміцца з творчасцю Леаніда Шчамялёва.

Арганізатары адзначаюць, што ў рамках праекта запланавана правядзенне розных творчых акцый. Напрыклад, у «Адкрытай майстэрні» наведвальнікі пад кіраўніцтвам мастака змогуць намаляваць уласную карціну. Таксама чакаецца запуск конкурсу ў сацыяльных сетках. З экспазіцыяй «Фарбы душы. Леанід Шчамялёў» можна пазнаёміцца да 20 верасня.

За час свайго існавання «Мастак і горад» паказаў карціны 75 беларускіх творцаў. Выстаўкі двойчы дэманстраваліся ў Віцебску і адзін раз у Брэсце — да 1000-годдзя горада. Летась экспазіцыя ўпершыню адкрылася ў анлайн-фармаце. Праект рэалізоўваецца Музеем гісторыі горада Мінска супольна з камунікацыйнай кампаніяй GBS пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Генеральным партнёрам экспазіцыі з’яўляецца Банк ВТБ (Беларусь).

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.