Вы тут

Як дыялог ні пра што становіцца канцэпцыяй


Дэбютная кніга — заўсёды складаная і значная падзея для аўтара. Хтосьці збірае творы для яе гадамі, скрупулёзна фільтруе старыя тэксты, выбудоўвае кампазіцыю так, каб прадставіць сваю творчасць максімальна поўна, але адразу запомніцца з добрымі тэкстамі. А нехта стварае за кароткі час надзвычай моцны твор, які адразу хочацца выпусціць на святло і які выглядае цэласна і гарманічна, а таму варты кнігі. Выпадак Аляксея Кулакова, аўтара кнігі апавяданняў «Пра надвор’е размаўляюць, калі больш няма пра што», другі. Цыкл твораў стварыўся хутка, шчыльна звязаны тэмай і канцэпцыяй.


Гэта невялікія атмасферныя гісторыі, якія, што называецца, і ў «Інстаграм» запосціць не сорамна. Аўтар насычае кожны твор шматлікімі побытавымі дэталямі, накшталт кавы, каньяку ці таннага, цыгарэт, дамашняй вячэры, цёплых абдымкаў. Часам будуе канцэпцыю твора і матывацыю героя на ўвядзенні простай магіі ўяўлення ў гісторыю, і атмасфера становіцца сюжэтастваральным фактарам. Так, у адным з твораў надвор’е пачынае суправаджацца пэўнай музыкай, у іншай — герой становіцца кандытарам, бо з дзяцінства бачыў у снезе цукровую пудру, а ў гразі — расталы шакалад. Героі кнігі ў асноўным заняты пошукам сябе, асэнсоўваннем прапісных ісцін, што хвалююць кожнага: ці той справай я займаюся, ці ёсць у мяне сапраўдныя сябры, ці з тым чалавекам я жыву?

Аповед будуецца на відавочным супрацьпастаўленні сапраўднага і су-часнай мітусні. Гэта нават мае пэўны сінтаксічны почырк — пералічэнне брэндаў, сучасных слоўцаў і з’яў раптам заканчваецца пэўным філасофскім азарэннем або раптоўна заўважаным хараством моманту.

Дэбютная кніга — складаная з’ява яшчэ і таму, што ў вочы кідаюцца стылістычныя недасканаласці: слоўнае нагрувашчванне, канцылярызмы і непатрэбныя ўскладненні сказаў. У выпадках, калі твор мае сюжэт, гэта не так кідаецца ў вочы, але тэксты, цалкам выбудаваныя на разважаннях аднаго чалавека, чытаць цяжкавата. Аўтар часта з’яўляецца ў апавяданні то як дзеючая асоба, то як стваральнік тэксту, ламаючы чацвёртую сцяну.

Аўтар увесь час гуляе з рэальнасцю і фантазіямі, як у блакбастарах, ярка апісваючы дзеянне, а пасля згортваючы ўсё, што адбылося, у фантазію.

Як і чакаецца ад так званай атмасфернай прозы, многія апавяданні маюць рамантычны кірунак або, як мінімум, тэму стасункаў. Але вобразы жанчын на працягу кнігі выглядаюць неадназначна. Героі быццам бы захапляюцца імі, але як нейкімі аб’ектамі. Аўтар неаднаразова адпускае жартачкі, быццам галоўны страх дзяўчыны ў тым, што валасы закучаравяцца ад дажджу… Вобразы дзяўчын — капрызныя і крыху патыхаюць стэрэатыпамі, не маюць выразных рыс. Для кароткіх твораў гэта таксама некрытычны фактар, але ў вялікай прозе выглядала б занадта заўважна.

У Аляксея Кулакова выпрацаваўся свой яскравы, хаця і недасканалы, стыль. Але галоўнае, што відавочна па гэтых апавяданнях, — запас вялікай фантазіі на сюжэты, абставіны і гісторыі. Размова пра надвор’е — размова ні аб чым, але сама адсутнасць тэмы можа стаць падставай для разважанняў.

Дар’я СМІРНОВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».