Вы тут

На Магілёўшчыне адзначылі пачатак русалчынага тыдня і навучылі касіць канюшыну


У Чавускім і Кіраўскіх раёнах прайшлі любімыя ў аматараў народных традыцый «Зялёныя Святкі» і «Сенафэст».


«Зялёныя Святкі» сабралі сваіх прыхільнікаў на знакамітых Байкаўскіх крыніцах у восьмы раз. Па традыцыі фестываль адзначаецца на Тройцу, або, як кажуць у народзе, Сёмуху. Байкаўскія крыніцы лічацца цудатворнымі і на Тройцу асвячаюцца. Таму акунуцца ў іх у такі вялікі дзень, каб не хварэць ні целам, ні душой, вельмі даўняя традыцыя. А яшчэ нашы продкі асвячалі явар і бярозу, каб абараніцца ад злых духаў. Дарэчы, апошні тыдзень перад Пятровым пастом у народзе лічыцца русалчыным. А з гэтымі істотамі лепш не жартаваць. Старажытныя славяне таксама лічылі сядміцу своеасаблівай мяжой паміж вясной і летам. Гэтай падзеі яны прысвячалі свае песні і абрады. Успомніць, як усё было прапаноўвалі аматарскія калектывы з Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Клімавіцкага і Чавускага раёнаў.

А фестываль «Сенафест», які прайшоў у суботу ў Кіраўскім раёне, прысвяцілі адраджэнню традыцый сенакашэння. Яго кульмінацыя — конкурс касцоў. Гэтыі разам да мясцовых умельцаў падключыліся прадстаўнікі Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў. Касілі на хуткасць, на ювелірнае выкананне і са збіраннем травы ў стог. Пыл над пляцоўкай, як той казаў, стаяў каромыслам.

Абодва фестывалі былі багатыя на конкурсы, дэгустацыі страў беларускай кухні, майстар-класы, гульні. Майстравыя людзі з розных раёнаў прапаноўвалі свае дэкаратыўна-прыкладныя вырабы.

— Гэта фестывалі, у аснову якіх пакладзены культурныя традыцыі канкрэтных раёнаў, — адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок.— «Сенафест» з’яўляецца формай захавання і папулярызацыі земляробных традыцый і прысвячаецца пачатку касьбы. А «Зялёныя Святкі» нагадваюць, як нашы продкі адзначалі хрысціянскае свята Тройцы. Знамянальна, што гэтыя фестывалі прывязаныя да канкрэтных раёнаў і наглядна дэманструюць тое, што бытавала раней на дадзеных тэрыторыях. Вельмі важна, каб нашы нашчадкі не забываліся пра народныя традыцыі, захоўвалі іх і перадавалі сваім дзецям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogilevnews.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.