Вы тут

Крок да Алімпу робіць уся краіна. Што трэба ведаць пра VYTOKІ


Сёлета Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 30-годдзе і запрашае на дзень нараджэння ўсіх ахвотных. Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» гэтым летам аб'яднае ўсю краіну, свята завітае ў кожную вобласць. Фестывалі ўжо прымалі Ліда, Орша і Кобрын, у чаканні — Мазыр, Бабруйск і Жодзіна.


Гэта першы падобны праект у Беларусі, адметны не толькі маштабам, але і тэматыкай. Фестываль акумулюе вакол сябе спорт, культуру, мастацтва, адукацыю, турызм, развіццё рэгіёнаў — усё, чым жыве краіна, адкуль ідуць яе вытокі. За тры дні ўдзельнікі спартыўна-масавага мерапрыемства абмяркоўваюць гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна і яго брэнды, захапляюцца сучасным мастацтвам, прадстаўляюць творчыя і інавацыйныя праекты. А кульмінацыя свята — спартыўны квэст, дзе кожны можа зрабіць свой крок да Алімпу.

Паколькі ўсё новае заўсёды нязведанае, расказваем, што трэба ведаць пра спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі». А падзяліўся цікавымі фактамі каардынатар праекта Аляксей Карней.

— Вытокі праекта VYTOKІ — у сямейным свяце Olympіc Day. Добра вядомы праект Нацыянальнага алімпійскага камітэта Olympіc Day. З 2016 года ён праводзіцца ў фармаце спартыўнага квэсту з рознымі пляцоўкамі. Дзеці могуць паспрабаваць розныя віды спорту, знайсці самы цікавы для сябе і атрымаць прыз. А бацькі могуць убачыць зацікаўленасць дзіцяці, пагаварыць з трэнерам, назапасіць важную інфармацыю і там жа запісаць сына ці дачку ў спартыўную школу. Улічваючы, што гэта мерапрыемства добра зарэкамендавала сябе ў Мінску, мы вырашылі прайсці з ім па рэгіёнах, аддаць ім даніну павагі, падарыць рэгіёнам такое свята.

Не толькі спорт

Мы вырашылі напоўніць праект яшчэ і культурнай, адукацыйнай часткай, каб зацікавіць як мага больш людзей. У кожнага горада свае асаблівасці і варта раскрываць іх. Адзін з нашых партнёраў, кампанія «БелБрэндАўдыт», праводзіць цікавыя семінары па прасоўванні рэгіянальных брэндаў. Удзельнікі гэтых семінараў наведваюць з экскурсіямі мясцовыя прадпрыемствы — Кобрынскі масларобны-сыраробны завод, Аршанскі льнокамбінат. Цікавая частка праекта,  добрая магчымасць для людзей з рэгіёнаў убачыць найлепшыя творы сучасных беларускіх мастакоў і вялікі падарунак для дзяцей, што развіваюцца ў гэтай сферы, — выстаўка «Кола часу» ад галерэі «АртХаос».

Станоўчыя водгукі выклікаў канцэрт арганнай музыкі, які праходзіць у першы дзень фестывалю. VYTOKІ — гэта добры сімбіёз спорту і культуры. Таму людзям падабаецца і конкурс вакалістаў, які праходзіць на трэці дзень. Праз пандэмію падобных мерапрыемстваў стала значна менш. А для спевакоў выйсці на вялікую сцэну з добрым гукам — проста выдатна. Тым больш што гэта дадатковая частка свята для людзей, якія стаміліся і могуць пасядзець, паслухаць класную музыку, адпачыць, падтрымаць свайго земляка.

Запрашаем на юбілей

Галоўная нагода правядзення фестывалю VYTOKІ — юбілей Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Таму асноўная частка мерапрыемства — спартыўны квэст. Адначасова ў месцы яго правядзення знаходзіцца 4,5 — 5 тысяч чалавек. Мы стараемся рабіць 25–30 пляцовак, каб раздзяліць патокі і задаць пэўны спаборніцкі настрой паміж пляцоўкамі. Віды спорту ўсюды свае — у залежнасці ад таго, якія дысцыпліны пераважаюць у горадзе. Буйныя федэрацыі за кошт сваіх рэсурсаў вандруюць разам з намі па краіне. Напрыклад, федэрацыя лёгкай атлетыкі, федэрацыя футбола, хакейны клуб «Дынама-Мінск» на чале з федэрацыяй хакея. Чым больш пляцовак у горадзе — тым цікавей.

Галоўная мэта праекта VYTOKІ — зрабіць крок да Алімпу, ад масавасці да спартыўнага майстэрства. Калі на мерапрыемства прыходзіць пяць тысяч дзяцей, сярод іх абавязкова адшукаецца спартыўны талент. Ён знойдзецца, запішацца ў секцыю, дзе будзе расці і развівацца. І ў гэтым наша ідэя — пашырыць аўдыторыю сем'яў, уцягнутых у спартыўны рух. Чым большая аўдыторыя — тым больш работы будзе ў трэнераў. І набор дзяцей у спартыўныя секцыі перарасце ў адбор, што вельмі важна для рэгіёнаў.

Мы прадстаўляем самыя розныя віды спорту: у тым ліку неалімпійскія, незвычайныя, працуюць пляцоўкі ДТСААФ, адукацыйныя пляцоўкі. У Лідзе была прадстаўлена робататэхніка, дзецям вельмі спадабалася. Усюды выдатна працуе пляцоўка пажарна-выратавальнага спорту, прадстаўлена яго тэхніка, якую дзеці з задавальненнем вывучаюць, фатаграфуюцца. У іх заўсёды незвычайныя конкурсы, нават экстрэмальныя з падвесам. Класна прасоўвае свой брэнд мінскае «Дынама». Асобную лакацыю робіць Белааграпрамбанк, наш спонсар, які праводзіць цікавыя інтэлектуальныя конкурсы. Федэрацыя валейбола выбрала незвычайны фармат, яны адначасова ўключаюць некалькі ўдзельнікаў, якія выконваюць спецыяльныя заданні з сумесі фітнесу і валейбола. За тры хвіліны адбываецца інтэнсіўная трэніроўка.

Галоўны прынцып — цікавая гісторыя

У нас быў асноўны прынцып выбару гарадоў для правядзення фестывалю. Па-першае, гэта павінен быць не абласны, а раённы цэнтр. Па-другое, горад павінен мець цікавую культурную спадчыну. У Ліды багатая гісторыя з далёкіх часоў. Кобрын — горад рамеснікаў і гандляроў, таксама мае цікавы бэкграўнд. Орша цесна звязаная з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. І пры выбары гарадоў мы звярталі ўвагу на іх спартыўнае жыццё. Выбіраючы пляцоўкі, звярталі ўвагу на тое, каб там былі розныя секцыі, каб мясцовыя жыхары маглі адразу ж запісаць дзіця. Зразумела, што мы прадстаўляем і віды спорту, якіх у гэтых рэгіёнах няма. Але дзякуючы нашаму фестывалю яны могуць з'явіцца. Напрыклад, у Кобрыне вялікі ажыятаж выклікала пляцоўка бокса, і гэта ўжо «званочак» — можа, варта ўдзяліць увагу гэтаму віду.

Мы аналізуем колькасць акрэдытацый, якія дзеці атрымліваюць для праходжання квэсту. Але дакладна адсачыць колькасць удзельнікаў вельмі цяжка. Таму што буклеты ўдзельнікаў, якія выдаюцца разам з акрэдытацый, часта бяруць і дарослыя, бо ім гэта цікава. Пакуль лідар — Орша, але гэта і горад немалы. Там толькі 5,5 тысячы дзяцей прайшло па акрэдытацыі. Чым была цікавая аршанская публіка — не ўсе ставілі сабе мэту выйграць прыз, многім было проста цікава прайсці гэты квэст. І каля 2300 падарункаў мы раздалі ў Оршы, у Кобрыне было менш — прыкладна 3,5-5 тысяч акрэдытацый, але і сам горад меншы, а публіка была вельмі актыўная.

У кожным горадзе ў фестывалі ўдзельнічаюць знакамітыя спартсмены. У Кобрыне, напрыклад, быў Аляксандр Глеб. Кожны раз мы да апошняга трымаем у тайне імя спартыўнай «зоркі». У Мазыры, улічваючы што гэта Мека веславання на байдарках і каноэ, плануем бачыць сям'ю нашых весляроў Марыны і Артура Літвінчукоў. Марына якраз цяпер актыўна рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў у Токіа. У Бабруйску чакаем яго знакамітага ўраджэнца, алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Багдановіча. Вельмі шмат спартсменаў, якія жадаюць паўдзельнічаць і адкрыць мерапрыемства. Асаблівая падзяка сям'і біятлона — Людміла Ананька, Людміла Калінчык актыўна ўдзельнічаюць, праводзяць майстар-класы для дзяцей. Зразумела, што для тых максімальна цікава, калі кумір, якога бачылі толькі па тэлевізары, вучыць правільна трымаць вінтоўку... Усіх імёнаў пакуль не назаву, чым бліжэй да фіналу, тым больш ахвотных паўдзельнічаць...

Кожны горад — асаблівы

Пакуль самыя найлепшыя водгукі ад удзельнікаў атрымала Орша. Вельмі зручная пляцоўка, вялікая тэрыторыя, і горад літаральна жыў святам. У кожным месцы мерапрыемства адрозніваецца і ўсюды яно добрае па-свойму. Ліда сканцэнтравалася на вялікай колькасці розных відаў спорту, яны нават правялі турнір па чырлідынгу. Адметнасць Кобрына ў тым, што ўсё праходзіла ў адным з самых старых і прыгожых паркаў краіны — парку імя Суворава.

Фінал таксама будзе яскравы. Мы плануем правесці яго 28 жніўня, у апошнія выхадныя лета, калі людзі рыхтуюцца не толькі да першага верасня, але і хочуць запісацца ў спартыўныя секцыі. Пляцоўку падбіраем ў адпаведнасці з філасофіяй брэнда VYTOKІ, каб былі аб'яднаныя спорт і культура. Людзі з гарадоў, дзе ўжо быў фестываль, просяць прывезці яго ў наступным годзе. Таму «Вытокі. Крок да Алімпу» будзе мець працяг.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Загаловак у газеце: Крок да Алімпу робіць уся краіна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.