Вы тут

Як захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і не дапусціць паўтарэння трагедыі?


Ужо амаль як восем дзесяцігоддзяў наша краіна не ведае, што такое вайна. Аднак чым далей адыходзяць тыя падзеі, тым больш імкліва навязваюцца «новыя» варыянты гісторыі Вялікай Айчыннай. Больш за тое, у нас, нашчадкаў тых, хто цаной уласнага жыцця выратаваў свет ад фашысцкай навалы, спрабуюць адабраць галоўную святыню — Перамогу. Сёння мы як ніколі ў адказе за праўду аб вайне. За памяць, якую павінны захаваць, каб урокі 1941-га, якія ў сувязі з апошнімі ваенна-палітычнымі падзеямі з'яўляюцца надзвычай актуальнымі сёння, ні нам, ні іншым пакаленням беларусаў больш ніколі не давялося перажыць.


Каб у чарговы раз даць адпор фальсіфікатарам і псеўдагісторыкам, абмеркаваць шляхі захавання і перадачы агульнай гістарычнай памяці, напярэдадні 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў рэдакцыі газеты «Звязда» прайшоў круглы стол «Урокі 1941-га: 80 гадоў таму і сёння». У ім узялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных Сіл Беларусі Сяргей Азаронак, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Сяргей Варановіч, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Даўгала, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя.

«Звязда»: — Напад гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года для савецкага кіраўніцтва не быў нечаканасцю — гэта ўжо дакументальна пацверджаны факт. Чаму на працягу доўгага часу трансляваўся іншы пункт гледжання? Ці можна было пазбегнуць тых вялікіх чалавечых і рэсурсных страт, якія былі ў пачатку вайны?

Наталля Голубева: — Лепш за Георгія Канстанцінавіча Жукава на гэтае пытанне яшчэ ніхто не змог адказаць. Згадаем унікальны дакумент пад грыфам «абсалютна сакрэтна», які быў рассакрэчаны толькі 19 мая 1956 года. Жукаў накіроўвае ў ЦК партыі праект свайго выступлення на маючым адбыцца Пленуме ЦК пасля 20-га з'езду партыі, дзе ён на 18-ці старонках шчыра, без усялякіх перабольшанняў, выкладвае памылкі пачатку вайны, звязаныя не столькі з падрыхтоўкай арміі, узбраення, па колькасці якое, дарэчы, не саступала нямецкай арміі. Жукаў па паліцах расклаў усе памылкі кіраўніцтва. Дакумент унікальны, і супрацьстаяць яму складана.

Сяргей Азаронак.

Сяргей Азаронак: — Даводзілася асабіста працаваць з шэрагам дакументаў, якія даказваюць факт, што вайна была прадказальная. Шмат цікавых дэталяў, што ўказваюць на непазбежны пачатак вайны, утрымлівае асабістае данясенне Панамарэнкі Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Актыўна ішло пераўзбраенне Чырвонай Арміі, аднак у першыя дні вайны нам не ўдалося разгрупаваць авіяцыю, якую мы амаль страцілі. Танкавыя падраздзяленні таксама часткова былі знішчаны. У Брэсце аказалася замкнёная вялікая групоўка нашых войскаў, якая павінна была выйсці на абарону граніцы, аднак амаль уся загінула. Такіх вялікіх страт можна было б пазбегнуць, калі б хоць на некалькі дзён раней прыйшла тая дырэктыва, якую Цімашэнка з Жукавым «выбілі» ў Сталіна. Мы б не страцілі вялікі мабілізацыйны рэсурс — людзей, якія павінны былі ўзяць зброю і, паспеўшы правесці баявое зладжванне, стаць на абарону Айчыны...

«Звязда»: — У Беларусі ўжо ў першыя дні вайны пачалі разгортвацца калабарацыйныя сілы. Спробы дэстабілізаваць абстаноўку назіраліся яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай...

Наталля Голубева: — Падрыхтоўка да вайны ішла не толькі ў ваенным плане. Нашымі праціўнікамі рыхтавалася магутная ідэалагічная зброя. Успомнім 1937 год. Стаўка Абверам зроблена на беларускую эміграцыю. Быў падрыхтаваны план выкарыстання беларусаў замежжа супраць СССР. Матыў — нацыянальнае адраджэнне. Мы ведаем імёны тых, на каго і ў Беларусі была зроблена стаўка: Гадлеўскі, Акінчыц і іншыя. Хтосьці з беларусаў быў прыняты на работу ў Міністэрства прапаганды Гебельса. У гарадах Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі былі створаны беларускія прадстаўніцтвы. Праводзім аналогіі з сучаснымі падзеямі: сёння моцнай апорай апазіцыі, на жаль, таксама стала частка беларускага замежжа, арганізоўваюцца прадстаўніцтвы, прымаюцца звароты, якія нават пераклікаюцца з тымі, якія распрацоўваліся пад кіраўніцтвам нямецкіх ідэолагаў. Рыхтавалася магутная ідэалагічная база для ўварвання на тэрыторыю СССР, у прыватнасці, у Беларусь. Рупарам становіццы газета «Раніца», якая выдавалася за нямецкія грошы ў Германіі і ажыццяўляла фінансаванне дзейнасці павадыроў нацыянальнага адраджэння — Васіля Захаркі, Ларысы Геніюш і іншых. І апошні штрых у аналогіі: як рабіліся правадыры? Май месяц, 1928 год, у Германіі адбываюцца выбары ў Бундэстаг. Партыя Гітлера займае 9 месца, атрымлівае 2,6 % галасоў. Нікому невядомая партыя, Гітлер, якога апісвалі як чалавека «з бруднымі тлустымі валасамі і адзінымі прашараванымі штанамі», праз год становіцца рэспектабельным чалавекам. Партыя праводзіць буйны з'езд, і самае галоўнае, у ланцугі выстройваюцца дзяўчаты ў белым адзенні, махаюць кветкамі і вітаюць Гітлера. Вам гэта нічога не нагадвае?! Што адбылося з Гітлерам? Рэспектабельны, вымыты, жыве на віле свайго сябра Эрнста Ганфштэнгеля, які хутка прыбыў з Амерыкі. У наваяўленага правадыра з'явіліся куратары, партыя становіцца магутнай. Увесь гэты фарс выліўся ў трагедыю. Таму, абапіраючыся на гістарычныя прыклады і аналогіі, наша сённяшняя задача — не дапусціць паўтору трагедыі ў сваёй краіне.

Ірына Даўгала.

Ірына Даўгала: — У дактрыне 1943 года Алена Далеса, які нават падумаць не мог, з якой хуткасцю сёння будзе распаўсюджвацца інфармацыя і адбывацца «прамыванне» свядомасці, робіцца акцэнт на моладзь. «Літаратура, тэатры, кіно — усё гэта будзе паказваць і праслаўляць самыя нізкія чалавечыя пачуцці. Мы будзем усяляк падтрымліваць і падымаць так званых мастакоў, якія стануць навязваць і ўдзёўбваць у чалавечую свядомасць культ сексу, гвалту, садызму, здрадніцтва — усялякай амаральнасці. І ў дзяржкіраванні мы пасеем хаос і блытаніну». Падобнае мы сёння бачым і на інтэрнэт-рэсурсах, у якіх сядзяць нашы дзеці. Той самы TіkTok нам яшчэ адгукнецца....

«ЗВЯЗДА»: — Аднак тэма калабарацыі доўгі час замоўчвалася айчыннай гістарыяграфіяй. Ці не з'яўляюцца наступствамі гэтага маўчання жнівеньскія падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне?

Наталля Голубева: У нас ёсць дакладны дакумент 1946 года — вынікі Нюрнбергскага працэсу, дзе прапісана, што калабарацыя — злачынная дзейнасць. І прапісана, што рашэнне аб лёсе калабарантаў прымае кожная канкрэтная дзяржава. Згадаць тую ж Бельгію. Маленькая краіна, з насельніцтвам у 4,5 мільёна, за калабаранцкую дзейнасць адразу асудзіла 100 тысяч чалавек, тысячу з іх расстралялі. Францыя пазбавіла грамадзянства ўсіх, хто супрацоўнічаў з фашыстамі. У нас былі паказальныя працэсы над тымі, у каго была кроў на руках, астатнія адбылі розныя тэрміны пакарання. Але колькі мы хавалі здраднікаў Хатыні, не ўздымалі пытанне літоўскіх, латышскіх карнікаў, каб нікога не пакрыўдзіць, не ствараць напружанасці ў грамадстве? Хоць у той жа Латвіі з трох мільёнаў насельніцтва 150 тысяч працавалі на фашыстаў. Сёння іх узвялі ў ранг герояў. Памяркоўнасць, талерантнасць не заўсёды ідуць на карысць.

Існуе вядомая фраза: «Гісторыя паўтараецца спачатку як трагедыя, затым — як фарс». Праводзячы аналогіі з чэрвенем 1941-га, пачаткам 1990-х і тым, што адбылося ў нас ужо ў 2020-м годзе, — гэта тыя ключавыя падзеі, ад якіх мы адштурхоўваемся, каб зрабіць шматпланавыя высновы: пачынаючы з юрыдычнага пункту гледжання, заканчваючы ідэалагічным, маральным, культурным аспектамі. Чаму наша, здавалася б, абсалютна стабільная краіна, якая прайшла ўнікальны 30-гадовы шлях будаўніцтва незалежнай дзяржавы, апынулася перад шэрагам складаных праблем? Усё паўтараецца: у нашых суседніх краінах, якія спрабуюць ціснуць на нас, трагедыя вайны і гады мірнага будаўніцтва, на жаль, становяцца фарсам — дыскрэдытуецца паняцце патрыятызму, подзвігу, навязваецца іншы пункт гледжання аб героях, якія перамаглі ў крывавай вайне. І тут вельмі важны ідэалагічны аспект. Ідэалогія — самы дакладны кірунак дзейнасці. Як толькі з'яўляецца нейкі люфт у нашай свядомасці, ён імгненна запаўняецца здагадкамі, у аснове якіх, на жаль, не заўсёды падмуркам становіцца канкрэтны дакумент, гістарычны факт, і, што самае небяспечнае, часта нават гістарычныя факты проста выцясняюцца з кантэксту падзей, скажаючы іх. Таму шмат тлумачэнняў па спрэчных пытаннях аб сімвалах, калабарацыі і іншых. Гэтым карыстаюцца тыя, каму стабільнасць не даспадобы. А тэхналогіі ўплыву на свядомасць людзей старыя як свет. І калі ўспомніць, як пачыналася падрыхтоўка да Вялікай Айчыннай вайны і як адбываліся мінулагоднія падзеі, наўрад ці мы адшукаем нешта новае. Усё ў гісторыі паўтараецца. Толькі мы не заўсёды робім высновы...

«ЗВЯЗДА»: — Фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны, наўмыснае скажэнне гістарычных фактаў, прыніжэнне ролі савецкага народа ў перамозе над гітлераўскай Германіяй — актуаліі, якім апошнім часам вымушана процістаяць беларуская грамадскасць...

Ірына Даўгала: — Мы сёння з болем успрымаем трагедыю дзіцячага канцлагера ў Чырвоным Беразе, што ў Жлобінскім раёне. Вядома, што ён быў перасыльны, адтуль адпраўлялі дзяцей у Саласпілскі лагер. А што сёння кажуць у Латвіі? Што гэта быў лагер працоўнага навучання. Гісторыю ўжо перапісалі. І новая версія гістарычнага месца ўжо навязваецца сучаснаму пакаленню латвійцаў, якое ўзводзіць фашыстаў ледзь не ў ранг вызваліцеляў.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ: — Як відаць, некаторыя палітычныя сілы Еўропы, асабліва младаеўрапейцы, імкнуцца перапісаць Нюрнберг, дзе быў вынесены прысуд тым, хто распальваў вайну. Па сутнасці, гэта рэвізія вынікаў Другой сусветнай вайны, робіцца чарговая спроба рэабілітаваць сапраўдных вінаватых і памагатых у развязванні сусветнай вайны. Нагадаем, што менавіта палітычныя эліты краін-падпісантаў гэтай рэзалюцыі выступілі на баку нацызму і бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях, знішчалі мірнае насельніцтва, палілі вёскі, руйнавалі мірнае жыццё савецкіх людзей. Сёння неабходна напамінаць еўрапейцам, што ў ваенным паходзе супраць СССР разам з Германіяй выступілі Венгрыя, Румынія, Фінляндыя, Славакія, Італія. Іх войскі налічвалі каля 870 тысяч чалавек, 42 разліковыя дывізіі, звыш 6600 гармат і мінамётаў, 400 танкаў і 960 самалётаў. Усяго на баку Германіі ваявала каля 2 мільёнаў чалавек з 15 краін Еўропы. Прычым многія з іх з'яўляліся добраахвотнікамі, з якіх былі створаны нацыянальныя фарміраванні. Дарэчы, многія з іх пакінулі чорны след на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, удзельнічаючы ў знішчэнні беларускага народа.

Аляксандр Каваленя.

На жаль, у наш час робіцца шмат, каб дыскрэдытаваць Вялікую Перамогу савецкага народа над нацысцкай Германіяй. Разгорнута нябачаная раней фальсіфікацыя ваенных падзей, з'явілася нямала «шукальнікаў праўды», якія імкнуцца выяўляць і адкрываць толькі негатыўныя факты ваеннай гісторыі, перабольшваючы, а то і выдумляючы і падтасоўваючы розныя падзеі і факты, ствараючы небыліцы. Калі раней асобныя, найбольш агрэсіўныя антысаветчыкі, спрабавалі абвінавачваць Савецкі Саюз у распальванні Другой сусветнай вайны, то сёння прымаюцца адпаведныя рэзалюцыі на міждзяржаўным узроўні. Вядома, што Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), якая праходзіла ў Вільнюсе з 29 чэрвеня да 3 ліпеня 2009 года, прыняла дэкларацыю «Уз'яднанне падзеленай Еўропы: заахвочванне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у рэгіёне АБСЕ ў XXІ стагоддзі», у якой еўрапарламентарыі заклікалі аб'явіць 23 жніўня днём агульнаеўрапейскай памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Аднак на гэтым палітычныя лідары Еўрасаюза не спыніліся. Праз дзесяць гадоў, 19 верасня 2019 года, Еўрапейскі парламент зноў прыняў рэзалюцыю, у якой падкрэслівалася, што «80 гадоў таму, 23 жніўня 1939 года, камуністычны Савецкі Саюз і нацысцкая Германія падпісалі Дагавор аб ненападзенні, вядомы як Пакт Молатава-Рыбентропа, і яго сакрэтныя пратаколы, падзяліўшы Еўропу і тэрыторыі незалежных дзяржаў паміж двума таталітарнымі рэжымамі і згрупаваўшы іх у сферы інтарэсаў, што падрыхтавала грунт для пачатку Другой сусветнай вайны».

«ЗВЯЗДА»: — Атрымліваецца, што праўда аб мінулай вайне ўжо асабліва нікому, акрамя нас, не патрэбная. Мы ў адказе не толькі за яе захаванне, але і за захаванне гістарычнай памяці аб ёй, бо без памяці не будзе і праўды. Якім чынам гэта зрабіць у сучасных рэаліях, калі многія памятаць пра вайну не хочуць, а жывых сведак таго жаху з кожным годам становіцца менш?

Наталля Голубева: — У сярэдзіне 1980-х гадоў Усесаюзны Савет ветэранаў выступіў з ініцыятывай аб стварэнні кнігі «Памяць», над якой працавала амаль уся краіна. Пачынаючы ад кожнай сельскай школы, усе пісалі гісторыю сваіх герояў Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю сваіх дзядоў, бабуляў, сваіх населеных пунктаў. Чаму б цяпер не зрабіць кнігу памяці суверэннай беларускай незалежнай дзяржавы?! Кнігу, якая ўскалыхнула б усю краіну, уключыла б у агульную справу ўсіх — ад малога да вялікага. А расказаць нам ёсць пра што.

Сяргей Варановіч: — У нас прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб у кожнай вобласці і раёне былі створаны патрыятычныя цэнтры. Гэта паспрыяе не столькі абмену вопытам, колькі патрыятычнаму выхаванню моладзі. 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён працуе з 1995 года. За гэты час вайскоўцамі выяўлены астанкі больш чым 39 тысяч загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены 3528 імёнаў загінулых. Было б добра, каб пра іх лёсы ведала падрастаючае пакаленне.

Сяргей Азаронак: — Неабходна падключаць рэзерв нашых ветэранаў. На месцах — вялізны пласт актывістаў, якія хочуць працаваць. Гэта ўжо хоць і пажылыя, але загартаваныя байцы. Вось чый патэнцыял трэба выкарыстоўваць. Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Беларускі саюз афіцэраў, Ваенна-навуковая супольнасць — тры маналіты, якія адказваюць сёння за патрыятычнае выхаванне. Мы можам вельмі шмат гаварыць аб патрыятызме, аб тым, што трэба ўмацоўваць патрыятычнае выхаванне, аднак, як бы тое ні гучала, для гэтага таксама патрэбны грошы.

Ірына Даўгала: — У маёй Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе кожны год на Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці і ў Дзень абаронцаў Айчыны на Курган Славы моладзь горада, а таксама школьнікі прывозяць зямлю з месцаў баёў. На сённяшні дзень святая зямля сабрана больш чым з 530 мясцін баявой славы. Аднак галоўнае тое, што дзеці самі наведваюць канкрэтнае гістарычнае месца, даведваюцца, што там адбылося, расказваюць аб героях тых мясцін. Гэта дарагога варта.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ: — У гэты адказны гістарычны момант вучоным неабходная не проста кансалідацыя, як нашым продкам у 1410-м і ў 1941-м гадах, а аб'яднацца з усімі здаровымі сіламі Беларусі, каб не толькі выстаяць, а перамагчы, дасягнуўшы новага этапу сацыяльна-эканамічнага і духоўна-культурнага развіцця беларускага народа. Для таго каб паспяхова будаваць багатую і шчаслівую Беларусь, улада і вучоныя, творчая інтэлігенцыя — усе, для каго будучыня краіны неабыякавая, абавязаны стварыць у краіне атмасферу нецярпімасці, якая б не дазваляла прарастаць прагнасці, крывадушнасці, жорсткасці, ілжывасці, невуцтву і ўсім іншым заганам чалавека. У грамадскім асяроддзі неабходна выбудоўваць сацыяльна-грамадскія ўмовы для дзейснага фарміравання грамадзянскіх і патрыятычных якасцяў падрастаючага пакалення.

«ЗВЯЗДА»: — Але як гэта самае падрастаючае пакаленне зацікавіць?

Сяргей Варановіч.

Сяргей Варановіч: — Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. У сваёй дзейнасці мы займаемся ўвекавечаннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Палявыя пошукавыя работы 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам вядуцца штогод з красавіка да кастрычніка. Сёлета яны запланаваны на 147 аб'ектах у 48 раёнах Беларусі. Было б добра, калі б падчас пошукавых работ месцы раскопак перыядычна наведвалі школьнікі. Перш чым пачынаць работу на аб'екце, вайскоўцы вывучаюць гісторыю дадзенага месца, робяць прагноз, хто там можа быць пахаваны, у якой колькасці. У 2018 годзе, напрыклад, падчас адной з раскопак мы знайшлі астанкі чырвонаармейца. Па ацэнках экспертаў, яго прысыпала ў акопе ў першыя дні вайны. І ён як сядзеў, сагнуўшыся, такім мы яго і знайшлі: з каскай, са зброяй, пляшка з вадой. Чаму б на раскопкі не прывесці дзяцей? Яны наглядна змогуць убачыць, якія чалавечыя ахвяры былі ў час вайны, што наша зямля дагэтуль захоўвае пасля баёў — падрастаючае пакаленне будзе мець канкрэтнае ўяўленне, якой цаной нам дасталася Перамога. А калі б дзеці яшчэ ўзялі ўдзел у пошукавых работах, то дакладна ўсвядомілі б, што вайна — гэта дрэнна. Гэта і ёсць ваенна-патрыятычнае выхаванне. Неабходна прыцягваць моладзь у пошукавую дзейнасць.

Ірына Даўгала: — Тэма пошукавых атрадаў сёння надзвычай актуальная. І я дакладна ведаю, што, акрамя 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны, у абласцях ёсць тыя людзі, якія гатовыя займацца пошукавымі работамі, аднак для гэтага ў іх няма паўнамоцтваў. Чаму б не дазволіць тым жа былым вайскоўцам, ветэранам вайны ў Афганістане з дапамогай школьнікаў удзельнічаць у пошукавых работах на месцах? Гэта значна аблегчыла б задачу батальёну Мінабароны, які адзін на ўсю Беларусь, і часта, з аб'ектыўных прычын, не можа справіцца з тым вялікім аб'ёмам работы, які на яго ўскладзены. Вядома, трэба ўсё арганізаваць на такім узроўні, каб не было ніякага марадзёрства, але, як паказвае жыццё, патрыятычна настроеныя людзі душой хварэюць за агульную справу.

Сяргей Варановіч: — У нашай краіне ўсё каардынавана. У Міністэрстве абароны ёсць пастанаўленне № 16 аб супрацоўніцтве з грамадскімі аб'яднаннямі і грамадзянамі. З намі ўзаемадзейнічаюць грамадскія пошукавыя атрады. Напрыклад, ёсць канкрэтныя людзі, якія ведаюць, дзе знаходзіцца няўлічанае пахаванне. У мясцовых райвыканкамах або ваенкаматах яны складаюць інфармацыйны ліст. Калі ўпраўленнем па ўвекавечанні прымаецца рашэнне аб пошукавых работах на гэтым месцы, на раскопкі мы запрашаем і гэтых людзей. Аднак дакументальна ўрэгулявана, што без прадстаўнікоў 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна палявыя пошукавыя работы праводзіцца не могуць. І гэта, па-першае, звязана з марадзёрствам. Напрыклад, нядаўна на раскопках у Лагойскім раёне мы знайшлі 42 залатыя манеты. А калі б там працавалі іншыя людзі, дзе гарантыя, што гэтыя манеты не апынуліся б у іх кішэнях? Па-другое, на такіх аб'ектах часта выяўляюць выбухованебяспечныя прадметы. Па-трэцяе, мы вядзём дакладны ўлік астанкаў. І тут узнікае пытанне: ці зможа непрафісіянал правільна іх падлічыць?

«ЗВЯЗДА»: — А яшчэ, напэўна, вельмі важныя факты і дакументы, якія павінны быць у свабодным доступе з улікам інфармацыйных магчымасцяў.

Сяргей Азаронак: — Не трэба ў гэтай справе скідваць з рахунку музеі — тыя сховішчы памяці, якія не маюць тэрміну даўнасці. І чым старэйшыя экспанаты, тым яны больш каштоўныя. У дзяржаўным музеі гісторыі Узброеных Сіл цяпер дзейнічае выстаўка «Пакаленне міру аб вайне і міры». Сутнасць экспазіцыі ў тым, што пра вайну расказваюць дзеці: пра сваіх продкаў-ветэранаў, пра іх узнагароды, увогуле аб трагічных старонках нашай гісторыі. І калі падчас адной з паездак дзяўчынка дастала вельмі старую і падрапаную ляльку, а потым пачала расказваць, што гэта цацка яе прабабулі, якую жывой спалілі фашысты, нават у афіцэраў на вачах з'явіліся слёзы. І такі спосаб вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца найбольш эфектыўным. Чым не патрыятычнае выхаванне?

Наталля Голубева

Наталля Голубева: — Толькі дакументы, гістарычныя факты дадуць адказы на многія пытанні. Сумны вопыт нас навучыў, што нічога не трэба хаваць. Праўда, хоць і горкая, павінна быць праўдай. Таму неабходна раскрыць архівы і даць магчымасць навукоўцам працаваць з яшчэ нерассакрэчанымі дакументамі.

Ірына Даўгала: — І пачынаць трэба са школы. Я пацікавілася і паглядзела падручнікі па гісторыі нашых школьнікаў. Удумайцеся толькі: перыяд Вялікай Айчыннай вайны яны вывучаюць толькі ў 9 класе ўсяго на пяці ўроках! Да гэтага часу ў падсвядомасці дзяцей ужо сфарміравана пэўная карціна тых падзей, якая можа супярэчыць праўдзе. І калі дома няма культуры памяці, калі дзецям не расказваюць аб продках-ветэранах, не выбудоўваюць генеалагічнае дрэва, не наведваюць з імі памятныя мясціны, то аб якім патрыятычным выхаванні, правільным светаўспрыманні мінулых падзей можа ісці гаворка?! Высвятляючы гэтыя прабелы, у тым ліку ў выхаванні падрастаючага пакалення, мы сёння кампенсуем іх на заканадаўчым узроўні. Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», прыняты ў красавіку гэтага года, таму пацвярджэнне.

«ЗВЯЗДА»: — Але ці здольны гэты закон вырашыць сітуацыю ў адносінах да гістарычнай праўды, паўплываць найперш на свядомасць людзей?

Наталля Голубева: — Нам сёння важна ўлічваць не толькі памылкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а і памылкі пачатку 1990-х гадоў. Мы вельмі сціпла замоўчваем тое, што можа зрабіць меншасць. Згадаем парламент пачатку 1990-х. Невялікая група людзей у перыяд, калі адбываўся працэс шальмавання дасягненняў былога Саюза, камуністаў, у выглядзе БНФ зрабілі крокі, каб навязаць нам па сутнасці тую ж самую канцэпцыю нацыянальнага адраджэння, ідэю тытульнай нацыі, сімвалы, што і ў 1937 годзе. І толькі ўвядзенне паста прэзідэнта, рэферендум, дзе большасць насельніцтва адштурхнула ўсё гэта, далі магчымасць ствараць самастойную незалежную дзяржаву.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ: — Нельга не заўважаць і таго, што палітычныя эліты ЗША і Еўрасаюза сёння разгарнулі актыўныя дзеянні па выцясненні Беларусі з гістарычнай прасторы цывілізацыйна-культурнага і палітычнага ўплыву славянскага свету. Робіцца шмат, каб дыскрэдытаваць і парушыць гістарычнае поле жыццядзейнасці нашых продкаў, а значыць, і наш сённяшні лёс. Прычым, дзеля вырашэння геапалітычнага супрацьстаяння, сёння ўсё больш шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, каб аказваць уплыў не толькі на фарміраванне дэструктыўнай грамадскай думкі праз сацыяльныя сеткі, але і прыняцце патрэбных палітычных рашэнняў. У сродках масавай інфармацыі насаджаецца ідэалогія спажывальніцтва, а паралельна ў камерцыйных сетках прыгожымі колерамі малюецца «шчаслівае жыццё за акіянам». Робіцца шмат, каб падтрымліваць у душах людзей запал прагнасці, ілжывасці, ганарлівасці, невуцтва, якія фарміруюць у душах падрастаючага пакалення разбэшчанасць, негатыўнае стаўленне да грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў, абыякаваць да нацыянальна-дзяржаўных і духоўна-культурных традыцый народа.

Ірына Даўгала: — Сапраўды, падзеі апошніх гадоў у глабальным маштабе сведчаць аб частых у замежных дзяржавах выпадках наўмыснага скажэння гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне, вырашальнай ролі савецкага народа ў перамозе над фашызмам, аб адраджэнні ідэй нацызму і фашызму ў іх гістарычным і сучасным праяўленні культывавання радыкальнага нацыяналізму, распаўсюджвання ідэалогіі нянавісці, якая з'яўляецца ўрадлівай глебай для росту неанацысцкіх настрояў. Яны здольныя перарасці ў фізічныя акцыі гвалту, ажно да развязвання войнаў лакальнага, рэгіянальнага і сусветнага ўзроўняў. Тое, што пачалі перапісваць гісторыю, нават з'явіліся грамадскія аб'яднанні аб абароне памяці і праўды аб вайне, стала сур'ёзным штуршком задумацца пра тое, што адбываецца. Узаемасувязь перапісвання гісторыі і накладвання пэўнага клішэ на сучасныя падзеі паслужылі асноўным рухавіком для падрыхтоўкі такога дакумента. І сёння менавіта закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» ўтрымлівае амаль поўны паняційны апарат, які тлумачыць, што такое нацызм, што такое нацысцкая сімволіка і іншае. Прычым дакладна вызначана кола тых суб'ектаў дзяржаўнага кіравання, якія павінны не дапусціць гераізацыі нацызму, працаваць на прафілактыку і прымаць меры па выяўленні такіх фактаў. За парушэнне дадзенага закона прадугледжаны канкрэтныя меры адказнасці. Закон сёння дае дакладнае ўяўленне аб тым, што прадстаўляе сабой гераізацыя нацызму і што трэба рабіць, каб гэтага не дапусціць.

Сяргей Азаронак: — У нас павінны быць свае сімвалы. Аднак яны ў сваёй аснове павінны несці не разбурэнне, а стварэнне. Гэтыя сімвалы — асновы памяці аб вайне. Таму іх трэба аберагаць. Калісьці амерыканцы прыдумалі такое паняцце, як мяккая сіла. Гэта культура, адукацыя, ідэалогія. Нам трэба стварыць такую мяккую сілу, якая будзе мацнейшай за любую жорсткую сілу.

Наталля Голубева: — Талерантнасць, жаданне не варушыць старонкі мінулага, хоць не вельмі прыемныя, часам маюць зваротны эфект. Нам многае трэба пачынаць спачатку. І трэба памятаць аб сіле ідэалогіі, аб тым, што вайну, страшную, крывавую, выйгралі не столькі сілай зброі, колькі сілай савецкай ідэалогіі. І гэта вельмі важны ўрок для нас сучасных.

Ірына Даўгала: — Вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат. Значыць, работы ў нас вельмі шмат. Вельмі важна сёння быць разам з нашымі дзецьмі на месцах пахаванняў, разам з імі высвятляць, хто тут загінуў. І калі хоць бы адна сям'я ўстановіць хоць бы адно прозвішча невядомага салдата, гэта будзе каштоўней за ўсе ўзнагароды.

Круглы стол правяла Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Урокі 1941-га: 80 гадоў таму і сёння

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.