Вы тут

У НББ адкрылася экспазіцыя, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася экспазіцыя, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўка «Незабыўнае: спектаклі і фільмы аб вайне» падрыхтавана сумесна з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў.


Першая частка выставы, а гэта больш за 80 фатаграфій, якія распавядаюць аб тэатральнай і кінематаграфічнай дзейнасці ў гады вайны і пасляваенны перыяд, падрыхтавана расійскімі калегамі. Пры стварэнні экспазіцыі акцэнт рабіўся на найбольш знакавыя ў свой час спектаклі і фільмы. «Два байцы», «Чакай мяне», Балада аб салдаце», «Знак бяды», «Вазьму твой боль», легендарны спектакаль «А досвіткі тут ціхія», які быў пастаўлены ў Тэатры на Таганцы.

На выставе можна пабачыць кадры як з шырокавядомых кінастужак, так і рарытэтныя фатаграфіі, зробленыя па спектаклях, у тым ліку і тыя, якія аматарам тэатральнага мастацтва раней былі невядомыя. А пачынаецца выстаўка з п'есы Аляксандра Карнейчука «Фронт», якая была пастаўлена ў 1942 годзе практычна на ўсіх тэатральных пляцоўках савецкай краіны, і гэта была першая пастаноўка, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. На стэндах пададзены фатаграфіі, дзе акцёры розных тэатраў іграюць яе.

Падчас адкрыцця выставы загадчык Музея гісторыі кіно Ігар Аўдзееў заўважыў, што ў залежнасці ад таго, ці ўдавалася аўтарам адстаяць свае задумкі, атрымліваліся розныя карціны. Так, за адну з найлепшых карцін беларуска-расійскай вытворчасці, народную трагедыю «Ідзі і глядзі» аўтарам давялося змагацца на працягу 8 гадоў. Фільм неаднаразова запускалі і спынялі, але ўсё ж удалося дачакацца часу, калі задуму атрымалася рэалізаваць, прычым на 98 працэнтаў. Алесь Адамовіч, які ствараў сцэнарый, меў прафесійную адукацыю. Як прафесійны сцэнарыст, ён выдатна разумеў, чым адрозніваецца літаратурная вобразнасць ад кінематаграфічнай, як перакласці мову літаратуры на мову кіно. Да гэтага часу ва ўсім свеце карціна «Ідзі і глядзі» прызнаецца адным з найлепшых твораў пра вайну, выйграе ў рэйтынгах, якія праводзяцца рознымі інтэрнэт-рэсурсамі. Карціна з'явілася дзякуючы грамадзянскаму подзвігу нашага класіка Алеся Адамовіча і вядомага савецкага рэжысёра Элема Клімава.

Ігар Аўдзееў згадаў яшчэ адну значную карціну, якая з'явілася ў выніку беларуска-расійскага супрацоўніцтва, — фільм Віктара Турава «Праз могілкі», які быў зняты ў 1964 годзе. Карціна зроблена па аповесці расійскага пісьменніка Паўла Нілена, які апісваў сітуацыю ў Беларусі ў гады вайны. Адным з першых фільм закрануў далікатную і раней не ўзнятую тэму — што адбывалася ў душах людзей, якія аказаліся ў акупацыі. А яны перажылі шок, бо раней верылі, што вайна павінна была прайсці хутка, пераможна і выключна на варожай тэрыторыі. Аказалася, што за вельмі кароткі час Беларусь была занятая ворагам. Фільм распавядае, як людзі, пераадольваючы могілкі надзей у сваіх душах, адраджаюцца да актыўнага супраціўлення.

Тэма вайны і сёння працягвае цікавіць рэжысёраў і сцэнарыстаў. На жаль, не заўсёды яны ўлічваюць вопыт папярэднікаў і часам нават ствараюць «мыльныя» серыялы аб вайне, чым скажаюць успрыманне гісторыі, і гэта можа весці да іншых вынікаў, а не працягваць памяць пра вайну.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Люстэрка памяці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.