Вы тут

Як прайшло ўнікальнае свята кавальскага майстэрства «Крошынскі перазвон»


Аграгарадок Крошын, што ў Баранавіцкім раёне, — месца, дзе спалучаюцца дзве на першы погляд супрацьлеглыя з'явы: узнёслая паэзія і зямное рамяство. А ўвасобіў усё гэта адзін чалавек — Паўлюк Багрым. Вядомы аўтар аднаго верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы» праславіўся яшчэ і як таленавіты каваль: сёння ў крошынскім касцёле Божага цела захоўваецца жырандоля, выкаваная рукамі майстра.


Брэнд вобласці

У мінулыя выхадныя ў Баранавіцкім раёне ўшанавалі памяць знакамітага земляка. У аграградку Крошын, адкуль родам паэт і каваль, 19—20 чэрвеня прайшло свята кавальскага майстэрства «Крошынскі перазвон». Яно — даніна павагі земляку і ўжо своеасаблівы брэнд Баранавіцкага раёна.

«Некалькі гадоў таму паўстала пытанне пра тое, што Баранавіцкі раён мае багатую гісторыю, а ў нас няма свайго брэндавага мерапрыемства. Чаму менавіта Крошын? Таму што тут нарадзіўся Паўлюк Багрым, тут знаходзіцца яго знакамітая жырандоля, ён тут і пахаваны. І чаму б не адштурхнуцца ад гэтай тэмы?» — расказвае гісторыю свята Аксана Шчэрба, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвынкама.

Першае падобнае свята праводзілася ў Крошыне 15 гадоў таму па ініцыятыве баранавіцкага гісторыка і краязнаўцы Аляксандра Жука. Але тады працягу мерапрыемства не атрымала. У 2016 годзе Крошын зноў стаў цэнтрам кавальства. А з гэтага года свята набыло абласны характар. «Гэта брэндавае мерапрыемства не толькі для Баранавіцкага раёна, але і для ўсёй Брэсцкай вобласці. Такі фестываль у нас адзін. І ўдзельнікі, і гледачы прыехалі з усёй краіны, што падкрэслівае яго цікавасць і важнасць», — адзначыў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк. Сёлета мерапрыемства прайшло пры фінансавай і іншай падтрымцы аблвыканкама.

Аналагаў такому святу ў Беларусі пакуль няма. Гэта адзінае сапраўднае спаборніцтва кавалёў. Галоўная частка «Крошынскага перазвону» — конкурс «Каваль куе, жаўрук пяе». «Вядома, сапраўдныя кавалі сёння вельмі запатрабаваныя, у іх шмат заказаў. Гэта старажытнае рамяство, і ахвотных навучыцца яму шмат. Выраб, выкананы сваімі рукамі, — непаўторны. Таму мы праводзім конкурс, каб даць магчымасць майстрам паказаць сябе, а гасцям свята — пазнаёміцца з гэтым старажытным рамяством», — адзначыла Аксана Шчэрба.

Сваё майстэрства ў Крошыне дэманстравалі сямёра кавалёў. Дзмітрый Шашкоў і Георгій Підэнка — з Баранавіцкага раёна, Максім Манчак і Аляксандр Матусевіч — з Баранавіч. Сяргей Блезэ прыехаў са Стоўбцаў, яшчэ адзін прадстаўнік Мінскай вобласці — Максім Давідовіч. А Алесь Вараб'ёў — гродзенскі каваль.

«Кавальская справа — адно са старадаўніх і самых паважаных рамёстваў, у народзе каваля лічылі волатам, у чыіх руках жалеза і агонь становяцца паслухмянымі. Прадметы, вырабленыя кавалямі, не маюць паўтораў, кожная рэч унікальная і адзіная ў сваім выкананні. Дзякуючы вытокам нацыянальных традыцый беларусы застаюцца самабытным народам. І сёння нам як ніколі неабходна памятаць пра сваю самабытнасць. Гэтае свята вяртае нас да вытокаў гісторыі», — сказаў, адкрываючы свята, старшыня Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Карпенка. Дарэчы, гэты «Крошынскі перазвон» — яго першае свята на пасадзе старшыні райвынканкама.

Найлепшыя сярод роўных

Пачалося свята з падарункаў Крошыну. На пляцоўцы каля мясцовага Дома культуры быў адкрыты арт-аб'ект — музычная лаўка, а ў самой установе з'явіўся каваны стол. Новыя славутасці пасёлка, якія адразу сталі фотазонамі, зрабілі пераможцы конкурсу на найлепшы арт-аб'ект Дзмітрый Шашкоў і Георгій Підэнка. Дарэчы, арт-аб'екты ўжо сталі традыцыйнай спадчынай «Крошынскага перазвону». Пасля мерапрыемстваў 2016 і 2019 гадоў у пасёлку засталіся дэкаратыўная арка-падкова і ліхтар. А скульптура «Жаўрук Багрыма» ў круглай зале мясцовага Дома культуры стала важнай часткай вясельнага абраду, які тут праводзіцца. Пасля рэгістрацыі шлюбу жаніх і нявеста абавязкова гладзяць жаўрука. Месцічы вераць, што гэта прынясе сямейнае шчасце. Конкурсныя работы кавалёў таксама застануцца ў Крошыне. Госці пасёлка змогуць наведаць і вернісаж кавальскага майстэрства.

Хоць усе майстры і прывезлі ў Крошын свае вырабы, каб паказаць іх гасцям свята, гэтага не хапіла... Як было недастаткова прадставіць і хатняе заданне — выкаваць насценны ліхтар. Пакуль усе адпачывалі, кавалям прыйшлося папрацаваць: на працягу трох гадзін яны выкоўвалі кандэлябр. Лепшы метад пазнаёміць гасцей свята з кавальскім рамяством прыдумаць цяжка. Гледачы ў рэжыме рэальнага часу назіралі за працэсам стварэння шэдэўраў. У выніку ў намінацыі «Выстава-продаж каваных вырабаў» перамаглі Дзмітрый Шашкоў і Георгій Підэнка. Лепей за ўсіх з хатнім заданнем справіўся Максім Манчак. Ён жа стаў найлепшым кавалём па выніках галасавання гледачоў. Першае месца суддзі аддалі кандэлябру, які выканаў Алесь Вараб'ёў.

Узначальваў журы беларускі мастацтвазнаўца, этнолаг, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, член Міжнароднай федэрацыі народнай творчасці Яўген Сахута. Ён высока ацаніў арганізацыю свята і ў прыватнасці конкурсу кавальства. «Прыемна, што кіраўніцтва Баранавіцкага раёна цэніць і шануе памяць Паўлюка Багрыма, і ў яго гонар праводзіцца такое свята. Майстры-ўдзельнікі ўсе таленавітыя, многія з іх вядомы за межамі Беларусі. Хацелася, каб «Крошынскі перазвон» у перспектыве выйшаў на рэспубліканскі ўзровень», — адзначыў ён.

Парад умельцаў

Сваё майстэрства гасцям «Крошынскага перазвону» дэманстравалі не толькі кавалі. У межах свята прайшоў фестываль «Напевы зямлі маёй», які стаў сапраўднай прэзентацыяй адметнасцяў кожнага раёна. Самымі актыўнымі былі, вядома, прадстаўнікі Брэсцкай вобласці. Свае таленты паказвалі творчыя калектывы з горада Кобрына, Пінскага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Драгічынскага раёнаў. Майстры народнай творчасці Бярозаўскага, Маларыцкага, Ляхавіцкага раёнаў праводзілі майстар-класы і арганізавалі цэлы міні-музей вырабаў народнай творчасці. Прэстыжнасць і важнасць рэгіянальнага свята ўзнялі майстры з Лідскага раёна і горада Гомеля. Агульныя намаганні арганізатараў і ўдзельнікаў свята зрабілі яго праграму насычанай і разнастайнай. Кожны змог знайсці сабе занятак па душы. Для аматараў народнай творчасці — прэзентацыі рамёстваў, выступленні народных музыкаў, фальклорная праграма. Літаратары маглі завітаць на «Бібліятэчны падворак», які ўтульна размясціўся ў ценю старога парку. Нават у мінулае можна было трапіць, дзякуючы паказальным выступленням клуба гістарычнай рэканструкцыі. Цікава было на свяце не толькі дарослым — забаўлялі тут і малых.

У другі дзень «Крошынскага перазвону» з канцэртам выступіў беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры».

У госці да Багрыма

У час, калі ўнутраны турызм Беларусі набыў другое дыханне «Крошынскі перазвон» — не проста мерапрыемства, а яшчэ і складнік турыстычнага брэнду Баранавіцкага раёна. А паглядзець у Крошыне сапраўды ёсць што. Адметнае нават месца правядзення свята — парк шляхцічаў Святаполк-Завацкіх, пасаджаны ў ХІХ стагоддзі. Парк вядомы велічнымі ясенямі і дубам, які ў 1884 годзе пасадзілі вядомы вучоны Ігнат Дамейка і паэт Антон Адынец. У цэнтры парку сёння знаходзіцца Дом культуры, у «круглай зале» якога можна пазнаёміцца з моднай калекцыяй беларускіх народных касцюмаў. Недалёка ад парку — мемарыяльны знак на месцы, дзе размяшчалася кузня Паўлюка Багрыма і дзе ў 1881 годзе нарадзілася яго знакамітая жырандоля. Сам цуд чалавечага таленту сёння знаходзіцца ў мясцовым касцёле Божага цела. Першы касцёл у Крошыне быў пабудаваны ў 1442 годзе, а ў 1920-я гады ўзведзены сучасны мураваны будынак. Паўлюк Багрым назаўсёды застаўся на радзіме. Непасрэдна за сценамі касцёла — яго магіла, побач з помнікам знаходзіцца памятны валун з надпісамі па-лацінску і па-беларуску: «Vіta brevіs — Patrіa eterna», што азначае «Жыццё кароткае — Радзіма вечная».

Крошын ужо ўключаны ў мноства турыстычных маршрутаў па Баранавіцкім раёне, сама гісторыя пасёлка схіляе да гэтага. Арганізатары ўпэўненыя, што «Крошынскі перазвон» павысіць цікавасць турыстаў да мястэчка. Бо брэнд сёння — вялікая сіла.

«Крошынскі перазвон» не толькі брэндавае свята Баранавіцкага раёна, але і доказ таму, што нават нікуды не выязджаючы можна выдатна правесці выхадныя. Спалучэнне гісторыі, крэатыву, таленту і душэўнасці нікога не пакінуць раўнадушнымі.

Валерыя СЦЯЦКО

Баранавіцкі раён

Загаловак у газеце: «Крошынскі перазвон» у гонар Багрыма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».