Вы тут

У Гродзенскім раёне пачалося добраўпарадкаванне знакамітых крыніц


Літаральна днямі каля іх з'явіліся стылізаваныя дубовыя шыльды. Устаноўлены драўляныя лаўкі і парэнчы на крутым лесвічным спуску. Рыхтуюцца інфармацыйныя стэнды пра якасць вады. У найбліжэйшых планах — намер падаць праект на абласны конкурс ініцыятыў для далейшага фінансавання.


Крынічны край знаходзіцца ў наваколлі вёскі Прывалка. Ад Гродна — крыху больш за 30 кіламетраў. Адметнасць раёна ў тым, што ён прыгранічны. Ад літоўскага горада Друскенікі ўсяго каля 10 кіламетраў. На думку старажылаў, крынічная вада мае такія ж якасці, што і ў вядомым курорце.

Мясцовыя жыхары здаўна ведаюць гэтыя крыніцы. Сюды вядуць сцежкі, зроблены лесвіцы, нават трубы для вады пракладзены. Па словах старшыні Гожскага сельвыканкама Наталлі Макаўчык, крынічная вада запатрабавана не толькі ў мясцовага насельніцтва, але і гараджан. Карыстаюцца ёю і кіроўцы фур, якія стаяць на міжнародным пункце пропуску.

— На сёння грамадскасць ставіць пытанне аб добраўпарадкаванні крыніц, навядзенні парадку. Мясцовыя ўлады, вядома, гатовы падтрымаць ініцыятыву і аказаць пэўную дапамогу, — адзначыла старшыня сельвыканкама.

Праўда, яна ўдакладніла, што ёсць некаторыя абмежаванні. Напрыклад, бюджэтныя сродкі могуць укладвацца толькі ў тыя аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельскага Савета. Гэта датычыць, у тым ліку, і крыніц. У астатніх выпадках ёсць дамова з лясгасам, некаторыя віды работ дапамогуць выканаць спонсары. Не так даўно, падчас суботніка, на тэрыторыі крыніц валанцёры прыбралі смецце і пачысцілі лес.

Зараз добраўпарадкаванне пачалося з устаноўкі стыльных шыльдаў. Яны зроблены па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Крыніца». Гродзенскі майстар разьбы па дрэве Мікалай Скляр апрацаваў дубовыя калодкі, на якія прымацавана шыльда з выразанай назвай. Усяго зроблена чатыры драўляныя ўказальнікі. З дапамогай работнікаў лясгаса, які даў піламатэрыял, указальнікі ўсталяваныя ў кірунку крыніц. У хуткім часе з'явяцца стэнды з інфармацыяй аб якасці вады па кожнай з іх.

— Добра, што ў нас з'явіліся шыльды. Яны выкананы з густам і ў стылі лясной інфраструктуры, майстар мае аўтарскае права на іх, — патлумачыла Наталля Макаўчык.

З падачы таго ж грамадскага аб'яднання крыніцы атрымалі ўласныя назвы. Напрыклад, у Прывалках крыніца носіць імя Элізы Ажэшкі. Згодна з мясцовымі паданнямі, гродзенская пісьменніца часта прыязджала ў мясцовы храм і спускалася да гэтай крыніцы набраць вады. На думку старшыні сельвыканкама, назву неабходна абгрунтаваць дасканалымі фактамі. Вялікі краязнаўчы матэрыял аб гэтых мясцінах сабраны ў мясцовай школе, ёсць багаты архіў у святара храма. Сабранай інфармацыяй неабходна скарыстацца пры ўсталяванні стэндаў.

— Што датычыцца добраўпарадкавання самой крыніцы, мы пытанне абмяркоўвалі, і я думаю, што ў наступным годзе зможам нейкую частку бюджэтных сродкаў выдзеліць. Сёлета будзем рамантаваць дарогі на гэтых участках і ў вёсцы Прывалка. Зробім масткі, парэнчы, пад'яздныя шляхі, каб можна было пад'ехаць аўтобусам і аўтамабілем, але не зусім блізка, бо трэба не парушыць прыродны ландшафт, — дадала суразмоўца.

Каля крыніцы «Мар'яна» акрамя інфармацыйнага стэнда усталявана дубовая лаўка і адноўлена лесвіца з парэнчамі. Водная артэрыя знаходзіцца далёка ў нізіне, таму да яе мясцовыя жыхары ўсталявалі спуск і нават сабралі частку крыніцы ў пластыкавую трубу. Гродзенскі лясгас, на тэрыторыі якога знаходзіцца водны аб'ект, таксама актыўна ўключыўся ў работу. Падчас прыезду ініцыятыўнай групы аднаўляўся спуск да «Мар'яны».

— Гэта непасрэдна наш профіль работы. З цягам часу будзем мяняць трубы, якія крыніцу трымаюць, будзем іх аднаўляць, — паведаміў ляснічы Гожскага лясгаса Назарый Коршак. — Мы вядзём санітарнае прыбіранне тут кожны тыдзень. У нашым лясніцтве даволі шмат крыніц, можна сказаць, яны б'юць у кожным яры.

На думку прадстаўніка лясгаса, супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі садзейнічае падтрымцы экалагічнай раўнавагі, ахове навакольнага асяроддзя. Важна, каб людзі ведалі аб прыродным багацці і ставіліся да яго адказна. Сюды з кожным годам прыязджае ўсё больш людзей. Ды і тэма крыніц зараз на слыху, з'явілася жаданне піць чыстую ваду.

Як расказала кіраўнік ініцыятыўнай групы і старшыня грамадскай арганізацыі «Крыніца» Тэрэза Белавусава, работа па добраўпарадкаванні вядзецца ў рамках творчага праекта «Гродзенская пушча». Ініцыятыва ўвайшла ў абласны конкурс грамадзянскіх і маладзёжных праектаў пад назвай «Стварэнне гаючага парку і экалагічнага турызму ў заказніку».

— Мы прадставім гэты праект на разгляд камісіі абласнога конкурсу ініцыятыў. У нас ужо ёсць напрацоўкі. Мы ўсталявалі шыльды. Потым будзе весціся добраўпарадкаванне тэрыторыі, устаноўка лавак, столікаў, альтанак. Чарцяжы ўзгоднены з Гродзенскім лясгасам і аддзелам архітэктуры Гродзенскага райвыканкама, — расказала Тэрэза Белавусава. — Зараз ідзе першы этап, будзе другі і трэці. Мы распрацавалі буклеты, у тым ліку маршрут Элізы Ажэшкі, у гонар якой названа адна з крыніц.

Такая работа, лічыць грамадская актывістка, надасць значнасці гэтай тэрыторыі, раскрые яе патэнцыял. Разам з навуковым творчым калектывам «Прынямонне» пры НАН Беларусі «Крыніца» займаецца зборам дакументаў для надання крыніцам статусу помнікаў прыроды. І такая верагоднасць ёсць. Увогуле, праект мае шанц трапіць у рэспубліканскую праграму «Зялёныя тэхналогіі, рэсурсакарыстанне і экабяспека» на 2021—2025 гады. Як сцвярджае Тэрэза Белавусава, усе крыніцы маюць непаўторны склад вады. Такую асаблівасць заўважылі яшчэ яе продкі, якія тут жылі з пакалення ў пакаленне. Для таго каб праверыць гэта, будзе зроблены дакладны хімічны аналіз вады, які знойдзе адлюстраванне на інфармацыйных стэндах. Аматары праекта ўпэўнены, што аналагаў гэтай вады на тэрыторыі краіны больш няма.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Райгарад, Мар'яна і Эліза Ажэшка...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... 

Калейдаскоп

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

 Куды б вы ні накіроўваліся, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх.

Культура

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

«Жанчыну, якая займаецца танцамі, відаць здалёк!»