Вы тут

У «Урочышчы «Пяскі» адбылася акцыя «Памяццю і смуткам свет пераможа вайну»


Акцыя была арганізавана Беларускім фондам міру сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам і Беларускай праваслаўнай царквой. У якасці ганаровага госця ў мерапрыемстве ўзяў удзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Уладзімір Андрэйчанка. Дарэчы, парламентарыі таксама ахвяроўвалі грошы на стварэнне мемарыяла. А дэпутат пятага і шостага склікання Наталля Гуйвік увекавечанне памяці тых, хто знайшоў свой апошні спачын у Пясках, лічыла адной з галоўных сваіх спраў падчас работы ў прадстаўнічым органе ўлады.


Год таму мемарыял быў адкрыты. «Звязда» таксама дапамагала рэалізаваць ідэю яго стварэння. У яе нумарах, пачынаючы з 2013 года, у рамках сумеснага з грамадскасцю Полаччыны праекта «Урочышча Пяскі», рэгулярна публікаваліся артыкулы з расповедамі пра гэта трагічнае месца і пра тое, як ажыццяўляецца ідэя стварэння тут помніка.

Месца памяці знаходзіцца на ўскраіне горада, дзе ў 1941—1944 гадах немцы стварылі перасыльны лагер «Дулаг-125» для ваеннапалонных. Вязні знаходзіліся ў жудасных умовах. Ад голаду і хвароб штодня паміралі да двухсот чалавек. Па некаторых ацэнках, за гады акупацыі Полацка і за час функцыянавання гэтага пекла на зямлі памерла не менш за сорак тысяч палонных. Ёсць меркаванне, што ў месцы, дзе цяпер мемарыял, можа ляжаць да 150 тысяч чалавек. Тут таксама расстрэльвалі падпольшчыкаў, партызан і мірных жыхароў.

Дзясяткі гадоў гэтае месца заставалася без належнага ўшанавання. Ледзь прыкрытыя пяском парэшткі размывалі дажджы. У 65-ю гадавіну Перамогі прынялі рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу. Цяпер гэта месца, дзе праводзяцца гарадскія патрыятычныя акцыі.

Спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка, выступаючы на тэрыторыі комплексу перад палачанамі і гасцямі горада, падкрэсліў неабходнасць памяці пра падзеі вайны. Павага да гістарычнай праўды — гэта і магчымасць пабудаваць светлую будучыню. Полацкі мемарыял нагадвае пра страшную трагедыю, пра якую нельга забыць, гэта напамін пра спробу знішчыць беларускі народ, пра яго прыніжэнні, сказаў старшыня Палаты Прадстаўнікоў.

На акцыі прысутнічала каля пяцісот чалавек розных узростаў. Былі запрошаны дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі ўсіх рэлігійных канфесій, прадстаўнікі арганізацый і грамадзяне, якія ўнеслі вялікі ўклад у будаўніцтва мемарыяла.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю — pixabay.com

Загаловак у газеце: «Пяскі» — месца смутку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.