Вы тут

За выхадныя на вадаёмах загінулі 22 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей


Па аператыўных даных Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах, за перыяд з 14—20 чэрвеня патанулі 39 чалавек, чатыры з іх былі непаўналетнімі.


У Аршанскім раёне Віцебскай вобласці загінуў 15-гадовы хлопчык: як потым высветлілася, ён не ўмеў плаваць. У Гомельскай вобласці 13-гадовы падлетак сказаў бабулі, што паедзе з сябрамі гуляць, насамрэч трапіў на вадаём, з якога ўжо не вярнуўся. У Магілёўскай вобласці патанула 15-гадовая дзяўчынка: гуляючы з сабакам, яна спатыкнулася і ўпала ў ваду. У Шклове на рацэ Днепр загінуў дзевяцігадовы хлопчык. Абставіны і прычыны надзвычайнага здарэння высвятляюцца.

— Прычынай трагедый на вадаёмах сярод непаўналетніх з'яўляецца той факт, што бацькі не сочаць за месцазнаходжаннем сваіх дзяцей, — адзначыў начальнік вадалазна-ратавальнай службы Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Дзмітрый БАРАНОЎСКІ. — Дзеці альбо гуляюць самі, альбо пакінуты на бабуль і дзядуль, якія з улікам свайго ўзросту не могуць прадбачыць наступствы магчымых трагедый. Яшчэ раз звяртаемся да бацькоў: сачыце за сваімі дзецьмі! Тады ў нас не будзе такой жудаснай статыстыкі.

Асноўнай прычынай гібелі на вадзе дарослых па-ранейшаму застаецца алкаголь. Акрамя таго, трагедыі здараюцца і з-за таго, што людзі, у тым ліку ў стане алкагольнага ап'янення, купаюцца ў непрыстасаваных для гэтага месцах.

Нягледзячы на такую сумную статыстыку, трагедый магло б быць яшчэ больш. За гэты ж перыяд (з 14 да 20 чэрвеня) выратавана 35 чалавек, у тым ліку 13 дзяцей. Аб небяспецы папярэджана звыш тысячы чалавек, у тым ліку каля 300 непаўналетніх. Усяго з пачатку года патанулі 144 чалавекі, у тым ліку 18 непаўналетніх. Выратавана 134 чалавекі, з якіх 32 — дзеці.

Як паведаміў памочнік міністра — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ, у аператыўных зводках — людзі рознага ўзросту, узроўню дастатку і рознага стаўлення да жыцця. «Следчыя і эксперты ўстановяць дакладныя прычыны ўсіх трагедый, але вельмі часта нават слоў відавочцаў дастаткова, каб зразумець, якім чынам маглі развівацца падзеі: ужыванне алкаголю, жаданне паказаць уласную годнасць і выдатныя фізічныя магчымасці, грэбаванне элементарнымі мерамі бяспекі, — перакананы афіцыйны прадстаўнік МНС. — Мы неаднаразова нагадваем: купанне на неабсталяваных пляжах небяспечна! Ужываць алкаголь, няхай і ў маленькіх дозах, падчас адпачынку — недапушчальна! Дзяцей ні на хвіліну нельга пакідаць без нагляду! Калі нехта тоне, трэба неадкладна тэлефанаваць ратавальнікам па нумарах 101 або 112».

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю — pixabay.com

Загаловак у газеце: Трагедыі на вадзе

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.