Вы тут

З серады да пятніцы тэмпературныя максімумы будуць дасягаць 33—36 цяпла


Неяк перад пачаткам лета нашы асобныя спецыялісты паспрабавалі спрагназаваць надвор'е больш чым на тыдзень. У іх атрымлівалася, што ў чэрвені будзе даволі дажджліва і не асабліва цёпла. Аказалася, прагноз — так сабе. Гарачае паветра ўжо цяпер перашкаджае дыхаць на поўныя грудзі, а што будзе заўтра?


Выключна гарачае надвор'е захаваецца ў нашай краіне да канца тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У гэтыя дні эксперты прадракаюць нам не мяккі пачатак лета, а сапраўдную афрыканскую спёку. У нашым рэгіёне дажджоў будзе няшмат, а чэрвеньскае сонца працягне бязлітасна паліць. Так атрымалася, што тэмпературны фон за 20 чэрвеня ўжо на 6—10 градусаў перавысіў кліматычную норму, а асноўная спякота яшчэ наперадзе. Не прыносяць вялікай палёгкі і ночы, бо слупкі тэрмометраў ніжэй плюс 15—21 не апускаюцца, а з узыходам сонца паветра настолькі інтэнсіўна награваецца, што ўжо да 8—9 раніцы, як правіла, тэмпературны фон па краіне перавышае 25 градусаў цяпла.

У аўторак чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, максімальная тэмпература паветра ўдзень будзе ад плюс 29 градусаў да 34 цяпла, месцамі па паўднёвым усходзе — да плюс 35 градусаў з плюсам. Заўтра, у сераду, кароткачасовыя дажджы чакаюцца толькі ў асобных раёнах заходняга рэгіёна нашай краіны. Месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 17 градусаў да 22-х са знакам плюс. Удзень у гарадах чакаецца наогул «парніковы эфект». У гэты час паветра прагрэецца да 29—34 цяпла, месцамі да плюс 35—36 градусаў.

Такім жа днём выпрабаванняў будзе і чацвер. Трэцім днём тэмпературных максімумаў стане пятніца. Праўда, месцамі па краіне прагназуюцца кароткачасовыя, але досыць сур'ёзныя дажджы, часам навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 17—23 градусаў. Удзень будзе 25—32 цяпла, па ўсходзе плюс 33—36 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у суботу спякота паволі стане выдыхацца, калі за трыццаць будзе толькі месцамі. У гэты дзень пройдуць кароткачасовыя дажджы, чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 16—23 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 22—28 градусаў, па ўсходзе — да 29—32 цяпла.

Па падліках нашых спецыялістаў, сапраўды «адпусціць» гарачыня толькі ў нядзелю.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Спякота перамагае

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.