Вы тут

У Брэсце праходзяць мерапрыемствы да Дня памяці і смутку


Памятныя мерапрыемствы пачаліся раніцай у нядзелю на пляцоўцы каля кінатэатра «Беларусь» выязной акцыяй «Жыць, каб памятаць». Яе зладзіў Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны. Да 80-годдзя пачатку гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці прымеркаваная філатэлістычная выстава, якая адкрылася ў грамадска-культурным цэнтры ў гэты ж дзень.


Фота: БелТА

Цэлы шэраг патрыятычных і відовішчных акцый адбыліся ў панядзелак. У іх ліку — «Эстафета сцяга «Перамога». Сцяг Усерасійскай патрыятычнай акцыі, прысвечанай Вялікай Перамозе, расійскія госці перадалі дырэктару мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгору Бысюку. Цяпер сцяг будзе захоўвацца ў музеі Брэсцкай крэпасці.

Па традыцыі пад вечар 21-га шмат людзей збіраецца каля кінатэатра «Беларусь». Сюды завіталі і ўдзельнікі аўтапрабегу Брэст — Іркуцк — Брэст. Адсюль у 17 гадзін стартавала традыцыйная імпрэза «Мірны вечар на Савецкай». Рэканструктары з дапамогай касцюмаў эпохі 40-х паспрабавалі аднавіць атмасферу часу, прашпацыравалі па пешаходнай Савецкай. Паўсюль на гарадскіх пляцоўках праходзілі канцэрты духавой музыкі, песень і твораў ваенных гадоў.

Каля Холмскіх варот крэпасці Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правёў акцыю памяці «Баявы разлік». Мерапрыемства вось ужо шосты раз ладзіцца каля сцен Брэсцкай крэпасці ў гонар герояў-пагранічнікаў, тых, хто 21 чэрвеня 1941-га ў 19 гадзін прайшоў рытуал прызначэння на ахову дзяржаўнай граніцы — баявы разлік, які аказаўся апошнім. Бо ў першыя ж хвіліны вайны ў бой з праціўнікам уступілі байцы пагранічных нарадаў. І, нягледзячы на тое, што падраздзяленням германскай арміі на захоп кожнай з застаў адводзілася гадзіна, нашы вартавыя граніцы трымаліся многія гадзіны, нават дні. Абараняліся да апошняга байца альбо апошняга патрона.

Гэта ў іх гонар, а таксама ў гонар усіх пагранічнікаў, якія загінулі ў гады вайны, на плошчы перад помнікам героям граніцы выстраіліся курсанты Інстытута пагранічнай службы з партрэтамі байцоў Беларускай пагранічнай акругі. Пачалася пераклічка:

— Начальнік 9-й заставы 105-га пагранатрада Іларыён Сямёнавіч Аляксееў!

— Кулямётчык 1-й заставы 17-га пагранатрада чырвонаармеец Міхаіл Васілевіч Андрыянаў!

— Начальнік 9-й заставы 17-га пагранатрада герой Савецкага Саюза Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў!..

І адказ у кожным выпадку быў аднолькавы: «Паў смерцю храбрых за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы».

Калі ж акцыя з партрэтамі скончылася, 18—19-гадовыя курсанты па камандзе строем пракрочылі па брукаванцы крэпасці ў адкрытыя Холмскія вароты, так, як іх равеснікі ішлі ў далёкім 1941-м, каб стаць на шляху ворага. Яны пайшлі ў бяссмерце і сталі памяццю. А сэнс баявога разліку ў тым, каб падкрэсліць, што іх подзвіг, самаахвярнасць і мужнасць не забытыя.

22 чэрвеня па шматгадовай традыцыі пройдзе мітынг-рэквіем. Гэтая акцыя пачынаецца ў 3.30 на плошчы Цырыманіялаў і плаўна перацякае ў вялікую ваенна-гістарычную рэканструкцыю абароны Брэсцкай крэпасці. Летась рэканструкцыю адмянілі з-за пандэміі. Сёлета ў Брэст прыехалі многія клубы рэканструктараў.

У канферэнц-зале музея абароны Брэсцкай крэпасці адбылася прэзентацыя альбома «Подзвіг савецкага народа бессмяротны: новыя экспазіцыі «Брэсцкай крэпасці-героя» і Музея Перамогі на Паклоннай гары ў Маскве», які выйшаў у выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ, адкрываючы прэзентацыю, адзначыў глыбокі сімвалізм месца яе правядзення — на зямлі Брэсцкай крэпасці. Ён сказаў, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы на працягу шэрагу гадоў падтрымлівае выданне кніг гісторыка-патрыятычнай накіраванасці і назваў новую кнігу вынікам душэўнага парыву музейшчыкаў, навукоўцаў, які падштурхоўвае нас да роздуму.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор БЫСЮК нагадаў, што менавіта дзякуючы бюджэту Саюзнай дзяржавы за тры гады рэалізаваны праект «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці». У ходзе праекта выканана 17 мерапрыемстваў па рамонце, кансервацыі аб'ектаў і стварэнні трох новых экспазіцый.

Самым урачыстым момантам прэзентацыі стала перадача Дзмітрыем Мезенцавым Рыгору Бысюку згаданай кнігі на захаванне ў музеях крэпасці. Пры гэтым Дзяржсакратар паведаміў, што першыя экзэмпляры выдання перададзены Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну ў знак пашаны за вялікую работу па захаванні гістарычнай праўды аб вайне.

Усе прысутныя на мерапрыемстве ўбачылі асаблівую логіку ў тым, што прэзентацыя альбома плаўна перацякла ў круглы стол расійскіх і беларускіх журналістаў, навукоўцаў, музейшчыкаў на тэму «Вялікая Айчынная вайна: захаванне гістарычнай памяці — маральны абавязак пакаленняў».

Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір ПЯРЦОЎ зачытаў прывітальны адрас ад Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі КАЧАНАВАЙ. «Няхай увесь свет ведае, што для народаў Беларусі і Расіі гісторыя Вялікай Айчыннай вайны заўсёды будзе сімвалам гордасці і яднання», — гаворыцца ў адрасе.

У фармаце відэазвароту прагучалі прывітальныя словы ад памочніка прэзідэнта Расіі Уладзіміра МЯДЗІНСКАГА і дырэктара Службы знешняй разведкі, старшыні Расійскага гістарычнага таварыства Сяргея НАРЫШКІНА. У абодвух выпадках удзельнікам канферэнцыі пажадалі плённай работы. У сваіх выступленнях на круглым стале навукоўцы і практыкі засяродзілі ўвагу на самых розных аспектах захавання гістарычнай памяці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Жыць і помніць

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.