Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Правіла ці выключэнне?

...Як той казаў, балела, балела і набалела — прымусіла напісаць. Што канкрэтна? Гатовая растлумачыць.

Фота Анатоля Клешчука.

Справа ў тым, што я ў свае (мякка скажам) не вельмі маладыя гады пайшла вучыцца, захацела спраўдзіць даўнюю мару — атрымаць вышэйшую адукацыю.

Многія, пачуўшы пра гэта, дзівіліся і не разумелі: маўляў, што — атрымаеш дыплом і пойдзеш на пенсію? Я на гэта казала і кажу: «Ну і няхай! Мне хочацца вучыцца, мне цікавы сам працэс, і я рада, што вучоба, адбіраючы мой вольны час, дае ўзамен нашмат большае.

...Дзве апошнія сесіі (каранавірус) давялося здаваць «з дыстанцыі»: па відэасувязі быў і экзамен па беларускай літаратуры.

Я не магла не заўважыць, як цяжка яго здавалі мае аднакурснікі. І гэта пры тым, што выкладчык быў проста цудоўны!.. Для мяне яго лекцыі праходзілі, як адна хвіліна, мне — было не наслухацца!

А вось іншым... Адна маладая асоба ў «Вайберы» так і выдала: «Какое счастье, что я не буду читать эти белорусские книги!»

Для мяне гэтыя словы прагучалі, як удар кувалды... Ёй трэба было адказаць! Але як? Напісаць, што гэта хутчэй наадварот — вялікае няшчасце... Прычым — не толькі для яе: для іншых таксама, бо які ж бібліятэкар атрымаецца з такога чалавека? Што ён зможа прапанаваць, параіць чытачу?

Не, я разумею: сёння шмат розных кніжак з блізкага і дальняга замежжа — раманаў-аднадзёнак, танных дэтэктываў, рознай непатрэбшчыны, якая нічога (альбо амаль нічога) не дае ні сэрцам, ні розумам.

І пры гэтым творы беларускіх пісьменнікаў, якія маглі б так шмат расказаць нам пра наша жыццё (якое было, якое ёсць і нават будзе) застаюцца стаяць на паліцах.

...Не ведаю, магчыма, гэтае дзяўчо гаварыла толькі за сябе, выказвала сваё меркаванне, магчыма, такі ж «шчаслівы» нехта яшчэ. Аднак большасць аднагрупнікаў (мне хочацца ў гэта верыць) усё ж такі ведае, што наша літаратура ні ў чым не саступае літаратурам іншых краін, што нам патрэбны хіба яе прапагандысты (добрыя бібліятэкары, прадаўцы ў кнігарнях, настаўнікі...), патрэбна іншае стаўленне людзей да роднай беларускай мовы, бо цяпер...

Падчас апошняй сесіі (і не менш, чым словы той «шчаслівай» аднагрупніцы) мяне ўразіла падзяка прафесара, якому давялося здаваць залік. Прадмет быў тэхнічны, падручнікі ўсе на рускай мове, значыць, і адказваць можна было па-руску, але навошта, калі валодаеш сваёй, беларускай?

Вось я і адказвала... Магчыма — адзіная з нашай групы, бо выкладчык, паставіўшы залік, раптам сказаў: «Дзякуй за мову!»

Нехта іншы, можа, усміхнуўся б і сказаў, маўляў, няма за што. А мяне з тога дня даймае думка: чаму гэта ў Беларусі беларус беларусу раптам дзякуе за тое, што павінна быць нормай?

...Так, мы жывём у няпросты час. Многія перыядычныя выданні для таго, каб не страціць чытачоў, перайшлі на рускую мову. «Хварэюць» на гэта і многія «раёнкі» (раённыя газеты), нягледзячы на тое што іх пажылыя вясковыя падпісчыкі ведаюць беларускую мову, любяць яе і хацелі б на ёй болей чытаць.

Пакуль, дзякаваць богу, трымаюцца беларускамоўныя «Звязда», «Культура», «Літаратура і мастацтва»... Трымаюцца і выжываюць, я думаю, таму, што тут працуюць людзі, у многім падобныя да нашага выкладчыка беларускай мовы: верныя сабе і ўласным прынцыпам, перакананыя ў тым, што робяць патрэбнае.

І гэта напраўду так: я ведаю, што маё прызнанне ў любові да роднай мовы не адзінае, што яно жыве ў сэрцах многіх сапраўдных шчырых беларусаў, жыве на старонках гэтых выданняў і, вядома ж, у цудоўных творах беларускіх пісьменнікаў.

Застаецца толькі чытаць.

Таццяна Маляўка, Ганцавіцкі раён


Прыехаць, каб застацца

Больш за дзесяць гадоў на нашай ферме працуе цікавая сямейная пара: украінка Таццяна і Алік-грузін. Але гэта — па-нашаму, па-мясцоваму.

На самай справе ён Аляксей Тарыелавіч Дзамукашвілі, вельмі сімпатычны і пазітыўны чалавек. У свой час вайсковая служба закінула яго ў Херсонскую вобласць. Там жа пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута планавала жыць і працаваць яго абранніца Таццяна. Аднак сітуацыя ў краіне рэзка змянілася, уся калгасная маёмасць была раздадзена на паі, работу па спецыяльнасці амаль не знайсці... Аляксей прапаноўваў жонцы паехаць на сваю Радзіму ў Грузію, але там ішла вайна з Абхазіяй...

І тады выратавальным кругам для маладой сям'і стала пацверджаная ў архівах інфармацыя пра тое, што адзін з дзядуляў Таццяны быў выхадцам з вёскі Вяззе Бярэзінскага раёна. Гэта давала шанс атрымаць дазвол на пастаяннае жыхарства. Да таго ж у недалёкіх адтуль Капланцах якраз будавалася малочна-таварная ферма...

Новыя памяшканні, работа, новы катэдж, прыгожыя мясціны — усё гэта не магло не прывабіць маладую сям'ю: тут, на зямлі сваіх продкаў, Таццяне захацелася пусціць карані. І таму сужэнцы паціху-памалу сталі абжываць свой дом, развіваць уласную гаспадарку: разводзіць то авечак, то цялят, то курэй, а летась вырасцілі два дзясяткі індыкоў пад 30 кілаграмаў кожны...

І ў прафесійным плане ў іх многае атрымалася. Алік працуе на ферме так званым начным дырэктарам — вартаўніком, у якога не толькі злодзей, нават мыш не праскочыць, Таццяна — загадчыцай. У яе падпарадкаванні 26 чалавек. Жывёле кармоў хапае. Надоі растуць. «Паказчыкі пакуль што сціплыя, — прызнаецца жанчына, — але калектыў добры. Чаго вартыя нашы маладыя даяркі Наталля Усніч, Людміла Шалепіна, Ірына Палянская... Да парадку на ферме яны ставяцца гэтак жа, як да спраў на ўласных падворках. З такімі людзьмі можна заваёўваць і вышэйшыя рубяжы. Яны ў нас пакуль наперадзе».

Хочацца верыць, што так яно і будзе!

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён


«Сядзець без справы — гэта не пра яго!»

Што праўда, тое праўда: самае высакароднае з усіх мастацтваў — гэта медыцына. Удзячная прафесія! Праўда, шлях да яе часам вельмі і вельмі нялёгкі.

Родную вёску Мар'яна Адольфавіча Рудэўскага спалілі немцы. Адзінае, што бацькі змаглі ўратаваць, была швейная машынка. Якраз яна і выручала гэтую сям'ю. Цяжкі быў час, вайна, але ж людзі ўсё роўна ў нешта адзяваліся і апраналіся... Рудэўскія запыняліся ў адной нейкай хаце, нашывалі ўсім абновак, — пераязджалі ў другую і такім чынам мелі не толькі начлег ды ежу, але і сякую-такую капейку. За яе — хай праз нейкі час — гаспадару пашчасціла купіць каня, на ім вярнуцца ў родную вёску, пабудаваць там хлеў і невялічкую хатку, у якой па-ранейшаму нешта шылася і перашывалася.

Не дзіва, што бацька, вядомы ў акрузе кравец, бачыў свайго сына спачатку добрым памочнікам, а потым — і не горшым майстрам. Маці ж, хоць сама была непісьменная, хацела, каб Мар'ян атрымаў іншую прафесію, каб ён некуды паступіў, каб вучыўся далей.

Хлопчыку было ўжо дзесяць, калі ў вёсцы адкрылася школа, і ён змог пайсці ў першы клас.

Адпаведна, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў у 20, і пра далейшую вучобу нават слухаць не хацеў: сям'я па-ранейшаму жыла вельмі цяжка, хлопцу хацелася дапамагчы бацькам, стаць на ногі самому. І таму па камсамольскай пуцёўцы ён з'язджае ў Казахстан, на будаўніцтва Джэзказганскага медзеплавільнага камбіната, і толькі праз тры гады паступае ў медінстытут.

Але ж і там, пакуль вучыўся на першых двух курсах, падзарабляў на чыгунцы, разгружаў вагоны, потым — уладкаваўся фельчарам на хуткую дапамогу, а ўрэшце, ужо з дыпломам, заняў пасаду галоўнага санітарнага ўрача ў Бераставіцы. Прычым трапіў, як той казаў, з агню ды ў полымя, бо па раёне «гуляла» інфекцыя брушнога тыфу (каля сарака ачагоў). І гэта шчасце яшчэ, што тады абышлося без ахвяр... Дзякуючы і яму, маладому доктару.

...На сваю Ашмяншчыну, бліжэй да бацькоў, Мар'ян Адольфавіч трапіў ужо чалавекам сталым, вопытным і сямейным. Тут перш-наперш ён заняўся павышэннем прафесіяналізму медперсаналу, увядзеннем у практыку інструментальных экспрэс-метадаў лабараторных даследаванняў на месцах нагляду, капітальным рамонтам будынка санэпідстанцыі... Шмат сіл патраціў на тое, каб на малочнатаварных фермах запрацавалі лазні.

У пастаяннай напружанай рабоце, у клопатах час, як вядома, пралятае хутка: 45 гадоў Мар'ян Адольфавіч адпрацаваў галоўным санітарным урачом, стаў выдатнікам аховы здароўя, не раз абіраўся дэпутатам раённага і гарадскога Саветаў, узначальваў партыйную і прафсаюзную арганізацыі...

Толькі ў свае семдзясят, грунтоўна змяніўшы адносіны людзей да санітарыі (а значыць, і да свайго здароўя!) Мар'ян Адольфавіч змог пакінуць абраную некалі справу, сысці на сапраўды заслужаны адпачынак і сесці на ровар, каб ездзіць на лецішча, займацца пчоламі, каб пастаянна нешта рабіць — для сям'і, для людзей, бо сядзець без справы — гэта не пра яго.

Мікалай Балыш, г. Ашмяны


Чароўная кветка... ліпы

Раніца. Вёска. Пах — салодкі, ні з чым не параўнальны! Вільготная свежасць паветра даносіць яго з суседняга двара, дзе на ўсю моц цвіце ліпа! Водар расцякаецца ад падворка да падворка, стварае адзіную духмяную прастору, напоўненую гудзеннем і мітуснёй працавітых пчол.

...Тады, перад Купаллем, вось гэтак жа гула і віравала моладзь: дзяўчаты спляталі вянкі з рознакаляровых красак, хлопцы рыхтавалі вогнішча.

Яго запалілі, як толькі на зямлю апусціўся змрок. Полымя разгарэлася, водбліскі пабеглі па вадзе, зайграў гармонік. Да адной з дзяўчат падышоў хлопец, працягнуў залацісты букет, сабраны з галінак ліпы, — запрасіў на танец. Зачырванеўшыся ад такой увагі, дзяўчына прытуліла да грудзей пышны падарунак, пакорліва выйшла ў круг.

Яны глядзелі адзін на аднаго і не маглі наглядзецца, бо менавіта ў гэтую часіну раптам зразумелі, што ў руках не ліпа, а сапраўдная папараць-кветка — тая самая, што цвіце толькі раз.

...Кожны год, калі зацвітае ліпа, муж дорыць сваёй каханай галінкі лёгкіх залатых суквеццяў — як жывы напамін пра чароўную кветку, якую некалі на Купалле яны адшукалі!

Ірына Салата, г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».