Вы тут

Урач распавёў пра тое, як выжыць у спёку


Правілы выратавання ў спякоту рана ці позна, але бываюць актуальнымі для нашай краіны кожным летам, калі на некалькі дзён, а то і больш усталёўваецца гарачае і сухое надвор'е. У такія дні мы адчуваем стомленасць і прыгнечанасць.


pixabay.com

— Варта адразу адзначыць, што знясільвае і адмоўна дзейнічае на арганізм не сама спякота, а яе працягласць. Доўгая гарачыня стварае стрэс для чалавечага арганізма, якому прыходзіцца ўключаць свае сілы для кампенсавання спёкі, а сілы маюць уласцівасць вычэрпвацца, — тлумачыць загадчык аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Рэгіна Іваноўская. — Спякота небяспечная сонечным і цеплавым ударамі, а таксама пагоднай гіпаксіяй, калі ўзровень кіслароду, які змяшчаецца ў паветры, значна зніжаецца. Дыхаць такім паветрам цяжка, арганізм рэагуе з'яўленнем дрымотнасці і слабасці.

А спякота ў горадзе — увогуле выпрабаванне не для слабых. Некаторыя людзі з вялікай цяжкасцю пераносяць высокія тэмпературы, у душным мегаполісе гэта яшчэ складаней. Каб захаваць добрае самаадчуванне ў такія дні, існуе некалькі простых рэкамендацый.

Пажадана некалькі разоў на дзень прымаць душ і насіць вопратку з экаматэрыялаў. Адзенне для лета павінна быць з натуральных тканін — віскозы, шоўку, лёну і бавоўны. Апранайце на вуліцу толькі лёгкую вопратку светлых тонаў. У спякоту лепш насіць галаўны ўбор — панаму, саламяны капялюшык, хустку, бандану.

Каб хутка асвяжыць твар і рукі, насіце з сабой балончык з тэрмальнай вадой або пульверызатар з мінеральнай вадой. Таксама карысна змочваць вобласць патыліцы. Старайцеся адмовіцца ад моцнага макіяжу. Мінімуму касметыкі — тушы і бляску для вуснаў — у спякоту будзе цалкам дастаткова. Выкарыстоўвайце ачышчальныя і асвяжальныя сродкі для догляду скуры.

Для мыцця галавы ў гарачае надвор'е можна выкарыстоўваць танізуючыя шампуні з утрыманнем экстрактаў мяты, эўкаліпту або грэйпфруту. На працягу дня можна ўціраць у віскі кропелькі ментолавага масла, гэта дапаможа вярнуць адчуванне прахалоды і свежасці.

У гарачае надвор'е ўзмацняецца потааддзяленне, а з потам у арганізме губляюцца мікраэлементы і солі. Для папаўнення солевага балансу ўжывайце лёгказасваяльную, багатую мінеральнымі рэчывамі і вітамінамі ежу, аддавайце перавагу гародніне і садавіне. Прымаць ежу пажадана невялікімі порцыямі, пазбягаючы пераядання.

Значна скараціце або зусім адмоўцеся на час ад цяжкіх прадуктаў, такіх як мяса. Разам з мяснымі прадуктамі выключыце тлустае і вострае, паколькі гэтая ежа яшчэ больш разагравае арганізм, і высокая тэмпература пераносіцца значна цяжэй. Устрымайцеся ад ужывання алкагольных напояў і піва, выключыце або звядзіце да мінімуму курэнне.

Каб здаволіць смагу, піце натуральную чыстую ці мінеральную ваду маленькімі глыткамі. Для нармалізацыі артэрыяльнага ціску можна выпіваць шклянку астуджанай зялёнай гарбаты або шклянку свежавыціснутага соку сельдэрэю ў дзень. У спякоту не варта ўжываць салодкія сокі: праз некалькі хвілін смага будзе яшчэ мацнейшай. Таксама пажадана выключыць газаваныя напоі. Рэкамендаваная тэмпература пітной вады, гарбаты, напояў — 12—15 °С.

Дома або на рабоце карыстайцеся вентылятарамі. Пажадана, каб яны дзьмулі ў розных напрамках, таму лепш за ўсё паставіць два. Калі вы карыстаецеся кандыцыянерамі, выбірайце тэмпературу 18—24 °С. Прастору вакол працоўнага месца карысна злёгку апырскваць вадой з пульверызатара.

Дома як мага часцей праводзьце вільготнае прыбіранне памяшканняў. Для падтрымання ў кватэры высокай вільготнасці можна паставіць у кожным пакоі па вялікай ёмістасці з вадой, накрыць батарэі вільготнай тканінай, напоўніць ванну прахалоднай вадой. Ложак засцілайце лёгкай бялізнай. Выдатны варыянт для добрага сну ў летнюю ноч — шаўковая пасцельная бялізна. Яна застанецца прыемна-прахалоднай усю ноч.

Ратуючыся ад спёкі дома ў кватэры, звярніце ўвагу на колер вашых штор на вокнах. Светлыя шторы адштурхоўваюць сонечныя прамяні, а цёмныя паглынаюць і награваюцца, аддаючы цяпло ў пакоі. Каб знізіць тэмпературу ў памяшканні на некалькі градусаў, заклейце шкло вокнаў спецыяльнай плёнкай-святлафільтрам.

У спякоту рэкамендуецца таксама абмежаваць фізічныя нагрузкі. Паспрабуйце на некаторы час адмовіцца ад заняткаў на трэнажорах і бегавых дарожках. У такое надвор'е лепш за ўсё займацца практыкаваннямі, якія ўзбагачаюць арганізм кіслародам: дыхальнай гімнастыкай, пілатэсам, ёгай. Таксама карысна хоць бы два-тры разы на тыдзень хадзіць у басейн.

У спёку старайцеся не выходзіць на вуліцу ў дзённыя гадзіны, калі сонца знаходзіцца ў зеніце. Калі вам усё ж даводзіцца выходзіць у горад, то старайцеся выбіраць для маршруту зацененыя месцы, там, дзе больш дрэў, а таксама карыстайцеся парасонам — ён ратуе не толькі ад дажджу, але і абараняе ад сонца.

Як пазбегнуць цеплавога ўдару

  • Падчас работы ва ўмовах павышанага цеплавога рэжыму варта кожную гадзіну рабіць кароткачасовыя перапынкі і выбіраць прыдатнае спецадзенне.
  •  Пазбягайце павышанай фізічнай актыўнасці і пасіўнага знаходжання пад прамым сонечным святлом з 11.00 да 16.00.
  •  Пазбягайце працяглага знаходжання на сонцы без галаўнога ўбору.
  • Пры змене кліматычнага пояса на больш спякотны неабходна піць больш вадкасці (сокаў, адвараў, а лепш за ўсё — звычайнай вады), але толькі з тых інгрэдыентаў, якія не валодаюць мачагонным або патагонным эфектам.
  • Калі вам прызначаны лекавыя прэпараты, пракансультуйцеся з урачом, ці не могуць яны ўплываць на ўстойлівасць арганізма да тэмпературных перападаў.
  • Ніколі не пакідайце машыну на сонцы. Калі ўсё ж гэта здарылася, не сядзіце ў гарачым салоне больш за 10 хвілін.
  • Калі дарослыя ў стане самі падумаць пра ўласнае здароўе, то асновай прафілактыкі цеплавога ўдару ў дзіцяці з'яўляецца ўвага і асцярожнасць яго бацькоў. Правільна падбірайце дзіцяці вопратку, сачыце за тым, што яно есць і п'е. Каб пазбегнуць цеплавога ўдару ў дзіцяці, старайцеся гуляць з ім у цені, а яшчэ лепш выходзіць з дому выключна раніцай і ўвечары.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Небяспечны плюс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?