Вы тут

У «Звязды» з'явіўся падпісчык, якому амаль 100 гадоў


У Радуні прайшоў дзень падпісчыка ў рамках дня інфармавання насельніцтва

У сустрэчы з мясцовымі жыхарамі ўзялі ўдзел старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч, старшыня Радунскага сельвыканкама Андрэй Шынкевіч, начальнік сектара ідэалогі і па справах моладзі Лілія Сідаровіч, дырэктар школы Святлана Пачобут, начальнік Воранаўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Валасевіч.


Алег Валасевіч атрымаў падарунак ад «Звязды».

Мясцовыя жыхары сабраліся ў сельскім выканаўчым камітэце. Тэма дня інфармавання датычылася выхавання патрыёта і ролі гісторыка-культурных каштоўнасцяў у фарміраванні асобы.

Цікавы праект прадставіла Радунская сярэдняя школа. Як расказала яе дырэктар Святлана Пачобут, тут некалькі гадоў дзейнічае пошукавы атрад, які збірае матэрыялы аб баявой славе вёсак, што знаходзяцца на тэрыторыі сельскага Савета. Вучні наведваюць знакавыя мясціны, звязаныя з ваеннымі гадамі, шукаюць сведкаў ваеннага ліхалецця, запісваюць успаміны тых, хто перажыў вайну. У школе ёсць сваё тэлебачанне, таму матэрыял прадстаўлены ў фармаце відэароліка. Творчая група вучняў сваімі сіламі здымала і манціравала фільм.

Жыхары Радуні змаглі пазнаёміцца з творчым праектам пошукавага атрада.

Па словах старшыні Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алены Ганевіч, кожны сельскі Савет прадстаўляе матэрыял аб ваенным жыцці вёсак. Такім чынам складваецца паўнавартасная гісторыя ўсяго раёна ў відэафармаце. Гэты матэрыял будзе пакладзены ў аснову віртуальнай кнігі «Памяць. Воранаўскі раён у гады Вялікай Аўчыннай вайны». У падрыхтоўцы віртуальнай кнігі таксама выкарыстоўваецца матэрыял папяровага выдання кнігі «Памяць». Прэзентацыя праекта пройдзе ва ўсіх сельскіх Саветах Воранаўскага раёна, адзначыла Алена Ганевіч.

Увогуле, тэма патрыятызму дытычыць не толькі ваеннага мінулага. Тут варта згадаць і нашу культурна-гістарычную спадчыну. Менавіта такі пасыл адрасавала аўдыторыі начальнік сектара ідэалогіі і па справах моладзі Лілія Сідаровіч. Яна заўважыла, што выхаванне патрыятычнай свядомасці закладваецца з дзяцінства, важную ролю ў гэтым адыгрывае школа. Аднак не трэба забывацца і пра сям'ю. Напрыклад, наведванне з бацькамі аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны. Такія экскурсіі ў рамках адной сям'і вельмі карысныя як у сэнсе знаёмства з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, так і ўмацавання сямейных адносін. Аб'ектаў для сумесных вандровак хапае. Вось і на тэрыторыі Воранаўскага раёна знаходзяцца 22 такія аб'екты, звярнула ўвагу Лілія Сідаровіч. Сярод іх і помнікі культуры, гісторыі, археалогіі, аб якіх многія нават не ведаюць. Таму перад установамі адукацыі ставіца задача — прыцягваць у такія экскурсіі сем'і, каб наведванне знакавых мясцін стала для іх традыцыяй. Папулярнымі становяцца туры выхаднога дня па Беларусі.

Дарэчы, папулярызацыя дадзенай тэмы праводзіцца і на старонках газеты «Звязда». Прысутныя змаглі азнаёміцца з асноўнымі рубрыкамі газеты, тэмамі, якія з'яўляюцца на старонках найстарэйшага рэспубліканскага выдання. У газеты слаўнае ваеннае мінулае, яна не спыняла сваю дзейнасць і ў гады акупацыі, выдавалася ў партызанскіх зямлянках. Сёння чытачы атрымліваюць патрэбную інфармацыю на самыя актуальныя тэмы, асвятляюцца падзеі, што адбываюцца ў грамадстве.

Трэба сказаць, што пасля прэзентацыі колькасць прыхільнікаў «Звязды» павялічылася. Напрыклад, новым падпісчыкам стаў начальнік Воранаўскага раённага аддзела па НС Алег Валасевіч. Асабліва радуе той факт, што да падпісной кампаніі далучыўся ветэран вайны Іван Адамавіч Носаль, які пражывае ў Радунскім сельскім Савеце. А ўсяго на тэрыторыі Воранаўскага раёна жыве чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Праўда, сам Іван Адамавіч на змог прыехаць на сход з-за даволі сталага ўзросту: яму 99 гадоў, і мясцовыя ўлады спадзяюцца, што ў наступным годзе павіншуюць яго са 100-гадовым юбілеем. Вядома, свайго падпісчыка павіншуе і газета «Звязда». Дарэчы, усе, хто аформіў падпіску, атрымалі сувеніры з лагатыпам газеты.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.