Вы тут

Вузкі спецыяліст ці ўніверсальны?


Адно з галоўных патрабаванняў да спецыяліста будучыні — наяўнасць у яго міждысцыплінарных навыкаў, бо ўсе адкрыцці цяпер робяцца на стыку навук. Прафесіяналы такога ўзроўню больш мабільныя, яны арыентуюцца ў некалькіх абласцях ведаў, бачаць задачу з розных бакоў і здольныя да вырашэння глабальных праблем. Для вышэйшай школы падрыхтоўка канкурэнтаздольных выпускнікоў з міждысцыплінарнымі ведамі і ўніверсальнымі кампетэнцыямі — сапраўдны выклік. Пра тое, як гэту задачу вырашаюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, мы гутарым з прарэктарам ВНУ па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Аксанай ЗДРОК:


— Час вузкапрпафесійных навыкаў і вузкіх спецыялістаў прайшоў. Сёння да кваліфікаванага спецыяліста прад'яўляюцца патрабаванні глабальнага характару, якія выяўляюцца ў шырокай інтэграцыі гуманітарных, сацыяльных і тэхналагічных якасцяў. Таму ў БДУ ўкараняецца так званая Стратэгія цэласнасці адукацыі, якая дапаўнаяе практыка-арыентаваны і кампетэнтасны падыход у падрыхтоўцы спецыялістаў.

На рынку працы сёння дзейнічае тэорыя І-спецыяліста і Т-спецыяліста. І-спецыялісты — эксперты ў нейкай адной вобласці. А катэгорыя «T» — гэта тыя работнікі, у якіх ёсць глыбокія веды ў пэўнай галіне, але шырокае кола кампетэнцый дазваляе ім эфектыўна працаваць за іх рамкамі і супрацоўнічаць з іншымі спецыялістамі ў самых розных галінах і дысцыплінах.

Студэнт, які навучаецца ў ВНУ, павінен атрымліваць цэласнае ўяўленне пра свет і вопыт цэласнай дзейнасці, а не толькі вузкапрафесійнай.Такая думка закладзена ў Стратэгію цэласнасці адукацыі. А дасягаецца гэтая задача наладжваннем міжфакультэцкіх і міжкафедральных сувязяў. Факультэтаў у нас шмат, бо БДУ — універсітэт класічнага тыпу: ёсць і прыродазнаўчыя, і гуманітарныя, і тэхнічныя спецыяльнасці. Таму ёсць шырокае поле для такой дзейнасці.

Увогуле для рынку працы сёння ўласцівая хуткая зменліваць і нестабільнасць. Мы рыхтуем спецыяліста на першай ступені вышэйшай адукацыі чатыры гады, а за гэты час і сама спецыяльнасць, і веды, якія атрымлівае студэнт, могуць страціць сваю актуальнасць. Таму важна быць мабільнымі і ўмець хутка адаптавацца. Турбулентны час патрабуе новых падыходаў... Мы спрабуем адысці ад вузкапрафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Прычым, на наш погляд, важна ўлічваць не толькі сацыяльны заказ на падрыхтоўку спецыяліста, але запыты студэнта ў плане яго самаразвіцця.

Канікулы — не толькі для адпачынку

— І як на практыцы рэалізоўваюцца міжфакультэцкія сувязі?

— Адзін з напрамкаў — сумеснае выкладанне вучэбных дысцыплін. Напрыклад, эканамічны і юрыдычны факультэты сумесна чытаюць «Асновы інтэлектуальнай уласнасці» і «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Тое, што не мог сказаць юрыст, скажа эканаміст. Такім чынам, адзін аднаго дапаўняюць. Перспектыўны кірунак узаемадзеяння — укараненне групавых вучэбных праектаў, якія выконваюцца студэнтамі некалькіх факультэтаў ці спецыяльнасцяў сумесна ў рамках падрыхтоўкі курсавых, дыпломных і магістарскіх работ. З гэтай мэтай у найбліжэйшы час кафедры павінны распрацаваць міждысцыплінарныя тэмы для ўключэння іх у тэматыку дыпломных работ і магістарскіх дысертацый. Але тэматыка для праекта можа прапаноўвацца не толькі кафедрамі і структурнымі падраздзяленнямі БДУ. Гэта могуць зрабіць і знешнія заказчыкы, і самі студэнты. Работа кожнага ўдзельніка (курсавая, дыпломная ці магістарская дысертацыя) будзе часткай агульнага праекта.

У наступным навучальным годзе плануем укараніць такую форму работы, як «Тыдзень міжфакультэцкага ўзаемадзеяння». Усе ведаюць аб праекце для абітурыентаў «Стаць студэнтам на тыдзень». Дык вось, мы збіраемся прапанаваць нашым студэнтам таксама на працягу тыдня наведваць заняткі, навуковыя мерапрыемствы, лабараторыі, музеі на іншых факультэтах, каб пазнаёміцца з іх адукацыйна-навуковым патэнцыялам і завязаць карысныя знаёмствы, каб аб'яднацца ў каманду для выканання групавога праекта.

Вельмі эфектыўнымі мы лічым правядзенне летніх і зімніх анлайн-універсітэтаў, удзельнікамі якіх сталі ўжо больш за 500 студэнтаў. Падчас канікул усім ахвотным (у тым ліку і студэнтам іншых ВНУ) прапануецца праслухаць бясплатна курсы, якія могуць зацікавіць і быць карыснымі для прадстаўнікоў самых розных спецыяльнасцяў. Так, летам 2020 года студэнцкай моладзі былі прапанаваны 18 дысцыплін, а зімой бягучага года — 13. Сярод іх — «Web- праграмаванне», «Італьянская мова для пачаткоўцаў», «Тэхналогія электроннага навучання», «Пераклад у навуковай дзейнасці», «Займальная фотажурналістыка», «Выпуск вучэбнай газеты», «Гісторыя вялікіх археалагічных адкрыццяў», «Нумізматыка», «Маўленчае развіццё асобы», «Працоўнае права», «Крыміналогія», «Асновы прадпрымальніцтва і бізнесу», «Лічбавая бяспека» і іншыя. Курсы чытаюцца высокакваліфікаванымі айчыннымі і замежнымі спецыялістамі анлайн з выкарыстаннем Адукацыйнага партала БДУ.

Генетыка — для матэматыка

— Ведаю, што ў вашых студэнтаў ёсць таксама магчымасць вывучаць дадатковыя дысцыпліны на іншых факультэтах. Цікава, што яны выбіраюць?

— Гэтая ўнікальная форма работы ўкаранёна пакуль толькі ў БДУ. Мэта праекта па фарміраванні індывідуальнай адукацыйнай траекторыі — пашырэнне ў студэнтаў прафесійных кампетэнцый.

Скарыстацца магчымасцю вывучаць дадаткова дысцыпліны па выбары могуць студэнты любога курса, а таксама магістранты ўсіх факультэтаў БДУ без выключэння. Навучанне па дадатковых дысцыплінах не абмяжоўваецца вучэбным курсам. Гэта значыць, што першакурснік пры жаданні можа абраць дысцыпліны, якія вывучаюцца, напрыклад, на чацвёртым годзе падрыхтоўкі. Выбіраць дадатковыя дысцыпліны можна як на сваім факультэце, так і на іншым. Выключэнне складаюць толькі замежныя мовы і англамоўныя курсы — іх дадаткова нельга абраць.

За два гады магчымасцю дадатковага навучання зацікавіліся 44 студэнты з дзесяці факультэтаў і Інстытута тэалогіі БДУ. У першы год яны абралі дадаткова 31 дысцыпліну, а на другі — 32. Многа гэта ці мала? Мы не фарсіруем сітуацыю, таму што вывучаць дадатковыя дысцыпліны можна толькі ў свабодны ад асноўнага раскладу час, а расклады на факультэтах часта супадаюць. Таму рэкамендуем выкладчыкам забяспечыць выкладанне дысцыплін, якія зацікавілі студэнтаў, праз Адукацыйны партал універсітэта дыстанцыйна.

Часцей за ўсё студэнты выбіраюць дадатковыя дысцыпліны на сваім факультэце толькі на іншых спецыяльнасцях. Але ёсць і вельмі цікавыя прыклады. Так, студэнт факультэта міжнародных адносін за два вучэбныя гады праслухаў дадаткова восем дысцыплін. Студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі вывучаў курс «Генетыка» на біялагічным факультце. А студэнт Інстытута тэалогіі святых Мяфодзія і Кірыла БДУ зацікавіўся ІT-дысцыплінай на ФПМІ. Студэнтка журфака вывучала на эканамічным факультэце «Ценявую эканоміку». Яшчэ адзін студэнт факультэта журналістыкі вывучаў на юрфаку «Грамадзянскі працэс». Увогуле, як паказала практыка, асабліва запатрабаваны ў студэнтаў дысцыпліны на факультэце міжнародных адносін.

Дадатковыя дысцыпліны вывучаюцца на платнай аснове, але памер платы зусім нязначны — прыблізна 34 рублі за курс, усё залежыць ад аб'ёму гадзін. Ёсць магчымасць не проста праслухаць курс, але і прайсці атэстацыю. Па выніках станоўчай атэстацыі абраныя курсы ўносяцца ў дадатак да дыплома. Гэта павышае «каштоўнасць» выпускніка ў вачах будучага наймальніка, бо сведчыць, што малады чалавек умее вучыцца, імкнецца да самаразвіцця і валодае важнымі кампетэнцыямі.

Да новага навучальнага года на сайтах усіх факультэтаў павінен з'явіцца пералік дысцыплін, якія могуць зацікавіць студэнтаў з іншых факультэтаў, каб моладзі было прасцей арыентавацца. Да таго ж мы сёння робім стаўку і на інстытут цьютарства. Што маецца на ўвазе? У БДУ кожны факультэт мае пералік унікальных адукацыйных і навуковых прапаноў, у нас дзейнічае шэраг маладзёжных арганізацый, творчых калектываў і спартыўных секцый. І студэнтам даволі складана сарыентавацца ў разнастайнасці паслуг. А цьютары з улікам персанальных запытаў студэнта змогуць аказаць яму кансультацыйную і інфармацыйную падтрымку. Пры планаванні навуковай работы міждысцыплінарнай накіраванасці — падбяруць найбольш перспектыўныя варыянты супрацоўніцтва з іншымі факультэтамі, сарыентуюць у пытаннях праходжання практыкі, паступлення ў магістратуру, у тым ліку на іншых факультэтах, у выбары дадатковых дысцыплін для навучання. Па сутнасці, цьютары будуць выступаць пасрэднікам паміж студэнтам і ўніверсітэтам. Падрыхтоўка такіх спецыялістаў арганізавана ў нас ва ўніверсітэце ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі «Цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі».

Міждысцыплінарныя спецыяльнасці

— Аксана Мікалаеўна, у расійскіх ВНУ ствараюцца вельмі цікавыя міждысцыплінарныя праграмы і спецыяльнасці: «Лічбавая крыміналістыка», «Навуковая камунікацыя», «Кіраванне развіццём гарадскога асяроддзя» і іншыя. БДУ як флагман айчыннай вышэйшай школы адсочвае гэтыя тэндэнцыі?

— У бягучым годзе ў нас таксама адкрываюцца дзве абсалютна новыя спецыяльнасці, якія знаходзяцца на стыку розных дысцыплін: «Рэгіёназнаўства» на гістарычным факультэце і «Эканамічная бяспека» — на эканамічным. Падрыхтоўка спецыялістаў такога профілю ў беларускіх ВНУ раней не вялася.

Міждысцыплінарная спецыяльнасць «Эканамічная бяспека» інтэгравала найлепшыя айчынныя праграмы па эканоміцы, праве і інфармацыйных тэхналогіях у сферы бяспекі. Будучыя спецыялісты будуць вучыцца ацэньваць і прадухіляць магчымыя пагрозы і страты для прадпрыемстваў, маніторыць фактары, якія ўплываюць на іх эканамічную бяспеку, прагназаваць і кіраваць эканамічнымі рызыкамі. Выпускнікі змогуць свабодна арыентавацца ў адміністрацыйным, гаспадарчым, фінансавым і мытным праве.

На міждысцыплінарнасць і фундаментальную падрыхтоўку па гуманітарных, эканамічных, палітычных, геаграфічных і юрыдычных навуках арыентавана і спецыяльнасць «Рэгіёназнаўства». Яе адкрыццё было абумоўлена запатрабаванасцю айчынных арганізацый і кампаній у супрацоўніках, якія валодаюць комплекснымі ведамі аб палітычных, эканамічных, сацыяльных, экалагічных, канфесійных, этнічных і культурных асаблівасцях пэўнага рэгіёна. Студэнты будуць асвойваць на павышаным узроўні дзве замежныя мовы, адна з якіх — мова краіны рэгіёна, што вывучаецца. Прадугледжана некалькі спецыялізацый: «Заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка», «Цэнтральная і Усходняя Еўропа», «Бліжні Усход і Афрыка», «Азіяцка- Ціхаакіянскі рэгіён» і «Лацінская Амерыка».

Хачу заўважыць, што адкрыццё новай спецыяльнасці на першай ступені вышэйшай адукацыі — справа не аднаго дня. Каб адкрыць дзве вышэйэзгаданыя, мы распачалі падрыхтоўку паўтара года таму. А вось у магістратуры, дзе тэрмін навучання складае год ці два, адкрыць новую міждысцыплінарную спецыяльнасць прасцей. Напрыклад, у магістратуры ў нас ёсць цікавая спецыяльнасць «Адукацыйныя тэхналогіі ў фізічнай культуры і спорце». Над напаўненнем яе зместу працавалі кафедра педагогікі і праблем адукацыі і кафедра фізічнага выхавання і спорту. Вынікам намаганняў факультэта журналістыкі і эканамічнага факультэта стала спецыяльнасць «Кіраванне медыяпраектамі». Эканамічны факультэт і факультэт філасофіі і сацыяльных тэхналогій аб'ядналіся і адкрылі спецыяльнасць «HR-Analіtіcs» і гэтак далей. Зараз мы працуем над адкрыццём яшчэ некалькіх міждысцыплінарных спецыяльнасцей на першай ступені. Спадзяёмся, што паспеем да прыёмнай кампаніі 2022 года.

— А якія яшчэ перспектыўныя кірункі для развіцця ў сваіх выпускнікоў актуальных кампетэнцый вы бачыце?

— Адзін з іх — прыцягненне знешніх кансультантаў пры напісанні дыпломных работ і магістарскіх дысертацый, калі работа мае міждысцыплінарны характар. Гэта могуць быць кансультанты з іншай кафедры, факультэта, нашых структурных падраздзяленняў ці патэнцыяльныя наймальнікі, напрыклад, работнікі СМІ ці дыпламатычнай і консульскай службы. Эфектыўнай мы лічым і арганізацыю практыкі студэнтаў на іншых нашых факультэтах і ў структурных падраздзяленнях БДУ — ва ўпраўленні выхаваўчай работы, міжнароднай дзейнасці, рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці, музеі гісторыі БДУ і іншых.

Мы цудоўна разумеем, што патрабаванні работадаўцаў да кампетэнцый выпускнікоў узрастаюць. Заказчыкі кадраў просяць нас сфарміраваць у студэнтаў так званыя soft-skііls — гэта крэатыўнасць, ініцыятыўнасць, гнуткасць і адаптыўнасць, адказнасць за прыняцце рашэнняў, эмацыянальны інтэлект, навыкі каманднай работы, эфектыўнай камунікацыі, здольнасці да самаарганізацыі, самарэфлексіі і самаразвіцця. Так што працуем у гэтым кірунку. Але фарміраванне ўніверсальных кампетэнцый — задача не толькі сістэмы адукацыі, а сфера адказнасці кожнага.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі