Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддадзім. Мы ў любым выпадку выстаім!


Кульмінацыяй мерапрыемстваў, якія праводзіліся па ўсёй краіне, стала цырымонія, прысвечаная 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая прайшла ўвечары ў Брэсцкай крэпасці. У ёй прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да Вечнага агню на плошчы Цырыманіялаў.


«22 чэрвеня 1941 года для ўсіх беларусаў — дзень памяці і смутку, дата, якая падзяліла жыццё народа на да і пасля. Тая летняя нядзельная раніца стала страшнай мяжой паміж мірам і вайной, паміж святлом і цемрай, жыццём і смерцю», — заявіў кіраўнік дзяржавы у сваім выступленні на цырымоніі.

Прэзідэнт адзначыў, што ўжо потым, пасля 9 мая 1945 года, немцы назвалі той чэрвеньскі дзень фатальным для сваёй нацыі. «А 80 гадоў таму гітлераўскія забойцы мелі намер прайсці па Беларусі пераможным маршам. Яны хацелі прайсці па нашай зямлі гэтак жа лёгка і хутка, як па Чэхіі, як прайшліся па Бельгіі, Галандыі, Даніі, Нарвегіі, Францыі, Грэцыі, Польшчы — па ўсім цяперашнім Еўрапейскім саюзе, прайшліся урачыстым маршам», — сказаў беларускі лідар.

«Сябры і ворагі СССР да пачатку ліпеня гадалі, колькі яшчэ краіна пратрымаецца — два тыдні, тры, можа, месяц? А берлінскія стратэгі ўжо запланавалі фашысцкі парад на Краснай плошчы ў Маскве. Але тут, ля сцен беларускай брэсцкай цытадэлі, літаральна ў першыя гадзіны вайны нацысцкі бліцкрыг сарваўся. (Запомніце на ўсякі выпадак гэтае слова «бліцкрыг»). Сарваўся, калі ў апошнія хвіліны свайго кароткага жыцця воін надрапаў на сцяне: «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння, на жаль, невядомыя імёны многіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці, і мы не ведаем, як яны загінулі, дзе пахаваныя, дадаў Прэзідэнт.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што літаральна некалькі тыдняў таму пайшоў з жыцця апошні сведка тых падзей Пётр Кацельнікаў. «Але ў памяці народа яго імя будзе жыць заўсёды, як і імёны яго баявых таварышаў лейтэнанта Кіжаватава, капітана Зубачова, маёра Гаўрылава і тысяч іншых савецкіх герояў, — перакананы беларускі лідар. — Гэта яны не дазволілі фашыстам ўзяць цвярдыню над Бугам за восем гадзін. Праз тры тыдні баі пачыналіся ўжо на далёкіх подступах да Смаленска, а Брэсцкая крэпасць працягвала ваяваць».

Памяць герояў вайны ўдзельнікі цырымоніі ўшанавалі хвілінай маўчання.

«Захопнікі (а супраць Савецкага Саюза ваявала амаль уся Еўропа) не разумелі тады, чаму нават у самых адчайных сітуацыях савецкі салдат не здаваўся, як наогул ён змог выстаяць і ў выніку перамагчы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтак жа нас сёння не разумеюць нашчадкі тых, хто ў 40-я ішлі па беларускай зямлі на Маскву, палілі хаты і знішчалі людзей. Здзіўляюцца, чаму мы ўсё яшчэ існуем на гэтай зямлі як дзяржава. Мабыць, ім не дадзена гэта зразумець».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на рэалізацыю «каляровага бліцкрыгу» ў Беларусі былі кінутыя велізарныя фінансавыя рэсурсы. «За апошні год мы адчулі на сабе дзеянне самых сучасных тэхналогій гібрыднай вайны. Беларусы ўсё часцей пытаюцца: дык што, ваяваць будзем? Ды кіньце, беларусы. Мы ўжо даўно ваюем. Проста вайна набыла іншыя формы. Ужо не будзе тых войнаў, ужо ў гэтыя вароты (Брэсцкай крэпасці. — Зв.) яны не папруць тысячамі салдат. Вайна пачнецца і заўсёды пачынаецца ў сучасных умовах знутры дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зірнуць на любую каляровую рэвалюцыю, якая была праведзена ў апошнія дзесяцігоддзі: у краінах было зроблена ўсё, каб падарваць грамадства знутры.

«А яны (Захад. — Зв.) потым прыйдуць нас «ратаваць». Сцэнарыі прапісаны, ролі размеркаваныя. Проста мы аказаліся мацнейшымі і мудрэйшымі. Рызыкну сказаць, нават мацнейшымі, чым у 41-м нашы папярэднікі, таму што мы вызначаем свой лёс самі. Мы тут вырашаем, правакаваць іх ці не, чакаць, пакуль яны сюды прарвуцца і парвуць нас, ці не. Мы суверэнная, незалежная дзяржава, так будзе і надалей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што еўрапейскія краіны цяпер чакаюць ад Беларусі дапамогі ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Прычым у Еўропу зараз бягуць жыхары тых краін, якія Захад сам жа і знішчыў, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Аж з-за Атлантыкі чуваць сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядзерныя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Еўропу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, разбураеце, спрабуеце забіць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем траціць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі вар’яты могуць так думаць і разлічваць на нашу падтрымку».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: калі Еўропа хоча дапамогі ад Беларусі па гэтых напрамках, то таксама павінна рабіць крокі насустрач, а не спрабаваць задушыць краіну. «Гэта бесперспектыўна. Вы спазніліся, панове», — заявіў ён.

«Прайшло 80 гадоў, і што? Новая гарачая вайна. Вы паглядзіце: гэта што, сімвалізм? Учора ўвялі эканамічныя санкцыі супраць нашых людзей і прадпрыемстваў. 22 чэрвеня, ноччу. Вось ужо сапраўды, гісторыя так нічому іх і не навучыла», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Ад каго не чакалі ўдзелу ў гэтай калектыўнай змове, дык гэта ад Германіі. Ад тых, чые продкі знішчылі ў Вялікай Айчыннай вайне не толькі кожнага трэцяга беларуса, але і мільёны ненароджаных дзяцей, — падкрэсліў Прэзідэнт. — А ўсе 80 гадоў пасля 45 -га мінулага стагоддзя немцы кідаліся па ўсім свеце, па Еўропе, былым Савецкім Саюзе і каяліся. Каяліся, галасілі, на каленях стаялі, прасілі адкрыць помнікі, пахаваць яшчэ не пахаваных немцаў — фашыстаў, якія прыйшлі на нашу зямлю. І мы былі добрыя і талерантныя . Тыя, хто пакутавалі, мучыліся, адкрылі свае сэрцы і душы і паставіліся па-чалавечы да іх. І што?»

Кіраўнік дзяржавы прывёў нядаўнюю цытату міністра замежных спраў Германіі, які заявіў аб неабходнасці распаўсюдзіць санкцыі на сектары беларускай эканомікі. «Чытай, хай падохнуць там. Так і хочацца спытаць аўтара гэтых радкоў: спадар Мас, вы хто? Немец, які ўчора каяўся, або спадчыннік нацыстаў? Вы хто, адкажыце публічна. Хоць бы перад сваім народам. Не трэба каяцца на публіцы за грахі сваіх папярэднікаў. Шэлег цана гэтым пакаянням, якія мы яшчэ нядаўна чулі ў „Трасцянцы“ ад прэзідэнтаў Аўстрыі і Германіі. Ніякія слова не схаваюць рэальныя задумы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Тое, што калектыўны Захад працягвае марыць аб новым „кідку на Усход“, сусветным панаванні і захопе багатых рэсурсаў на ўсход ад Беларусі, мы гэта выдатна бачым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як пасля вайны не было каму аднаўляць разбураную эканоміку, і краіна, паводле яго слоў, да гэтага часу не акрыяла ад той дэмаграфічнай катастрофы.

«Інфармацыйнае цкаванне чаканых вынікаў не прынесла. Зараз мы трымаем эканамічны ўдар. Хацелася б ведаць, што далей? Інтэрвенцыя? — звярнуўся беларускі лідар да заходніх палітыкаў. — Забудзьцеся, супакойцеся. Дорага яна вам абыдзецца. Выпешчаныя твары з высокіх трыбун па той бок мяжы бессаромна хлусяць з падачы збеглых пра тое, што беларускі народ сам вымольвае санкцыі ў адносінах да сябе. Нібыта беларусы гатовыя цярпець дзеля нейкай эфемернай „светлай будучыні“, якую прынясуць ім гэтыя добрыя дзядзькі на кончыках сваіх штыкоў. Дык апрытомнейце вы нарэшце, ачмурэлыя і аблудныя!»

Прэзідэнт звярнуў увагу на шэраг выпадкаў у гісторыі, калі беларусам шмат абяцалі: і свабоду, і незалежнасць, і дзяржаву абяцалі стварыць на кончыках штыкоў. «І ў выніку што? А ў выніку — у апошняй вайне кожнага трэцяга пахавалі. Колькі было скалечана не толькі фізічна людзей, але і лёсаў, сэрцаў!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Санкцыі, правакацыі ... Так і хочацца спытаць: вы што, гэта спецыяльна робіце? Хочаце выпрабаваць межы на трываласць, а новае пакаленне беларусаў на патрыятычнасьць? Давайце паспрабуем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы падчас выступлення закрануў дзейнасць НАТА, адзначыўшы, што не трэба закалыхваць Беларусь гісторыямі аб абарончых вучэннях і міралюбнасці альянсу. «Мы гэтага наеліся з 41-га года, калі мы вам верылі і не ўзялі урокаў з гісторыі, пасля перамогі падарыўшы вам Усходнюю Еўропу (так званыя краіны Варшаўскага дагавора) у абмен на вашы абяцанні, што вы ніколі не зробіце кроку ў нашым кірунку і не будзеце, як модна цяпер казаць, пашыраць НАТА на Усход. Вы як мінімум хлусы, як максімум — нягоднікі. Вы ўвесь час хлусілі, падманвалі, а сёння — не атрымаецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы зробяць усё, каб абараніць сваю зямлю і свет у рэгіёне. «Нашы сыны, якія тут стаяць пад сцягамі пераможцаў, зробяць усё для таго, каб вы жылі спакойным жыццём на сваёй зямлі. Вы — украінцы, беларусы і рускія, палякі, яўрэі, татары. Усе, хто жыве тут на гэтай зямлі. Гэта ваша зямля. вас нідзе не чакаюць, і не верце гэтым абяцанням, што вас там прымуць з распасцёртымі рукамі. Гэта ваша зямля, беражыце, беларусы, яе, шануйце. Таму што яна належыць не толькі нам. Яна належыць нашым дзецям і ўнукам», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рэгіён, як і 80 гадоў таму, знаходзіцца на мяжы глабальнага канфлікту. «Я звяртаюся перш за ўсё і ў чарговы раз да народаў, да народаў нашых суседніх краін — палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў. Ачуйцеся, пакуль не позна. Разбярыцеся вы з гэтымі палітыкамі, які звар’яцелі і страцілі рэальнасць. Паглядзіце, які прыгожы свет, і ў гэтым свеце мы заўсёды нармальна жылі, па-суседску, дзялілі кавалак хлеба, ездзілі адзін да аднаго. Давайце спынімся ля гэтай апошняй рысы: заўтра будзе позна», — заклікаў беларускі лідар.

«Няўжо сярод украінцаў, літоўцаў, латышоў, палякаў, да якіх беларусы заўсёды ставіліся дружалюбна, знойдуцца тыя, хто гатовы ахвяраваць гэтым сваім мірным жыццём дзеля вар’яцтва і амбіцый асобных кіраўнікоў гэтых дзяржаў, палітыкаў, якім на самай справе напляваць на наш беларускі народ, на свае народы, іх лёсы і нашу беларускую дзяржаўнасць?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

«Яшчэ раз скажу тым, хто да гэтага часу не зразумеў. Уразумейце раз і назаўсёды: мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддадзім. Мы ў любым выпадку выстаім! Проста хацелася б па-чалавечы, як заўсёды, па-славянску», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што свет сёння не замыкаецца толькі на Еўрапейскім саюзе. «На планеце дастаткова адказных краін і цэлых рэгіёнаў, з якімі мы будзем працягваць цесна супрацоўнічаць. За намі праўда, і мы нашчадкі вялікага пакалення, якое падаравала нам жыццё, свабоду і незалежнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён заклікаў беларусаў памятаць пра тых, хто загінуў у гады вайны і цяпер назірае з нябёсаў за дзеяннямі нашчадкаў. «Гэта святое воінства і сёння дапамагае нам берагчы родную Беларусь. Дапамагае перш за ўсё прыкладам нязломнай стойкасці, мужнасці і самаахвярнасці, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Сёння мы славім подзвіг нашага народа, ўшаноўваем ветэранаў і смуткуем аб загінуўшых, схіляем галовы перад героямі і нявіннымі ахвярамі вайны. Гэтая памяць свяшчэнная і непарушная, і пакуль яна ёсць у нас, мы будзем жыць, жыць заўсёды годна, не на каленях. Так ёсць, так павінна быць, і так будзе заўсёды!» — скончыў сваю прамову Прэзідэнт.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».