Вы тут

Дэпутаты ўшанавалі памяць загінулых у гады вайны народных абраннікаў


У фае Авальнай залы Дома ўрада ўчора адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новых мемарыяльных дошак і мітынг-рэквіем у памяць аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны.


Фота: БелТА

Цырымонію адкрыцця распачаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, які адзначыў, што сярод тых, хто загінуў смерцю храбрых на вайне, былі і дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання — нашы першыя беларускія парламентарыі.

Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што першае скліканне працавала дзевяць гадоў — з 1938 да 1947 года. Выбары праводзіліся двойчы: 26 чэрвеня 1938 года абралі 273 дэпутатаў, а 24 сакавіка 1940 года, пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР — яшчэ 202 дэпутатаў. Вярхоўны савет БССР першага склікання ўзначальвала Надзея Грэкава. Яна была першай і адзінай жанчынай-старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Цяпер у яе гонар у Мінску ў мікрараёне Серабранка названы сквер.

У ваенныя гады дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання гераічна змагаліся на франтах, былі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху і падполля, працавалі ў тыле. Многія з іх загінулі. Да нядаўняга часу захоўвалася памяць аб 26 дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Напярэдадні 80-годдзя пачатку вайны была праведзена маштабная пошукавая праца, якая атрымала шырокую грамадскую падтрымку, у тым ліку з боку моладзі. У выніку нам удалося даведацца імёны і лёсы яшчэ 68 дэпутатаў, якія загінулі і прапалі без вестак у тыя вогненныя гады. І сёння, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мы адкрываем імёны 94 дэпутатаў, якія загінулі або прапалі без вестак, змагаючыся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, за перамогу над нацызмам, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Таксама ў парламенце прэзентавалі кнігу «Яны былі першымі», якая расказвае пра загінулых і прапаўшых без вестак у гады Вялікай Айчыннай дэпутатаў. Знайсці ў ёй можна і ўнікальныя архіўныя дакументы, прысвечаныя, напрыклад, адкрыццю першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР.

— Праведзена вялікая навукова-даследчая работа з Нацыянальным архівам Беларусі, музеем Вялікай Айчыннай вайны, іншымі архівамі. Гэтыя людзі прадэманстравалі, што для іх гонар і годнасць былі не пустымі словамі. Іх памяці і подзвігу прысвечана гэта кніга, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Іх было 94

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».