Вы тут

Адкрываючы жывапіс Кастуся Качана


Ёсць у выяўленчым мастацтве імёны не гучныя, з кагорты тых, хто не спяшаецца сябе вылучаць, калі хочаце — рэкламаваць... Але плён іх працы вядомы сапраўдным аматарам жывапісу ці графікі. З такіх мастакоў, відавочна, — і Кастусь Качан, які ўжо далёка не першае дзесяцігоддзе малюе родную Наваградчыну, ды і іншыя прывабныя мясціны Гародзеншчыны, Міншчыны. 


Кастусь Качан.

Узіраюся ў даўнія яго «Стрыгалі» (1982), дзе вясковая жанчына стрыжэ авечку. Пра такі занятак не кожны гараджанін і чуў, а тут такі каларыт, такое дзейства і разам з энергіяй гаспадыні, якая схілілася над пакорнай авечкай і робіць сваю справу, — яшчэ і вясковы краявід, цішыня лугавіны, спакой дрэў паблізу. Альбо звернем позірк на «Бабіна лета» (1984), у якім месца знайшлося і аратаю, і тым жанчынам, што збіраюць бульбу. Адна з капальніц — відавочна, сталага веку гаспадыня. Мо ёй якраз і дапамагаюць дзеці, проста блізкія людзі, мо суседзі?.. А чаго вартая сустрэча з карцінай «Лета ў Люцінцы» (1983)?!. І першы план, і бясконцы краявід — усё тут сугучна, суладна, прыцягальна. Як уражвае і «Краявід з мёртвым дрэвам»... Снег, замак, ёлка, птушкі, якія ўзняліся над вежамі замка... І снег, бялюткі, яркі, які забірае пагляд. Снег, праз які да замка крочыць, прабівае сцяжынку ў снежнай цаліне мастак. Мусіць, крочыць сам Кастусь Качан... І ніякага холаду няма ў гэтай белізне. Ёсць толькі святло, бясконцае снежнае святло!.. Прывабнае і магнетызуючае святло!..

«Блакітная царква».

«Зіма ў Навагрудку» (1991), «Навагрудак зімой» (1988)... Шмат гадоў назад Алег Аблажэй напісаў у часопісе «Мастацтва» пра феномен мастака з Навагрудчыны: «... Прырода навагрудская маўчала, дый нарадзіла мастака, каб сказаць слова пра сябе: даўно не было такога, каб глядзеў і хацелася глядзець. Жыцьцё ў рамах — і нават у вакно ўжо глядзіш вачамі Кастуся — як бы на працяг яго жывапісу, і ўжо незразумела, дзе пачынаецца прырода, а дзе канчаецца мастацтва. Можна хваліць мастака, можна ганіць — гэта не саб’е яго са свайго шляху, бо ім гаворыць голас яго зямлі. Як бы існуюць нябачныя крані, што цягнуцца з палотнаў і п’юць сокі проста з нашай сьціплай, шэрай глебы...» 

Праца «Навагрудак зімой» — не проста пейзаж, гэта погляд праз родны краявід у вечнасць, у сівую гісторыю. Карціна выклікае шмат розных асацыяцый. Яе сімвалы, занатаваныя краскамі, фарбамі, вынайдзенымі Кастусём Качаном, — падарожжа у заўтра, напамін нашчадкам, якія яшчэ прыйдуць і ўгледзяцца ў адкрыцці навагрудскага Мастака, што мы, беларусы, багатыя прыроднымі манументамі вечнасці. 

«Зіма ў Шчорсах».

Углядаюся ў мастакоўскія адкрыцці Касутся Качана — і чую паэтычную музыку з нядаўна «знойдзенага», прачытанага верша: 

Чаруе прыгажосць з пагорка,
Як апранае шчодры май
У зеляніну родны край.
Чаруе прыгажосць з пагорка,
І ты яе запамінай: 
Яна сагрэе і ў час горкі. 
Чаруе прыгажосць з пагорка,
Як дорыць зеляніну май. 
(Уладзімр Лебедзеў. «Яна сагрэе...»)

«Май».

А «Мястэчка Мір» (1991), «Нядзеля ў Нягневічах» (1988), «Хрэсны ход ва Уселюбе» (1990), «Навагрудак» (1990), «Базарны дзень у Навагрудку» (1990)… «Краявіды бацькаўшчыны, на шчасьце, яшчэ не зьнішчаныя дарэшты тэхнічным прагрэсам, нараджаююць усё новыя і новыя задумы. Як мастак ён разьвіваецца так, як павінен разьвівацца толькі ён адзін, — проста і натуральна. І працуе з натхненьнем. Адсюль і адметнасьць твораў майстра, якую многія мастакі шукаюць, не выходзячы з майстэрняў, як з карцэраў, забываючыся на тое, што ў кожнага народа свой шлях да праўды. У тым ліку і мастацкай» (Ян Карловіч).

Карціны Кастуся Качана — мост паміж часінамі, мост сучаснага і разам з тым багатага сваёй пераемнасцю традыцый мастака. Адкрыцці, зробленыя таленавітым творцам, уводзяць гледача ў свет высокай, захопленай любові да роднага края. І ў гэтым, пэўна, самая вялікая таямніца жывапісца, галоўны сакрэт велічы яго таленту. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».