Вы тут

Ірына Варфаламеева: Балет — гэта ўвесь час цяжкая праца


Амаль кожная дзяўчынка марыць стаць балерынай. Аднак далёка не кожная гатова абмяжоўваць сябе і стаяць каля станка шэсць дзён на тыдзень. Наша гераіня — моцны і вынослівы воін у целе далікатнай статуэткі. Яе дзяцінства прайшло ў вялікім спорце, затым з’явіўся балет, без якога яна не ўяўляе жыцця. Спецыяльна для нас лаўрэат міжнародных конкурсаў, магістрантка Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук, балерына Вялікага тэатра Беларусі прыадкрыла заслону Вялікага і расказала пра тонкасці і падводныя камяні прафесіі.


Пуанты як лёс

— У мяне ўвогуле сям’я — інжынеры, медыкі. Так склаліся абставіны, я да сённяшняй пары не магу сказаць, як апынулася ў балеце. Вучылася ў звычайнай школе і была ў спорце, акрамя гэтага, займалася ў студыі школы мастацтвазнаўства, мая карціна нават выстаўлялася ў Траццякоўскай галерэі як дзіцяці ад Беларусі. Была і музычная школа, і тэатральная студыя «Рэвю», і маляванне ў студыі Рычарда Мая — карацей, было ўсё шчыльненька. І вось у чацвёртым класе з мамай Таццянай Аляксееўнай паехалі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Ішлі па знакамітай вуліцы Дойліда Росі, і там — аб’ява аб наборы дзяўчынак у балетную студыю. Пайшлі, паспрабавалі, нас адразу прынялі, сказалі — прыязджайце ў канцы жніўня. Калі вярнуліся ў Мінск, паспрабавалі паступіць у наша вучылішча, бо ўрачы не рэкамендавалі для сталага пражывання Пецярбург. Так і вырашылі. Многае склалася.

Ірына ўдзячная спорту (без яго дзяўчына не выжыла б у балеце) і свайму педагогу Святлане Бурдзевідскай — яна была другім чалавекам пасля мамы, якая надала сілы, выхавала характар, прывіла любоў да работы будучай балерыне. «Трэба прайграць крыху менш, каб выйграць больш», — гэтыя яе словы Ірына ўспамінае заўсёды.

Сумка актрысы

Наша гераіня не любіць хадзіць па лесвіцы — перамяшчаецца ў тэатры на ліфце, нават калі трэба на другі паверх. Стараецца, каб усё было з сабою.

— У мяне балетная сумка вельмі вялікая. Яна застаецца ў грымёрцы. У ёй абавязкова ляжаць: масажны валік, якім я размінаю мышцы, аўтаматычны, з кнопачкай; дыванок, бо падлога халодная, гэта ж памост, каб было цёпла і мякка; аптэчка, там усё самае асноўнае: замарозка, плюс у мяне ёсць такі кашалёчак у выглядзе каровы (таму што я збіраю каровак), там розныя ўкладкі — для пуантаў, напрыклад, калі падмяў пальцы, можна большую ўкладку надзець; абавязкова дзве-тры пары пуантаў; тэнісны мячык, каб размінаць ступню; грузы, каб у перапынку зрабіць «гран-батман» (памахаць нагамі); гумка для расцяжкі ног альбо размінання плечаў; тэйп-пластыр, які дапамагае мышцам зняць стомленасць, пазбавіцца ад мікратраўм, падтрымлівае ад траўм на галенастопе; нажнічкі, ніткі, іголкі, булаўка; каніфоль, сурвэткі, балеткі — мяккі балетны абутак, спаднічка, каб можна было зняць разагравальнае адзенне, бо ходзім звычайна ў штанах, камізэльцы; ключ ад грымёркі; навушнікі абавязкова, каб крыху абстрагавацца; дзіцячае харчаванне альбо фруктовая пасціла, бо, бывае, вельмі хочацца есці. Гэта якраз тое, што карысна, не стварае цяжару ў страўніку і зручна насіць з сабой.

З мамай Таццянай Аляксееўнай.

Пуанты і стужачкі

— Іх нам набывае тэатр. Яны цалкам індывідуальныя. У чужых пуантах ты ніколі не станцуеш, бо яны разношваюцца толькі пад тваю ступню, ну і гэта проста негігіенічна. Там мільёны мадэляў — у кожнай свая калодка, пятачок, гнуткасць сцілкі, шырыня, вышыня пяткі, памер у даўжыню і г. д. Я танцую ў расійскіх альбо амерыканскіх пуантах.

Балет — адзін з самых дарагіх відаў мастацтва. Так, напрыклад, пуанты каштуюць прыблізна 180–200 долараў. Трыко, якое, можна сказаць, з’яўляецца тымі ж калготкамі, балерына можа насіць увесь сезон, а можа парваць праз два дні — гэта 15–20 долараў, кожны купальнік — 50–100 долараў, а яшчэ стужачкі — 5 долараў. У нашай гераіні ёсць свае імянныя пуанты, на якіх красуецца надпіс «Іryna».

— Многія думаюць, што артыст прыйшоў, выступіў і пайшоў. Аднак гэта не так. Звычайны чалавек не заўсёды знаходзіць час, напрыклад, для масажу, а ў нас гэта частка прафесіі — ты павінен дайсці да масажыста ці траўматолага. Апошні ведае мае ногі лепш, чым я. Можа сустрэць і сказаць, што неабходна даць адпачынак нагам, аднак я не заўсёды выконваю гэтую рэкамендацыю, — усміхаецца Ірына.

Аказваецца, поспех ці няўдача артыста — гэта работа цэлай каманды. Артыст сам па сабе як марыянетка, а яшчэ, на думку нашай гераіні, гэта самая залежная прафесія на Зямлі. Каманда прафесіяналаў, якая дапамагае Ірыне выходзіць на сцэну, фарміравалася на працягу ўсяго перыяду работы ў тэатры. Як расказвае артыстка, многае залежыць ад дырыжора, які можа сыграць, што называецца, «не ў ногі», ад той жа прыбіральшчыцы, якая памые падлогу не тым растворам, і будзе слізка, многае залежыць ад цырульніка, грымёра, урача-прафесіянала, які павінен дапамагчы, калі раптам артыст дрэнна сябе адчувае.

Разам з балерынай Марынай Вежнавец.

Размінкі і замінкі

Ірына танцуе ў 26 спектаклях у месяц, і боль — пастянны спадарожнік артысткі. «Ты да яго прызвычайваешся. Калі нічога не баліць — задумваешся, ці ўсё ў парадку», — усміхаецца суразмоўніца.

Артыстам балета неабходна кожны дзень трымаць сябе ў форме, працаваць, рабіць размінку і замінку. Гераіня патлумачыла розніцу паміж імі. Размінка падрыхтоўвае арганізм да таго, каб станцаваць спектакль, а ўжо вечарам неабходна ведаць, якія спатрэбяцца сілы на заўтра. Замінка ж заспакойвае арганізм, бо спектакль — гэта сілавы момант: шмат прыжкоў, бегу — мышцы забіваюцца, і таму неабходна як след парасцягвацца, размяцца. «Раніцай, калі не зрабіў замінку, твае мышцы стаяць колам. Не скажу, што я пасля чатырохактовага спектакля іду і раблю замінку, таму што звычайна гэта дзесьці за дзесяць вечара. Раблю дома, пасля зняцця грыму, альбо раніцай, — дзеліцца Ірына.

Кожная трэніроўка пад музыку!

Распарадк дня

У тэатр наша гераіня прыходзіць у 9–9.30 раніцы і знаходзіцца там да 14.00. Пасля —розныя справы: масаж, прымеркі, здымкі, затым заняткі ў магістратуры, вечарам за дзве гадзіны да пачатку спектакля трэба прыйсці ў тэатр, каб паспець на рэпетыцыю, размяцца і падрыхтавацца да спектакля. Пакуль наносіць грым, падрыхтоўвае пуанты, касцюм, заўсёды слухае музыку праз навушнікі, бо ў грымёрцы 14 чалавек, і, як расказвае суразмоўніца, калі кожны вымавіць па адным гуку — гэта ўжо шумна. У Ірыны няма нейкіх любімых выканаўцаў. Як ні дзіўна, класіку яна не слухае, наадварот — у яе плэйлісце тое, што можа настроіць на работу, «раскачаць», напрыклад, песня Басты «Твая гульня».

Дзяўчына адносіцца да тых людзей, якія лічаць, што 80 працэнтаў поспеху — гэта знешні выгляд. «Я вельмі люблю тыя 20 хвілін, якія праводзіць са мной грымёр Валянціна Пятроўна Штэпа. Гэта нейкі рэлакс: цябе расчэшуць, пагладзяць, паразмаўляюць з табою. Яна ведае, як я павінна выглядаць на сцэне. Для мяне гэта таксама частка настрою, бо, калі няма Валянціны Пятроўны, я крыху некамфортна сябе адчуваю».

Лёгкая стомленасць дапамагае зняць напружанне мышцаў і справіцца з хваляваннем перад выступленнем. Аказваецца, танцоры кожны дзень працуюць на будучыню. З нядаўняга часу балерына адносіцца да кожнага спектакля не як да падзеі, а як да чарговай прыступкі. «Кулісы апусціліся, глядач пайшоў, а што артысту застаецца — магчымасць папрацаваць над памылкамі, іншымі словамі, артыст не можа існаваць з учарашнім поспехам, — працягвае балерына. — На жаль, многія, хто сёння ідзе ў балет, не разумеюць гэтага. Трэба тлумачыць дзіцяці, — гэта ўвесь час цяжкая праца».

Нягледзячы на тое, што балетныя артысты сыходзяць на пенсію ў 40 гадоў, іх творчы шлях доўгі: 10 гадоў у вучылішчы і 20 гадоў у тэатры. Таму, тлумачыць Ірына, 30 гадоў немагчыма ўвесь час быць на вяршыні. Падзенні і пасля зноў прыступка да ўзлёту — менавіта гэта і дапамагае расці. На думку дзяўчыны, поспех — гэта не перамога, а шлях да яе.

Балерына любіць тыя 20 хвілін, якія праводзіць з ёй грымёр Валянціна Пятроўна Штэпа.

Рацыён балерыны

Артысты павінны дапамагаць арганізму пераадольваць фізічныя нагрузкі. Ірына, напрыклад, не есць сухую ежу, бо тая дрэнна ўплывае на мышцы, робіць іх цвёрдымі. «Хлеб я люблю, а вось фастфуд і газіроўку з дзяцінства не ўжываю, — расказвае балерына. — Вельмі люблю ласось, васьмінога — морапрадукты надаюць мяккасць мышцам. У рацыёне — гародніна, адварная ці запечаная бульба. Ты не можаш есці цяжкую ежу — табе патрэбны сілы, каб пераварваць яе, а яшчэ ж трэба танцаваць. Ем невялікімі порцыямі», — дзеліцца артыстка і дадае, што ў пачатку сезона іх узважваюць. — Існуе формула, па якой можна разлічыць ідэальную вагу: неабходна ад росту адняць 120. Калі набраў лішняе — знімаюць прэмію».

Хобі і адпачынак

У шчыльным графіку Ірыны ёсць час для хобі. Яна стварае дыядэмы з крышталяў Swarovskі. Дзяўчына лічыць такую змену дзейнасці спосабам пазбавіцца ад стрэсу і напружання. Яна любіць серыялы, і чым даўжэйшыя яны, тым лепш, расказвае балерына. «Магу спакойна глядзець і латаць пуанты, рыхтаваць новую пару, бо трэба, каб некалькі пар было падрыхтавана наперад. Раблю дыядэмы, пацерачка да пацерачкі — дзецям і тым, хто просіць. Магу наведаць басейн, адпачыць на прыродзе, у бабулі».

Водпуск у балетных артыстаў — 47 дзён. Ёсць выхадны — адзін дзень на тыдзень. Звычайна за яго неабходна паспець зрабіць усё. Да 23 гадоў у нашай гераіні не было водпуску ўвогуле: была іншая нагрузка, зараз яна пачала крыху даваць арганізму адпачынак. Аднак ляжаць на канапе для балерын невыносна, бо яны прывыклі з чатырох гадоў фізічна працаваць. «Калі я проста ляжу на канапе, — дзеліцца Ірына, — я стамляюся больш, чым калі штосьці раблю. Гэта адрэналін. У мяне часта цікавяцца, адкуль я чэрпаю сілы, адказваю: ад гледача, ад спектакляў: я вам — вы мне».

Лялька-сурвэтніца Стыч — заўсёды побач.

Прыклад у творчасці

Прыклад артыста, сапраўднага «алавянага салдаціка», для нашай гераіні — гэта балерына Вялікага Марына Вежнавец. «Такіх нямнога, яна такая адна для мяне. Марына — унікальная асоба. Вось ведаеце, ёсць Артысты, а ёсць — Вежнавец. Гэта па-за прафесіяй, па-за космасам. Тое, што можа Марына, не можа ніхто. Калі яна побач, то адразу спакойна ўнутры», — прызнаецца дзяўчына.

Ірына расказвае, што ў яе ніколі не было куміраў, бо з дзяцінства яна ў асяроддзі моцных людзей. І балет не быў марай, бо пачынала свой шлях у вялікім спорце. Але ёй сустракаліся найлепшыя людзі ў сваёй прафесіі: спартсмены, музыканты, мастакі, пісьменнікі, артысты.

Норма неардынарнасці

Балерына расказвае, што публічны чалавек на пэўным этапе свайго жыцця сутыкаецца з адзінотай, непаразуменнем з-за свайго шчыльнага графіку. Усе зайздросцяць выніку, але ніхто не зайздросціць шляху да яго. «Я прапусціла ўсе вяселлі, дні нараджэння, і родныя, думаю, пакрыўджаны на мяне і цяпер. Таму ўдзячная тым, хто да 26 маіх гадоў не згубіўся і працягвае заставацца са мной».

У нашай гераіні ёсць свой талісман — мяккая цацка-сурвэтніца Стыч — мульцяшны герой, яго фраза «Быць неардынарным — гэта нармальна» супадае з поглядамі нашай гераіні. Дзяўчына мяркуе, што, калі ты не падобны да іншых, табе прыходзіцца сапраўды цяжка, і прывяла ў прыклад Ганну Карэніну: «Карэніна не была дрэнная, яна проста рабіла не так, як грамадству хацелася. У тэатры — тое ж. І ў жыцці — таксама. Вось я паступіла ў магістратуру пры Акадэміі навук, мне ўсе казалі — навошта?» — дзеліцца Ірына.

Ірына Варфаламеева — першая балерына, якая вырашыла навучацца ў Акадэміі навук. Гэтае рашэнне было прынята ёй у час, калі аб’явілі каранцін і дзейнасць тэатра прыпынілася. Актрыса зразумела, што сядзець дома — не лепшая ідэя. Цяпер балерына займаецца яшчэ і навукай. «Я вучуся на кафедры тэатразнаўства, мой кіраўнік — доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ермалінская. Пішу магістарскую на тэму „Дзіцячы нацыянальны балет: тэарэтычныя распрацоўкі і сцэнічнае пераўвасабленне“, і калі атрымаецца, далей пайду ў аспірантуру. Я зараз цікаўлюся тэорыяй. Вывучаю, чаму доўгі час многія казкі забараняліся. У 20-я гады мінулага стагоддзя іх увогуле знялі з пастановак, бо лічылася, што казкі няправільна фарміруюць асобу дзіцяці. Толькі ў 30-я яны былі вернуты ў рэпертуары тэатраў».

Ірына лічыць, што трэба верыць у свае сілы. А тым, чыя мара — балет, яна раіць ісці да мэты, не здавацца, быць гатовым да цяжкасцяў, берагчы здароўе з малых гадоў і працаваць, не ленавацца. А яе самая дарагая ўзнагарода яшчэ наперадзе — кожны выхад на сцэну для нашай гераіні каштоўны.

Факты аб Ірыне

  • У свае 26 гадоў не можа абысціся без дзённага сну.
  • Заўсёды цёпла адзета, бо баіцца холаду.
  • Не можа доўга крыўдзіцца на людзей.
  • Пачала хадзіць толькі ў тры гады.
  • Аддае перавагу бульбе ў мундзіры, бо яе не трэба чысціць.
  • Баіцца прусакоў і павукоў.
  • Не пераносіць водар кавы. Латэ п'е ў прапорцыі 95 працэнтаў малака і 5 працэнтаў кавы.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт