Вы тут

Sex-балясы. З піску ў віск


Напэўна, ва ўсе часы, калі хто меў магчымасць нечым пахваліцца, ён прытрымліваўся гэтых тэндэнцый. («Дачка дырэктара сталовай з ранняга дзяцінства ведала, дзе будзе праходзіць яе вяселле».) Вось нядаўна ў Пампеях археолагі адкапалі старажытную калясніцу, якая добра захавалася, з... эратычнымі сцэнамі. Навукоўцы мяркуюць, што яна служыла транспартам для нявесты падчас вяселля. («Якія крытэрыі ў дзяўчыны для вызначэння прынца? У прынцыпе ад хлопца нічога не патрабуецца, галоўнае — каб у яго бацька быў кароль».) Гэта, мабыць, як сучасны лімузін. Ды што там ён, некага ўжо зараз і верталётам не здзівіш! («Моды прыходзяць і сыходзяць, а іх ахвяры застаюцца».) Мабыць і тая знаходка — піск тагачаснай вясельнай моды? На задняй частцы гэтага артэфакта ёсць сцэны, звязаныя з богам кахання. Там прадстаўлены рэльефныя мужчынскія і жаночыя постаці ў эратычных позах. Ну чым не правобраз сучасных бутаньерак, абавязковых на цяперашніх вяселлях?! Як маглі, як могуць... («Каці не было ў Іnstagram, таму ежу, коцікаў і «пятую кропку» яна папросту выстаўляла ў акно».)


Нядаўна даследчыкі з Прынстанскага ўніверсітэта, вывучыўшы ўплыў на самаадчуванне людзей такіх паўсядзённых спраў, як прагулкі, паездкі ў грамадскім транспарце і шопінг, выявілі, што можа прыносіць шчасце ў эпоху пандэміі. Ну, не зусім тое, пра што вы падумалі... («Больш за ўсё ў ранішніх прабежках мяне радуе іх адсутнасць».) Занятак садаводствам і раслінаводствам! («Ты не маеш права выходзіць працаваць на дачы, калі штаны не парваныя. Дрэс-код».) Траціна рэспандэнтаў у сярэднім паўтары гадзіны на тыдзень (нагадваю, гаворка пра амерыканцаў) праводзіла на зямлі з рыдлёвачкай і была больш шчаслівейшая за іншых. Такі вось піск іх сучаснасці. Цяжка ўявіць, колькі з надыходам летняга сезона задаволеных штогод з'яўляецца ў нас... («Нядаўна аднакласнікі паклікалі мяне на дачу і я ўпершыню ў жыцці працавала на агародзе. Я цэлы дзень абрывала вусы ў клубніц і вельмі абгарэла. Скажыце, ці праўда, што абрываць вусы ў клубніц трэба абавязкова аголенай, інакш ягад не будзе?»)

Напрыклад, некаторых расіян у гэтыя няпростыя часы таксама адмысловым чынам пацягнула бліжэй «да зямлі». Нядаўна супрацоўнікі Батанічнага саду РАН у Санкт-Пецярбургу расказвалі аб актывізацыі эратычных здымак каля сакур, што квітнелі ў дэндрапарку, і шукалі валанцёраў для кантролю над 16 гектарамі тэрыторыі. («Дзед Макар быў добрым чалавекам, таму ў тых, хто лазіў да яго ў сад, ён страляў спачатку хлебам, а ўжо потым — соллю».) Мадэлі не саромеліся ні іншых наведвальнікаў, ні заўваг ахоўнікаў. «Ляжаць паўголыя дзяўчаты пад кустом, гэта нахабства!» — скардзіліся работнікі батанічнага саду. («— Гейша пад сакэ сакуры сваёй не сёгун. — Быццам бы самурай сваёй катане пад сакэ вялікі таварыш».) Ну як ім патлумачыць, што такое сэлфі чакаць не можа, бо квітнее сакура нядоўга! Зноў жа — піск моды. Зрэшты, пры чым тут тая сакура? Як пісаў адзін з карыстальнікаў, побач з палямі, дзе цвіце рапс, у гэты час проста праехаць немагчыма з-за прыпаркаваных машын. У саміх раслінах — поўна «сялянак» з рознай ступенню апранутасці ці, як правіла, аголенасці... («За хлявом даярка Іванова вельмі гучна падабалася ветэрынару Сідараву».)

...Брэнд Fashіon Nova вядомы сваімі каларытнымі прадметамі адзення. Крама выпусціла яшчэ адзін строй, які выклікаў ажыятаж у Іnstagram: калготкі з... выразамі па баках і ў пахвіне. («Парада пачынаючым моднікам: калі вы псіхалагічна не можаце адразу нацягнуць на сябе рваныя джынсы, пачніце са шкарпэтак, калготак, трусоў».) Карыстальнікі сацсетак «завіслі» — і куды ж гэты «піск» моды можна надзець? («— Мілы, я сёння без сподняга... — Іра, ну хопіць ужо пра гэта! Хутка работу знайду, купім табе ўсё»!) Аднак некаторыя тут жа паспяшаліся набыць навінку і (ну вядома ж!) прадэманстраваць яе ў сеціве. («— Вой, як холадна! Джынсы, можа, цэлыя надзець? — А ты надзень двое рваных, толькі каб дзіркі не супадалі».)

Думаеце, усё гэта характэрна толькі для жанчын? Як бы не так... На пачатку пандэміі італьянская версія часопіса Vogua паведаміла, што трэндам у мужчын пасля яе заканчэння будзе галаўны ўбор... расійскіх бабуль. («З-за апошніх тэндэнцый у модзе ўсё больш цяжка становіцца вызначыць, дзе ў краме мужчынскі аддзел, а дзе — жаночы».) Маўляў, пасля пандэміі тыя стануць не толькі павязваць шаўковую хустку на галаву і шыю, але і насіць яе ў якасці ахоўнай маскі. («— Жанчына, тут жа пакіньце краму! — Але я ж у масцы! — З агуркоў?»)

Далей — болей. Кампанія Wet Pants Denіm прыдумала джынсы, якія афарбаваныя так, быццам бы яны мокрыя ў вобласці... зноў жа пахвіны. («— Асаблівасці моды гэтага года: дзяўчаты надзяваюць завушніцы пад колер сподняга! — Цяпер разумею, чаму некаторыя з іх не носяць завушніцы...») Такія штонікі выклікаюць адчуванне, што чалавек, які іх носіць, трапіў у непрыемную сітуацыю... «Выглядай мокрым, адчувай сухасць», — заманьвалі дызайнеры кампаніі пакупнікоў, адзначаючы, што джынсы падбіраюцца індывідуальна і афарбоўваюцца ўручную. Маўляў, кожны экзэмпляр унікальны. («Адно з дасягненняў сучаснай моды — сподняе стала верхнім адзеннем».) Балазе, не ўсе былі гатовыя да такіх эксперыментаў. Усё ж, на шчасце, многія яшчэ адрозніваюць у модзе піск ад віску...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?