Вы тут

У «вадкім свеце». Крыніца інфармацыі для падлеткаў — блогасфера, а без смартфона ім не пражыць


У снежні 2020 года стрымер Стас Рашэтнікаў (Reeflay) у прамым эфіры на YouTube выгнаў сваю сужыцельку Валянціну Грыгор'еву на холад практычна без адзення. Усю ноч дзяўчына правяла на марозе (у Падмаскоўі было мінус два градусы), а раніцай мужчына занёс у дом яе нежывое цела. Пры гэтым Рашэтнікаў працягваў весці прамы эфір. Праз некаторы час у кадры з'явіліся медыкі, якія канстатавалі смерць дзяўчыны. Пазней у пакой зайшлі паліцэйскія. Менавіта яны загадалі блогеру выключыць камеру, але той яе проста павярнуў ад іх. «Ну што, дастрыміўся?» — сказалі праваахоўнікі...


Пад моцным уплывам

Фарсайт-сесія «Сацыялізцыя пакалення NEXT ва ўмовах лічбавых трансфармацый» прайшла ў БДПУ ў рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Умовы паспяховай сацыялізацыі дзяцей і моладзі: перспектыўныя даследаванні будучых педагогаў». У цэнтры ўвагі аказаўся вельмі шырокі спектр пытанняў і праблем: фарміраванне медыякампетэнтнасці падлеткаў, унутраныя і знешнія рызыкі медыясацыялізацыі, прафілактыка маніпулятыўнага ўздзеяння, кібербулінг і такая новая яго форма, як трэш-стрымы, анлайн-камунікацыя ва ўстановах адукацыі, сацыяльна-педагагічная прафілактыка гаджэт-залежнасці ў навучэнскай моладзі, фактары інтэрнэт-залежнасці, прафілактыка аўтаагрэсіўных паводзін і многія іншыя.

Як адзначыла, адкрываючы канферэнцыю, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вера МАРТЫНАВА, фарміраванне асобы новага пакалення адбываецца сёння пад моцным уплывам інфармацыйнага асяроддзя.

З аднаго боку, інтэрнэт-прастора адкрывае перад намі неабмежаваныя магчымасці, а з іншага — цягне шмат новых выклікаў. Загадчык лабараторыі кагнітыўных даследаванняў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, доктар навук, прафесар Таццяна Чарнігаўская вельмі трапна параўнала віртуальнае асяроддзе з вадкім светам, які невядома кім населены, дзіўным светам. Незразумела, усе ў ім жывыя людзі ці не. Вадкі ён таму, што адзін чалавек можа быць прадстаўлены ў дзесяці асобах, у дзесяці нікнэймах, пры гэтым мы не ведаем, дзе ён знаходзіцца. Больш за тое, ведаць не хочам. Якая розніца, у Гімалаях ён сядзіць у дадзены момант, у Перу або ў суседнім пакоі, ці ён наогул нідзе не сядзіць і гэта сімуляцыя?

— Фактычна мы назіраем сёння страту сувязі з рэальным светам і сыход падлеткаў і моладзі ў віртуальную рэчаіснасць, — падкрэсліла Вера Мартынава. — Як вынік — страчваюцца любоў, разуменне і сувязі паміж пакаленнямі. Новае сацыякультурнае асяроддзе — вялікае поле дзейнасці для навуковых даследаванняў. Таму для нас вельмі важным было пачуць голас студэнтаў і даведацца пра вынікі іх навуковых даследаванняў, якія яны бачаць шляхі вырашэння актуальных сацыяльна-педагагічных праблем…

Суткі без мабільніка?

Падчас фарсайт-сесіі студэнтка ІV курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Валерыя БАЙДУК падзялілася вынікамі свайго даследавання, праведзенага на базе адной са сталічных школ. У поле зроку трапілі 30 юнакоў і столькі ж дзяўчат — навучэнцы 8—10 класаў. Мэтай было ацаніць узровень актыўнасці падлеткаў у блогасферы і сацыяльных сетках.

Высветлілася, напрыклад, што ў сярэднім навучэнцы праводзяць у сацыяльных сетках і месенджарах па шэсць гадзін штодня. Спектр блогаў, якія найбольш часта наведваюцца, гэта блогі ў сацыяльных сетках «УКантакце», TіkTok, Іnstagram, YouTube і Telegram. Як ні дзіўна, але блогі падлеткі ўспрымаюць як крыніцу інфармацыі — пра гэта паведамілі 75 працэнтаў апытаных. Чытанне блогаў узбагачае кругагляд 78 працэнтаў падлеткаў, а давяраюць інфармацыі ў блогах палова апытаных.

Сярод матываў выкарыстання медыярэсурсаў (сацыяльных сетак і блогаў) на першае месца школьнікі паставілі асобаснае развіцце, на другое — вучэбную дзейнасць і на трэцяе — прафесійнае развіццё.

Аналіз актыўнасцяў дазволіў выявіць гендарныя адрозненні ў паводзінах хлопцаў і дзяўчат. Апошнія праяўляюць большую актыўнасць, маюць большую колькасць
акаўнтаў і з'яўляюцца карыстальнікамі ў сярэднім каля пяці сацыяльных сетак. Хлопцы абмяжоўваюцца трыма-чатырма сацыяльнымі сеткамі. У юнакоў найбольш папулярная сацыяльная сетка «УКантакце», а ў дзяўчат — YouTube.

У 48 працэнтаў апытаных навучэнцаў на аватарках у профілі прысутнічае ўласная фатаграфія. У 67 працэнтаў размешчаная пра сябе інфармацыя адпавядае рэчаіснасці. 72 працэнты рэспандэнтаў рэгулярна загружаюць у сацыяльныя сеткі пэўны кантэнт.

Сярод вартасцяў сацыяльных сетак на першае месца навучэнцы паставілі прастату стасункаў, на другое — магчымасць кантактаваць з некалькімі людзьмі адначасова і на трэцяе — магчымасць казаць што заўгодна.

Чацвёртакурсніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ Анастасія ВОЎК паспрабавала ўстанавіць, ці існуе сувязь паміж гаджэт-залежнасцю і ўзроўнем адзіноты.

— З кожным годам павялічваецца колькасць людзей, якія ўжо не могуць адмовіцца ад выкарыстання гаджэтаў, — кажа дзяўчына. — Маё даследаванне, якое праводзілася на базе мінскай гімназіі, ахапіла 50 старшакласнікаў. З дапамогай анкетавання высветлілася, якія гаджэты ў падлеткаў найбольш запатрабаваныя і, адпаведна, могуць выклікаць залежнасць. Лідзіруючую пазіцыю займае мабільны тэлефон (78 працэнтаў). Гаджэты падлеткі выкарыстоўваюць для сувязі з роднымі і сябрамі, для гульняў і забаў і, па іх словах, для атрымання ведаў.

Дзякуючы даследаванню таксама высветлілася, што 48 працэнтаў старшакласнікаў не могуць абысціся без мабільнага тэлефона, а 20 працэнтаў не змаглі адказаць адназначна пра гатоўнасць ці негатоўнасць выключыць гэты гаджэт са свайго жыцця.

Важным было высветліць, як доўга школьнікі могуць абыходзіцца без выкарыстання гаджэтаў. 32 працэнты апытаных запэўнілі, што гатовы не выкарыстоўваць іх працяглы час, 26 працэнтаў прызналіся, што 24 гадзіны без гаджэта — гэта для іх максімум. А 22 працэнты кажуць пра сваю негатоўнасць пражыць без электроннай прылады больш як тры гадзіны. Цікава, што старшакласнікі, якія запэўніваюць, што гатовы адмовіцца ад гаджэтаў на працяглы час, выкарыстоўваюць іх штодня больш як тры гадзіны...

Таксама важным было высветліць, ці лічаць сябе рэспандэнты залежнымі ад гаджэта. Падчас апытання 36 працэнтаў пацвердзілі сваю залежнасць. Яшчэ 36 працэнтаў заявілі, што залежнымі не з'яўляюцца. Астатнія не змаглі пацвердзіць або абвергнуць існаванне залежнасці. Вымяраўся таксама і ўзровень адзіноты. 87 працэнтаў ахопленых даследаваннем адносяцца да катэгорыі нізкай ступені адзіноты і 13 працэнтаў — да сярэдняй ступені. А самы высокі паказчык узроўню суб'ектыўнай адзіноты (50 працэнтаў) быў выяўлены сярод навучэнцаў, якія знаходзяцца на першай стадыі камп'ютарнай залежнасці. Дарэчы, такіх аказалася 20 працэнтаў ад агульнай колькасці. Другой стадыі інтэрнэт-залежнасці ўстаноўлена не было. А ў 30 працэнтаў школьнікаў рызыка развіцця залежнасці была роўная нулю. І менавіта ў гэтай катэгорыі паказчык суб'ектыўнай адзіноты аказаўся самы нізкі.

Жорсткасць за вашы грошы

Сфера навуковых інтарэсаў студэнткі ІV курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогий Таццяны ШЫНКЕВІЧ — прафілактыка кібербулінгу ў падлеткавым асяроддзі. З тэмай свайго даследавання яна перамагла вясной у фінале конкурсу «Студэнт года БДПУ» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». А яшчэ дзяўчына ўзначальвае на факультэце студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю «Стратэгіі і мадэлі сацыялізацыі моладзі ХХІ стагоддзя». Збіраецца працягваць навучанне ў магістратуры.

— Даследчыкі налічваюць ужо больш за дзесяць форм кібербулінгу, якія актыўна ўкараніліся ў сацыяльных сетках. У апошнія гады з'явілася яшчэ адна форма, якая па сваёй жорсткасці пераўзыходзіць усе астатнія. Размова ідзе пра трэш-трансляцыі ці трэш-стрымы, — кажа дзяўчына. — Яны бяруць пачатак з такой з'явы, як «хэпіслэпінг», мэта якога — не проста збіццё ці цкаванне ахвяры, а распаўсюджванне відэа- і фотаматэрыялаў, у якіх ахвяру зневажаюць ці збіваюць.

З развіццём інтэрнэт-тэхналогій і ўсё большага ўкаранення ў свядомасці моладзі гвалту як нормы паводзін у грамадстве хэпіслэпінг пераўтварыўся ў трэш-стрымы.

Трэш-стрымінг — асаблівы жанр інтэрнэт-трансляцый, калі відэаблогер за ўзнагароджанне ад гледачоў (праз данаты) выконвае іх заданні. Як правіла, здзекуецца альбо з сябе, альбо з кагосьці яшчэ ў кадры. Разбіць нейкі прадмет аб галаву, выпіць або з'есці нешта агіднае, ударыць кагосьці і нават стрэліць у чалавека з траўматычнага пісталета — у кожнага дзеяння ёсць свая цана. Нехта заплаціў, а чалавек у кадры гэта зрабіў. Часта і сама ахвяра не супраць здзекаў. Камусьці патрэбныя грошы, а камусьці — хайп.
Але нярэдка ў кадры здзекуюцца з бяздомных або хворых людзей, якія пакутуюць ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, маюць адхіленні ў псіхічным развіцці і, відавочна, да канца не разумеюць, што адбываецца. Між іншым, заробак стрымераў напрамую залежыць ад колькасці трэшу ў іх трансляцыі і папулярнасці стрымера ў пэўных колах.

У пагоні за лайкамі стрымеры даволі часта адпраўляюцца ў іншы свет, няўдала выконваючы рызыкоўныя чэленджы і заданні ад чарговага данацёра: яны гінуць у аўтакатастрофах, зводзяць рахункі з жыццём, інтэрнэт памятае нават стрымерскія пахаванні, якія праходзілі ў прамым эфіры.

— Падлеткі, якія ўдзельнічаюць у падобных трансляцыях, уцягваюцца ў працэс гвалту ці могуць самі праявіць ініцыятыву, — кажа Таццяна. — Але калі дарослая аўдыторыя, як правіла, разумее, што стрымеры займаюцца гвалтам, то для падлеткаў іх дзеянні падаюцца бяскрыўднымі. Яны ўспрымаюць усё як пастаноўку, на якую ўсе пагадзіліся добраахвотна, не бачаць у падобных трансляцыях шкоды ці пагрозы для здароўя іншых. Падобнае стаўленне з боку падлеткавай аўдыторыі спрыяла распаўсюджванню трэш-стрымаў, якія ў асобных выпадках завяршаліся трагічна — нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў і нават смяротнымі зыходамі. Толькі за студзень—люты 2021 года было зафіксавана дзве смерці гасцей у прамым эфіры ад рук ініцыятараў трансляцый. На жаль, але толькі нядаўна было пастаўлена пытанне аб забароне падобнага кантэнту. Варта адзначыць, што такая форма кібербулінгу атрымала шырокае распаўсюджванне толькі на тэрыторыі краін СНД, а ў іншых краінах падобныя стрымы імгненна спыняюцца.

Таццяна Шынкевіч падзялілася вынікамі праведзенага апытання сярод падлеткавай аўдыторыі 13-14 гадоў у сацыяльнай сетцы «УКантакце»:

— У ім прынялі ўдзел 117 рэспандэнтаў, якія пражываюць на тэрыторі СНД. Высветлілася, што 9,4 працэнта рэспандэнтаў станоўча ставяцца да трэш-стрымаў. 72,7 працэнта падлеткаў выступаюць супраць такіх трансляцый, астатнім жа было складана даць адказ на гэта пытанне. З усіх рэспандэнтаў толькі 9,4 працэнта асабіста прысутнічалі на трэш-стрымах. 71,7 працэнта ніколі не траплялі на падобныя відэа ў сацыяльных сетках, але пры гэтым 18,8 працэнта ведаюць пра тое, што там адбываецца, з аглядаў медыйных персон, спецыяльных выпускаў, прысвечаных трэш-стрымам, і з навін.

На пытанне, ці добраахвотна ахвяры пагаджаюцца ўдзельнічаць у трэш-стрымах, меркаванні падлеткаў падзяліліся: 29,1 працэнта рэспандэнтаў лічаць, што ахвяры ўсё разумеюць і пагаджаюцца на здзекі добраахвотна, дзеля хайпу. 15,4 працэнта лічаць, што ахвяр прымушаюць да ўдзелу ў падобных стрымах. 55,5 працэнта ўдзельнікаў апытання разумеюць, што ахвяры часта не ўсведамляюць свае дзеянні. Па меркаванні падлеткаў, асноўнымі матывамі прысутнасці на падобных стрымах ахвяр становіцца жаданне праславіцца (83,7 працэнта), матэрыяльная выгада (37,6 працэнта), прымус да ўдзелу з боку прыгнятальніка (17,9 працэнта), безвыходнае становішча (5,8 працэнта). Пры гэтым да матываў агрэсара падлеткі аднеслі толькі імкненне да славы (98,3 працэнта) і матэрыяльную выгаду (83,7 працэнта).

На думку даследчыцы, спакойнае стаўленне да падобнага віду гвалту з боку падлеткаў і памылковае меркаванне, што гэта толькі пастановачнае дзеянне, стварае спрыяльную глебу для павелічэння колькасці падобных трансляцый. Таму далейшае вывучэнне гэтай формы кібербулінгу дапаможа не толькі зберагчы здароўе і жыццё патэнцыяльных ахвяр, але і вызначыць тактыку і стратэгіі прафілактыкі падобнага віду гвалту ў сацыяльных сетках.

Трэба дадаць, што фатальны стрым, у выніку якога загінула Аксана Грыгор'ева, нічым асаблівым не вылучаўся. Тысячы людзей не першы раз з цікавасцю назіралі за тым, як малады чалавек, які знаходзіцца ў стане перманентнага алкагольнага чаду, жорстка збівае, душыць і прыніжае сваю сужыцельку, зарабляючы нядрэнныя грошы на глядацкіх ахвяраваннях — дзясяткі тысяч расійскіх рублёў за трансляцыю. Да выдалення канала Reeflay адміністрацыяй YouTube з дапамогай данатаў гледачы маглі ратаваць Грыгор'еву ад збіцця ці, наадварот, моцна ўскладняць яе жыццё. Напрыклад, за тры тысячы рублёў стрымер мог распыліць у твар сяброўкі пярцовы балончык і нават «прабіць з нагі» ў выглядзе бонуса. А мог зрабіць гэта і цалкам бясплатна. Нягледзячы на просьбы дзяўчыны ўпусціць яе ў дом, яна заставалася на холадзе да таго часу, пакуль гледачы не сабралі ўстаноўленую катам колькасць лайкаў — 50, але было ўжо позна... Па заключэнні судмедэкспертаў, у пацярпелай была закрытая чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія кровападцёкі, а таксама гематома на твары...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».