Вы тут

Літва ў плоце. Навошта Вільнюс адгароджваецца?


Улады Літвы ўсё больш актыўна ўздымаюць пытанне наконт устаноўкі плота на граніцы з Беларуссю, паведаміла выданне Delfі. Па словах міністра ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайтэ, апошнім часам выраслі маштабы нелегальнай міграцыі. «Мы праводзім даследаванні магчымасці фізічнай устаноўкі плота», — заявіла міністр, ацаніўшы кошт будаўніцтва такой загароды ў 15 мільёнаў еўра. Разглядаюцца розныя варыянты плота: адзіночны, двайны, з калючым дротам або сігналізацыяй, патлумачыла прэс-сакратар МУС Літвы Ліна Лаўрынайтытэ-Грыгенэ. Паводле папярэдняй ацэнкі, адзін кіламетр такога збудавання абыдзецца казне ў 30 тысяч еўра. Калі ўлічыць бягучы рост цэн на будматэрыялы, то выніковы кошт узвядзення агароджы можа быць яшчэ вышэйшы. Уздоўж плота да таго ж давядзецца паставіць відэакамеры, датчыкі, а гэта павысіць расцэнкі кіламетра граніцы ўжо да 130 тысяч еўра, прагназуюць у МУС. З-за асаблівасцяў рэльефу мясцовасці і шматлікіх вадаёмаў плот нельга ўсталяваць уздоўж усёй граніцы Літвы з Беларуссю — гэта амаль 680 кіламетраў, з якіх працягласць воднай роўнядзі — 92,5 кіламетра. Навошта Літва адгароджваецца?


Ад мігрантаў і дзікоў

Суседняя Эстонія ўстанавіла на граніцы з Расіяй першы кіламетр плота яшчэ ў мінулым годзе і плануе загарадзіць дротам за тры гады 23,5 кіламетра. Першы этап будаўніцтва ў восем кіламетраў будзе каштаваць дзяржаве 20 мільёнаў еўра, а ўвесь праект ацэньваецца ў 130,5 мільёна еўра.

Яшчэ адна прыбалтыйская рэспубліка — Латвія — таксама актыўна адгароджваецца і ад Беларусі, і ад Расіі. Гэтая краіна ўзвяла плот даўжынёй 93 кіламетры з калючым дротам на граніцы з Расіяй яшчэ ў 2020 годзе. Узвесці абарону мяркуецца на ўсіх 283,6 кіламетра граніцы з РФ. Кошт праекта — 21 мільён еўра. На латвійска-беларускай граніцы будзе ўзведзена загарода даўжынёй 135 кіламетраў. Будаўнічыя работы плануецца выканаць за чатыры гады, кошт — 27,6 мільёна еўра.

Многія краіны ўзмоцнена адгароджваюцца адзін ад аднаго пры дапамозе цэглы, бетону і калючага дроту. У 2004 годзе ізраільцяне адгарадзіліся ад Палесціны на 700-кіламетровым участку агульнай граніцы. Турцыя з 2014 года ўзводзіць 500-кіламетровую сцяну ўздоўж граніцы з Сірыяй. Будуецца трохметровы плот з наглядальнымі вежамі. Саудаўская Аравія ў 2015 годзе пачала ўзвядзенне сцяны на 900-кіламетровай граніцы з Іракам. Паводле неафіцыйных падлікаў, у свеце налічваецца не менш за 70 штучных пагранічных бар'ераў.

Самае маштабнае амерыканскае загараджальнае збудаванне — «сцяна Трампа» на граніцы ЗША і Мексікі. Агенцтва Reuters паведамляла, што ў лютым гэтага года амерыканскімі ўладамі тут было затрымана каля 100 тысяч мігрантаў. Гэта самы высокі паказчык з 2006-га.

Адгарадзіцца ад Мексікі і ўсёй Паўднёвай Амерыкі было абяцаннем кандыдата ў прэзідэнты Дональда Трампа ў 2016 годзе. І ён яго выканаў. Пры Трампе было пабудавана больш за 1000 кіламетраў пагранічнай сцяны. Будаўніцтва фінансавалася за кошт дзяржбюджэту і абышлося ў гіганцкую суму — 22 мільярды долараў. Джо Байдэн, які прыйшоў на змену Трампу, адным з першых сваіх указаў адмяніў далейшае будаўніцтва сцяны.

Своеасаблівым правобразам усіх сучасных бар'ераў паміж краінамі, сімвалам раз'яднання народаў стала Берлінская сцяна, якая падзяляла Германію на ФРГ і ГДР. Яе разбурылі ў 1989 годзе. Улады ФРГ зараз узводзяць сцены толькі для абароны ад жывёл. Напрыклад, такая агароджа ад дзікоў, разносчыкаў афрыканскай чумы свіней, ёсць на граніцы з Польшчай. З нагоды такога роду выдаткаў рознагалоссяў сярод палітыкаў няма. Дэбаты ідуць у сувязі з выдаткамі на нелегальных мігрантаў. Зараз іх у краіне налічваецца больш за 11 мільёнаў. Акрамя таго, у Германіі знаходзіцца 270 тысяч чалавек, якія не маюць статусу бежанца.

Спроба маніпуляцыі

Як заяўляюць улады, галоўная прычына будаўніцтва плота ў Літве — наплыў мігрантаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у гэтым годзе ў краіну прыбыло звыш 400 бежанцаў. Большасць з іх — грамадзяне Ірака. Пры гэтым за ўвесь мінулы год у краіне затрымалі 81 замежніка, за пазамінулы — 46.

З пачатку чэрвеня ў Літве перапоўнены Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў, які размешчаны ў горадзе Пабрадзе і разлічаны на 240 чалавек. Побач з ім узвялі два палатачныя гарадкі. У адным нелегалы адбываюць каранцін, другі абсталявалі для пражывання, на яго тэрыторыі абсталявалі душавыя, туалеты, аб'екты грамадскага харчавання. Літоўскія чыноўнікі кажуць, што калі і гэтыя гарадкі перапоўняцца, то мігрантаў пачнуць размяшчаць у інтэрнатах і школах.

Кіраўнік МУС Літвы паведаміла, што жыхары Блізкага Усходу плацяць за перакідку ў Еўрасаюз 15 тысяч долараў з чалавека і 35 тысяч — з сям'і. «Аналагічныя схемы ёсць і ў Польшчы», — заўважыла міністр. Паводле яе падлікаў, 10 працэнтаў нелегалаў злавіць не ўдаецца, і яны пранікаюць далей у Заходнюю Еўропу.

Задзейнічаюць і войска. Армія Літвы гатовая ў выпадку ўзнікнення крытычнай сітуацыі на граніцы з Беларуссю ўдзельнічаць у абароне ад пранікнення нелегальных мігрантаў. Пра гэта заявіў міністр абароны прыбалтыйскай рэспублікі Арвідас Анушаўскас, паведаміла rubaltіc.ru. «Узброеныя сілы знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці, што з'яўляецца важным фактарам, таму пры ўзнікненні неабходнасці арганізаваць прыкрыццё граніцы армія накіруе на гэта дадатковыя рэсурсы», — адзначыў ён. Разам з тым, як заўважыў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай граніцы Літвы Рустамас Любаевас, немагчыма прад'явіць уладам суседняй краіны канкрэтныя прэтэнзіі.

Чыноўнік заявіў, што ў пачатку ліпеня ў Літву павінны прыбыць першыя супрацоўнікі місіі Еўрапейскага агенцтва аховы граніц і берагавой лініі Frontex. Аб гэтым ён паведаміў агенцтву BNS. Любаевас удакладніў, што да сярэдзіны ліпеня ў Літву павінны прыбыць каля 30 дадатковых супрацоўнікаў, як з пагранслужбаў іншых краін, так і з пастаяннага корпуса Frontex, гэта будзе «камбінаваная каманда». Літоўскім пагранічнікам будуць дапамагаць калегі з Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі, паколькі пагранічнікаў з гэтых краін дыслацыраваць прасцей за ўсё. Спецыялісты Frontex і іншых краін будуць сумесна патруляваць участак граніцы, дапамагаць затрымліваць нелегальных мігрантаў. Літва пры гэтым для вырашэння праблемы ўжо запытала дапамогу Еўрасаюза. Гэта ў тым ліку датычыцца і дадатковага фінансавання ЕС для ўмацавання знешняй граніцы.

Праўда, эксперты сцвярджаюць, што літоўцы перабольшваюць маштаб праблемы. «Некалькі гадоў таму ў Еўропу за год перасялілася больш за мільён чалавек. І нават тады не ўсе ў ЕС гаварылі пра крызіс. Зараз жа гаворка ідзе пра дзясяткі, сотні чалавек. Нават у маштабах Літвы гэта несур'ёзна. Іншая справа, што для Вільнюса гэта новая праблема. Звычайна нелегалы бягуць у багатыя краіны — Германію, Швецыю, Францыю. Прыбалтыйскія рэспублікі стабільна займаюць тры апошнія месцы па прывабнасці», — заўважыў іz.ru галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Мікалай Мяжэвіч. Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі і палітыкі МПДУ Уладзімір Шапавалаў лічыць, што цалкам давяраць літоўскім чыноўнікам не варта. «Вільнюс спрабуе выбіць у Еўрасаюза дадатковыя датацыі. Для гэтага, зразумела, патрэбен вобраз пакутніцкай дзяржавы, якая жыве ў нястачы. Таму заявы літоўскіх чыноўнікаў могуць быць спробай маніпуляцыі», — адзначыў Уладзімір Шапавалаў.

Як піша палітолаг Аляксандр Насовіч, раскручваючы тэму «рукатворнага» міграцыйнага крызісу, прыбалтыйская рэспубліка, напэўна, паспрабуе атрымаць практычныя дывідэнды, паведаміў eadaіly.com. «Прыбалтыйская рэспубліка будзе прасіць грошы ў Бруселя. Яна ж абараняе не толькі сябе, але і ўвесь Еўрасаюз. У тым ліку эканамічныя развітыя заходнія краіны, у якія імкнуцца трапіць мігранты (краіны Балтыі іх не вельмі цікавяць). Старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас прапанаваў пабудаваць плот на граніцы з Беларуссю. На першы погляд яго заява можа здацца недарэчнай і несур'ёзнай, але гэта выдатная нагода, каб запатрабаваць у ЕС новыя датацыі. Літоўскія палітыкі прэзентуюць канкрэтны інфраструктурны праект, а не абстрактныя меры па барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Гэта аўтаматычна павялічвае шанцы атрымаць фінансаванне з еўрафондаў», — адзначыў Аляксандр Насовіч.

Праблемны ўзвод

І з партнёрамі не ўсё так бездакорна. Нядаўна стала вядома, што Германія адклікала на радзіму цэлы ўзвод са складу раскватараванага ў Літве батальёна бундэсвера пасля таго, як стала вядома аб непрыстойных паводзінах вайскоўцаў падчас вечарынкі і распяванні імі нацысцкай песні. Непасрэдныя вінаватыя пасля службовай праверкі будуць звольненыя са службы.

Міністр абароны ФРГ Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр назвала інцыдэнт аплявухай усёй арміі. «Сваімі паводзінамі гэтыя салдаты самым безадказным чынам паставілі пад удар рэпутацыю ўсяго бундэсвера», — заявіла яна, выступаючы перад слухачамі ваеннай акадэміі ў Гамбургу. Паводле яе слоў, гэта асабліва недапушчальна ў той час, калі ўзброеныя сілы дамагаюцца дадатковага фінансавання на закупку новай тэхнікі.

Усяго на радзіму адкліканыя 30 вайскоўцаў. У шматнацыянальным батальёне НАТА, які раскватараваны на літоўскай базе ў Рукле (праграма «Узмоцненая перадавая прысутнасць»), служаць некалькі соцень нямецкіх салдат. Яны з'яўляюцца касцяком гэтай батальённай групы.

Вечарына адбывалася ў канцы красавіка ў адным з літоўскіх гатэляў. Пра тое, што там было, напісаў часопіс Spіegel. Па даных выдання, салдаты, напіўшыся ў звальненні, знялі на відэакамеру непрыстойную сцэну: адзін з іх спрабаваў здзекавацца са спячага калегі. Акрамя таго, яны так шумелі, што персанал гасцініцы выклікаў ваенную паліцыю. З гэтага і пачалося расследаванне.

Спачатку ў Германію былі адкліканы чатыры салдаты — менавіта за дэбош у гасцініцы. Але падчас допытаў, як піша Spіegel, высветлілася нешта яшчэ больш сур'ёзнае згодна з нямецкімі законамі: аказалася, што некалькі салдатаў з гэтага ўзводу ў казарме хорам выканалі нацысцкую песню ў дзень нараджэння Гітлера. Сяржант, па звестках часопіса, загадаў ім спыніцца, але яны не паслухаліся. Пасля вайскоўцы ўсе разам пастараліся замяць гэты інцыдэнт, таму і адкліканы ўвесь узвод.

У мінулым годзе разгарнуўся вялікі скандал у сувязі з ультраправымі настроямі часткі байцоў KSK — элітнага падраздзялення спецназа. У складзе тысячы чалавек яно была створана ў 1996 годзе для дзеянняў у крызісных сітуацыях, напрыклад, вызвалення заложнікаў за мяжой. У доме аднаго з байцоў паліцыя знайшла зброю і выбухоўку, іншыя ўдзельнічалі ў праварадыкальных чатах у інтэрнэце. Акрамя таго, у частцы выявілася нястача патронаў. У студзені 2020 года ваенная разведка паведаміла, што, паводле яе даных, у бундэсверы налічваецца каля 600 чалавек з ультраправымі поглядамі, з іх 20 — у KSK, якую спецслужба назвала асаблівай праблемай.

Насуперак фэйкам

Тым часам начальнік першага галоўнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Андрэй Філатаў назваў фэйкам інфармацыю аб нядобрасумленнай абароне дзяржаўнай граніцы беларускімі пагранічнікамі, паведаміла БелТА. «Органы пагранічнай службы выконваюць усе абавязацельствы па міжнародных дагаворах і прынятых пагадненнях з сумежнымі дзяржавамі і ахоўваюць граніцу прафесійна», — падкрэсліў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта.

Літоўскія пагранічнікі распаўсюджваюць недакладную інфармацыю ў СМІ. Паводле слоў Андрэя Філатава, 3 чэрвеня, не выканаўшы законныя патрабаванні пагранічнага нарада, група з пяці чалавек парушыла дзяржаўную граніцу і перайшла на літоўскую тэрыторыю. Ён падкрэсліў, што пагранічнікі Літвы былі своечасова праінфармаваныя пра гэты інцыдэнт. Пры гэтым на брыфінгу было паказана відэа, знятае з беларускага боку граніцы, на якім адзін з парушальнікаў размаўляе з літоўскімі пагранічнікамі, і адна яго рука прыкаваная кайданкамі да рукі супрацоўніка пагранслужбы. «Паводле наяўнай дамоўленасці, інфармацыя аб затрыманні парушальнікаў, а таксама іншыя звесткі па гэтым факце беларускаму боку да гэтага часу не перададзены», — заявіў Андрэй Філатаў.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.

Грамадства

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Сёння ад рукі пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў.

Грамадства

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Папера стала выдатнай альтэрнатывай дарагім ажурным тканінам.

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.