Вы тут

Кніжны гасцінец. Цені чужых берагоў


Максім Багдановіч. Серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

«Абодва паэты нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчу, а «ваш Лесавік»... Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашай мініяцюрнай часопісі замест іх твораў займаецца месца пад вершы Багдановіча».

Праўда, нечакана гучыць урывак з успамінаў Вацлава Ластоўскага, колішняга сакратара «Нашай Нівы»? Падобных фрагментаў — сотні ў гэтай унікальнай кнізе. Жыццяпіс самага рамантычнага беларускага паэта выкананы ў жанры «дакументальнай мазаікі» — сотні сведчанняў, якія датычацца яго жыцця ад нараджэння да заўчаснай смерці, узятыя з сотні крыніц. Цытаты з лістоў, успамінаў, мемуараў, навуковых даследаванняў і архіўных дакументаў выбудаваны складальнікам, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхалам Бараноўскім так, што ствараецца яркая і максімальна праўдападобная карціна. Тым больш што сведкі, як і належыць, супярэчаць адзін аднаму, блытаюцца — і гэта вельмі цікава знаходзіць і параўноўваць... Брат паэта неяк заявіў іх бацьку, Адаму Ягоравічу, што Максіма ніхто не разумеў, нават блізкія, і ўспаміны пра яго будуць няпэўнымі. А вось такі мазаічны падыход робіць постаць паэта аб'ёмнай... Можна рэканструяваць, як даводзілася Максіму цярпець нападкі і за тое, што «займае месца ў адзінай часопісі», і за тое, што піша на «мужыцкім дыялекце». І нават за паэтычнае майстэрства. Напрыклад, нейкі Мікалай Агурцоў (вельмі не хапае ў зборніку пераліку аўтараў цытат з біяграфічнымі звесткамі!), атрымаўшы ад Максіма ў падарунак «очень плохо изданную книжечку... стихов на белорусском языке («Вянок»)», папытаўся, чаму той, «народны паэт», напоўніў кніжачку «сонетами, рондо, триолетами и прочими чуждыми народу формами» ды яшчэ эпіграфамі на еўрапейскіх мовах. Адказ Максіма Багдановіча заслугоўвае цытавання цалкам:

«За белорусским языком не хотят признать самостоятельности и самобытности. Не хотят допустить и мысли, что на этом языке можно выразить все движения человеческой души и дать любую литературную форму. Я своей книжечкой хотел показать, что всё это возможно. А для этого нужно было белорусский язык поставить рядом с европейскими языками».


Эрых Марыя Рэмарк. «Цені ў раі». «АСТ», Масква, 2021.

Сёння ў любым топе самых прадаваных кніг — Эрых Марыя Рэмарк. Нямецкі пісьменнік, які праўдзіва і шчымліва апісаў лёс пакалення эпохі вайны і грамадскага пералому. Яго кнігі палілі нацысты... Раман «Цені ў раі» быў надрукаваны пасля смерці пісьменніка. Ён працягвае ягоныя папярэднія творы, нават сустракаюцца тыя самыя героі, накшталт доктара Равіка з «Трыумфальнай аркі». Дзеянне адбываецца ў Амерыцы, куды з пачаткам Другой сусветнай эмігравала шмат еўрапейцаў. Рэмарк, зыходзячы з уласнага досведу, апісвае гэты стракаты, драматычны свет — людзі, якія цудам пазбеглі смерці ў гітлераўскіх канцлагерах, героі, што змагаліся супраць нацызму, для мясцовых з'яўляюцца падазронымі чужынцамі. Тым больш былы журналіст, па паходжанні немец, які жыве з чужым пашпартам. Роберту Росу давялося прайсці канцлагер і падполле, два гады хавацца ад фашыстаў у сутарэннях бельгійскага музея. Ён мог толькі па начах выходзіць са сховаў, разглядаць карціны. Там і атрымаў выдатныя веды ў мастацтве, якія ў Амерыцы дапамагаюць выжыць.

Дзесьці за акіянам яшчэ ідзе вайна. З горкай іроніяй апісваецца эпізод, як Рос выпадкова трапляе на пасаду кансультанта галівудскага фільма пра ваенныя падзеі... Ніякія тлумачэнні не могуць змусіць кіношнікаў паверыць, што ў фашысцкай Германіі адбываюцца такія жахі, што людзі могуць тварыць падобнае адно з адным, прыкрываючыся загадамі, і фільм нагадвае звыклы вестэрн. Зразумела, Рэмарк пасылае героям і каханне — тужлівае, асуджанае, але магутнае... У аснове — рэальная гісторыя кахання Рэмарка і французскай манекеншчыцы Наталі Палей.

Жыццё наладжваецца. Але спакою няма. «І раптам я зразумеў: дабраўшыся да чужых берагоў, я зусім не пазбегнуў небяспекі, — наадварот: менавіта цяпер яна пагражала мне з асаблівай сілай. Пагражала не звонку, а знутры. Вельмі доўга я думаў толькі пра тое, каб захаваць сабе жыццё. У гэтым і быў мой ратунак». Герой выразна ўсведамляе: мінулае забівае, калі не зможаш яго забыць ці закрэсліць.

Аднак Рос не збіраецца нічога забываць. Ён вяртаецца на Радзіму, у пераможаную Германію — хоць уяўляе, якое яго чакае пекла... «Гэта было вяртанне ў чужы свет, да абыякавасці, да прыхаванай нянавісці і баязлівасці»... Але герой ведае: трэба аднаўляць справядлівасць, і зрабіць так, каб жах фашызму больш не паўтарыўся.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.