Вы тут

Ігар Карпаў: Пры заражэнні індыйскім штамам у клінічнай карціне ёсць пэўныя адрозненні


Індыйскі штам COVІD-19 выяўлены ў Мінску. Пра гэта праінфармавала прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.


pexels.com

Паведамляецца, што аналіз паслядоўнасцяў віруса SARS-CoV-2, выдзеленых у чэрвені з проб пацыентаў з пацверджаным COVІD-19, паказаў, што ў Мінску дзесяць даследаваных узораў мелі набор мутацый у шыпападобным бялку, што характэрна для індыйскага варыянта. Пры гэтым цыркуляцыя дадзенага варыянта ў іншых рэгіёнах Беларусі не ўстаноўлена.

Нагадаем, што першы вядомы ўзор гэтага варыянта быў упершыню выяўлены ў Індыі восенню мінулага года, і яго поўны геном быў апублікаваны ў міжнароднай базе GІSAІD 7 кастрычніка 2020 года. Вірусолагі тлумачаць, што ўтварэнне новых генетычных ліній SARS-CoV-2 з'яўляецца натуральным працэсам эвалюцыі віруса.

Разам з гэтым яны мяркуюць, што індыйскі варыянт можа больш эфектыўна распаўсюджвацца ў параўнанні з варыянтамі віруса, якія цыркулявалі ў самым пачатку эпідэміі COVІD-19.
Мутацыі ў шыпападобным бялку прыводзяць да таго, што вірус лепш прымацоўваецца да рэцэптараў клеткі і лепш пранікае ў яе. Аднак на дадзены момант няма звестак пра тое, што гэты варыянт выклікае больш сур'ёзнае захворванне.

— Пры заражэнні індыйскім штамам у клінічнай карціне ёсць пэўныя адрозненні. Справа ў тым, што інкубацыйны перыяд некалькі карацейшы, чым прынята цяпер лічыць, — ад двух да дзевяці дзён. Клінічная карціна ў пацыентаў развіваецца хутчэй, а сімптаматыка досыць выяўлена, — расказаў БелТА пра новы для нас штам урач-інфекцыяніст, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў.

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на лета, людзі па-ранейшаму хварэюць:

— Хацелася б, каб захваральнасць была ніжэйшай, чым мы зараз рэгіструем. Таму меры індывідуальнай аховы па-ранейшаму актуальныя.

Доктар заклікаў абмежаваць вечарынкі, якія ладзіць моладзь у сувязі з заканчэннем навучальных устаноў, звярнуўшы ўвагу на тое, што хварэюць людзі рознага ўзросту, у тым ліку маладыя. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што вакцына «Спадарожнік V» дае досыць высокія цітры антыцелаў, якія павінны быць эфектыўнымі і пры гэтым штаме каранавіруса. Ва ўсякім разе, гэты тэзіс пацвярджаюць лабараторныя даныя.

Расійскі ўрач-інфекцыяніст Андрэй Пазнякоў у каментарыі РІА «Навіны» адзначае:

— Калі людзі не будуць вакцынавацца, штамы будуць муціраваць кардынальна — аж да таго, што існуючыя прышчэпкі перастануць дзейнічаць. Аднак пакуль яны працуюць. Вірус проста не паспявае муціраваць, калі трапляе ў арганізм з імунітэтам.

У цяперашні час індыйскі штам атрымаў шырокае распаўсюджанне не толькі ў Індыі, але і ў краінах Еўропы, выцесніўшы брытанскі штам. Высокі ўздым захворвання на COVІD-19
у Расіі ў чэрвені 2021 года выкліканы таксама гэтым варыянтам, доля якога ў Маскве і Санкт-Пецярбургу складае практычна 90 працэнтаў.

Спецыялісты лічаць, што шырокае распаўсюджванне індыйскага штама ў першую чаргу звязана з невыкананнем мер засцярогі, невялікай колькасцю вакцынаваных асоб, што не дазваляе дасягнуць неабходнага ўзроўню папуляцыйнага імунітэту.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.