Вы тут

Радзімазнаўства як крыніца выхавання


Галоўным лейтматывам міжнароднага круглага стала «Радзімазнаўчы аспект у творах пісьменнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», які прайшоў у Брэсце, была ідэя вызначэння ролі краязнаўства ў мастацкай літаратуры, усведамлення, што аснову светлых памкненняў мастацкага слова складае любоў да радзімы, жаданне паказаць яе глыбінныя традыцыі і іх суладнасць з сучаснасцю ва ўсіх светлых праявах. Арганізатары прэстыжнага, багатага на творчыя, даследчыцкія адкрыцці форуму — Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, на пляцоўцы якой і праходзіў круглы стол, Выдавецкі дом «Звязда», Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Краязнаўцы Валерый Мароз і Анатоль Гладышчук падчас форуму.

Мудрая навука…

Так некалі ахарактарызаваў краязнаўчыя зацікаўленні мастакоў слова, пісьменнікаў і публіцыстаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. І калі гаварыць пра элементы спасціжэння роднага, пра тыя краскі, што ідуць у паэзію ад мясцін, падзей, добра вядомых на Берасцейшчыне, то, несумненна, літаратура, якую дзесяцігоддзямі стваралі ў гэтым куточку зямлі альбо пісьменнікі-землякі, які выйшлі з Берасцейшчыны і раз’ехаліся па розных іншых адрасах, канешне ж, напоўнена мясцовым матэрыялам. Таму, відавочна, у выступленнях многіх удзельнікаў круглага стала гучалі імёны паэтаў і празаікаў. Падрабязны даклад пра зробленае апошнім часам калегамі-літаратарамі зрабіла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч («Краязнаўства Брэстчыны: час адзінай плынню»), згадаўшы шмат каго з рупліўцаў на краязнаўчай ніве. Кнігі гэтых аўтараў навідавоку ў бібліятэцы — і ў чытальнай зале, і ў фондах, і на адмысловай выстаўцы, якая была падрыхтавана да круглага стала. Нельга не сказаць, што Брэсцкая абласная бібліятэка як ніякая іншая асветніцкая, бібліятэчная ўстанова ўважлівая да краязнаўчай бібліяграфіі. Пра гэта гаварылі і ў час выступленняў, і ў кулуарах форуму. Я запытаўся ў намесніка дырэктара бібліятэкі Людмілы Кароль, загадчыцы агульнай чытальнай залы Тамары Глазковай пра вагу гэтай працы, яе вартасці. І пачуў і пра зробленае, і пра новыя планы. Калі б не гэтыя рупліўцы, іх калегі, то наўрад ці пабачылі б свет і паказальнікі, прысвечаныя асобным аўтарам, наўрад ці чытачы (у першую чаргу — даследчыкі ў галіне літаратуразнаўства, краязнаўства, гісторыі) мелі б шырокую магчымасць рухацца наперад у сваіх вышуках.

На Берасцейшчыне добра вядомы імёны пачынальнікаў краязнаўчай справы. І кандыдата філалагічных навук Веры Ляшук, якая разам з Галінай Снітко кнігай «Літаратурная Берасцейшчына» ўмацавала падмурак літаратурнага краязнаўства ў рэгіёне. На круглым стале згадвалася імя публіцыста, гісторыка, члена Саюза пісьменнікаў СССР Міколы Калінковіча (1950—1990), які нарадзіўся ў Лунінцы. І ён — з катэгорыі пісьменнікаў-краязнаўцаў. Аўтар кніг, выдадзеных у Мінску і Ашхабадзе, ён паспеў зрабіць неверагодна многа. Кніга М. Калінковіча «Палескія дні Аляксандра Блока» — той масток, што дазваляе не забыцца на блокаўскую тэму ў звязку з Палессем. Пра Мікалая Мікалаевіча, ды і ўвогуле пра лунінецкае краязнаўства, пра стасункі Беларусі і Ізраіля праз прызму сваіх землякоў гаварыла на круглым стале Таццяна Канапацкая. Гаварыла ўзнёсла, эмацыянальна. І, зразумела, чаму — менавіта яна развівае, рухае многія грамадскія ініцыятывы ў краязнаўчай працы, а не толькі выкладае іх у публікацыях і кнігах. Выступленне Таццяны Васільеўны Канапацкай істотна дапоўніў паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп («Балада Міколы Калінковіча» і іншыя берасцейскія радзімазнаўчыя мастацкія сюжэты»), прачытаўшы і твор, прысвечаны лунінянчаніну, і расказаўшы, што значыць для творчасці далучанасць да роднай вёскі Пугачы ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Нагадаю, каб да канца ўсвядоміць гэта, варта зазірнуць у кнігі Віктара Шніпа, ды найперш у яго дзённікавы раман «Пугачоўскі цырульнік».

Уладзімір Калеснік — светач краязнаўства

Часта на круглым стале згадвалася імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Нараджэннем з Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, літаратуразнаўца, публіцыст, апантаны ідэяй збірання талентаў і іх выхавання, універсітэцкі, інстытуцкі выкладчык, ён пакінуў надзвычайны след у гісторыі Брэста і Брэсцкай вобласці. Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі Ірына Жэлянгоўская прысвяціла сваё выступленне наступнай тэме: «Літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта». Імя пісьменніка, як бачым, і ў назве прэміі, якую заснавалі ў 2007 годзе. На сёння яе лаўрэатамі сталі 39 літаратараў. Сярод адзначаных — і тыя, хто праявіў сябе ў гістарычнай літаратуры, краязнаўчай публіцыстыцы: Зінаіда Дудзюк, Аляксандр Валковіч, Анатоль Бензярук, Мікалай Елянеўскі і шмат хто яшчэ. Сярод лаўрэатаў — і Валерый Грышкавец, Віктар Вабішчэвіч, Надзея Парчук, Анатоль Крэйдзіч, Мікола Бусько, Анатоль Брытун, Анатоль Шушко, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Ніна Мацяш, Іван Арабейка…

Пра Уладзіміра Калесніка, закранаючы тэму перавыдання творчай спадчыны пісьменнікаў, якія пайшлі з жыцця, шмат гаварыла даследчыца Марыя Новік («Да праблемы выдання творчай спадчыны пісьменнікаў Берасцейшчыны»). Дзякуючы ініцыятывам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, яе кіраўніцтву, у розныя гады былі здзейснены многія выданні. І кніга «Літаратурная Берасцейшчына», пра якую ўжо згадвалася, выйшла накладам аж 2500 экзэмпляраў. Марыя Іванаўна нагадала пра тое, што набліжаецца 100-гадовы юбілей Уладзіміра Калесніка, пра тое, што ў свой час збіраўся яго трохтомны Збор твораў. На жаль, выданне яго не здзейснілася. Ці знойдзецца сёння выдавецтва, якое звернецца да гэтага клопату?.. Вельмі важна выдаць разам і ўсю творчую спадчыну драматурга Міколы Арахоўскага, пра гэта таксама эмацыянальна і вельмі пераканаўча гаварыла спадарыня Новік. Перавыдання патрабуе і спадчына Ніны Мацяш, яе шматлікія перакладчыцкія вопыты.

Уладзімір Калеснік у свой час істотна падтрымліваў таленавітых пісьменнікаў Берасцейшчыны. І сёння памяць аб ім выглядае ахоўнікам сапраўдных мастакоў слова. Таму надзвычай важным падаецца і тэма мемарыялізацыі гэтай постаці, гэтага імя. Так, шмат што ўжо зроблена. І перш-наперш — Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам, а таксама Брэсцкай абласной бібліятэкай. Варта вярнуцца да перавыдання яго, Уладзіміра Калесніка, твораў, магчыма, і да выдання і кнігі пра яго.

Выступае Таццяна Дземідовіч.

Шукаць у гісторыі сапраўднасць

Не меней цікавым у кантэксце агульнай размовы за круглым сталом падалося выступленне краязнаўца, даследчыка гісторыі храмаў на тэрыторыі рэгіёна Валерыя Мароза («Гістарычнае краязнаўства Брэстчыны 2-й паловы XIX — пачатку XX стст.»). Дасведчаны гісторык, аўтар унікальных краязнаўчых кніг, ён згадаў тыя імёны, пра якія не так часта гавораць. Найперш — імёны святароў, якія служылі на тэрыторыі Берасцейшчыны, якія пакінулі ў сваіх творах яркія дакументальныя сведчанні, што драбнічкамі праліваюць святло на глыбокія традыцыі, на праўду жыцця.

Вельмі дэталёвым у дачыненні да тэмы спаленых вёсак было і выступленне журналіста і пісьменніка Анатоля Бензерука («Вывучэнне гісторыі «вогненных вёсак» — населеных пунктаў Беларусі, цалкам знішчаных карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (на прыкладзе вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці)»). Спадар Анатоль нагадаў пра тое, што сам тэрмін «вогненныя вёскі» прыйшоў у беларускае жыццё з кнігай Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я — з вогненнай вёскі…», што здымкі ў кнізе зроблены менавіта Уладзімірам Калеснікам. Нагадаем яшчэ і тое, што кніга была створана на матэрыяле запісаў, зробленых аўтарамі ў паездках 1970—1973 гг. па 147 вёсках Беларусі ў 35 раёнах Беларусі. Упершыню кніга была выдадзена ў 1975 годзе — на беларускай мове, а ў 1977-м — на рускай мове. Пасля былі пераклады на іншыя мовы свету… Відавочна, што і зараз гэты ўнікальны мастацкі дакумент патрабуе перавыдання.

Вопыт іншых краін Садружнасці

Істотна дапоўнілі праграму міжнароднага круглага стала відэадаклады. З Беларусі да ўдзелу падключыла пісьменніца Ірына Шатыронак (Гродна), тэма выступлення якой гучала наступным чынам — «Вачыма англічаніна Фартэск’ю Андэрсана». Дарэчы, даследчыца ў апошнія гады вельмі шмат робіць для развіцця краязнаўства на Гродзеншчыне, найперш звяртаючыся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Расію на круглым стале прадстаўлялі член Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Чаркашын (а зусім нядаўна старшыня СПБ Мікалай Чаргінец уручыў яму членскі білет сябра Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі), з відэапрывітаннем якога пазнаёміліся ў Брэсце. «Краязнаўства — палявая гісторыя. Ствараецца ў полі, на дарогах, дзе праходзяць непасрэдна гістарычныя падзеі. Быць краязнаўцам у Брэсце — складана і ганарова. Стаіцьі перад намі галоўная задача — запоўніць «белыя плямы», узнавіць сотні і тысяч імёнаў абаронцаў…» — сказаў у сваім відэазвароце Мікалй Чаркашын.

Рыма Ханінава з Элісты расказала пра беларускакалмыцкія літаратурныя сувязі, пра яе памкненні да ўшанавання памяці бацькі —калмыцкага паэта і беларускага партызана Міхаіла Хонінава ў Беларусі і ў роднай Калмыкіі. Галіна Долгая з Узбекістана распавяла пра адлюстраванне гісторыі Сярэдняй Азіі ў навуковапапулярных публікацыях і мастацкіх твораў пісьменнікаў Узбекістана, якія пішуць на рускай мове. Вельмі цёпла ўдзельнікамі круглага стала быў успрыняты відэадаклад доктара філалагічных навук з Баку Флоры Наджы пра адзін з малалікіх народаў Азербайджана («Адзінства непадобных»).

Замест пасляслоўя

Круглы стол, які сабраў у Брэсце розных людзей і ў віртуальным фармаце розныя краіны, доўжыўся літаральна цэлы дзень. Каля шасці гадзін ішла дынамічная, цікавая размова. Можна толькі ўявіць, якіх намаганняў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага каштавала сабраць усіх разам, увогуле арганізаваць гэты форум, няпросты з розных бакоў. І таму дарагога каштуе прызнанне дырэктара бібліятэцы Алены Стрыжэвіч, што круглы стол будзе развівацца і надалей. Магчыма, ён знойдзе ўвасабленне ў іншых фарматах. Магчыма, далучацца іншыя партнёры. Гэта ўжо вырашаць самім бібліятэкарам, якія чуйна ставяцца да кнігі і чытача, думаюць пра іх суладдзе, робяць дзеля гэтага ўсё магчымае.

Сяргей ШЫЧКО

Фота даслана Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.