Вы тут

Перажываючы крызіс веры ў неймаверную моц пачуццяў


Адзін з найбольш банальных адказаў на пытанне «Што галоўнае ў жыцці?» — «Любоў і каханне». Але нават з самай банальнай тэмай можна справіцца арыгінальна, калі мець на гэта дастаткова ўмення.


Кніга Галіны Багданавай «Паляванне на Любаву» — прыклад шматслойнага творчага выказвання на адну з самых банальных тэм чалавецтва. Любава — дзяўчына, што жыла недзе паміж дзясятым і чатырнаццатым стагоддзямі ў адной дрыгавіцкай вёсцы і была ўнучкай Траўніцы. Часы міжвер’я ў літаральным сэнсе ў самым разгары: у мясцовасці ёсць царква, людзі носяць крыжыкі, але некаторыя з іх працягваюць маліцца не толькі адзінаму Богу, але і Перуну або сонцу. Галоўная гераіня атрымлівае ад бабулі магчымасць жыць вечна, але ёсць той, хто перашкаджае ёй. І больш за шэсць стагоддзяў гераіня праводзіць у абліччы бесцялеснай існасці, лунаючы дзесьці ў паверхні, і атрымлівае магчымасць зноў стаць чалавекам толькі ў дваццатым стагоддзі, калі адзін археолаг знаходзіць і збірае на нітку яе бурштынавыя пацеркі.

Апавяданне закранае тры часавыя пласты, датычныя трох прыходаў Любавы на зямлю: далёкая старажытнасць, 20—30-я гады ХХ стагоддзя і 80—90-я. У пэўным сэнсе можна было б лічыць «Паляванне на Любаву» ледзь не раманам пра «трапленцаў». Але акцэнты тут моцна ссунуты, і тэма адаптацыі дзяўчыны з Сярэднявечча ў тэхналагічным ХХ стагоддзі абсалютна не мае рэалізацыі.

Дзяўчына з’яўляецца зніадкуль, апрануўшы пацеркі, звяры пераўтвараюцца ў людзей, у апавяданні часта размываецца мяжа паміж сном і рэчаіснасцю, успамінам і тым, што адбываецца цяпер. Хочацца адразу параўнаць аповесць з творамі магічнага рэалізму, але ў яго ўсё ж такі крыху іншая спецыфіка. «Паляванне на Любаву» больш арганічна можна назваць паэтычным рэалізмам. Гэта відавочна і па стылістыцы апавядання — погляд увесь час збіваецца на разважанні, назіранні за навакольнымі абставінамі, што шчыльна змешваюцца з наратывам. Мы ўвесь час назіраем за падзеямі з ракурсу розных персанажаў, у асноўным — галоўнай гераіні. Шматлікія метафары, пачуццёвыя паўнамёкі маюць прыродны пачатак. Гэта выглядае арганічна і адсылае да класічных метадаў, асабліва пры спробе перадаць тэму кахання ў розных праявах, у тым ліку фізіялагічным. У самым пачатку твора, у пралогу, аўтарка звяртаецца да чытачоў, папярэджваючы, што ў тэксце праводзіцца эксперымент: празаічныя метады выкарыстоўваюцца для вырашэння паэтычных задач: «Але ж слова, выказанае, так часта ператвараецца альбо ў занадта прыгожую, альбо ў няўклюдную апратку для праўдзівых пачуццяў і думак. Мелодыя, фарба, жэст — несумненна, больш дасканалы шлях для перадачы падсвядомае плыні эмоцый, чым слова. Але ж ёсць паэзія… І, хто ведае, можа, прыйшоў час і ў прозе паспрабаваць перадаць не форму, а сутнасць ці, прынамсі, нешта блізкае да сутнасці нашых таемных памкненняў, тое, што мы адчуваем як непераадольнае дыханне вечнасці…» Пазіцыя Галіны Багданавай, што прысвяціла шмат гадоў мастацтвазнаўству, зразумелая, хаця з ёй і хочацца не пагадзіцца тым, хто працуе са словамі. Такі эксперымент па-свойму пужае, бо ў літаратуры надзвычай важны баланс паміж формай і зместам, метафарай і наратывам, пачуццямі і гісторыяй, апісаннямі і дзеяннямі. Але Галіна Багданава, гуляючы з формай падачы сюжэту, усё ж будуе яго зразумела і яскрава.

Назіраць за падзеямі чытач будзе з дзвюх адваротных пазіцый — паганкі і лекаркі Любавы і хрысціяніна-пустэльніка, празванага Прававерным.

Уся кніга пабудавана на паралелях: паганства — хрысціянства, добрыя — кепскія персанажы, каханне — нянавісць. Завязка сюжэта з Прававерным моцна нагадвае фабулу «Сабора Парыжскай Божай Маці»: чалавек, замкнёны ў сваёй веры, бачыць няправільнасць сусвету і ўсімі сіламі імкнецца яго выправіць. І раптам у яго чэрствым сэрцы прабіваецца каханне да жанчыны, якое ён утаймоўвае, ператварыўшы ў супрацьлеглае пачуццё — нянавісць. Асоба галоўнага антаганіста цікавая, бо, з аднаго боку, ён, згубіўшы любоў да людзей, стаў лічыць сябе роўным богу, але з іншага — насамрэч атрымаў боскую моц і бяссмерце. Абодва персанажы — і Прававерны, і Любава — метафарычныя асобы. Гэта погляд на тых, што змагаюцца за душы людзей — не Бог і д’ябал, а любоў і пагарда, вера ў свет і зацятасць у правілах. Часы міжвер’я працягваюцца няспынна.

Канкрэтная ацэначная афарбаванасць прысутнічае ў кожным героі, гэта яскрава выпісаныя вобразы, якія адлюстроўваюць заганы часу. Адзіны важны герой, які, на жаль, не атрымаў дастатковага развіцця і застаўся статыстам, — гэта Любчык. Першае сапраўднае каханне гераіні. Па-за пачуццямі да Любавы мы не назіраем яго ўвогуле, таму ён застаецца даволі размытым.

Калі пачынаецца аповесць, Любава прыходзіць на зямлю трэці раз. І на яе зноў пачынаецца паляванне. Адзінае, што можа абараніць дзяўчыну, не даць служкам Прававернага да яе дабрацца, — моцнае і сапраўднае каханне, абарона мужчынскіх абдымкаў. Назіраючы за яе шляхам на зямлі, чытач быццам сочыць за дэтэктыўным сюжэтам. У аповедзе з’яўляюцца ўсё новыя і новыя героі, толькі пытанне — не хто здзейсніў злачынства, а хто з герояў у выніку пакахае Любаву. У магчымых прэтэндэнтаў метафарычныя прозвішчы — Сініца, Журавель, Коршак. Прычым метафары перацякаюць і ў ступень уцягнутасці герояў у сюжэт. За жыццём мастака Васіля Сініцы мы назіраем з самага пачатку і даволі падрабязна, залазім у яго дом, будучыню і ў душу. Археолаг Яўген Коршак доўгі час цягнецца па сюжэце ценем, сілуэтам і выходзіць на святло толькі ў канцы, але не бачыць далей за сваю дзюбу, свае амбіцыі і інтарэсы. Паэт Юрась Журавель часта з’яўляецца ў кадры, атрымлівае характэрныя рысы, па якіх яго відаць здалёк. Але буйным планам стваральніца свету бярэ яго толькі ў самых апошніх сцэнах, каб пераўтварыць недасяжнае ў апошнюю надзею на выратаванне.

Аповед апелюе класічнай ісцінай «любоў выратуе свет» і дае абсалютна адназначнае разуменне таго, што аўтарка лічыць добрым, а што — дрэнным, пачварным, перашкодай для кахання. Але, нягледзячы на гэтую накіраванасць, не пераўтвараецца ў суцэльнае маралізатарства. Асабліва цікава Галіна Багданава рэалізоўвае погляд на беларускую мову. Па яе меркаванні, мова рытмічная, энергетычная з зямлёй, дзе на ёй мусяць размаўляць. І таму, не гаворачы па-беларуску на гэтай зямлі, значна цяжэй дасягнуць гармоніі. Дарэчы, гэтая развага цікава падмацоўваецца гісторыяй пра тэмп гаворкі. Быццам у старадаўнія часы людзі размаўлялі значна павольней, расцягвалі словы, таму Любава мусіць адаптавацца да сучаснага тэмпу найперш праз гаворку. «Як можна размаўляць на мове суседняга народа?» — запытваецца дзяўчына, хаця, здаецца, што ў часы, калі яна нарадзілася, не было настолькі аформленых суседніх народаў і суседніх моў.

«Паляванне на Любаву» атрымліваецца насычаным, шчыльна сплеценым, як каляровы дыван, аповедам, цікавым з пункту гледжання разнастайных форм падачы, спосабаў расказвання сюжэта, кропак уваходу ў падзеі. Аўтарка не збіваецца на прамое трансліраванне сваёй думкі і не губляе ў калейдаскопе форм ідэю таго, што любоў мусіць быць мацнейшай за міжвер’е і час.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».