Вы тут

«Ды што тут разважаць…»


У новым творы «А на беразе тым…» («Чатыры чвэрці», 2021) аўтар Яўген Хвалей уздымае цікавую тэму, да якой не вельмі часта звяртаюцца, — шлюб паміж прадстаўнікамі розных народаў. У цэнтры простага сюжэта рамана — перашкоды на шляху некалькіх герояў да мары, шчасця і кахання. А пачынаецца твор з вандроўкі сямейнай пары Забярэжных ды іх пляменніцы Алы на востраў Крыт — да дачкі Ірыны, якая палюбіла грэка і пераехала да яго назаўжды…


Праблематыка і нясціплыя роздумы

Ужо на першай старонцы чытач пачынае бачыць, куды хіліць аўтар. Найяскравей гэта выяўляецца ў вобразе Яна Пятровіча Забярэжнага, адна з першых фраз якога наступная: «Прыгожая наша зямля, які час не бяры… <…>І чаго некаторым людзям так карціць пакінуць яе, збегчы за мяжу — не разумею». Дарэчы, адразу і пазней дакладны ўзрост жонкі і мужа Забярэжных чытачу не паведамляецца. Пра гэта можна меркаваць толькі па зусім маладых дочках. Але, напрыклад, галава сям’і разважае часам так, быццам ён ужо стары, і шчыра не разумее пэўных натуральных прыкмет сучаснага свету. Непрацяглы час пасля прызямлення на Крыт герой дзівіцца прыродзе, але потым яго думкі зноў скіроўваюцца да недарэчнай крытыкі: «Легкавушкі розных замежных марак — ад “пежо”, “фордаў”, “таётаў” да “мерседэсаў”. І ніводнай нашай маркі. Ну хоць бы “Волга”». Пазней апавядальнік неаднойчы звернецца да гэтай тэмы.

Супрацьпастаўленне «свой/наш» і «чужы» таксама счытваецца амаль адразу. І тут нельга не працытаваць выказванне Яна Пятровіча, дарэчы, вучонага-эканаміста, за якое ў талерантным і адначасова варожым свеце аўтара слоў найменшае перасталі б паважаць: «Ды што тут разважаць, калі ў гарадах нашы белыя дзяўчаты выскокваюць замуж за чорных, неграў. Якоесьці насланнё!» Але ці працягваецца лінія непрымірымасці? Асуджаецца ці падтрымліваецца нябачным апавядальнікам?

Героі ды дасягненне мэт

У першай частцы кнігі Яўген Хвалей вырашыў не звяртацца да дэталёвай распрацоўкі персанажаў, якія б вызначаліся складанымі характарамі, супярэчлівымі пачуццямі і адметнымі ўчынкамі. Бачанне героямі жыцця, як правіла, — вынік двух фактараў: выхавання і адзнак у школе і ва ўніверсітэце. Так, галоўны адназначна адмоўны персанаж — сяброўка Ірыны Іна, якую песцілі бацькі — іх грошы дазвалялі дачцэ мець тое, што хацелася, — і якую не цікавілі вучэбныя заняткі. Можна нават скласці градацыю гераінь — ад самай распуснай да самай ціхмянай: Іна (спробы атрымаць ад багатых кавалераў як мага болей грошай і каштоўнасцей), Ала (няўдалы шлюб з наркаманам з-за цяжарнасці, пошук перспектыўнага мужа, абавязкова замежніка), Ірына (згаворлівая і падатлівая).

У другой частцы пісьменнік, наадварот, вырашае расказаць пра станаўленне той ці іншай асобы вельмі падрабязна. Згадваюцца вёскі, дзе нарадзіліся персанажы гісторыі, і нават суседнія паселішчы, рэкі… Сваякі, аднакласнікі і аднакурснікі, выпадковыя знаёмыя… Шмат увагі надаецца рэфлексіі, але яшчэ больш — супрацьпастаўленню моладзі, якая жыла некалькі дзесяцігоддзяў таму, і сучаснай. На карысць першай групы гаворыць шмат прычын: выхаванне ў вёсцы, складанае матэрыяльнае становішча сямей, як вынік — імкненне вучыцца, атрымаць неабходную ў грамадстве прафесію, а таксама шчырая любоў да радзімы. Супраць другой, настойвае апавядальнік, — адваротныя вышэйназванаму рэчы. Выснова напрошваецца немудрагелістая і, вядома, мае права на жыццё.

Між іншым адзін з галоўных герояў другой часткі — Ян Пятровіч Забярэжны. Асноўны мараліст рамана «А на беразе тым…», ён здраджвае жонцы з жанчынай, якую, як высвятляецца, кахаў усё жыццё ці шукаў яе рысы ў іншых. Аднойчы знайшоў іх нават у малдаванцы, і тут, здавалася б, развагі героя маглі быць скіраваны ў больш глыбокія разважанні пра каханне паміж людзьмі з розных краін, але на гэты факт увагі не звяртаецца. Фінал, дарэчы, больш чым лагічны: аўтар здолеў захаваць уласцівы другой частцы баланс рамантычнасці ды ідэалістычнасці і застацца паслядоўным у апісанні характараў і ўчынкаў Яна Забярэжнага і яго каханай Аліны Красавіцкай.

Кніга выдатна ўпісваецца ў серыю «Жаночыя лёсы». Як і належыць, ролі мужчын тут другарадныя: часцяком проста абазначаецца, што муж той ці іншай жанчыны запіў, стаў наркаманам ці памёр ад хваробы. Замежнікі-героі выглядаюць сапраўднымі дурнямі, якіх можна спакусіць, як правіла, за адзін вечар і прымусіць пабрацца шлюбам. Якімі спосабамі гэтага дасягаюць беларускія прыгажуні? Відавочныя тут падаюцца непераканаўчымі, пра іншыя разважаць няма нагоды. Але ж постаць Яна Забярэжнага стаіць асобна ад іншых, бо ён «не такі, як усе». Цікавы момант: па некалькіх згадках адным з прататыпаў галоўнага героя можна лічыць і самога аўтара.

Высновы і зададзеная схема

Яўген Хвалей адназначна адказвае на пытанне пра адносіны людзей розных нацыянальнасцей і, здаецца, не схільны да дыялогу. Адна з гераінь старэйшага пакалення Зося Манкевіч, маці Алы, заўважае: «Калі б хто сказаў мне, каб ішла за якоганебудзь замежнага смуглага ці наогул чорнага, дык лепш бы пайшла ды ўтапілася». Шчаслівая ў шлюбе, гераіня прыкмячае, што толькі з дзецьмі не пашанцавала. Задаць сабе пытанне, чаму так складваецца лёс дачкі і сына, і паразважаць пра тое, чым ёй так брыдкія замежнікі, Зося Манкевіч не спрабуе. Нягледзячы на пэўныя недахопы ў меркаваннях, тэкст насычаны падрабязнасцямі і часам зусім непатрэбнымі звесткамі. У празе да кінематаграфічнай выявы аўтар бачыць неабходнасць пазначыць, што, напрыклад, калі зазвінеў мабільнік Ірыны, яна паднесла тэлефон да вуха; калі ехалі горы па аўтабане, звярнулі ўправа… У маленькіх апавяданнях, гэта, вядома, дарэчы, але ў творы, пазначаным як раман, усе гэтыя дробязі выглядаюць непатрэбнымі.

У свеце, створаным аўтарам, старэйшае пакаленне сімвалізуе мудрасць і сапраўднае каханне, а малодшае — імкненне лёгка атрымаць грошы, цягу да дабрабыту. Персанажы кнігі жывуць у грамадстве, дзе быць чалавекам нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі не норма, а хлусіць, здраджваць, зайздросціць, не стрымліваць абяцанні, абмяркоўваць за спінай — звычайная практыка, прытым часцяком у межах адной сям’і. Нельга сказаць, што ў рамане «А на беразе тым…» усе героі аднолькавыя ці падобныя (хоць, калі не ўдавацца ў дэталі, Іна і Ала выглядаюць блізнятамі), але ўвогуле іх характары даволі стэрэатыпныя, што, дарэчы, можа быць абсалютна апраўданым. Аднак за развіццём той ці іншай гісторыі цікава назіраць, калі чытач мае магчымасць прасякнуцца сімпатыяй, асабліва ў выпадку з антаганістам. Калі ж кожная дзеючая асоба здзяйсняе толькі тыя ўчынкі, што ўпісваюцца ў першапачаткова зададзеную мадэль паводзін, сачыць за сюжэтам становіцца сумна.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.