Вы тут

Па слядах геніяльнага натхнення


Выстаўка «Макоўскія», прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння выдатнага творцы Уладзіміра Макоўскага, адкрылася на мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Уладзімір Макоўскі «Прыезд настаўніцы», 1896 г.

Мастацкія праекты, прысвечаныя знакамітым рускім мастакам мінулага і пазамінулага стагоддзяў, — не вельмі частая падзея ў нашай краіне. Калі яшчэ Нацыянальны мастацкі музей, валодаючы значным фондам класічнага жывапісу творцаў блізкага замежжа, час ад часу стварае адмысловыя экспазіцыі, то астатнія пляцоўкі не маюць такой магчымасці і дэманструюць, як правіла, выстаўкі міжнародныя ці айчынных мастакоў. Зразумела, што ўсе яны — адлюстраванне тэндэнцый і змен сучаснага мастацкага працэсу. Пра папярэднікаў успамінаюць, натуральна, толькі пры нагодзе.

Вытокі дынастыі

Выстаўка «Макоўскія», прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння выдатнага творцы Уладзіміра Макоўскага, адкрылася на мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі. Распавядаючы пра знакамітую мастацкую дынастыю, праект прадстаўляе творы жывапісу і графікі трох братоў Макоўскіх — Канстанціна, Уладзіміра і Мікалая — са збору НММ і Музея Беларускага Палесся ў Пінску. Дапаўняюць яго рэдкія выданні пачатку XX стагоддзя з публікацыямі Сяргея Канстанцінавіча Макоўскага, мастацкага крытыка, паэта, выдаўца, ды ілюстрацыямі Уладзіміра Ягоравіча Макоўскага з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі Мастацкага.

Прозвішча Макоўскі на слыху нават у тых, хто жывапісам не вельмі цікавіцца. Але не заблытацца ў мастацкай спадчыне дынастыі пад сілу далёка не кожнаму. Праект у Нацыянальным мастацкім музеі дазваляе на свае вочы ўбачыць каштоўныя работы і артэфакты, звязаныя з творчасцю мастакоў са знакамітай сям’і, і зразумець, чым вабілі і натхнялі (і працягваюць гэта рабіць цяпер) напрамак, стыль, манера гэтых графікаў і жывапісцаў. Калекцыя братоў склалася ў музеі ў 1940—1960-я гады і налічвае сёння 44 творы жывапісу і графікі. Упершыню спадчына Канстанціна, Уладзіміра і Мікалая як суцэльная з’ява прэзентавана ў рамках аднаго выставачнага праекта — «Макоўскія», які прадстаўляе больш як 30 работ.

Роданачальнік дынастыі Ягор Макоўскі (1802— 1886), сціплы бухгалтар Маскоўскай палацавай канторы, быў сапраўдным знаўцам мастацтва і лічыў, што яно надае чалавеку высакароднасці, робіць яго гуманным. Яшчэ сучаснікі прызнавалі: Макоўскі — адзін з найбуйнейшых маскоўскіх калекцыянераў твораў еўрапейскіх і рускіх мастакоў і старадаўніх рэдкіх гравюр. Па яго ініцыятыве ў 1833 годзе быў арганізаваны Маскоўскі натурны клас, дзе жадаючыя маглі ўдасканальвацца ў маляванні. Пазней клас быў ператвораны ў вучылішча жывапісу і скульптуры Маскоўскага мастацкага таварыства, а затым — у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, якое існуе па сёння.

Дом Макоўскіх быў своеасаблівым культурным цэнтрам Масквы. Пяцёра дзяцей калекцыянера і мастака-аматара, натуральна, выраслі ў атмасферы любові да мастацтва. Чацвёра — Канстанцін, Уладзімір, Мікалай і Аляксанадра — сталі прафесійнымі мастакамі, унеслі значны ўклад у выяўленчае мастацтва, літаратуру, калекцыяніраванне, мастацтвазнаўства і мастацкую адукацыю (іх нашчадкі звязалі сваё жыццё з жывапісам і архітэктурай, літаратурай, выдавецкай дзейнасцю, педагогікай). Мікалай Андрэеў, паэт і мастацтвазнаўца XIX стагоддзя, ва ўспамінах «Даўнія сустрэчы» піша так: «Хто не ведае пра таленавітае, артыстычнае сямейства Макоўскіх? Імёны прафесараў жывапісу Канстанціна і Уладзіміра Ягоравічаў славутыя не толькі ў Расіі, але і за мяжой. Нябожчык брат іх, Мікалай Ягоравіч, быў цудоўным пейзажыстам і архітэктарам, сястра Аляксандра Ягораўна — таленавітая мастачка; маці іх, Любоў Карнееўна, была ў свой час вядомай спявачкай. Але, на маю думку, самым выдатным у гэтым мастацкім сямействе быў сам прадстаўнік і галава іх, незабыўны Ягор Іванавіч Макоўскі, які ўмеў развіць і натхніць усю сям’ю настолькі па-мастацку, што сляды яго, можна сказаць, геніяльнага натхнення доўга яшчэ будуць жыць у яго сыходным патомстве».

Біяграфіі і творчая спадчына прадстаўнікоў знакамітай дынастыі неаднаразова станавіліся нагодай для даследаванняў, таму спынімся на некаторых старонках жыцця кожнага з аўтараў у экспазіцыі.

Уладзімір Макоўскі. Эскіз да карціны «Таўкучы рынак у Маскве», 1878 г.

Найдалікатнейшыя назіральнікі

Адразу варта адзначыць, што ў карцінах братоў шмат агульнага, кожны з членаў гэтай сям’і ствараў радасныя, святочныя творы, якія некаторыя лічылі залішне ідэалізаванымі. Але такімі былі Макоўскія — яны любаваліся навакольным светам і пераносілі гэта на палотны.

Бадай, самым знакамітым з Макоўскіх стаў Канстанцін (1839—1915) — старэйшы з сыноў Ягора Іванавіча. З чатырохгадовага ўзросту шмат маляваў. У шаснаццаць гадоў паступіў у вучылішча жывапісу і скульптуры, тое самае, якім займаўся бацька. Праз сем гадоў, праявіўшы сябе і атрымаўшы ўсе магчымыя ўзнагароды, Канстанцін Макоўскі адправіўся ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Макоўскі апынуўся ў ліку чатырнаццаці студэнтаў, якія ў 1863 годзе адмовіліся ад удзелу ў конкурсе на Вялікі залаты медаль, пратэстуючы супраць навязанай акадэміяй тэмы для работы. Ён уступіў у незалежную арцель мастакоў пад кіраўніцтвам Івана Крамскога. З 1870-га Канстанцін Макоўскі ўдзельнічаў у рабоце Таварыства перасоўных мастацкіх выставак.

Ён быў дарагім мастаком. Напрыклад, Павел Траццякоў меў пэўныя праблемы з набыццём твораў менавіта Канстанціна Макоўскага. Ён лічыў, што цэны на работы неапраўдана завышаныя, і таму ў зборы Траццякоўскай галерэі было вельмі мала яго работ. З-за высокіх цэн, запрошаных жывапісцам, вельмі многія вялікія палотны яшчэ пры яго жыцці пайшлі за мяжу — там былі гатовы плаціць. На схіле гадоў Канстанцін Ягоравіч прызнаваўся: «Я не закапаў свой Богам дадзены талент у зямлю, але і не выкарыстаў яго ў той меры, у якой мог бы. Я занадта любіў жыццё, і гэта перашкаджала мне цалкам аддацца мастацтву». У экспазіцыі «Макоўскія» змешчаны такія палотны, як «Акадэмічны вартаўнік» (1858), «Партрэт хлопчыка» (1874), «Стары, які смяецца» (дата не пазначана), «Жаночы партрэт» (дата таксама адсутнічае), «Галава юнага марканца» (эцюд, 1870-я)… Найбольш уражвае карціна «Сляпы» (1880-я) — зусім не вялікая па памеры, без шматлікіх дэталяў на фоне, таму адразу кідаецца ў вочы дакладна перададзены вобраз чалавека, які не бачыць нічога вакол сябе.

Мікалай Макоўскі (1841—1886), сярэдні брат, скончыў Маскоўскае Дварцовае архітэктурнае вучылішча, потым вучыўся ў пецярбургскай акадэміі на аддзяленні архітэктуры. За праект сельскай царкве ён атрымаў Малы сярэбраны медаль. Але сваім асноўным заняткам Мікалай Ягоравіч выбраў жывапіс. Ён быў сярод заснавальнікаў Таварыства перасоўнікаў, але за няўдзел у выстаўках быў выключаны праз два гады. Творы Мікалая Макоўскага — гэта гарадскі пейзаж і жанравы жывапіс; ён стварыў, акрамя іншых, украінскую серыю і карціны з відамі гістарычнай часткі Масквы.

Творы пэндзля Мікалая Ягоравіча адрозніваюцца майстэрскім малюнкам, дбайнай прапрацоўкай дэталяў, умелай пабудовай кампазіцыі і перадачай паветранай перспектывы, адзначаюць арганізатары выстаўкі і дадаюць: творы сярэдняга Макоўскага — рэдкасць у прыватных і музейных калекцыях. У зборы НММ знаходзіцца адзіны яго жывапісны твор — «Рынак» (1880) — варыяцыя адной з упадабаных тэм у творчасці майстра.

Малодшы з братоў-мастакоў, Уладзімір Макоўскі (1846—1920), як і астатнія, вучыўся ў Васіля Трапініна, пераняўшы яго жывапісную манеру, таму, як адзначаюць даследчыкі, творы Канстанціна і Уладзіміра нагадваюць трапінінскія. Як і старэйшы брат, малодшы Макоўскі цаніў сваю працу высока, афармляў карціны ў дарагія пазалочаныя рамы і прадаваў за вельмі вялікія сумы. Да сябе Уладзімір прад’яўляў высокія патрабаванні, вылучаўся арганізаванасцю і строгай дысцыплінай. Гэта дазволіла мастаку сумяшчаць працу ў майстэрні з выкладаннем і кіраваннем навучальнымі ўстановамі: спачатку ў Маскоўскім вучылішчы, затым — у сталічнай Акадэміі мастацтваў. Ён стаў першым яе рэктарам, застаючыся на пасадзе да смерці ва ўзросце сямідзесяці чатырох гадоў. Мастак пакінуў пасля сябе некалькі соцень карцін, у асноўным жанравы жывапіс. Са з’яўленнем сям’і на яго палотнах усё часцей сталі з’яўляцца выявы дзяцей.

Фрагмент экспазіцыі.

Сюжэты для сваіх палотнаў ён часта шукаў па начлежках, блышыных рынках. Гэта было жыццё, далёкае ад уласнага прывілеяванага становішча. Многія заўважалі сувязь яго работ з творамі Дастаеўскага, яны ўзнімалі агульныя пытанні — гонару, чалавечнасці, адзінства высокіх каштоўнасцяў і нізкага становішча. Сам пісьменнік, дарэчы, таксама пакінуў станоўчы водгук аб палатне Макоўскага «Аматары салаўёў» (намаляваны трое немаладых мужчын, якія зачаравана слухаюць салаўя ў клетцы). Уладзімір Макоўскі — стваральнік галерэі каларытных чалавечых тыпаў і самабытных характараў, знойдзеных майстрам у прыёмных дактароў і міравых суддзяў, падгледжаных у кватэрах, на кухнях і ў парадных, на вуліцах Масквы, у вёсках Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, на берагах Волгі…

«Ён быў, па праўдзе сказаць, тым мастаком найтанчэйшых назіранняў, які запамінаў і ніколі не прапускаў нічога са свайго пункту гледжання, які валодаў тонкай чулай назіральнасцю, што рэдка была ўласцівай каму-небудзь з нашых мастакоў, ён меў вялікую нервовую павышанасць, што завастрала яго ўспрыманне, нічога не выпадала з поля яго зроку», — такую характарыстыку Уладзіміру Ягоравічу дае майстар пейзажнага жывапісу Вітольд Бялыніцкі-Біруля, які вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, калі там выкладаў мастак. Сярод найбольш яркіх работ у НММ — «Дзелавая размова» (1874—1892), «Таўкучы рынак у Маскве» (эскіз, 1878), «У партрэтнай. Палітыкі» (1897—1898), «Спатканне» (1882)… Ды і ці магчыма вылучыць няяркія?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт