Вы тут

Мастацкія старонкі ваеннай газеты


22 чэрвеня споўнілася 100 гадоў «Белорусской военной газете. Во славу Родины». Гісторыя выдання, якое самым цесным чынам звязана з гісторыяй беларускага перыядычнага друку, — яшчэ і гісторыя беларускай літаратуры, беларускага кніжніцтва, як і гісторыя беларуска-расійскіх літаратурных сувязей.


Памятная дошка на будынку Ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл, якую адкрылі ў Мінску ў гонар стагоддзя газеты. Фота з сайта mil.by.

Першым рэдактарам выдання быў, між іншым, грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык Радзівон Шукевіч-Траццякоў (1893—1938), які пасля рэдагаваў і «Беларускую вёску». Лёс цікавага, можна сказаць, легендарнага чалавека завяршыўся ў ГУЛАГу ў 1942 годзе.

З «Красноармейской правдой» звязаны многія беларускія пісьменнікі. Першая публікацыя Кандрата Крапівы адбылася менавіта ў гэтай газеце ў 1922 годзе — вершаваны фельетон «Жылі-былі». Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў з рэдакцыяй ваеннай, а пасля франтавой газеты Міхась Лынькоў. Ён рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь!», якая адлюстроўвала падзеі на трох франтах — у тым ліку і на Заходнім, дзе друкаваным органам з’яўлялася «Красноармейская правда». У 1942 годзе ў газеце пачынаюць друкавацца раздзелы легендарнай паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін». З ваенным лёсам газеты звязана жыццё, служба, творчасць рускіх пісьменнікаў: Морыс Слабадскі, Аляксей Суркоў, Яўген Вараб’ёў… У газеце нёс службу мастак, графік Арэст Вярэйскі.

У час Вялікай Айчыннай вайны «Красноармейская правда» выходзіла яшчэ і на мовах іншых народаў Савецкага Саюза — узбекскай, таджыкскай, туркменскай, казахскай. І ў нацыянальных рэдакцыях гэтых выданняў, якія чыталі байцы ўжо 3-га Беларускага фронту, знаходзіліся таксама пісьменнікі. Мне пашчасціла ліставацца з таджыкскім літаратарам Фатэхам Ніязі, які напрыканцы 1980-х — у пачатку 1990-х гг. жыў у Душанбэ. І ў Ашхабадзе, у Туркменістане, давялося некалькі разоў сустрэцца з Аннакулі Мамедкуліевым, супрацоўнікам туркменскай рэдакцыі. Дарэчы, яшчэ ў час Вялікай Айчыннай вайны Аннакулі-ага напісаў і выдаў у Ашхабадзе на туркменскай мове (асобнай кнігай!) паэму «Каснстанцін Заслонаў».

У першыя пасляваенныя гады ў газеце, якая ўжо стала называцца «Во славу Родины», служылі ваеннымі журналістамі беларускія паэты Пятро Прыходзька, Міхась Калачынскі. А напрыканцы 1960-х — у пачатку 1970-х гг. — выдатны рускі паэт Аляксандр Дракахруст, перакладчык на рускую мову твораў Рыгора Барадуліна, Анатоля Вялюгіна, Сцяпана Гаўрусёва, Сяргея Грахоўскага
і іншых добра вядомых беларускіх творцаў. У штаце рэдакцыі былі члены Саюза пісьменнікаў Мікалай Яромушкін, Іван Скарынкін, Пётр Харкоў, Георгій Папоў (пасля — шматгадовы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман»).

Пасады кіраўнікоў «Во славу Родины» займалі празаік Віктар Трыхманенка, паэт Рыгор Сакалоўскі (у 2005—2011 гг. Рыгор Васільевіч з’яўляўся старшынёю Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі). Нельга не згадаць аўтара кніг нарысаў, паэзіі і прозы Аркадзя Капілава, які аддаў ваеннай газеце каля трыццацці гадоў жыцця. Аўтарам шэрагу кніг з’яўляецца ваенны журналіст Міхаіл Нардштэйн. Адказным сакратаром газеты служыў падпалкоўнік Святаслаў Асіноўскі, які выдаў шэраг гісторыка-краязнаўчых кніг, прысвечаных роднай Аршаншчыне, знакамітым постацям нашай Айчыны.

У розныя дзесяцігоддзі аўтарамі газеты былі вядомыя беларускія пісьменнікі Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Пятрусь Броўка, Анатоль Сульянаў, Аляксандр Капусцін, Ганад Чарказян…

Так што біяграфія выдання «Белорусская военная газета. Во славу Родины» — гэта яшчэ і біяграфія літаратурна-мастацкага характару, пра што і хацелася згадаць у стогадовы юбілей газеты.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.