Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў узяў удзел у выязным пасяджэнні прэзідыума Дубровенскага райсавета дэпутатаў, на якім абмяркоўваўся лёс пустых і старых дамоў на вёсцы.
Беларусь славіцца не толькі хараством прыроды, але і чысцінёй, у тым ліку і ў населеных пунктах: ад Мінска да вёсачак з некалькімі жыхарамі.
Асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў свой час паставіў задачы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні, каб кожная пабудова была дагледжана. Асобна выдзялялася пытанне стану дамоў і збудаванняў у глыбінцы, было прынята некалькі ўказаў.
І зроблена дастаткова шмат, каб, як кажуць у народзе, не мазолілі вочы дамы, якія добра было б адрамантаваць ці разбурыць.
Як адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў, на Віцебшчыне знеслі каля сямі тысяч такіх дамоў. А ў прыватнасці, у Дубровенскім раёне з 2006 да сённяшняга дня — каля 830 старых і пакінутых дамоў... На вызваленым месцы стала магчыма будаваць, выкарыстоўваць зямлю для стварэння паркаў, дзіцячых гарадкоў, для патрэб сельскай гаспадаркі.
Адна з магчымасцяў для зносу безгаспадарнага жылля — падчас вучэнняў супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Амаль у палове раёнаў Падзвіння адпрацавалі дзеянні ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый пасля абвальвання будынкаў, збудаванняў. З-за аварыйнага стану знеслі каля дваццаці пабудоў. У выніку зменшылася пагроза траўміравання і гібелі людзей, якія маглі пацярпець пад абломкамі.
Калі зямля неабходная сельскагаспадарчым прадпрыемствам для ўцягвання ў абарот, яны вылучаюць грошы, такім чынам эканомяцца бюджэтныя сродкі, прадугледжаныя пад вызваленне зямлі ад непатрэбнага.
Вельмі складана было выпрацаваць падыходы наконт юрыдычных нюансаў. Напрыклад, памерлі састарэлыя ў вёсцы, а ў іх ёсць сваякі на поўначы Расіі. Даўно не былі на малой радзіме, а мо і не збіраюцца больш, але маюць права жыць у доме. Пры гэтым, зразумела, рамантаваць не будуць, а дом старэе, як і чалавек. І можа «памерці» — разбурыцца. У сельскіх выканкамах могуць шмат расказаць падобных гісторый наконт таго, як шукалі ўладальнікаў нерухомасці.
І, вядома, спачатку ветліва прасілі навесці парадак, потым раілі, калі не было адпаведнай рэакцыі, адмовіцца ад права карыстацца жыллём. І гэта «не спрацавала». Тады ў судовым парадку прыходзілася прызнаваць дах і сцены безгаспадарнымі.
У згаданых выпадках было шмат бюракратычнай работы: перапіска, складанне дакументаў, каб магчыма было аштрафаваць. А час ішоў, нікому не патрэбныя дамы, некаторыя з якіх і прыгоднымі для жылля цяжка было назваць, усё больш псавалі прыгожую «карцінку» на фоне суседніх у вёсцы...
Аднак улада на месцах старалася рабіць усё магчымае, каб выправіць сітуацыю. Галоўнае, што перамены ацанілі вяскоўцы, якія заўважылі, як прыгажэюць вуліцы.
Каб зрабіць яшчэ больш, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 сакавіка бягучага года падпісаў Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».
У ліку іншага, таксама забяспечваецца стварэнне ўмоў для ўключэння ў абарот жылых дамоў, якія пустуюць тры гады і больш або якія знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама занятых імі зямельных участкаў. Прадугледжаны адпаведны алгарытм дзейнасці выканкамаў па выяўленні такога жылля і ўключэнні яго ў Адзіны рэестр пустых дамоў. Доступ да гэтай базы даных будзе давацца зацікаўленым на бязвыплатнай аснове.
Пустыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рынкавым кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да базавай велічыні, канстатуецца ў законе. Аблвыканкамы надзяляюцца правам вызначаць населеныя пункты, на тэрыторыі якіх пустыя дамы могуць быць прададзены адразу за базавую велічыню. Пакупніку такога дома па яго заяве даецца растэрміноўка аплаты на тэрмін да трох гадоў без індэксацыі плацяжоў.
Знос непрыдатных для выкарыстання пустых дамоў, не вышэйшых за два паверхі, дапускаецца без распрацоўкі праектнай дакументацыі на іх знос.
Падчас выязнога пасяджэння чыноўнікі абмеркавалі нюансы, каб як мага больш эфектыўна выканаць пункты новага ўказа. Патэнцыйныя навасёлы могуць набыць нікому не патрэбнае жыллё (калі гэта юрыдычна даказана), лічы, дарма. Зразумела, новы гаспадар мусіць імкнуцца, каб яго домік у вёсцы быў падставай для гонару.
Указ уступіць у сілу ў пачатку восені, таму ў адказных асоб яшчэ ёсць час падрыхтавацца да, так бы мовіць, здачы чарговага экзамену, абмеркаваць тое, на што асобна трэба звярнуць увагу.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.